Вы тут

Навошта людзям крыніцы?


Асобныя старшыні сельсаветаў на працягу ўсёй сваёй працоўнай дзейнасці не выходзяць за рамкі інструкцыі, спакойна выконваюць прапісаную службовымі абавязкамі работу, спраўна пішуць паперы і знаходзяцца на добрым рахунку. Калі ж пры гэтым кіраўнік уважліва ставіцца да людзей, па магчымасці вырашае іх праблемы — гэта ўжо нямала. І ёсць спадзяванне, што такі кіраўнік мясцовай улады пакіне пра сябе добрую памяць.

А вось Барыс Данілюк, акрамя звыклай сельсавецкай работы, асабіста абсталёўвае, упрыгожвае асобныя ўчасткі зямлі на тэрыторыі сваёй адміністрацыйнай адзінкі, каб яны служылі людзям і радавалі іх.
Барыс Данілюк — старшыня Агародніцкага сельскага Савета ў Камянецкім раёне. Агароднікі знаходзяцца недалёка ад горада Высокае, і ў гэтай мясцовасці зямля асабліва багатая на крыніцы. У адным толькі Агародніцкім сельсавеце іх налічваюць сем, а старажылы ўзгадаюць і больш жывых водных струменяў, якія наталялі смагу маленькіх пастушкоў або грыбнікоў.
Крыніцу ў Агародніках ведалі здаўна. Яшчэ тутэйшы святар-нябожчык айцец Сцяпан расказваў некалі старшыні сельсавета, што яго бацька спрадвеку піў ваду з гэтай крыніцы і сыну свайму казаў пра яе гаючасць: маўляў, змяшчае шмат серабра. Адкуль сяляне ў пачатку мінулага веку ведалі пра серабро ў саставе вады, Барыс Данілюк цяпер толькі гадае. Але ж урочышча Александрыя, дзе цяпер разраслася вёска, было некалі сядзібай роду Патоцкіх, сюды прыязджалі ды працавалі ў маёнтку пісьменныя людзі. Так што гэта магла быць дастаткова кампетэнтная інфармацыя.

1381873568570_1

Цяперашнія аналізы, праведзеныя ў лабараторыі санітарнай службы, толькі пацвердзілі колішнюю пагалоску. Вада чыстая, з выдатнымі характарыстыкамі. І што цікава, якімі б культурамі не засяваліся навакольныя палі, якія гербіцыды тут не ўносіліся, за ўвесь час назірання ў вадзе не было зафіксавана нават блізкай да нормы колькасці нітратаў. Аналізы канстатуюць поўную іх адсутнасць!
...Нікім не дагледжаная крынічка паступова зарастала хмызняком, вакол буяла пустазелле, а сучасныя аматары адпачынку на прыродзе маглі пакінуць побач кучу смецця. Сем гадоў таму прыйшоў да крыніцы Барыс Данілюк і вырашыў, што больш так не будзе. Першымі і заўсёднымі памочнікамі Барыса Аляксандравіча сталі жонка і тры яго дачкі. Прыбраць, высечы, вырваць непатрэбную расліннасць змаглі сваімі сіламі. Далей спатрэбілася весці будаўнічыя работы, бетаніраваць, пракладваць дарожкі. З гэтым дапамаглі вайскоўцы падшэфнай часці, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. Архітэктуру і дызайн пляцоўкі прыдумляў сам старшыня Данілюк. Камянёў у Камянецкім раёне шмат, збіралі прыблізна роўныя па памерах і муравалі слупы, зверху ўпрыгожвалі іх белымі навершамі.
Паклалі дарожкі, вымасцілі іх — дзе бетоннымі плітамі, дзе камянямі, а ўнізе ля крыніцы — бярвёнамі. Саму крынічку «адзелі» ў калодзеж, вывелі струмень для ахвотных набраць вады і напіцца, адвялі ўбок ручаіну.
Цяпер Барыс Аляксандравіч успамінае супадзенні — знакі, як хочаш можна назваць, але ён перакананы, што яны падаваліся нездарма. Калі заканчвалі асноўныя работы па добраўпарадкаванні, працавалі ўсёй сям'ёй. Апоўдні пайшлі дадому перакусіць, збіраліся быць там не менш за гадзіну. Але не паспеў гаспадар як след пад'есці, як закарцела вярнуцца назад, нешта нібы з хаты выштурхнула. «Прыходжу назад да крыніцы, а ў небе клін жураўлёў — налічыў больш за 80 птушак. Зрабілі над гэтым месцам тры кругі і з курлыканнем паляцелі. Усе, хто дапамагаў, сказалі, што быў добры знак», — успамінае Барыс Аляксандравіч.
Падчас устаноўкі крыжа наогул усе здзівіліся, калі не сказаць больш. Дзень быў ясны, на небе — ні аблачынкі, воблакі выстраіліся на даляглядзе. Як толькі крыж узнялі і залілі бетонам аснову, дачка Барыса Аляксандравіча зірнула ўгору. А ў небе «пракладзены» лініі, падобныя на след ад самалёта — у форме правільнага крыжа. Тут ужо ўсе прысутныя ў адзін голас выказаліся, што Бог бласлаўляе добрую справу.
Цяпер на падыходзе да крыніцы стаіць крыж, два разы на год яго ўпрыгожваюць жанчыны, а ў дзень святога Панцеляймона малебен служыць мясцовы святар.
Тут часта спыняюцца машыны, людзі бяруць ваду бутлямі, бітонамі, каністрамі. Хто пакідае стужачку на крыжы ў знак падзякі, а хто... збівае навершы на слупах ці іншым чынам апаганьвае чыстае месца. Але мясцовыя людзі ўсё выпраўляюць, прыбіраюць, вымятаюць, і хуліганы, здаецца, нарэшце пакінулі гэтае месца ў спакоі.
Аднойчы ля крыніцы спынілася машына з прыезджымі. Старшыня сельсавета разгаварыўся з гасцямі. Жанчына сказала, што яна мае здольнасці да вызначэння ўзроўню энергетыкі, дык вось, на яе погляд, вакол крыніцы існуе вельмі моцнае станоўчае энергетычнае поле. І сам Барыс Данілюк заўважаў, што пасля вялікай стомы, стрэсу яго цягне менавіта сюды. Пасядзіш ля крынічкі чвэрць гадзіны — і нязменна адчуваеш палёгку.
Вось для гэтага і патрэбны крыніцы, каб атрымаць асалоду ад прыгажосці прыроды, ад чысціні вады, ад глыбіні думак, якія тут нязменна прыходзяць. Кіраўнік сельсавета ведае, чым зоймецца, калі пойдзе на пенсію: будзе ўладкоўваць і даглядаць крыніцы. Для гэтага з'явіцца шмат часу, а Барыс Аляксандравіч захапляецца разьбой па дрэве, можна будзе выразаць адмысловыя брамы, іншыя ўпрыгажэнні. І яшчэ адным назіраннем падзяліўся старшыня. Раней ён меў праблемы са страўнікам. Калі ж з добраўпарадкаваннем крыніцы цалкам перайшоў на ваду з яе, на тую немач забыўся.

1381873571136_2

Не адна агародніцкая крыніца дзеліцца з людзьмі вадой. Ёсць таксама крыніца ў Такарах — гэта вёска амаль на самай дзяржаўнай мяжы з Польшчай. Ва ўрочышчы Павукі рыхтуецца да асвячэння храм-капліца, узведзены на месцы былой царквы. Там некалі была вёска Павукі, якой даўно няма. А ў 60-х гадах разабралі-разбурылі царкву, што некалькі вякоў стаяла на ўзвышшы над возерам. Мясцовыя жыхары расказваюць, як трагічна склаўся лёс у тых, хто бурыў святыню. І ўсе гады людзі нібы адчувалі сваю агульную адказнасць за далёкія падзеі. Вось і сабралі грошы грамадой, знайшлі спонсараў, пабудавалі капліцу, якая цягне на невялікую цэркаўку, дзе можна будзе здзяйсняць службы.
— Усімі магчымымі спосабамі трэба вяртаць людзей да духоўнасці, — разважае старшыня сельсавета. Мы страцілі нешта вельмі важнае ў справе выхавання моладзі. Таму і маем вандалаў-разбуральнікаў, якія, можа, нават не са зла, а проста ад няма чаго рабіць ідуць і псуюць слупы ля крыніцы. Яшчэ пару гадоў таму на нашым вясковым стадыёне вечарамі было поўна дзяцей, падлеткаў, прыходзілі і дарослыя. Цяпер ціха, ніхто не ганяе мяч, усе сядзяць дома, гуляюць у віртуальныя, бывае, не лепшыя гульні.
А вакол агародніцкай крыніцы ўжо ажываюць легенды і паданні. Бабулі ўспамінаюць аповеды сваіх бабуль і перадаюць унучкам. Так, даўным-даўно гэту крыніцу звалі крыніцай для закаханых. Калі сюды прыходзіць закаханая пара, лічыцца, што ім трэба папіць вады і пацалавацца. А Барыс Аляксандравіч, так бы мовіць, у тэму знайшоў валун, назваў яго — Аленчын камень, акурат такі, як на карціне Васняцова. Ну гэта ўжо для тых, хто мае жаданне паплакаць над нешчаслівым каханнем. На жаль, у жыцці так нярэдка бывае.
Хто ж хоча папрасіць у крыніцы здароўя, кажуць так, як вучылі старыя: «Зямля-Уллянка, вада-Таццянка, дай вады ад усякай бяды».

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Камянецкі раён.
На здымках: Барыс Данілюк.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Атракцыёны рыхтуюцца да лета. Што робіцца, каб каруселі былі бяспечныя

Атракцыёны рыхтуюцца да лета. Што робіцца, каб каруселі былі бяспечныя

Сярэдзіна красавіка — час, калі сталічныя паркі рыхтуюцца да масавага наведвання. 

Грамадства

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Звязацца з храмам у гонар Георгія Перамаганосца, дзе служыць айцец Валерыян, можна па тэлефоне, які няцяжка знайсці ў інтэрнэце. 

Эканоміка

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

Якія неўзабаве ўвойдуць у прафесійны побыт.

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!