Вы тут

Дэмаграфічная бяспека як умова суверэнітэту


Пра якія стратэгічныя напрамкі развіцця краіны казалі і не казалі на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ

Ёсць штосьці цікавае ў тым, што Беларусь да гэтага часу не мае стратэгіі павелічэння колькасці насельніцтва ў два разы. Нягледзячы на тое, што і год, і два, і больш таму Аляксандр Лукашэнка называў гэтую задачу сярод дзяржаўных прыярытэтаў. У ходзе ж прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх сродкаў масавай інфармацыі яе рашэнне было названа ўжо неабходнай умовай захавання суверэнітэту краіны.
«Самая вялікая праблема ў нас нават не грошы (хоць з імі заўсёды ёсць праблемы ў гэтай блытаніне, гэтай рынкавай эканоміцы), а людзі. На нашу тэрыторыю не хапае як мінімум столькі чалавек, колькі ў нас жыве: нам трэба не 10 мільёнаў чалавек, а 20. Мы зможам іх лёгка пракарміць. Але і яны будуць працаваць і яшчэ большы аб'ём прадукцыі ствараць», — заявіў Прэзідэнт. І далей, разважаючы ўжо аб праекце «Вялікая сям'я», Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Трое дзяцей у сям'і павінна быць нормай. Толькі тады мы будзем мець перспектыву развівацца як нармальная суверэнная і незалежная дзяржава. Кошт пытання вялікі: можа, і 1 мільярд, а можа, і 2. Але і мэта вялікая. Без людскога рэсурсу ніякай дзяржавы не будзе».
Дарэчы, сам аповед кіраўніка дзяржавы аб праекце «Вялікая сям'я» вельмі паказальны. У ім ён згадаў пра нейкага «банкіра», які фактычна «на грамадскіх пачатках» распрацоўваў прапановы па вырашэнні дэмаграфічнай праблемы ў Беларусі з улікам лепшага сусветнага вопыту. Калі кіраўніцтва звярнулася да неспецыялістаў у пошуку эфектыўных рашэнняў, значыць, ёсць надзея на тое, што пытанне не спусцяць «на тармазах».
Беларусь мае бліскучы вопыт дзяржаўнай падтрымкі мацярынства і дзяцінства класічным інструментарыем дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Дапамогі, ільготы, сацыяльная абарона сям'і — усё гэта на высокім узроўні, улічваючы абмежаваныя фінансавыя рэсурсы, рэалізавана ў рамках Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі. Аднак гэты класічны інструментарый мае свае абмежаванні. Гэта і распальванне ўтрыманскіх безадказных настрояў, і многае іншае. Самае галоўнае — падтрымка можа дапамагчы сям'і не апусціцца на дно, але пазітыўных стымулаў для стварэння шматдзетнай сям'і яна не стварае. І праўда, не будзе ж чалавек «рабіць» дзяцей з разлікам купіць дом на льготны крэдыт.
Стварэнне трохдзетнай сям'і — гэта, па вялікім рахунку, пытанне ладу жыцця і асабістых жыццёвых прыярытэтаў, жаданне ўкараняцца на сваёй зямлі і гатоўнасць думаць пра жыццё на некалькі пакаленняў наперад. Менавіта таму тыя захады, пра якія казаў Прэзідэнт на прэс-канферэнцыі (налічэнне на персанальны ашчадны рахунак дзіцяці значнай сумы «мэтавых» грошай), можна аднесці да сацыяльнай палітыкі новага тыпу. Яна звязана са стварэннем персанальных траекторый жыццёвага росту для кожнага новага грамадзяніна краіны і дазваляе кожнаму з бацькоў з упэўненасцю глядзець на будучыню свайго дзіцяці і сваёй сям'і.
Дарэчы, гэтая здольнасць жыць будучыняй, бачыць на некалькі пакаленняў наперад непарыўна звязана са здольнасцю народа будаваць і ўзнаўляць сваю дзяржаўнасць. Як сказаў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь да яго прэзідэнства характарызавалася тым, што «не было дзяржавы. Людзі нават не думалі, псіхалагічна, ментальна мы да гэтага не былі падрыхтаваны». Таму змена дэмаграфічнай палітыкі, якую прапануе сёння Прэзідэнт, наўпрост звязана і са змяненнем грамадскай свядомасці, якое павінна быць здзейснена — з пераходам да ўсведамлення беларусамі свайго гістарычнага лёсу як суверэннай дзяржавы.
Сур'ёзнасць намераў кіраўніка дзяржавы ў вырашэнні дэмаграфічнай праблемы была пацверджана і яго пазіцыяй па пытанні аб працоўнай міграцыі, у тым ліку з Цэнтральнай Азіі. Разумеючы ўсю насцярожанасць у дачыненні да гэтага працэсу (з улікам негатыўнага расійскага досведу), Прэзідэнт, тым не менш, адзначыў, што ён з'яўляецца выгадным для Беларусі пры ўмове наяўнасці сістэмы і парадку пры прыёме імігрантаў. Важна разумець, што такая пазіцыя ні ў якім разе не разглядаецца як альтэрнатыва захадам па стымуляванні нараджальнасці і сацыяльным развіцці ў цэлым карэннага насельніцтва. Важнасць міграцыйных працэсаў вызначаецца тым, што яны дазваляюць запаўняць уразлівыя нішы на рынку працы прама цяпер, не чакаючы нараджэння і сталення новых грамадзян. А сістэмны падыход і строгі кантроль у гэтай сферы павінны прадухіліць адпаведныя злоўжыванні (напрыклад, па расійскім сцэнарыі). Адначасова паглыбленне супрацоўніцтва ў гэтым кірунку з працавітымі народамі Цэнтральнай Азіі з'яўляецца выдатным спосабам узмацнення сваёй прысутнасці ў гэтым стратэгічна важным для сучаснага свету рэгіёне.
Аднак яшчэ адно стратэгічнае пытанне ўсё ж такі не было разгледжана на прэс-канферэнцыі кіраўніка дзяржавы. Для дэмаграфічнага развіцця разам са стымуляваннем росту нараджальнасці і зніжэннем смяротнасці, правільным эканамічным выкарыстаннем міграцыі неабходны эфектыўныя захады па арганізацыі рэгіянальнага развіцця. І як не ўзгадаць у сувязі з гэтым шматразовае патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі аб спыненні росту горада Мінска і фарсіраваным развіцці рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадоў. На жаль, па гэтым пытанні на прэс-канферэнцыі нічога не было сказана. Але ёсць падставы спадзявацца, што і ў гэтым кірунку пэўная праца ўсё ж такі ідзе.

Юрый ЦАРЫК, кіраўнік Беларускай групы развіцця.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».