Вы тут

Сцяпан Некрашэвiч — грамадскi дзеяч i арганiзатар беларускай навукi


Прозвiшча Некрашэвiч у беларусаў у першую чаргу асацыюецца з асобай вучонага-мовазнаўцы, аднаго з iнiцыятараў i заснавальнiкаў Iнстытута беларускай культуры, на базе якога пазней была створана Акадэмiя навук (цяпер Нацыянальная акадэмiя навук Беларусi) — Сцяпана Мiхайлавiча Некрашэвiча.

1382436966186_1

Нарадзiўся Некрашэвiч у вёсцы Данiлаўцы былога Бабруйскага павета (цяпер Светлагорскi раён Гомельскай вобласцi) у сялянскай сям'i (у некаторых крынiцах сцвярджаецца, што вучоны паходзiў са старажытнага шляхецкага роду герба «Любiч»). Пачатковую адукацыю атрымаў у «дарэктара» (хатняга настаўнiка). У 1908 годзе скончыў настаўнiцкую семiнарыю ў лiтоўскiм горадзе Панявежыс. Працаваў выкладчыкам пачатковай школы ў Цельшанскiм павеце Ковенскай губернi, затым — у школе «Таварыства цвярозасцi» ў Вiльнi. Пазней скончыў Вiленскi настаўнiцкi ўнiверсiтэт.

Падчас Першай сусветнай вайны Сцяпан Некрашэвiч знаходзiўся на Румынскiм фронце, усе чатыры гады правёў на перадавой. Пасля дэмабiлiзацыi жыў у Адэсе, дзе загадваў секцыяй пры губернскiм аддзеле народнай асветы. На той час у Адэсе знаходзiлася вялiкая колькасць дэмабiлiзаваных салдат-беларусаў i беларускiх бежанцаў. Дзякуючы намаганням Некрашэвiча, у Адэсе ў пачатку 1918 года было адкрыта 30 пачатковых беларускiх школ i беларуская змешаная гiмназiя ў складзе першых чатырох класаў. У гэты ж час Сцяпан Мiхайлавiч паступiў у Адэскi мiжнародны iнстытут. Правучыўшыся там два гады, ён вярнуўся ў 1920 годзе на радзiму. Тут квалiфiкаванаму спецыялiсту з выдатнай адукацыяй прапанавалi самыя высокiя пасады ў апараце Народнага камiсарыята асветы. Спачатку Некрашэвiч працаваў загадчыкам лiтаратурна-выдавецкага аддзела, затым старшынёй навукова-тэрмiналагiчнай камiсii, якая займалася распрацоўкай пытанняў беларускамоўнай тэрмiналогii ў розных галiнах навукi (мовазнаўства, лiтаратуразнаўства, матэматыкi, батанiкi, геаграфii, геалогii i iнш.). На працягу аднаго года (1921) камiсiяй было распрацавана больш за 7 тысяч тэрмiнаў. У гэты перыяд урад маладой Савецкай Беларусi асэнсаваў важнасць для рэспублiкi не толькi прамысловасцi i сельскай гаспадаркi, але i адукацыi, навукi. У вынiку 20 сакавiка 1922 года рашэннем Савета Народных Камiсараў БССР на базе навукова-тэрмiналагiчнай камiсii быў створаны Iнстытут беларускай культуры (Iнбелкульт). Першым старшынёй Iнбелкульта стаў Сцяпан Некрашэвiч. У 1926—1928 гадах ён з'яўляўся старшынёй слоўнiкавай камiсii Iнбелкульта. пазней увайшоў ва ўрадавую камiсiю па падрыхтоўцы i рэарганiзацыi Iнбелкульта ў Акадэмiю навук, а ў 1928 годзе быў прызначаны вiцэ-прэзiдэнтам Беларускай акадэмii навук. У 1929 годзе Сцяпан Некрашэвiч заняў пасаду дырэктара акадэмiчнага Iнстытута мовазнаўства. У 1930 годзе акадэмiку Некрашэвiчу iнкрымiнавалi ўдзел у «Саюзе вызвалення Беларусi», за што ён быў прыгавораны да 7 гадоў высылкi ва Удмурцiю. У 1937 годзе Некрашэвiч быў паўторна арыштаваны i прыгавораны калегiяй Вярхоўнага суда БССР да расстрэлу. Прысуд ажыццёўлены
20 снежня 1937 года. Праз дваццаць гадоў, у 1957 годзе, Сцяпан Некрашэвiч быў рэабiлiтаваны па першым прыгаворы, а ў 1988-м быў рэабiлiтаваны канчаткова. У званнi акадэмiка адноўлены ў 1978 годзе.

1382436970167_2

Сцяпан Некрашэвiч унёс вялiкi ўклад у развiццё беларускай навукi, у першую чаргу нацыянальнага мовазнаўства. Ён заклаў асновы стварэння дыялекталагiчных слоўнiкаў, сумесна з Байковым падрыхтаваў «Беларуска-расiйскi слоўнiк» (1926 год) i «Расiйска-беларускi слоўнiк» (1928). Некрашэвiч распрацаваў таксама канцэпцыю слоўнiка жывой беларускай мовы, прымаў удзел у распрацоўцы канцэпцыi гiстарычнага слоўнiка i праграмы па зборы дыялекталагiчнага матэрыялу. Гэтыя працы адыгралi вялiкую ролю ў станаўленнi лексiчнага складу беларускай мовы. Паказальна, што слоўнiкi Некрашэвiча застаюцца актуальнымi i да нашых дзён. Пры стварэннi сучасных лексiкаграфiчных даведнiкаў спецыялiсты часта звяртаюцца да гэтых прац.

Паходжанне прозвiшча

Многiя старажытныя славянскiя iмёны, якiя затым перайшлi ў прозвiшчы, служылi не толькi для iдэнтыфiкацыi, але выконвалi i прафiлактычную функцыю. Каб абаранiць сваiх дзяцей ад усялякiх злых сiл, нашы продкi ў старажытныя часы вельмi часта давалi iм немiлагучныя iмёны або iмёны з адмоўным значэннем. Найбольшую групу ўтвараюць iмёны-мянушкi з адмоўем «не». Па сведчаннi акадэмiка Бiрылы, iмёны з адмоўем «не» ўжывалiся на працягу двух-трох стагоддзяў i пасля прыняцця хрысцiянства: у XII—XIII стагоддзях. Ды i пазнейшыя пiсьмовыя помнiкi фiксуюць такога кшталту мянушкi аж да канца XVII стагоддзя. Так, даволi часта ў iменаслоўнай сiстэме ўсходнiх славян сустракалiся iмёны-мянушкi тыпу Нелюбим, Недбала (ад старабеларускага слова дбати «дбаць, рупiцца, клапацiцца»), Невер (ад слова невер «чалавек, якi не верыць, бязбожнiк»), Нелюд, Непуть (ад рускага слова непуть «бесталковы чалавек»), Неугод, Неудача, Неклюд, Нелеп (параўн. старабеларускае слова нелепо «непрыгожа»). Адной з самых папулярных мянушак гэтай групы была Некрас, паходжанне якой звязана са словам старажытнарускай i старабеларускай моў, якое значыла «непрыгожы». Нашчадкаў чалавека з мянушкай Некрас сталi называць Некрашэвiчамi, што i замацавалася з цягам часу ў аснове прозвiшчаў.

Сучасныя Некрашэвiчы

Некрашэвiч адносiцца да лiку папулярных беларускiх прозвiшчаў. Яно сустракаецца ў многiх рэгiёнах Беларусi: Бярозаўскi, Iвацэвiцкi, Лунiнецкi, Ляхавiцкi, Пружанскi, Столiнскi раёны Брэсцкай вобласцi; Талачынскi, Чашнiцкi раёны Вiцебскай вобласцi; Жлобiнскi, Жыткавiцкi, Лельчыцкi, Лоеўскi, Нараўлянскi, Петрыкаўскi, Светлагорскi, Чачэрскi раёны Гомельскай вобласцi; Астравецкi раён Гродзенскай вобласцi; Бялынiцкi, Глускi, Кiраўскi, Клiчаўскi раёны Магiлёўскай вобласцi; Бярэзiнскi, Любанскi, Слуцкi, Смалявiцкi, Старадарожскi, Уздзенскi раён Мiнскай вобласцi. Даволi часта ў антрапанiмiконе беларусаў адзначаюцца i аднакаранёвыя прозвiшчы: Некраш, Някраш (Браслаўскi раён Вiцебскай вобласцi; Карэлiцкi раён Гродзенскай вобласцi; Мiнскi, Нясвiжскi, Старадарожскi, Стаўбцоўскi, Уздзенскi раёны Мiнскай вобласцi), Някрасаў, Некрасаў (Браслаўскi, Верхнядзвiнскi, Лепельскi, Полацкi, Расонскi, Талачынскi, Чашнiцкi раёны Вiцебскай вобласцi; Слаўгарадскi раён Гомельскай вобласцi; Ваўкавыскi, Гродзенскi, Зэльвенскi, Iўеўскi, Лiдскi раёны Гродзенскай вобласцi; Барысаўскi, Бярэзiнскi, Маладзечанскi, Мiнскi, Мядзельскi, Пухавiцкi, Салiгорскi, Смалявiцкi, Старадарожскi раёны Мiнскай вобласцi). Iмя-мянушка Некрас адлюстравалася i ў асновах беларускiх геаграфiчных назваў: вёска Некрашоўка (Ельскi раён Гомельскай вобласцi), вёска Някрасава (Веткаўскi раён Гомельскай вобласцi), пасёлак Някрасаў (Гомельскi раён), пасёлак Некрашы, хутар Некрашэвiча (абедзве назвы адносяцца да лiку страчаных, iснавалi на тэрыторыi Слуцкага раёна Мiнскай вобласцi), вёска Некрашы (Баранавiцкi раён Брэсцкай вобласцi, ужо не iснуе), вёска Некрашунцы (Воранаўскi раён Гродзенскай вобласцi), вёска Некрашуны (Астравецкi раён Гродзенскай вобласцi), вёска Некрашы (Гродзенскi, Iўеўскi раёны Гродзенскай вобласцi), Некрашэвiчы (Карэлiцкi раён Гродзенскай вобласцi), хутар Некрашава (цяпер не iснуе, тэрыторыя Карэлiцкага раёна), вёска i хутар Някрашава (Сенненскi раён Вiцебскай вобласцi).

Iгар КАПЫЛОЎ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.