Вы тут

Што можна зрабіць для невылечна хворага?


Паняцце «паліятыўная дапамога» ўзнікла некалі ў сувязі з лячэннем анкалагічных хворых — было арыентавана на патрэбы тых, хто памірае ад анкалагічнага захворвання, а таксама іх блізкіх. Аднак сёння гэта паняцце мае на ўвазе догляд і падтрымку хворых з самымі рознымі невылечнымі захворваннямі, інвалідаў, старых. Кожны трэці пацыент, якому неабходна паліятыўная дапамога, — пажылы і адзінокі. Доля такіх людзей у структуры насельніцтва стабільна расце і павінна падвоіцца літаральна да 2050 года. Асноўнымі хранічнымі захворваннямі, якія становяцца прычынай смерці, застаюцца сардэчна-сасудзістыя і анкалагічныя.

Змены ў заканадаўстве

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы, старшыня Беларускай асацыяцыі ўрачоў Дзмітрый ШАЎЦОЎ:


— На асенняй сесіі плануецца вынесці на разгляд увядзенне паняцця «паліятыўная медыцынская дапамога» ў дзейны Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя» (у артыкул 16 «Віды і формы аказання медыцынскай дапамогі»). У нашай краіне дапамога падобнага кшталту ўжо аказваецца на досыць высокім узроўні, аднак наспела неабходнасць прапісаць адпаведнае паняцце ў заканадаўстве. Гэта вельмі важны крок. На практыцы гэта паспрыяе больш актыўнаму развіццю паліятыўнага кірунку — даступнасці і эфектыўнасці кароткатэрміновай і доўгатэрміновай паліятыўнай меддапамогі.

ДАРЭЧЫ...

25 кастрычніка на базе Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі адбудзецца рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Паліятыўная медыцына ў Рэспубліцы Беларусь: стан, перспектывы развіцця». На канферэнцыі плануецца ацаніць работу службы паліятыўнай меддапамогі ў рэспубліцы, абмеркаваць шляхі яе ўдасканалення, праблемы лячэння хранічнага болю, забеспячэння наркатычнымі лекавымі сродкамі і псіхатропнымі рэчывамі ў паліятыўнай практыцы, пытанні ўдзелу службаў сацыяльнай абароны. Для абмену вопытаў на канферэнцыю прыедзе прадстаўнік Расійскага цэнтра паліятыўнай дапамогі анкалагічным хворым.

— Хранічныя захворванні, якія не паддаюцца поўнаму вылечванню, — гэта не толькі медыцынская, але і сацыяльная праблема, — кажа галоўны ўрач бальніцы паліятыўнага догляду «Хоспіс» Вольга МЫЧКО. — Многія хворыя жывуць і паміраюць у пакутах, без адэкватнага лячэння болю і іншых паталагічных сімптомаў, без вырашэння псіхасацыяльных праблем, задавальнення сваіх духоўных патрэб. Паліятыўная дапамога, якая развіваецца і ў нашай краіне, заклікана павысіць якасць жыцця невылечна хворага, незалежна ад характару захворвання, а таксама падтрымаць членаў яго сям'і, якія трапляюць пры гэтым у стрэсавую сітуацыю.
Паліятыўная медыцынская дапамога аказваецца пераважна ў такой установе, як хоспіс. І першы такі хоспіс для дарослых быў створаны ў Мінску ў 2005 годзе. Сёння дапамога такога кшталту аказваецца ў 24 арганізацыях аховы здароўя, функцыянуюць 296 ложкаў. У мінулым годзе ў хоспісах і аддзяленнях паліятыўнай меддапамогі краіны дапамогу атрымалі каля 11 тысяч хворых, з іх 4600 — ва ўмовах стацыянара.

Паліятыўная дапамога — гэта:

лячэнне вострага і хранічнага болю;
лячэнне іншых сімптомаў цяжкага захворвання;
змякчэнне пабочных эфектаў лекавай тэрапіі;
кваліфікаваны сястрынскі догляд;
псіхалагічная падтрымка пацыента і яго сям'і;
задавальненне духоўных патрэб.

Сучасны хоспіс — гэта:

каманда спецыялістаў па паліятыўнай дапамозе;
месца, куды могуць прыйсці сваякі і сябры;
месца, дзе праводзяцца рэлігійныя абрады;
месца, дзе пацыент адчувае клопат і падтрымку.

Памятка для членаў сям'і

1. Вашаму хвораму сваяку патрэбна ваша дапамога, а вам — яго. Усё павінна быць узаемным.
2. Вашы пачуцці не могуць быць «прыстойнымі» ці «непрыстойнымі», гэта проста пачуцці. Вучыцеся не вінаваціць сябе за іх.
3. Праяўляйце да хворага разуменне, цярплівасць і спачуванне.
4. Навучыцеся проста слухаць хворага, не ацэньваючы.
5. Проста пытайцеся: «Ці магу я неяк дапамагчы?».
6. Не пазбаўляйце хворага магчымасці самому клапаціцца пра сябе.
7. Падтрымлівайце, а не ратуйце.
8. Адкрыта абмяркоўвайце верагоднасць абвастрэння ці смерці.
9. Давярайце медработнікам, вучыцеся элементарным медыцынскім навыкам.
10. Судакрананне са смерцю зробіць яе не такой страшнай.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.