Вы тут

Хоцімск бралі «рукамі»


А здзяйсняючы гераічныя ўчынкі, пра ўзнагароды не думалі

Свабода гэтага раённага цэнтра не азначала ўсталявання міру, але давала надзею на магчымасць заканчэння вайны. Моладзь доўга не радавалася. Хлопцы разумелі, што яшчэ ваяваць і ваяваць. Таму ішлі нават непаўналетнімі на прызыўныя пункты ўжо вольнай зямлі, каб узмацніць наступ сваёй арміі. Ішлі, каб было куды вяртацца...

Горад вызваляла марская пяхота?

Вызваленне Хоцімска, якое адбылося 26 верасня 1943 года, было даручана 108-й стралковай дывізіі палкоўніка П.А. Церамава і асобным танкаваму і мінамётнаму палкам. Уяўляю, як страшна было воінам па абодва бакі фронту: праціўнікі добра ўсведамлялі, што для любога з іх кантроль над Беларуссю будзе перамогай, а значыць, ніхто не збіраўся здавацца — толькі жорсткі бой. Для нас вызваленне Беларусі адкрывала шляхі ў Прыбалтыку, Польшчу і Усходнюю Прусію. Вядома, што ў верасні 1943-га беларускі напрамак прыкрывала каля 70 дывізій вермахта, чатыры з якіх і былі сканцэнтраваны пад Хоцімскам.
Наша наступленне пачалося без артпадрыхтоўкі, каб не разбурыць гарадок і не дазволіць фашыстам падпаліць яго. Танкавыя групы з дэсантам знішчылі варожыя сілы на подступах да Хоцімска. Аднак супраціўленне ворага ў самім гарадку было такім моцным, што наступленне ўзмацнілі сіламі яшчэ адной дывізіі, 110-ай. Дарэчы, яна была сфарміравана на базе дывізіі марской пяхоты, таму байцы называлі сябе «марскімі пехацінцамі». Яны і вырашылі лёс горада: імкліва, як віхор, уварваўшыся ў яго з трох бакоў, знішчылі фашысцкі гарнізон. Як сведчаць ваенныя хронікі, да 18 гадзін горад быў вызвалены. У палон тады здаліся больш за 100 гітлераўцаў. Адзін з іх паведаміў, што літаральна перад самым уступленнем у Хоцімск савецкіх войскаў з горада пад нямецкім канвоем было выведзена больш за трыста мясцовых жыхароў, у тым ліку шмат дзяцей. І тады сорак аўтаматчыкаў на чале з камандзірам роты Міхаілам Яворскім на брані танкаў кінуліся наўздагон і праз некалькі кіламетраў адбілі сваіх. Кароткай, але якой цёплай была сустрэча вызваліцеляў на гарадской плошчы, куды неўзабаве пад'ехалі і тры «Т-34» з дзецьмі, якіх яшчэ гадзіну назад вялі ў няволю...
Неўзабаве ў гарадок прыехаў і кіраўнік кампартыі Беларусі
П.К. Панамарэнка. У той памятны вечар у гонар вызваліцеляў Хоцімска, які 770 дзён пакутаваў ад акупацыі, салютавала Масква. Аднак самы запамінальны, самы ўрачысты і моцны, хаця і сціплы, салют гучаў у самім гарадку: з воінскімі ўшанаваннямі ў брацкіх магілах хавалі герояў, што паляглі за яго вызваленне...

1381959435522_1

Сёння ў невялікім Хоцімскім раёне пра мужнасць воінаў-вызваліцеляў сведчаць больш за 40 помнікаў і абеліскаў. На сайце райвыканкама размешчаны і яшчэ адзін своеасаблівы помнік: гэта карта воінскіх пахаванняў з іх электроннымі пашпартамі. Гэтыя дакументы маюць апісанні месцаў пахавання, прозвішчы пахаваных. І ў кожным такім пашпарце, што вельмі важна, пазначаны тыя, хто нясе адказнасць за ўтрыманне і догляд: гэта і прадпрыемствы раёна, і школы, і органы ўлады. Шкада, але на многіх магілах замест прозвішча ўсё яшчэ пазначана «невядомы».

Тры ордэны і два медалі — у адзін дзень!

Васіль Іосіфавіч Ячнеў — чалавек у Хоцімску вядомы і паважаны. Баявых і працоўных узнагарод, як той казаў, хапіла б на трое грудзей. «На фронт, — жартуе ён, — трапіў з другога заходу: як толькі родныя мясціны вызвалілі, падаўся на прызыўны пункт у суседнюю вёску, але адтуль адправілі дадому, бо ўзрост быў яшчэ непрызыўны. Тады пайшоў у раённы камісарыят у Клімавічы, дзе назваўся ўжо 18-гадовым. Адтуль і трапіў ў школу кулямётчыкаў, а затым — і на перадавую, пад Віцебск».
Яго першы бой мог стаць і апошнім: агнявы пункт накрыла варожым снарадам, другі нумар загінуў, Васіля параніла. Ходзячы ў медсанбат на перавязкі, пазнаёміўся там з цяжкапараненым снайперам, які аднойчы падарыў яму... сваю снайперскую вінтоўку. «Паказаў і навучыў, як карыстацца аптычным прыцэлам, расказаў пра тое, што найперш трэба ведаць снайперу», — распавядае ветэран. А неўзабаве кулямётчык Васіль Ячнеў ужо на практыцы асвойваў новую зброю і снайперскае рамяство. Франтавая газета «За Радзіму» праз некаторы час пісала, што «кулямётчык ручнога кулямёта камсамолец Ячнеў, маючы снайперскую вінтоўку, прабраўшыся на нейтральную паласу і абсталяваўшы там агнявую пазіцыю, знішчыў чытырох фашыстаў». Праз некалькі месяцаў тая ж газета паведамляла, што на рахунку маладога снайпера — больш за трыццаць ворагаў.
«Ваяваў, як і ўсе, — лічыць Васіль Іосіфавіч. — Неаднойчы хаваў тых, з кім побач ляжаў у акопе, ішоў у атаку. Давялося і мінамётчыкам пабыць, і ў разведку хадзіць, і па «язык».
Неаднойчы адважнага воіна прадстаўлялі да ўзнагарод, але, успамінае Васіль Іосіфавіч, атрымаць іх усё неяк не атрымлівалася: то раненні і шпіталі, то пераводы ў іншыя часці. Ды і не пра ўзнагароды думалася, бо яшчэ грымела вайна. Пасля 9 мая 1945 года з медалём «За Перамогу над Германіяй» яшчэ пяць гадоў праслужыў у той Германіі. І вось перад самай дэмабілізацыяй адзін з яго аднапалчан атрымлівае не ўручаны раней медаль. Ён і параіў Васілю звярнуцца ў штаб і расказаць пра свой баявы шлях і пра тое, што некалькі разоў яго прадстаўлялі да ўзнагарод. Літаральна праз некалькі тыдняў гвардыі сяржант Васіль Ячнеў быў выкліканы ў штаб брыгады, дзе атрымаў адразу тры ордэны Чырвонай Зоркі і медалі «За адвагу» і «За ўзяцце Кёнігсберга».
Вось з гэтым багаццем, ды яшчэ з баянам, і прыехаў салдат дадому. І так склаўся яго лёс, што і дагэтуль з музыкай не развітваецца. Ад самай дэмабілізацыі крочыць ветэран па жыцці з музыкай: працаваў музычным работнікам і фізруком у дзіцячых дамах, а апошнія без малога 20 гадоў з'яўляецца баяністам-акампаніятарам народнага ветэранскага хору пры Хоцімскім раённым цэнтры культуры.

1381959437849_2

Ваяр духоўнасці

Сёння Хоцімск — звычайны беларускі гарадок. Чысценькі, дагледжаны, з прыгожымі скверамі і паркам адпачынку, ёсць нават кола агляду, утульныя кавярні, дзе вас пачастуюць выключна смачнымі абаранкамі. Незвычайна многа дрэў і мноства кветак. Некалькі брацкіх магіл і помнікаў у цэнтры пасёлка.
І яшчэ ёсць у Хоцімску храм — Свята-Троіцкі сабор. Усе, з кім давялося пагаварыць, раілі абавязкова наведаць яго. І абавязкова падкрэслівалі, што служыць там архімандрыт Кірыл, які пачаў несці свой пастарскі абавязак з 1958 года ў маленькай капліцы, што і дагэтуль існуе пры гарадскіх могілках. Сапраўды, сабор — гэта ўпрыгожанне горада. Пабудаваны ён быў у 1861 годзе, у памяць пра адмену прыгоннага права. Лёс яго падобны на лёсы многіх сабораў і цэркваў: храм быў пашкоджаны ў часы войнаў, было тут і збожжасховішча, а з 1960-ых — раённы Дом культуры. У 1990 годзе, калі будынак сабора аддалі вернікам, яго выгляд не выклікаў нічога, акрамя жалю... Вось тут і знайшлася справа айцу Кірылу: толькі за першыя дзесяць гадоў былі адноўлены вежы купалоў, пабудаваны дзве каплічкі, гаспадарчыя пабудовы. І з тых часоў нястомны пастыр збірае ахвяраванні, заняты не толькі на духоўнай ніве, але і на будаўнічай і педагагічнай. Паводле яго слоў, яшчэ многае трэба зрабіць. Клопату патрабуе і нядзельная школа, дзякуючы якой саборны двор часта поўніцца дзіцячымі галасамі і ў якую дзеці прыходзяць і для заняткаў жывапісам і разьбярствам. Апякуецца архімандрыт Кірыл велізарнымі клумбамі ў саборным двары, расаду для якіх рыхтуе асабіста і ўважліва сочыць, як прыхаджанкі разбіваюць кветнікі.
Яшчэ ў гонар 50-годдзя вызвалення Хоцімска пабудаваў ён Свята-Праабражэнскую царкву, у якой кожную пятніцу служыць паніхіды па палеглых воінах. Часта можна пабачыць яго і ў горадзе. Нягледзячы на свае 80 з гакам, бадзёры і энергічны, ён усё некуды спяшаецца па справах. Таму і такой павагай карыстаецца гэты па-манаску сціплы і па-чалавечы шчодры душою чалавек. А храм — гэта сімвал яшчэ адной перамогі — духоўнай.

Пятро РАМАНЧУК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.