Вы тут

Што тармозіць еўразійскую інтэграцыю, або Якую ролю можа і павінна сыграць Беларусь у эканамічным аб'яднанні кантынентальнага маштабу


Насычаныя кантакты беларускага кіраўніцтва з калегамі з краін СНД — трэнд апошніх гадоў. Ён выкліканы, перш за ўсё, актывізацыяй эканамічнай інтэграцыі еўразійскай прасторы. Нагадаю, што ў 2011 годзе быў падпісаны дагавор аб стварэнні зоны свабоднага гандлю СНД, у якую ўваходзяць шэсць краін: Арменія, Беларусь, Казахстан, Малдова, Расія і Украіна. Адначасова ладзіцца яшчэ больш шчыльнае інтэграцыйнае аб'яднанне — Адзіная эканамічная прастора з удзелам Беларусі, Казахстана і Расіі — як лагічны працяг Мытнага саюза.
Гэтаму трэнду цалкам адпавядала і пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Астане напрыканцы верасня, і афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Казахстан на пачатку кастрычніка, і візіт прэм'ер-міністра Украіны ў Мінск на мінулым тыдні.

Еўразійская інтэграцыя ўжо дае першыя вынікі. Так, яна дазволіла беларускаму «перапрацоўчаму цэху» запрацаваць больш інтэнсіўна: насуперак сусветнаму крызісу наш таварны экспарт узрос у 2,2 раза з $21,3 млрд у 2009 годзе да $46 млрд у 2012-м. Такі поспех быў абумоўлены і станоўчымі асаблівасцямі беларускай эканамічнай мадэлі, бо ў Расіі экспарт за той жа перыяд вырас усяго ў 1,7 раза, хоць расійскі бізнес мае больш спрыяльныя ўмовы, чым беларускі, дзякуючы больш танным энерганосьбітам і сыравіне. Цікава, што сёння абсалютны аб'ём беларускага тэхналагічнага экспарту меншы за расійскі ўсяго ў 2,5 раза, хоць колькасць насельніцтва нашых краін суадносіцца як 1:15, а параўноўваць забяспечанасць прыроднымі рэсурсамі нават смешна.
Разам з тым узаемны таваразварот паміж членамі Мытнага саюза складае мізэрныя 12% ад агульнага знешняга гандлю нашых краін. Параўнайце: у Еўрапейскім саюзе гэты паказчык перавышае 40%. Атрымліваецца, што замест таго, каб дапамагаць адна адной, нашы краіны працягваюць купляць у далёкім замежжы тавары, якія маглі б вырабіць самастойна альбо скаапераваўшыся паміж сабой. Адзінай краінай, чыю эканоміку можна лічыць сапраўды інтэграванай з суседзямі, з'яўляецца Беларусь: наш таваразварот з краінамі Мытнага саюза дасягае 48% ад агульнага, у той час, як у Казахстане гэты паказчык складае 18%, а ў Расіі — усяго 7%.
Для стратэгічных перспектыў галоўнай праблемай, на мой погляд, з'яўляецца мінімальнае выкарыстанне наяўных рэсурсаў ды разбуральная дэіндустрыялізацыя краін былога СССР. Дзяржавы Мытнага саюза займаюць 1/6 зямной сушы, дзе жыве 170 млн чалавек і знаходзяцца найбагацейшыя прыродныя рэсурсы, але і ў Расіі, і ў Казахстане сыравіна і паўфабрыкаты складаюць больш за 90% экспарту. Толькі ў невялікай Беларусі захавалася вытворчасць прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю: доля тэхналагічнага экспарту дасягае 18% — столькі ж, як і ў часы СССР. У нашых партнёраў па інтэграцыі гэты паказчык у тры-чатыры разы меншы.
Дэіндустрыялізацыя (значнае падзенне значэння апрацоўчай прамысловасці ў эканоміцы) — велізарная праблема, але ў той жа час гэта і магчымасць для мабілізацыйнага эканамічнага рыўка: наяўнасць уласных прыродных і чалавечых рэсурсаў стварае канкурэнтныя перавагі для прамысловасці нашых краін. Гэты патэнцыял трэба выкарыстоўваць так, як гэта робяць сёння без асаблівага шуму ЗША, якія ў апошнія гады паспяхова разгарнулі праграму ўласнай рэіндустрыялізацыі (адраджэнне рэальнага сектара эканомікі на аснове тэхналогій новага пакалення) і нарошчвання экспарту дзякуючы здабычы таннага сланцавага газу. Падобныя магчымасці цяпер асабліва актуальныя для Расіі і Казахстана, кіраўнікі якіх абвясцілі курс на рэіндустрыялізацыю і інавацыйнае развіццё. Беларусі варта падтрымліваць гэтыя ініцыятывы Уладзіміра Пуціна і Нурсултана Назарбаева, удзельнічаць у іх рэалізацыі, бо гэта цудоўная магчымасць для росту нашай эканомікі і яе мадэрнізацыі.
Але інтэнсіфікаваць асваенне рэсурсаў і запусціць працэсы мадэрнізацыі на еўразійскай прасторы перашкаджае выбраная ў 1990-я гады большасцю краін былога СССР ліберальная эканамічная мадэль з клептакратычным ухілам. Яна непрыдатная для вырашэння задач агульнадзяржаўнага маштабу з працяглым гарызонтам планавання, бо скіравана на павелічэнне прыбытку вузкай праслойкі алігархаў. Такая мадэль спараджае сацыяльнае расслаенне, няякаснае кіраванне рызыкамі нацыянальнай бяспекі і часта супярэчыць палітычным рашэнням улады, фактычна нівеліруючы іх. Гэтым тлумачыцца тое, што за 20 апошніх гадоў з'явілася багата інтэграцыйных ініцыятыў, але рэалізоўваліся яны паводле прынцыпу «крок наперад, два назад».
Рэальнай альтэрнатывай мусіць стаць мабілізацыйная мадэль развіцця, у якой прыярытэт будзе надавацца агульнаграмадскім мэтам і задачам. Беларусь можа стаць донарам такой мадэлі, стварыўшы адпаведную інавацыйную пляцоўку, скарыстаўшыся сваёй кампактнасцю, добрай кіруемасцю і лідарствам у СНД па індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу. Гэтая мадэль павінна навесці парадак на велізарнай еўразійскай прасторы, стварыць трывалы сацыяльны кантракт грамадства і ўлады, гарантаваць бяспеку і правы асобы і розных сацыяльных груп. У нейкай ступені прыкладамі такой мадэлі могуць быць Еўрапейская эканамічная супольнасць 1980-х, альбо Савет эканамічнай узаемадапамогі.
Разгортванне мабілізацыйнай мадэлі вымагае папярэдняй распрацоўкі агульнай дарожнай карты — скаардынаванай стратэгіі развіцця нашых краін з адзінай сістэмай планавання і кіравання гаспадаркай замкнутага тэхналагічнага цыкла на мультывалютнай аснове з захаваннем культурных адметнасцяў краін-саюзніц. Гэта вельмі сур'ёзная інтэлектуальная праца, у тым ліку стварэнне дасканалых міжгаліновых балансаў, у якую павінны ўключыцца дзяржаўныя органы і бізнес-колы Беларусі.
Такім чынам, трэба рыхтаваць экспарт новых інтэлектуальных беларускіх прадуктаў — перадавых мадэляў кіравання, спачатку для Еўразійскага саюза, а ў перспектыве і для будучай інтэграцыі інтэграцый ад Атлантыкі да Ціхага акіяна. Беларускае інтэлектуальнае лідарства магло б стаць лакаматывам нарошчвання экспарту нашых тавараў і паслуг, запуску наднацыянальных інвестыцыйных праектаў. У выніку наша краіна не толькі б узмацніла сваю эканамічную і палітычную суб'ектнасць, але і ўзяла б на сябе ролю медыятара і ключавога інтэграцыйнага вузла на поўначы нашага кантынента.

Аляксандр СІНКЕВІЧ

,
эканаміст, дырэктар кампаніі «Sіnkеvісh Tесhnоlоgіеs»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гродзенскі заапарк без страт выходзіць з зімоўкі і рыхтуецца да новага сезона

Гродзенскі заапарк без страт выходзіць з зімоўкі і рыхтуецца да новага сезона

Літаральна нядаўна з'явіўся і першы ў гэтым годзе прыплод.

Грамадства

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена Сцепаненка працуе на сваім месцы каля двух гадоў.

Эканоміка

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.