Вы тут

Артур РУБІКС: «Латвія пакажа Еўропе, што з Беларуссю можна працаваць»


У парламентарыяў розных дзяржаў заўсёды шмат тэм для абмеркавання. Але адна з іх падчас сустрэчы старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Святланы Герасімовіч са старшынёй рабочай групы Саэйма Латвіі па супрацоўніцтве з Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь Артурам Рубіксам гучала часцей за іншыя.

Размова так ці інакш выходзіла на праблематыку мясцовага самакіравання. Напрыклад, падкрэслівалася выключная роля пародненых гарадоў, стасункі паміж якімі ўжо сталі надзейным падмуркам міжрэгіянальнага супрацоўніцтва дзвюх краін. Суразмоўцы неаднаразова ўзгадвалі вынікі

1381873564575_16-4

 

ІІ латвійска-беларускага форуму гарадоў-пабрацімаў, які прайшоў у маі мінулага года ў Даўгаўпілсе. Туды з Беларусі прыбылі прадстаўнікі 37 гарадоў і раёнаў, сярод іх было шмат старшынь раённых Саветаў дэпутатаў. З боку Латвіі ўдзельнічала каля 30 кіраўнікоў органаў мясцовай улады. Між іншым, іх было шмат і сярод арганізатараў форуму, асаблівую ролю ў яго арганізацыі і правядзенні адыгралі Даўгаўпілская гарадская дума і Саюз самакіраванняў Латвіі.
Суразмоўцы адзначалі, што сёння вялікую цікавасць да міжрэгіянальнага супрацоўніцтва праяўляюць мясцовыя ўлады тэрыторый, якія знаходзяцца па абодва бакі мяжы ў прыгранічнай 50-кіламетровай зоне. Для яе жыхароў некалькі гадоў таму быў уведзены рэжым спрошчанага перасячэння мяжы. Гэта паспрыяла развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, пашырэнню сувязяў у галіне культуры, турызму і спорту.
Таму ўлады прыгранічных раёнаў не без падстаў разлічваюць як на больш шырокае выкарыстанне пераваг свайго выгаднага геаграфічнага становішча, так і на прэферэнцыі ад удзелу Беларусі ў Мытным саюзе і Латвіі ў Еўрапейскім саюзе. Невыпадкова на сустрэчы ў Даўгаўпілсе было падпісана пяць новых пагадненняў паміж латвійскімі і беларускімі гарадамі аб усталяванні пабрацімскіх сувязяў. Патэнцыял прыгранічнага супрацоўніцтва велізарны, падкрэслівалі Святлана Герасімовіч і Артур Рубікс.
Латышы, казаў Артур Рубікс, разумеюць, што ім лёсам наканавана жыць побач з беларусамі, знаходзіць агульныя пункты ўзаемадзеяння. Латвіі ёсць што нам прапанаваць, а мы ў сваю чаргу маем што прапанаваць Латвіі. Дэпутат Саэйма упэўнены: «Латвія павінна паказваць Еўропе, што з Беларуссю можна і трэба працаваць».
З гэтай нагоды парламенцкая група Саэйма пад кіраўніцтвам Артура Рубікса ў свой час выступіла супраць увядзення санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі. Тады дэпутаты палічылі, што такі падыход — гэта не вырашэнне пытання, не метад вядзення размовы з незалежнай дзяржавай, якая мае права на ўласнае бачанне свайго развіцця эканамічнага і палітычнага.
Артур Рубікс нагадаў, што ў парламенцкую групу па супрацоўніцтве з Нацыянальным сходам уваходзіць амаль трэцяя частка (23 чалавекі) ад усёй колькасці дэпутатаў. У сваёй большасці дэпутаты Саэйма станоўча ставяцца да нашай краіны, развіцця з ёй кантактаў у розных сферах, а не толькі гандлёва-эканамічнай ці ў галіне транзіту. Як вядома, наша краіна мае магчымасць праз латвійскія парты (напрыклад, Вентспілскі) перамяшчаць шмат грузаў — мільёны тон — сваім спажыўцам. Нядаўна ў Рызе адкрыўся беларускі інфармацыйны цэнтр, дзе можна атрымаць разнастайныя звесткі пра Беларусь, у прыватнасці, аб зменах у яе заканадаўстве. Увогуле ў Латвіі расце запатрабаванасць у аб'ектыўнай прававой, дзелавой, культурнай і іншай інфармацыі пра Беларусь.
Менавіта па гэтай прычыне разам з латвійскімі парламентарыямі да нас прыехалі журналісты дзвюх вядучых газет краіны. Адна выдаецца на рускай мове, другая на латышскай. Зразумела, карэспандэнтаў многае цікавіла ў Беларусі. Напрыклад, яны пыталіся ў Святланы Герасімовіч, на якую дапамогу на дзяржаўным і мясцовым узроўнях могуць разлічваць прадпрымальнікі-пачаткоўцы ў сельскай мясцовасці? Як развіваецца ў краіне малы бізнэс? Якая падатковая палітыка ў дачыненні да яго? Наколькі лёгка адкрыць сваю справу ў глыбінцы?
Святлана Герасімовіч даволі падрабязна адказала на пытанні, у прыватнасці, расказала аб практыцы падатковых ільгот, выкарыстанні іншых захадаў па падтрымцы малога прадпрымальніцтва дзяржавай і мясцовымі уладамі. У прыватнасці, адзначыла значны рост колькасці аграсядзіб у краіне, падтрымку сельскімі і раённымі Саветамі тых сем'яў, якія жадаюць развіваць падсобную гаспадарку. Пыталіся журналісты і аб захадах па скарачэнні беспрацоўя, аб фінансаванні дзейнасці сельскіх і раённых Саветаў. Зноў жа госці атрымалі вычарпальны адказ. У прыватнасці, Святлана Міхайлаўна адзначыла, што сельсаветы папаўняюць свой бюджэт за кошт продажу на аўк-
цыёнах зямельных участкаў, пустуючых адміністрацыйных ці вытворчых будынкаў, памяшканняў, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі таксама расказала пра дзейнасць Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу, яго захадах па ўдасканаленні работы мясцовай улады.
Яе роля, былі адзіныя ў думцы суразмоўцы, будзе з часам толькі ўзрастаць у сферы двухбаковых адносін паміж краінамі. Таму парадак дня наступнага форуму беларускіх і латвійскіх гарадоў абяцае быць насычаным. Магчыма, ён пройдзе ў Нясвіжы. Нагадаем, першы форум адбыўся ў Віцебску і прайшоў з вялікім поспехам. Залогам поспеху будучай сустрэчы прадстаўнікоў гарадоў-партнёраў можна лічыць плённае супрацоўніцтва дэпутатаў Нацыянальнага сходу Беларусі з парламенцкай групай Саэйма Латвіі. Дзякуючы намаганням парламентарыяў пашыраюцца і міжрэгіянальныя сувязі.

Леанід ТУГАРЫН.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».