Вы тут

«Прыватнік прадае па той цане, па якой прадукцыю ў яго бяруць»


Нашу даўнюю чытачку з Мінска прымусіў звярнуцца на «гарачую лінію» газеты аналіз цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю, што назіраецца зараз на некаторых рынках. Калі канкрэтна, гаворка ў нашым выпадку ідзе пра «Заходні», побач з якім пражывае заяўніца і наведваць які, адпаведна, ёй найбольш зручна. Як падавалася раней...

— Майму абурэнню няма межаў! Толькі падумайце, у разгар нарыхтовак сельгаспрадукцыі на «Заходнім», напрыклад, моркву прадаюць па 7 тысяч рублёў за кілаграм! Цыбулю, капусту — па 6 тысяч! Бульба і тая ляжыць па 6 тысяч! Пытаюся ў прадаўца: маўляў, чаму так дарога? Той толькі ўсміхаецца: «А што вы хочаце — усё хатняе! Я разумею, што хатняе, толькі паўтаруся: зараз сезон нарыхтовак, гэта ж не зіма яшчэ! Напрыклад, у адной з аптовых крам у той жа самы час бульбу прадавалі па 2,9 тысячы рублёў за кілаграм. Цыбулю, падкрэслю асобна, прывезеную з Украіны, — па 3,5 тысячы рублёў! Морквы ў той дзень на выязным сезонным кірмашы па гандлі сельгаспрадукцыяй не было, дык зноў жа знайшла патрэбнае ў аптовай краме — па 3 тысячы рублёў за кілаграм! Дык вось вы мне адкажыце: ці кантралюе нехта цэны на рынках у прыватнікаў? Чаму яны такія высокія? — гаварыла чытачка.
Пытанні падаліся ў пэўнай ступені слушнымі. Так, зараз праходзяць сезонныя сельскагаспадарчыя кірмашы, дзе і выбар багаты, і цэны меншыя, але не ўсе маюць звычку ствараць запасы адразу на ўсю зіму. Ды і неўзабаве гэты выязны гандаль скончыцца. У крамах побач з домам, можа, і цэны прымальныя, але асартымент часам не такі вялікі, асабліва ўзімку...
На абураны зварот мінчанкі па просьбе рэдакцыі адказала галоўны спецыяліст аддзела фінансаў галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Людміла Зубко.
— Калі гаварыць пра фізічных асоб, якія рэалізуюць вырашчаную сельскагаспадарчую прадукцыю на рынках, дык цэны ў іх адрэгуляваць нейкім чынам немагчыма. Усё залежыць толькі ад попыту і прапановы, а таксама ад якасных характарыстык тавару. Калі, скажам, нехта прапануе экалагічна чыстую прадукцыю, вырашчаную без выкарыстання хіміі. Калі па такой цане прадукцыю бяруць, значыць, яна па ёй і будзе прадавацца. Чалавек папросту паказвае даведку, што мае, напрыклад, участак пад Мінскам ці ў Гродзенскай вобласці, што ён сваімі рукамі вырасціў ураджай. Як забараніць, калі прадавец, заплаціў за месца на рынку? Калі ён увогуле зрабіў вырошчванне сельскагаспадарчай прадукцыі крыніцай даходаў? — патлумачыла Людміла Сцяпанаўна.
Апроч фізічных асоб на рынках, як вядома, гандлююць і індывідуальныя прадпрымальнікі. Тут сітуацыя як быццам некалькі іншая — прынамсі, на іх «апетыты» знайсці ўправу можна. Але не зараз...
— Кожны год з 15 лістапада па 31 мая рашэннем Мінгарвыканкама на сельскагаспадарчую прадукцыю ўводзяцца гранічныя адпускныя цэны. Прытрымлівацца іх павіны і індывідуальныя прадпрымальнікі: ніхто не павінен прадаваць садавіну і гародніну па цэнах, вышэйшых за вызначаныя. Такое рашэнне будзе і сёлета. Пра канкрэтныя гранічныя адпускныя цэны гаварыць пакуль рана. Зараз вядомыя толькі памеры гандлёвых надбавак да іх: 200 рублёў — на бульбу і буракі, 240 рублёў — на капусту, моркву і цыбулю, — расказала Людміла Зубко. — Але, нагадаю яшчэ раз, гранічныя адпускныя цэны будуць уведзены толькі з 15 лістапада.
Калі падвесці сухі вынік з вышэйсказанага, выходзіць, што індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць на рынках сельгаспрадукцыяй, могуць яшчэ цэлы месяц кіравацца вядомым прынцыпам «попыту — прапановы». А фізічныя асобы маюць такое права пастаянна.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.