Вы тут

НЕ ТАКІ СТРАШНЫ ТЭХНІЧНЫ РЭГЛАМЕНТ...


Рэспубліканскі інстытут мяса-малочнай прамысловасці арганізаваў міжнародны навукова-практычны семінар на тэму заканадаўства Мытнага саюза ў малочнай галіне, каб абмеркаваць са спецыялістамі галіны ўсе «надводныя і падводныя камяні» ад увядзення адзіных тэхнічных рэгламентаў, якія ёсць і могуць узнікнуць у выніку яшчэ больш шчыльнага ўзаемадзеяння вытворцаў малочнай прадукцыі Беларусі, Расіі і Казахстана.

Тэма актуальная нават з-за таго, што яшчэ свежыя ў памяці так званыя «малочныя войны» — гэта калі нібыта Беларусь нешта там малочнае прадавала ў Расію з парушэннямі некаторых нарматываў... Час паказаў, што ў нас, «парушальнікаў», якраз і варта вучыцца многаму. Таму вось і сабраліся на канферэнцыю прадстаўнікі амаль што ўсіх малочных заводаў краіны ды яшчэ навукоўцы, спецыялісты сельскагаспадарчага ведамства, былі госці з-за мяжы — у прыватнасці, прадстаўнікі бізнес-групы DSM — галандскай кампаніі, што займаецца вытворчасцю бактэрыяльных заквасак і канцэнтратаў для малочнай і ўвогуле для харчовай галіны і з'яўляецца прызнаным сусветным лідарам у гэтай справе.
Асаблівасцю семінара стала і тое, што вучыцца новым рэгламентам прыехалі з усёй краіны менавіта тыя, хто і адказвае за якасць і стандарты прадукцыі — тэхнолагі, кіраўнікі аддзелаў якасці і лабараторый, спецыялісты па якасці, мікрабіёлагі, хімікі, ветэрынары з усіх вядомых малочных і сыраробчых заводаў. Як на звычайнага чалавека, дык нават веданне таго, што на нашых малочных заводах ёсць такія спецыялісты, дае падставу піць нашы кефіры, ёгурты, есці нашы сыры без аніякіх сумневаў. Але калі настаў час Мытнага саюза — дык менавіта Беларусь і арганізуе такія практычныя семінары для вытворцаў. Яшчэ адзін камплімент у бок нашых вытворцаў — менавіта яны захавалі на практыцы дзяржаўныя стандарты вытворчасці.
І яшчэ адна падстава, каб парупіцца пра якасць нашай «малочкі» — не сёння-заўтра многія краіны Еўрасаюза атрымаюць выпакутаванае імі права зноў павялічыць вытворчасць малака, і наш еўраазіяцкі рынак стане шчыльнейшым. Таму, каб выглядаць на ім прыстойна і канкурэнтна-
здольна, наш Мытны саюз і мусіць уніфікавацца па ўсіх сусветных нарматывах і ў межах нашых трох краін. Справа, зразумела, не ідзе пра тое, каб сыр, вяршкі, смятана ці тварог з Расіі, Беларусі ці Казахстана былі аднолькавымі на смак (пашы розныя, жывёла розных парод і г.д.). Галоўнае ў гэтых рэгламентах — выконваць агульныя нарматывы і дамоўленасці, не шкодзіць адзін аднаму на рынках, не перабіваць, як той казаў, пакупніка.
Другой нагодай семінара стала прэзентацыя новай харчовай лабараторыі, што рабілася па ініцыятыве інстытута з удзелам прадстаўнікоў галіны. Цяпер у ёй па ўсіх сучасных канонах будуць распрацоўваць рэцэпты і тэхналогіі на розныя малочныя прадукты, вучыць спецыялістаў і абменьвацца вопытам, весці навуковую работу. Так што тэхнічныя рэгламенты нашых інтэграцыйных утварэнняў — нам на карысць.

Пятро РАМАНЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?