Вы тут

Рэальны шлях дадому — праз інтэрнэт


Паводле статыстыкі, каля 40% беларускіх сем'яў маюць доступ да інтэрнэту з дамашняга камп'ютара. Таму запрашаем усіх неабыякавых наведаць новы адрас у сеціве — www.dаdоmu.bу. «Дарога дадому» — пад такім дэвізам 14 кастрычніка пачаў працаваць новы беларускі інфармацыйны партал. Створаны ён для таго, каб палегчыць пошукі новых сем'яў для дзяцей, якія ўсё яшчэ жывуць у дамах-інтэрнатах ці часовых сем'ях, а таксама дапамагчы людзям, зацікаўленым ва ўсынаўленні ці прыёме дзіцяці пад апеку.

Адметнасць дабрачыннага праекта ў тым, што гэта некамерцыйная і прыватная ініцыятыва, падтрыманая дзяржаўнымі ўстановамі. Летась падпісаная больш як 500 беларусамі просьба аб стварэнні інтэрнэт-рэсурсу, які змяшчаў бы дадатковую інфармацыю пра дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, паступіла ў Нацыянальны цэнтр усынаўлення Міністэрства адукацыі Беларусі. Ідэя знайшла актыўную падтрымку ў кіраўніцтва цэнтра, Беларускага саюза жанчын, Нацыянальнага банка Беларусі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства аховы здароўя. Усю неабходную тэхнічную працу па запуску парталу бязвыплатна выканала таварыства з абмежаванай адказнасцю «Лайт Вел Арганізэйшн».
Афіцыйным лагатыпам праекта абрана кветачка канюшыны з 4 пялёсткамі, кожны з якіх сімвалізуе пэўную форму прыёму дзяцей на выхаванне: усынаўленне (удачарэнне), апякунства, прафесійны сямейны клопат (прыёмная сям'я, дзіцячы дом сямейнага тыпу), патранат (для тых, хто хоча стаць дзіцяці сябрам, праводзіць з ім выхадныя, запрашаць у госці дадому і г.д.).
Падобныя інтэрнэт-парталы ўжо некалькі гадоў паспяхова працуюць у Расіі, Латвіі, ва Украіне. У Беларусі ж да нядаўняга часу ўся інфармацыя была сабрана ў створаным у 1997 годзе Рэспубліканскім банку звестак пра дзяцей, якія падлягаюць усынаўленню. Але звесткі ў ім прадстаўлены ў выглядзе папяровых анкет і даступныя для азнаямлення толькі ў офісах Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення і толькі кандыдатам ва ўсынавіцелі — гэта значыць, тым, хто ўжо атрымаў дазвол органа апекі на ўсынаўленне.
Цяпер апекуны малога, якому патрэбная сям'я, змогуць змяшчаць на партале фота дзіцяці, сціслую інфармацыю аб ім і розных формах магчымага ўладкавання ў сямі. Потым прадстаўнік апекуна — прызначаная загадам службовая асоба — будзе прымаць званкі ад зацікаўленых людзей і кансультаваць іх па пытаннях сямейнага ўладкавання. Стваральнікі партала спадзяюцца, што высілкамі розных людзей атрымаецца дапамагчы кожнаму дзіцяці, якое расце без пастаяннай сям'і, знайсці сваю дарогу — дарогу дадому...

Даведка «СГ»

У нашай краіне клопат аб дзецях, якія засталіся без апекі бацькоў, ускладзены на тры ведамствы:
— Міністэрства аховы здароўя сочыць за выхаваннем у дамах дзіцяці малых, у якіх няма сям'і, ва ўзросце ад нараджэння да 3-4 гадоў;
— Міністэрства адукацыі адказвае за выхаванне і дабрабыт дзяцей (ад 3-4 гадоў да паўналецця), якія жывуць у дзіцячых дамах, часова знаходзяцца ў прытулках, выхоўваюцца ў дамах-інтэрнатах і часовых прафесійных замяшчальных сем'ях;
— Міністэрства працы і сацыяльнай абароны курыруе выхаванне ў спецыялізаваных дамах-інтэрнатах дзяцей рознага ўзросту, якія маюць асаблівасці ў стане здароўя.

Ірына КАСЦЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.