Вы тут

КОСМАС ЯК ПРАДЧУВАННЕ


Мастацтва Язэпа Драздовіча натхняе і сёння

У кастрычніку 2013 года беларуская грамадскасць адзначае 125-годдзе мастака, аднаго з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу, даследчыка, археолага, пісьменніка і вечнага летуценніка Язэпа Драздовіча. На жаль, адзначае не так шырока, як хацелася б. Але, як вядома, да сапраўдных геніяў прызнанне прыходзіць доўга і пакутліва.

1382131625244_1

Яшчэ літаральна пару дзясяткаў гадоў таму мы практычна нічога не ведалі пра Язэпа Драздовіча. Савецкая ўлада зрабіла ўсё магчымае, каб яго творчасць знікла бясследна, каб памяці пра дзядзьку Язэпа не засталося. Вядомая трагікамічная гісторыя пра тое, як савецкі чыноўнік загадаў зафарбаваць роспіс, што Драздовіч зрабіў у грамадскай сталоўцы мястэчка Лужкі. На месца роспісу, вядома, павесілі нейкія савецкія культурныя атрыбуты. І, мяркую, наведнікаў у той сталоўцы значна паменела.
Вядомыя і гісторыі, пра тое, што ўнікальныя маляваныя дываны дзядзькі Язэпа працягваюць знаходзіць у хатах беларускіх вяскоўцаў, якія, не заўжды разумеючы каштоўнасць гэтых маляваных цудаў, скарыстоўваюць іх нават для гаспадарчых патрэб. Памятаю, некалі Алесь Марачкін распавядаў, што знайшоў адзін такі дыван у двары вясковай хаты ў сабачай будцы...
Толькі ў 1984 годзе, дзякуючы даследаванню Арсеня Ліса «Вечны вандроўнік», імя Драздовіча пачало вяртацца. А потым аказалася, што яго творчая спадчына (жывапіс, графіка, скульптура, маляваныя дываны) захавалася даволі багата. І вось нядаўна ў інтэрнэце з'явіўся адмысловы сайт httр://drаzdоvісh.bу, прысвечаны мастаку. Унікальнасць сайта ў тым, што там сабрана, напэўна, самая вялікая віртуальная калекцыя рэпрадукцый твораў Язэпа Драздовіча.

1382131628544_2

А яшчэ да канца года ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі працуе выстава твораў Драздовіча з фондаў музея, прымеркаваная акурат да юбілею. А частка твораў з фондаў паехала на адмысловую выставу ў Глыбоцкі краязнаўчы музей. Язэп Нарцызавіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Глыбоцкі раён) у сям'і збяднелага шляхціца-арандатара.
Напэўна, і гэтае вясковае, але ўсё ж шляхетнае паходжанне паўплывала на тое, што Язэп Драздовіч трымаўся вельмі высакародна, захапляўся мастацтвам і навукай, але ніколі гэтым не пахваляўся. А наадварот — імкнуўся быць бліжэй да народа. І нездарма, відаць, вабіла яго і беларуская гісторыя. Ён стаў адным з выдатных прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Ён не толькі пісаў партрэты славутых асоб беларускай гісторыі, але і ўдзельнічаў ў археалагічных раскопках. І, між іншым, адкрыў некалькі стаянак каменнага і бронзавага вякоў, сабраў калекцыю з некалькіх дзясяткаў каменных крыжоў і сякер.
— Сёння ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея 11 жывапісных твораў, каля 200 графічных і 2 скульптурныя творы Язэпа Драздовіча, — распавядае Вольга АРХІПАВА, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. — Калекцыя вельмі багатая. Вядома, ёсць творы, недасканала распрацаваныя: накіды, замалёўкі, эскізы. Але ёсць і тыя, якія сталі класікай яго творчасці і вядомыя, напэўна, усім: карціны з касмічных серый, гістарычныя творы, напрыклад, «Усяслаў Полацкі ў турме», містычныя творы («Дух зла», «Прарок»), партрэт Ганны Вашкель. Як расказваў Арсень Ліс, гэта была вядомая ў тыя часы спявачка народных песень. Калі казаць пра стылістыку Драздовіча, то ён навучаўся ў Віленскай мастацкай школе Івана Трутнева, там яшчэ выкладаў Рыбакоў. Гэта былі акадэмікі Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, якія прытрымліваліся традыцый рускага рэалізму. І па форме Драздовіч відавочна рэаліст, але па сутнасці, змесце — гэта зусім іншыя творы. Яны расказваюць нам пра жыццё, якое аўтар ніколі не ведаў, але якое бачыў у сваіх снах, пра якое марыў, разважаў. Гэта і гісторыя Беларусі, і таямнічы космас.
Сапраўды ў 1930-х Драздовіч апантана захапіўся тэмай космасу. Як і многія прадстаўнікі яго пакалення, ён шчыра верыў, што на іншых планетах таксама ёсць жыццё, і разважаў пра гэта ў сваіх творах. Добра вядомыя яго карціны з серый «Жыццё на Сатурне», «Жыццё на Марсе» ды іншыя. Да таго ж Драздовіч не проста пісаў карціны пра космас, але і праектаваў касмічныя караблі, рабіў малюнкі і чарцяжы. Наогул, тое, як яму ўдавалася спалучаць творчасць і навуку, захапляе. Асабліва калі ўлічваць, што ён быў, па сутнасці, чалавекам з народа і не меў ніякай спецыяльнай, напрыклад, фізічнай альбо астранамічнай адукацыі. Гэта было яму, як і яшчэ аднаму беларускаму генію, Казіміру Малевічу, проста дадзена ад прыроды. А гэта сведчыць пра тое, што беларусы вельмі адораны народ, хоць сціплы і не ўпэўнены ў сабе.

1382131629455_3

За гэтае спалучэнне мастацтва з навукай, за гэты неабыякавы інтарэс да фальклорных даследаванняў ды тэхнічных чарцяжоў, картаў зорнага неба, раскопак, напісання і выдання навукова-даследчых кніг мастак Пётра Сергіевіч назваў Язэпа Драздовіча «наш маленькі Леанарда да Вінчы». Сапраўды — чым не беларускі Леанарда?
— Вельмі цікава, як адну і тую ж тэму Язэп Драздовіч мог распрацоўваць па-рознаму. Гэта можна лёгка параўнаць: некаторыя творы знаходзяцца ў нашым музеі, некаторыя — у Нацыянальным гістарычным музеі, некаторыя — у музеях Вільнюса, у Глыбокім, у музеі Акадэміі навук Беларусі, — дадае Вольга Архіпава. — Напрыклад, Драздовіч замалёўвае прыдуманы горад Трывеж, распавядае пра яго жыхароў, расліны, жывёл. А мы ведаем яшчэ і яго жывапіснае палатно, прысвечанае Трывежу (ад «тры вежы»). Наогул, калі ён выпраўляўся ў свае самнамбулічныя вандроўкі, то рабіў шмат замалёвак. Потым вяртаўся, сшываў аркушы — і атрымліваўся альбом. У нашым музеі таксама захоўваюцца некаторыя такія альбомы. Потым асобныя тэмы і матывы з гэтых альбомаў Драздовіч мог распрацоўваць больш падрабязна.

А агульнавядомы вобраз, растыражаваны кінематографам, пра тое, што ў іншапланецян безбялковыя вочы, з'явіўся на карцінах нашага мастака задоўга да таго, як стаў выкарыстоўвацца ў кіно. У пэўным сэнсе Драздовіча можна лічыць нават мастаком будучыні, візіянерам, прарокам. І не толькі з-за тэмы космасу ў яго творчасці. Але і таму, што ён быў неабыякавы да Беларусі, яе народа і гісторыі. Як ведаў, што нават у ХХІ стагоддзі яго напрацоўкі нам яшчэ вельмі спатрэбяцца.
Памёр Язэп Драздовіч пры вельмі таямнічых абставінах. Яго беспрытомнага знайшлі на дарозе... Адвезлі ў Падсвільскі шпіталь, дзе праз некаторы час дзядзька Язэп памёр. Пахаваны мастак у вёсцы Ліпляны Глыбоцкага раёна. Вечны вандроўнік, беларускі Леанарда і яшчэ да канца не асэнсаваны геній, чыя творчая спадчына нікога не пакідае абыякавым і сёння, нават памёр у дарозе. Можа быць, на шляху да зор...

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.