Вы тут

Не панікуйце


Што рабіць, калі ваша плацежная картка пашкоджана альбо яе не прымае банкамат, альбо адбылася яшчэ якая-небудзь нестандартная сітуацыя, расказвае Алена Лагуніна, начальнік аддзела арганізацыі працы Разліковага цэнтра пластыкавых картак Беларусбанка. «Як і ў любых сферах жыцця, часам могуць паўстаць так званыя нестандартныя сітуацыі і пры выкарыстанні карткі, абумоўленыя рознымі прычынамі. Галоўнае — не панікаваць, — сцвярджае спецыяліст, — і памятаць, што па любым пытанні, звязаным з выкарыстаннем плацежнай карткі, ваш галоўны памочнік — банк, які прыкладзе максімум намаганняў для найхутчэйшага ўрэгулявання сітуацыі і аднаўлення вашага спакою. Натуральна, разумныя захады засцярогі і ўважлівасці патрабуюцца і ад вас як ад трымальніка карткі».

Прапануем вам некалькі прыкладаў.

Будзьце пільнымі

Калі банкамат (інфакіёск) не вярнуў картку, гэта можа быць абумоўлена рознымі прычынамі, у тым ліку калі пасля завяршэння аперацыі кліент адцягнуўся і не забраў картку з прылады. Так, у банкаматах Беларусбанка картка вяртаецца ў банкамат, калі яе не забралі на працягу 20 секундаў пасля правядзення апошняй аперацыі, а інфакіёскі адбіраюць картку па заканчэнні 15 секундаў.
Што рабіць:
1) Пераканацца, што аперацыя завершана (банкамат ці інфакіёск не прапаноўвае правесці наступную аперацыю) і прылада сапраўды не вяртае картку (вычакаць некалькі хвілін).
2) Калі па заканчэнні доўгага часу картка ўсё ж не вернута, то неабходна, не адыходзячы ад банкамата (інфакіёска), яе адразу заблакіраваць. Гэта можна зрабіць, патэлефанаваўшы ў кругласутачную сэрвісную службу Банкаўскага працэсінгавага цэнтра па тэл. 8(017)2992526. Таксама заблакіраваць картку можна з дапамогай мабільнага тэлефона (калі трымальнік карткі з'яўляецца карыстальнікам SMS-банкінгу або М-банкінгу).
3) Затрыманая картка будзе не пазней чым праз 2 дні з моманту яе затрымання накіравана адпаведнай установай банка ў філіял, якім яна была выпушчана. Таму для атрымання сваёй карткі неабходна звярнуцца ў той філіял, дзе вы яе атрымлівалі, з дакументам, які сведчыць і пацвярджае асобу.
«Для больш аператыўнага атрымання карткі можна адразу, у той жа дзень, звярнуцца ў аператарскую службу, тэлефон якой размешчаны на банкамаце (інфакіёску), па пытанні атрымання сваёй карткі ва ўстанове банка, якому належыць гэты банкамат (інфакіёск). Пры атрыманні карткі неабходна мець з сабой дакумент, які сведчыць і пацвярджае асобу. У выпадку, калі канфіскаваная картка належыць аднаму банку, а банкамат (інфакіёск), які яе «з'еў», — іншаму, то для яе атрымання ва ўстанове банка-ўладальніка прылады можа спатрэбіцца пісьмовы дазвол ад банка, які выпусціў картку», — тлумачыць Алена Лагуніна.

Лічыце грошы

У выніку правядзення аперацыі па зняцці наяўных грашовых сродкаў банкамат не выдаў грошы альбо выдаў суму меншую, чым спісана з рахунку.

Што рабіць:

1) Пераканацца, што грошы сапраўды спісаны з рахунку пры правядзенні адпаведнай аперацыі. Пра гэта можна даведацца, зноў-такі патэлефанаваўшы ў кругласутачную сэрвісную службу Банкаўскага працэсінгавага цэнтра па тэл. 8(017)2992525. Таксама рэшту па рахунку можна прагледзець у банкамаце ці з дапамогай мабільнага тэлефона (калі трымальнік карткі з'яўляецца карыстальнікам SMS-банкінгу або М-банкінгу). Дарэчы, практычна імгненна даведацца, ці спісаліся грошы пры здзяйсненні расходных аперацый з дапамогай вашай карткі, дазваляюць такія сэрвісы, як «Інфармаванне» (паслуга даступна карыстальнікам М-банкінгу) і СМС-апавяшчэнне (паслуга прадастаўляецца банкам для трымальнікаў пэўных відаў міжнародных картак). Здзейсніўшы аперацыю, вы тут жа атрымліваеце на мабільны тэлефон апавяшчэнне, якое пацвярджае спісанне адпаведнай сумы.
2) Калі разыходжанне паміж выдадзенай банкаматам сумай і спісанай з рахунку ўсё ж маецца, неабходна звярнуцца з заявай аб сітуацыі, якая адбылася, у філіял банка, у якім адкрыты рахунак і была выдадзена картка.
«Усе банкаматы Беларусбанка падключаны да спецыяльнай сістэмы, якая дазваляе прасачыць кожную аперацыю, праведзеную з яго выкарыстаннем, у тым ліку і факт выдачы грошай: якія купюры і з якіх касет набіраліся. Пасля правядзення банкам разбору на падставе заявы ўладальніка карткі грошы ў самыя кароткія тэрміны будуць вернуты на рахунак», — запэўнівае спецыяліст.
Картку трэба выкарыстоўваць правільна

Картка з невядомай прычыны не прымаецца банкаматам (інфакіёскам).

Што рабіць:

1) Пераканацца, што банкамат абслугоўвае такі від карткі. На ім павінна быць размешчана налепка, якая мае такі ж лагатып, як і на вашай картцы.
2) Праверыць, ці правільна вы ўстаўляеце картку — магнітная паласа карткі павінна знаходзіцца ўнізе справа. Рэкамендуецца запомніць, якое паведамленне з'яўляецца на экране банкамата (інфакіёска), калі ён вяртае картку. Гэта можа дапамагчы пры высвятленні прычыны, з-за якой яна не абслугоўваецца.
3) Па магчымасці паспрабаваць скарыстацца іншым банкаматам (інфакіёскам). Калі картка не прымаецца ў некалькіх прыладах, вялікая верагоднасць, што пашкоджана магнітная паласа або чып карткі.
4) Для высвятлення дакладных прычын альбо для замены карткі неабходна звярнуцца ў філіял банка, у якім яна была выдадзена і вядзецца рахунак.
Алена Лагуніна нагадвае: «Неабходна памятаць, што картка, з'яўляючыся нашмат больш зносаўстойлівай у параўнанні з папяровымі грашыма, усё ж можа выйсці са строю праз няправільнае яе захоўванне або выкарыстанне. Так, трымальнік карткі павінен аберагаць яе ад механічных і тэрмічных пашкоджанняў, не дапускаць выгібаў і драпін. Не рэкамендуецца захоўваць картку ў месцах уздзеяння магнітнага поля, крыніцай якога могуць служыць тэлевізар, камп'ютар, магніты. Калі на картцы маецца чып, яго рэкамендуецца час ад часу праціраць ад забруджванняў».

3 памылкі — і заблакіравана
Банкамат (інфакіёск) не прымае ПІН-код.

Што рабіць:

Пераканацца, што вы ўводзіце сапраўды правільны ПІН-код, не блытаеце парадак лічбаў, не ўводзіце ПІН-код ад іншай карткі або мабільнага тэлефона. «Неабходна ведаць, што ў выпадку трохразовага няправільнага ўводу ПІН-кода картка будзе заблакіравана. Разблакіраваць яе можна, патэлефанаваўшы ў кругласутачную сэрвісную службу Банкаўскага працэсінгавага цэнтра па тэл. 8(017)2992525. Пасля актывізацыі карткі неабходна ўвесці правільны ПІН-код з першага разу. У адваротным выпадку картка будзе зноў заблакіравана», — папярэджвае спецыяліст. Дарэчы, у выпадку, калі трымальнік карткі забыўся ці страціў ПІН- код, ён не можа быць адноўлены і неабходна будзе выпусціць новую картку з новым ПІН-кодам.

***

Чакаем вашых пытанняў пра карыстанне грашыма і ўсё, што з гэтым звязана. Вы можаце звяртацца на электронны адрас газеты іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу з пазнакай «для аддзела эканомікі» ці па тэлефоне 8 017 292 38 02.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».