Вы тут

Дзе нараджаюцца паркі?


...А таксама бездакорныя газоны і дэкаратыўныя хмызнякі, што ўпрыгожваюць ландшафт гарадскіх вуліц і прыватных падворкаў? Задацца гэтым пытаннем прымусіла восень, калі самы час «папоўніць рады» зялёных насаджэнняў. У бліжэйшы месяц толькі ў сталіцы высадзяць каля 7 тысяч дрэў і 3 тысячы хмызнякоў. Карэспандэнты «Звязды» з'ездзілі ў месца, дзе ўсе вышэйзгаданыя расліны «з'явіліся на свет», — унітарнае прадпрыемства «Броўкі Мінскзелянбуда». Там давялося пабачыць клёны ў кадках, даведацца, што такое скумпія, а яшчэ — «сустрэцца» з лебедзямі і ласямі ў... пункце продажу дэкаратыўных дрэў і хмызнякоў.

1381959448993_1

...Ехаць у вёску Броўкі, дзе і знаходзіцца гадавальнік дэкаратыўных раслін, — адно задавальненне. Праязджаеш Мінскае мора, любуешся кранутым восенню лісцем дрэў... Але яшчэ больш захапляешся, калі бачыш перад сабой... плантацыі туі ці пляцоўку, застаўленую маладымі клёнамі ў кадках.
— Нашы супрацоўнікі вырошчваюць усё з маленькіх чаранкоў і насення. У год мы прадаём да 60—80 тысяч дрэў — расказвае дырэктар Андрэй Мінкевіч. — На тэрыторыі прадпрыемства ёсць дарослыя расліны, ад якіх і «вядуць свой род» усе тыя дрэвы і хмызнякі, што ідуць на азеляненне горада і на продаж. Можна быць упэўненым: кожны саджанец ад першага свайго дня прывыкаў да нашага клімату і глебы. Гэта, дарэчы, вельмі важна.
Па словах Андрэя Мінкевіча, нават расліны, прывезеныя з суседняй Польшчы, не заўсёды могуць прыжыцца на беларускім участку. Неяк у Броўкі прыязджаў чалавек, што азеляніў даволі вялікую тэрыторыю такімі вось замежнымі хмызнякамі, а яны чамусьці расці «не захацелі». Вось і давялося набываць новыя, але ўжо ў Беларусі.
Шлях будучага клёна ці ясеня, пад якім гадоў праз трыццаць будуць шукаць ценю наведвальнікі якога-небудзь гарадскога сквера, пачынаецца ў дэндрапарку. Так называецца месца, дзе бяруць чаранкі і збіраюць насенне для расады. Пасля матэрыял нясуць у невялічкія цяпліцы, у якіх ён высаджваецца і вырошчваецца да пэўнага часу. Дарэчы, каб «з нуля» выгадаваць саджанец дрэва, патрэбна прыкладна восем гадоў.

1381959451580_2

— Мы цяпер імкнёмся шмат вырошчваць і прадаваць раслін у кантэйнерах, — распавядае Андрэй Мінкевіч. — Гэта зручна і для пакупнікоў, і для «зялёнага тавару». Нават навагоднія елкі ў кантэйнерах вырошчваюць, а высаджваюць іх туды яшчэ па вясне.
...Мінуўшы пляцоўкі, дзе стаяць дрэвы ў кадках і цягнуцца даўгімі радамі маленькія парнічкі, трапляем на сапраўднае «саджанцавае поле». Тут у гэты час на выкапцы раслін працуе некалькі жанчын. Пачуўшы пра неабходнасць фатаграфавацца, яны сціпла адмаўляюцца. Маўляў, капалі, змучыліся... Пакуль наш фатограф настойліва рабіла сваю працу, я стала цікавіцца ў дырэктара прадпрыемства, ці не вырошчваюць тут раптам сярод звыклых нам клёнаў і ясеняў якой экзотыкі.
— Увогуле, шмат якія інтрадуцэнты (расліны, што выраслі за арэалам свайго натуральнага распаўсюджвання) цудоўна адчуваюць сябе ў Беларусі, — запэўніў Андрэй Мінкевіч. — Напрыклад, ёсць такая расліна, як скумпія — хмызняк з прыгожымі пухнатымі кветкамі. Нават я, калі пабачыў яе ў першы раз, быў вельмі ўражаны.
Што ж, інтрадуцэнты дык інтрадуцэнты! Шкада, што восень. Вось бы зараз паглядзець на квітнеючыя дэкаратыўныя хмызнякі...
...Пункт продажу, дзе за смешныя, у параўнанні з цэнамі на рынку, грошы можна набыць для свайго ўчастка новага «зялёнага жыхара», звонку ўяўляе сабой звычайную бетонную агароджу, але ўнутры ўсё па-іншаму. Каляровыя малюнкі на агароджы зрабіла Ірына Мацулевіч, якая працуе тут прадаўцом:
— Я раней у іншым месцы працавала, у рэанімацыі. Зараз вось «рэанімую» тут, — расказвае жанчына. — Адчуваю сябе цудоўна, сплю добра. А малявала я раней толькі дома, алоўкам на паперы. Калі прыйшла сюды, жахнулася, што прыйдзецца сядзець у голых сценах. Тады і папрасіла ў дырэктара дазволу крыху памаляваць, а то «страшнавата» неяк было.
Так на агароджы з'явілася цэлая гісторыя: спачатку сажалка з лебедзямі і качкамі, пасля лось і ласіха з дзіцяткам, далей — сцены і брамы замкаў.

1381959453114_3

Крыху расказаўшы пра «мастацтва», Ірына пачынае распавядаць нам і пра расліны:
— Тыя, што ў кантэйнерах, зразумела, даражэйшыя. Танней набываць, як кажуць, «з прыкопу», калі расліну выкопваюць з зямлі і адразу будуць перасаджваць у іншае месца. Дарэчы, дрэва ў кадцы можна купіць і проста паставіць на ўчастку, — гаворыць жанчына.
Чым жа ў беларусаў зараз папулярна ўпрыгожваць паркі, скверы і ўласныя падворкі? Аказваецца, для гарадскіх пасадак найбольш часта замаўляюць ліпу, каштан ці ясень. А вось «прыватнікі» любяць не проста дрэва пасадзіць — хочуць, каб яно было незвычайным. Зараз у ландшафтным дызайне вельмі папулярныя так званыя прышчэпленыя дрэвы: клёны, бярозы, рабіны, ясені, вязы і інш. Многія, відаць, бачылі бярозкі, у якіх галінкі нібыта «прычасаныя» пад адзін капыл. Камель такога саджанца павінен дасягнуць пэўнай вышыні. Пасля, каб стварыць форму кроны, на камель прышчэпліваюць галінкі. Яны могуць расці ўніз ці патрэбным чынам нахіляцца.
Такія дрэвы, безумоўна, прыгожыя, але хмызнякі «здзівілі» больш. У Беларусі, аказваецца, нядрэнна прыжываюцца экзэмпляры, якія, мяркуючы па выглядзе, павінны расці ў якім-небудзь Крыме. Разлапістыя, з яркімі кветкамі на галінках. Ірына Мацулевіч паказвае нам папку, па здымках у якой можна меркаваць пра будучую «квяцістасць» хмызняку, які зараз, восенню, сціпла зелянее ў кадцы... Вегела, дуброўка, барбарысы, дэйцыя, кветкі якой падобныя да званочкаў, брызгліна, спірэя чырвоналістая (яе лісты маюць такі колер не толькі восенню, а, уявіце, у цёплую пару года вырастаюць яшчэ і кветкі), бружмель, акацыя... Ну вельмі захацелася лета пасля размоў пра яркія кветкі.
...Трэба сказаць, што прадпрыемства «Броўкі Мінскзелянбуда» займаецца не толькі вырошчваннем дрэў і хмызнякоў. Саджанцы гадуюцца крыху больш чым на 400 гектарах, уся ж тэрыторыя — 1100 гектараў. Што робяць на астатняй плошчы? Вырошчваць рулонныя газоны і насенне траў.

1381959456606_4

...Едзем па звычайнай палявой дарозе. З нязвыклага для такога пейзажу — хіба што калонкі, да якіх падключаюць шлангі для паліву. Выходзім, а навокал... футбольнае поле. Прынамсі, такое адчуванне ўзнікае, калі бачыш перад сабой кіламетры зялёнай, кораценька пастрыжанай травы. У будучым з яе зробяць рулонны газон
— Гэтую траву мы пасадзілі не так даўно, а вось тыя ўзараныя палі, якія мы толькі што праехалі, у мінулым годзе «па частках» раскупілі на газоны. Яны апынуліся ў самых розных кутках горада і нават краіны, — распавядае дырэктар прадпрыемства Андрэй Мінкевіч.
Своеасаблівы «эксперымент» — нядаўна пасеяная трава пад назвай «палявіца»: падстрыгаць такі газон не патрэбна ўвогуле.
Травы на насенне — асобная справа. Іх гадуюць, убіраюць, а пасля фасуюць у пакеты і адпраўляюць на продаж. Сёлета, дарэчы, вельмі шмат прадалі ў Маскву. Насенне збіраецца вельмі падобна да таго, як збіраюць збожжа: «зярняты» прасейваюцца, сушацца, а пасля часова ссыпаюцца ў вялікія горы ў спецыяльных амбарах.
Падарожнічаць па такіх «футбольных палях» можна вельмі і вельмі доўга. Зелень у тандэме з прасторам і туманам, што скараціў далягляд прыкладна метраў да дзесяці, проста зачароўвае, і на імгненне нават можна забыцца, дзе ты знаходзішся: на беларускім лузе ці на англійскім полі для гольфа. Такія абставіны чамусьці спрыяюць успамінам. Прыгадваецца, напрыклад, малы хлопчык, што быў суседам у адным з дамоў, дзе давялося жыць. З нядаўна пасаджанага каля новабудоўлі тонкага дрэўца ён захацеў выламаць сабе прут. Мама нават не пярэчыла. Альбо вось яшчэ: цэлая алея маладых ліпак, якія невядомы «супергерой» зламаў колькі гадоў таму ў самым цэнтры Брэста.
А нехта ж гадаваў гэтыя саджанцы з малюсенькага зярнятка...

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.
Мінскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?