Вы тут

ГАРАЧАЯ ДЫСКУСІЯ НА «ГАРАЧУЮ» ТЭМУ


На чарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў нечакана разгарнулася дыскусія на, бадай, «вечную» тэму: чаму людзі гінуць на пажарах і што трэба зрабіць, каб гэтага пазбегнуць?

Першым на сесіі абмяркоўвалася пытанне аб папярэджанні гібелі і траўматызму людзей пры ўзнікненні пажараў і іншых надзвычайных сітуацый.
Дэпутат Васіль ЧЭКАН, начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях, агучыў статыстыку. Высветлілася, што сёлета адбылося менш пажараў, чым летась. Паводле аператыўных звестак, загінуў 101 чалавек — на 6 менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Асноўная прычына гібелі — неасцярожнасць пры абыходжанні з агнём, а таксама парушэнні правілаў карыстання пячным абсталяваннем...
Дарэчы, як высветлілася, колькасць арганізацый, якія аказваюць паслугі па рамонце печаў, сёлета зменшылася. Узнікае лагічнае пытанне: чаму, напрыклад, прадпрымальнікі не хочуць зарабіць на аказанні такіх паслуг? У ліку праблем прафілактычнай працы — і недахоп сродкаў на ўстаноўку апавяшчальнікаў, пералічэнне на гэтую і іншыя мэты грошай толькі напрыканцы года...
Аляксандр АЦЯСАЎ, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, выслухаўшы даклад, нагадаў, што ў вобласці не шкадуюць грошай на супрацьпажарныя мэты.
— Што датычыцца пажарнай бяспекі, з раённых бюджэтаў не ўрэзалі ні капейкі. У адпаведным рашэнні аблвыканкама ўсё распісана: у якой вёсцы сёлета вадаём неабходна выкапаць, дзе пажарныя гідранты патрэбны і гэтак далей... Чаму такі роскід у колькасці пажараў і ахвяр? Адны раёны амаль што на нулі, а іншыя — на «вышыні»? Недапрацоўка вашай службы? — запытаў старшыня абласнога Савета.

— Так, грошы будуць выдзелены па многіх параметрах, але толькі ў гэтым квартале. Але я адказнасці з начальнікаў раённых аддзелаў МНС не здымаю, таму што яны з'яўляюцца каардынатарамі ўсёй работы па прафілактыцы. І ні на каго мы свае абавязкі не перакладваем. Патрабуем ад кожнага суб'екта прафілактыкі выканання тых функцый, якія прадугледжаны законам, — выказаў сваю пазіцыю Васіль Чэкан.
Віцебшчына стала першай вобласцю ў краіне, дзе быў распрацаваны комплексны план мерапрыемстваў на 2013-2017 гады па тэхнічным перааснашчэнні органаў МНС. Там усё распісана: ад рукавіц да выратавальных апаратаў.
— На жаль, пакуль што ў краіне не ўсё добра з фінансамі. Сёлета, разумею, усё тое, што прадугледжана праграмай, не рэалізуем. Але ж наперадзе яшчэ чатыры гады. Усе пажарныя мерапрыемствы прафінансуем цалкам. Расслабляцца не трэба, — сказаў Аляксандр Ацясаў.
Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Мікалай ДАМАШКЕВІЧ запатрабаваў пры абмеркаванні прычын гібелі людзей на пажарах прыводзіць не сухія лічбы справаздачы, а агучваць прозвішчы начальнікаў РАНС — «аўтсайдараў», і тых, у каго можна навучыцца.
Высветлілася, што найбольш праблемны, як ні дзіўна, абласны цэнтр.
— Сапраўды, у Віцебску назіраецца рост колькасці загінулых — у два разы (14 чалавек). 13 з іх знаходзіліся ў нецвярозым стане. Праверана больш за 3500 домаўладанняў, дзе жывуць шматдзетныя сем'і. Летась і сёлета больш эфектыўна арганізавана дзейнасць назіральных камісій пры адміністрацыях раёнаў, — расказаў Сяргей СЕДЗІН, начальнік Віцебскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях.
— Не трэба гэтай статыстыкі. Вы раскажыце, чаму гінуць людзі? У чым прычына? Каб дэпутаты пасля сесіі разумелі, пра што гаварыць падчас сустрэч з выбаршчыкамі: вось гэтыя рэчы не трэба дапускаць, а на гэтыя — звярнуць асаблівую ўвагу... У пад'ездах кураць, выпіваюць... Людзі вымушаны ісці на прыём да мяне: скардзяцца, што не могуць даклікацца ўчастковага прыйсці ў пад'езд, дзе незразумела што робіцца, — сказаў Мікалай Дамашкевіч.
Віталь ЧАЙКІН, начальнік Лёзненскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, падзяліўся вопытам, які пераймаецца ўжо ў іншых рэгіёнах.
— Адзін начальнік РАНС проста фізічна не можа арганізаваць усё і пракантраляваць. Працуем у цеснай звязцы разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў і кіраўнікамі сельскіх Саветаў. Службы энергазабеспячэння, сацыяльнай абароны і іншыя ўзаемадзейнічаюць у пытанні прафілактыкі. Усе зацікаўленыя адказныя асобы з райцэнтра едуць у сельсавет і яго «адпрацоўваюць». На месцы высвятляюць праблемы і прымаюць рашэнні. І асабіста старшыня райвыканкама бярэ ўдзел у адпаведнай рабоце. Таму ў нас і апавяшчальнікі, дзе трэба, пастаўлены, і печы адрамантаваныя, і праводка...
На пункты аховы парадку выклікаюцца праблемныя грамадзяне. І ў такіх мерапрыемствах бяруць удзел нават работнікі абласной пракуратуры. Вывучаецца, як жыве канкрэтны чалавек, ці працуе? Усімі зацікаўленымі прымаецца комплекс захадаў па змяненні сітуацыі.
Вопыт, дарэчы, варты пераймання, ён атрымае распаўсюджванне на краіну. У Лёзненскім раёне за кожным дэпутатам, работнікамі райвыканкама замацаваныя канкрэтныя праблемныя сем'і. І «шэфы» рэгулярна заходзяць іх праведаць, увечары таксама.
Паводле слоў Аляксандра Ацясава, на жаль, у пытанні прафілактыкі самае «слабае звяно» — участковыя інспектары міліцыі.
— Не тое што Аніськіных няма — наогул нармальных участковых мала. Калі б нармальна працавалі ўчастковыя, была б іншая справа. Хаця ў тым жа Лёзненскім раёне, ведаю, участковыя актыўна працуюць разам з пажарнымі. Але агульная інфармацыя ў зводках сумная, — сказаў старшыня абласнога Савета.
На сесіі было вырашана праз пару месяцаў падвесці вынікі таго, як былі выпраўлены агучаныя праблемы. Прафілактыка пажараў — гэта і ўклад у вырашэнне дэмаграфічнай праблемы. Гінуць у ліку іншых і людзі, якія маглі б яшчэ дзясяткі гадоў працаваць на карысць краіны. І, каб дасягнуць паляпшэння сітуацыі, трэба займацца прафілактыкай не для справаздачы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.