21 Верасень, пятніца

Вы тут

Эканамічная рэфармацыя


Як мы ўжо паведамлялі, днямі быў падпісаны план сумесных дзеянняў Савета Міністраў і Нацыянальнага банка па структурным рэфармаванні і павышэнні канкурэнтаздольнасці эканомікі Беларусі. Цяпер адказныя галіновыя ведамствы патлумачылі сэнс і прынцыпы рэалізацыі згаданага дакумента, распавялі пра некаторыя пункты плана.

Засталося аддаць $ 800 мільёнаў дзярждоўгу

І Міністэрства фінансаў ведае, дзе ўзяць гэтыя грошы. «Да канца года нам трэба будзе яшчэ выплаціць больш за 800 млн долараў для пагашэння дзяржаўнага доўгу, і гэтыя абавязацельствы мы плануем рэфінансаваць шляхам атрымання траншу на 440 млн. долараў крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС і дадатковага размяшчэння валютных аблігацый Мінфіна на ўнутраным рынку», — паведаміў намеснік міністра фінансаў Максім ЕРМАЛОВІЧ. Па яго словах, такая праца ідзе сістэмна, ёсць планы на гэты і наступны год, таму што з улікам прэферэнцыяльных рэжымаў, якія ўвёў Нацыянальны банк, з улікам дзейнай эфектыўнай стаўкі па гэтых каштоўных паперах прывабнасць валютных аблігацый Мінфіна захоўваецца як для юрыдычных, так і для фізічных асоб. Акрамя таго, чакаецца, што неўзабаве будзе прынята пастанова Нацбанка, якая яшчэ больш павысіць прывабнасць валютных дзяржаблігацый. «Сёння попыт стабільны, на ўзроўні прыкладна 100 млн долараў у месяц. У прынцыпе, да канца года 200-270 млн, думаю, мы ад юрыдычных асоб прыцягнем», — сказаў Максім Ермаловіч. А ўсяго такім спосабам будзе прыцягнута каля 500 млн долараў.

Выдаткі бюджэту жорстка абмяжуюць

«Распрацоўка плана была абумоўлена тым, што практычна з пачатку бягучага года паступова, але досыць пагрозліва нарасталі дысбалансы, якія неабходна было ліквідаваць, дзейнічаючы аператыўна, — кажа Максім Ермаловіч. — Мы пачалі губляць даходы бюджэту з пачатку 2013 года і па падатку на прыбытак, і па ўвазных мытных пошлінах. Звязана гэта было з тым, што змяніліся вонкавыя ўмовы даходаў нашых прадпрыемстваў, што істотна і паўплывала на стан рахунку бягучых аперацый, у выніку пацярпеў і бюджэт, і ўзнік пэўны ціск на золатавалютныя рэзервы. Адмоўна на стан бюджэту і прыбыткі таксама паўплывала сітуацыя на калійным рынку». Наконт бягучага стану бюджэту прадстаўнік Мінфіна сказаў, што «сёлета мы абмяжоўваем дэфіцыт бюджэту сектара дзяржкіравання лічбай не больш за 0,8% ВУП. Гэта досыць жорсткі параметр для бягучага года, таму што страты бюджэту ацэньваюцца каля 17 трлн рублёў». Каб бюджэт быў збалансаваны з такім мінімальным дэфіцытам, які дзяржава здольна прафінансаваць, неабходна абмежаваць выдаткі да канца года.
Што і будзе зроблена. Новая праграма ўзаемадзеяння з МВФ

«У плане ёсць пункт, які прадугледжвае кансультацыі з Міжнародным валютным фондам аб магчымасці фінансавання ў межах новай праграмы ўзаемадзеяння», — адзначыў Тарас НАДОЛЬНЫ, намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка. Дарэчы, чарговы візіт місіі Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусь запланаваны на перыяд з 17 па 28 кастрычніка.
Прадстаўнік галоўнага банка краіны таксама звярнуў увагу на сітуацыю з плацежным балансам: «На наш погляд, праблему збалансаванасці плацежнага балансу краіны за кошт паслаблення курса беларускага рубля ў сярэднетэрміновай перспектыве вырашыць немагчыма. Папярэднія карэкціроўкі абменнага курсу далі кароткатэрміновы станоўчы эфект для знешняга гандлю, а ў далейшым гэта было нівеліравана за кошт істотнага росту інфляцыі, прычым тэмпамі больш высокімі, чым у нашых гандлёвых партнёраў. Акрамя таго, паслабленне нацыянальнай валюты вядзе да зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва. Таму праблемы макраэканамічнай збалансаванасці трэба вырашаць за кошт абмежавання росту ўнутранага попыту, які выклікае значны рост імпарту, што падтрымліваецца высокімі рэальнымі грашовымі даходамі насельніцтва пры прадукцыйнасці працы, якая недастаткова павялічваецца».

Усе дзяржпраграмы будуць фінансавацца праз Банк развіцця

Аляксандр ЗАБАРОЎСКІ, першы намеснік кіраўніка апарату Савета Міністраў Беларусі — кіраўнік сакратарыята прэм'ер-міністра, расказаў пра сутнасць новых падыходаў да макраэканамічнай палітыкі: «Унутраны попыт у эканоміцы ў нас будзе строга адпавядаць рэсурсам і магчымасцям нашай эканомікі. А значыць, у кароткатэрміновым перыядзе будзе забяспечана гнуткасць і прадказальнасць эканамічнай палітыкі, рэалізаваны канкрэтныя рашэнні ў сферы бюджэту, крэдытавання эканомікі, эканамічнай і падатковай палітыцы, прыватызацыі. Для гэтага планам прадугледжаны цэлы блок захадаў. На неэмісійнай аснове будзе ліквідавана адхіленне ад разліковых паказчыкаў у бюджэтнай палітыцы. Знешнія фактары тут аказалі негатыўнае ўздзеянне як на даходную, так і на расходную частку бюджэту, таму пасля аптымізацыі дзяржаўнага бюджэту будуць цалкам прафінансаваны ўсе сацыяльныя і абароненыя выдаткі, уключаючы зарплаты бюджэтнікаў, абавязацельствы па знешнім і ўнутраным дзяржаўным доўгу і іншыя. Будзе забяспечана ўмераная жорсткасць грашова-крэдытнай палітыкі — лішніх рублёў, якія маглі б націскаць на валютны рынак, проста не будзе. Па нашых разліках, да канца года прырост крэдытаў у эканоміцы не перавысіць 9 трлн рублёў (каля 1% росту крэдытавання за месяц). Выразна будуць збалансаваны крыніцы па праграмах будаўніцтва і аграпрамысловага комплексу. Без зніжэння золатавалютных рэзерваў прадугледжваецца забеспячэнне выплаты знешняга дзярждоўгу і збалансаванасць усіх валютных абавязацельстваў урада і Нацыянальнага банка. Павышаецца эфектыўнасць выкарыстання дзяржаўнай маёмасці. Будзе ўдасканальвацца сістэма кіравання эканомікай і сацыяльна-эканамічнага планавання. Асноўнымі прыярытэтамі будуць паказчыкі эфектыўнасці, прыбытковасці, сальда знешнеэканамічнай дзейнасці».
Па словах Аляксандра Забароўскага, да пачатку 2014 года будзе зацверджаны фінансавы план, дзе па ўсіх дзяржаўных праграмах і мерапрыемствах звязваюцца крэдытныя, асабістыя і бюджэтныя сродкі і напрамкі іх выкарыстання. «Будзе ўведзена такое паняцце, як дзяржаўная праграма крэдытавання, каб жорстка ацэньваць эфектыўнасць дзяржаўнага крэдытнага партфеля. Усе дзяржаўныя праграмы з 2014 года будуць фінансавацца праз Банк развіцця, і ніякіх бюджэтных аперацый праз іншыя банкі не будзе», — падкрэсліў ён і сказаў, што план — гэта галоўны аператыўны дакумент, у адпаведнасці з якім будуць прымацца кіраўнічыя рашэнні, рыхтавацца дакументы па прагнозе 2014 года.

Для рэформаў ужо гатовы законы

Дарэчы, план ужо быў прадстаўлены Міжнароднаму валютнаму фонду падчас візіту дэлегацыі высокага ўзроўню ў межах удзелу ў штогадовым пасяджэнні саветаў кіраўнікоў Сусветнага банка і МВФ, якое прайшло 11-13 кастрычніка. Дзмітрый ГОЛУХАЎ, намеснік міністра эканомікі, заявіў, што план сумесных дзеянняў урада і Нацбанка ахоплівае некалькі гарызонтаў і прадугледжвае захады на кароткатэрміновую, сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектывы. Для правядзення рэформаў, па словах намесніка міністра, ужо падрыхтаваны да выпуску шэраг заканадаўчых актаў: «Да канца года мы гатовы прадставіць заканадаўцам праект закона аб дзяржаўным індыкатыўным планаванні, дзяржаўна-прыватным партнёрстве, а таксама аб антыманапольным рэгуляванні». У цэлым, паводле яго слоў, рэформы накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці размеркавання рэсурсаў, вызваленне іх для росту беларускай эканомікі, павышэнне доступу да іх (перш за ўсё новым галінам, малому і сярэдняму бізнесу). Вялікім блокам сумеснага дакумента з'яўляецца павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнага сектара.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!