Вы тут

Як вы ставіцеся да прадказання будучыні і варажбы?


Вольга АЛІМАВА, фатограф:

1381787455877_1

— Да варажбы ў мяне супярэчлівае стаўленне. Некаторыя дагэтуль займаюцца ёю, напрыклад, у ноч на Каляды ці на Купалле. Пытанне: навошта варажыць, калі ты можаш звярнуцца да Бога? Такім чынам паганскія абрады, карані якіх у нашай гісторыі, разам з хрысціянствам ствараюць кантрасную карціну. А што да прадказання будучыні, то я думаю, што гэта ў пэўнай ступені прыніжэнне магчымасцяў чалавека ўплываць на свой лёс. Можа, гэта толькі ілюзія ўладарання ўласным жыццём, але для мяне важны не столькі вынік, колькі сам працэс пазнання, стварэння і развіцця.

Марына ЦЕРАХАВА, дзіцячы практык-псіхолаг:

1381787457200_2

— У прадказанні я веру, але, напрыклад, астролагам не давяраю, лічу гэта спосабам зарабляць грошы. А супастаўляючы прадказанні той жа Вангі з рэчаіснасцю, веру, што ёсць нейкія вышэйшыя сілы, а таксама адзінкі сярод людзей, якія могуць прадбачыць. У маладосці я сутыкнулася з варажбой. Мне прадказалі дваіх дзяцей, хлопчыкаў, з розніцай у сем гадоў. У маіх дзяцей насамрэч такая розніца ва ўзросце, праўда, гэта хлопчык і дзяўчынка. А вось маёй сяброўцы наваражылі неўзабаве вялікае гора і позняе замужжа, і праўда: хутка ў яе памерла маці, а замуж яна выйшла ў 32. Але выпадкі, калі варажба збываецца, рэдкасць.

Наталля ВОЛКАВА, бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі:

1381787458404_3

— Усур'ёз ніколі не цікавілася варажбой ці прадказаннем будучыні. Адзінае што, неяк у падлеткавым узросце варажылі з сяброўкамі на нарачонага ў ноч на Вадохрышча (да таго ж, гэтая ноч выпала на пятніцу 13-га — ідэальнае спалучэнне для містыкі). Цяпер я замужам і магу сказаць, што з той варажбы нічога не спраўдзілася, а сам факт гэткай падлеткавай забавы ўзгадваецца з усмешкай. Увогуле, у жаданні чалавека спасцігнуць таямніцы будучыні няма нічога дзіўнага: бадай што ўсім нам уласцівыя цікаўнасць і страх перад невядомым. У той жа час спробы прадказаць будучыню заўсёды менш канструктыўныя, чым намаганні ствараць гэтую будучыню самастойна.

Падрыхтавала Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.