Вы тут

Палітычная сістэма ЗША ў крызісе?


Падзеі з 1 па 16 кастрычніка ў Злучаных Штатах нікога не пакінулі абыякавым. Супрацьстаянне паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі ў Кангрэсе ў сувязі з зацвярджэннем бюджэту і павышэннем мяжы дзяржаўнага доўгу сур'ёзна падарвала давер да здольнасці найбуйнейшай эканомікі свету ўнесці свой уклад у працэс аднаўлення сусветнай эканомікі пасля крызісу, які пачаўся ў 2008 годзе. А той факт, што праблема не вырашана, а толькі адкладзена на студзень—люты 2014 года, не можа нікому дадаць аптымізму. Нагадаю, што да пытання зацвярджэння бюджэту ЗША павінны вярнуцца не пазней за 15 студзеня 2014 года, а ліміт на запазычанне павышаны толькі да 7 лютага 2014 года.

Адным з галоўных выйгрышаў ЗША на фоне Еўрасаюза заўсёды была здольнасць хутка рэагаваць на змяненні ў свеце, паколькі, у адрозненне ад ЕС, у Злучаных Штатах няма неабходнасці ўзгадняць пазіцыю 28 дзяржаў-членаў з самай нязначнай прычыны. Апошнія гады, асабліва падзеі гэтага кастрычніка, ставяць пытанне аб тым, што амерыканцы страчваюць гэту здольнасць. А значыць, і ЗША, і ЕС страчваюць канкурэнтаздольнасць ва ўмовах глабалізацыі, дзе адной з важных рысаў поспеху з'яўляецца прыняцце хуткіх і эфектыўных дзеянняў адразу пасля ўсведамлення змен, якія адбываюцца. Менавіта гэта выкарыстоўвалі Кітай, Сінгапур і Паўднёвая Карэя, каб дабіцца тых галавакружных поспехаў, што былі імі дасягнуты ў апошнія дзесяцігоддзі.

Дарэчы, тое, што адбылося, прымусіла кітайскія СМІ заклікаць незаходнія дзяржавы да дэамерыканізацыі. Падставы? Раз палітыкі найбуйнейшай эканомікі свету паводзяць сябе так безадказна, значыць, і ўплыў ЗША на сусветныя справы павінен падаць, калі мы імкнёмся пакончыць з наступствамі крызісу, які выбухнуў у 2008 годзе, і не хочам трапіць у чарговы.

Чаму ж супрацьстаянне рэспубліканцаў і дэмакратаў дасягнула такой сілы і ўвяло ЗША ў крызіс, які толькі амерыканскай эканоміцы каштаваў, паводле падлікаў эканамістаў, 24 мільярды долараў? Ці ёсць магчымасці ва ўладаў ЗША выправіць становішча, або гэта праблема стала хранічнай?

Адной з прычын сітуацыі, якая склалася, з'яўляецца асаблівасць амерыканскіх выбаршчыкаў. Прагаласаваўшы за прэзідэнта ад адной партыі, яны пасля на выбарах у Кангрэс, як правіла, галасуюць за прадстаўнікоў іншай партыі. У выніку і атрымліваецца, што Прэзідэнту цяжка дамовіцца з заканадаўчай уладай, што мы цяпер і назіраем.

Іншай прычынай з'яўляецца развіццё ў ЗША мадэлі так званай «дэмакратыі меншасцяў». Яе асаблівасцю з'яўляецца актыўнае ўзаемадзеянне розных меншасцяў, у выніку якога яны аказваюцца здольнымі навязаць свае інтарэсы пасіўнай большасці. І дэмакраты здолелі ўзначаліць гэтыя меншасці, даючы ім тое, што яны хочуць. Адсюль, дарэчы, і змяненні ў сферы легалізацыі аднаполых шлюбаў, зробленыя пры актыўнай падтрымцы Абамы. Сёння адной з груп меншасцяў, якія выкарыстоўваюцца дэмакратамі, з'яўляюцца тыя некалькі дзясяткаў мільёнаў амерыканцаў, якія не могуць сабе дазволіць карыстацца медыцынай у ЗША з-за празмерна дарагіх ставак на медыцынскія полісы. Здольнасць дэмакратаў вырашыць для іх гэту няпростую сітуацыю прывядзе да таго, што на наступных прэзідэнцкіх выбарах у ЗША яны прагаласуюць за кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычнай партыі.

1382436858473_22-36

Калі ж Абама са сваёй задачай не справіцца, яны могуць стаць электаратам рэспубліканцаў, адпомсціўшы дэмакратам за падманутыя чаканні. Менавіта таму Абаме так важна правесці ў бюджэце пункт аб рэформе медыцыны, які дазволіць яму заручыцца пастаяннай падтрымкай гэтай групы электарату. Рэспубліканцы ж, цудоўна разумеючы гэта, любой цаной імкнуцца «тарпедаваць» існуючы бюджэт, інакш ім не бачыць перамогі на наступных прэзідэнцкіх выбарах.

Наступнай праблемай, якая ўзмацняе няздольнасць дамовіцца, з'яўляецца яўнае супярэчанне паміж тэмпамі росту ВУП ЗША з 2000 года па 2013-ы і ростам сацыяльных расходаў. За названы перыяд абаронныя расходы ў бюджэце падвоіліся — з 309 мільярдаў долараў у 2000 годзе да 607,2 мільярда ў 2013. Выдаткі на сацыяльнае забеспячэнне ўзраслі з 402,13 мільярда да 811,8 мільярда. Выдаткі на медыцынскія праграмы ўзраслі з 330,6 мільярда да 859,36 мільярда. Выдаткі на федэральныя пенсіі ўзраслі з 87,39 мільярда да 228,73 мільярда долараў. У той жа час за гэты перыяд эканоміка ЗША ўзрасла не ў два або два з паловай разы, як названыя вышэй выдаткі бюджэту, а толькі на 60 з нечым працэнтаў. Гэта не можа не трывожыць рэспубліканцаў. Абама ў пагоні за любоўю электарату яўна перанапружыў амерыканскую эканоміку, якая ў выніку і б'е рэкорды па нарошчванні дзярждоўгу.

Улічваючы гэтыя нюансы, можна смела прадказаць, што лёгка дэмакраты і рэспубліканцы не дамовяцца. На коне як наступныя прэзідэнцкія выбары, так і выжыванне амерыканскай эканомікі пад ціскам доўгу, які расце хуткімі тэмпамі з-за празмерных сацыяльных выдаткаў. Такім чынам, чакаем чарговых крызісаў. Якія сапраўды будуць садзейнічаць дэамерыканізацыі свету з-за страты прэстыжу ЗША і росту праблем у кіраванні краінай.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?