Вы тут

Еўразійскі эканамічны саюз і Еўрасаюз стануць роўнавялікімі партнёрамі


Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ўчора з кіраўнікамі сродкаў масавай інфармацыі краін СНД, паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта. Сустрэча прайшла напярэдадні пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, якое адбудзецца 25 кастрычніка ў Мінску і стане ключавым мерапрыемствам у рамках старшынства Беларусі ў Садружнасці.

22-37

 

СНД як адзіная пляцоўка для дыялогу і выпрацоўкі сумесных рашэнняў

Найперш, выступаючы перад журналістамі, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць захоўваць і развіваць Садружнасць Незалежных Дзяржаў як адзіную пляцоўку для дыялогу і выпрацоўкі сумесных рашэнняў. «Часам задаюць пытанне, сказаў ён, быў і ці застаецца цяпер сэнс у існаванні СНД? Пры гэтым часта ўказваюць на тое, што многія краіны ўжо арыентуюцца на розныя цэнтры сілы. Расія, Казахстан і Беларусь будуюць Еўразійскі эканамічны саюз. Украіна, Малдова, збольшага Арменія спрабуюць пашырыць сувязі з ЕС. У Цэнтральнай Азіі не па днях, а па гадзінах расце прыцягненне Кітая. Выкажу думку, якая камусьці можа здацца парадаксальнай. Той факт, што краіны Садружнасці праводзяць розную палітыку, не толькі не аслабляе, але, наадварот, узмацняе патрэбу ў нейкім абагульняючым механізме, значным элементам якога з'яўляецца агульная пляцоўка для дыялогу».

Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што трэба захоўваць СНД як пляцоўку для прыняцця канкрэтных рашэнняў. «Калі мы ў вузкіх колах абмяркоўваем гэтую праблему (неабходнасць захоўваць СНД. — Заўвага БЕЛТА), пачынаем вельмі рэзка накатваць на СНД, на неэфектыўнасць яе функцыянавання, аж да таго, што цікавасці няма. Я заўсёды кажу: не спяшайцеся, яно ж нам нядорага каштуе сёння. Распусціць, разагнаць, разысціся — прасцей. А вось потым сабрацца разам будзе вельмі складана», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, цалкам натуральна, калі некаторыя з краін Садружнасці «шукаюць шчасця дзесьці за марамі». Але гэта не азначае, што трэба адмовіцца ад СНД. «Калі цяпер нам распусціць, разагнаць Садружнасць, якая існуе як пляцоўка для сустрэч, перамоў, выпрацоўкі рашэнняў, што будзе тады, калі многія з нас, пашукаўшы шчасце за марамі-акіянамі, захочуць зноў вярнуцца размаўляць на агульныя тэмы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што пасля распаду Савецкага Саюза не было іншай гістарычнай альтэрнатывы, акрамя стварэння новага аб'яднання. «Савецкі Саюз быў вялікай дзяржавай, каласальнай геапалітычнай сілай, якая непасрэдна ўплывала на лёсы свету. Такая дзяржава, вядома, не магла згінуць бясследна: занадта магутным было прыцягненне эканамічных, культурных, духоўных сувязяў, якія склаліся ў СССР. Таму пераход у новае ўтварэнне — СНД — стаў абсалютна натуральным і гістарычна неабходным», — адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што нельга было разрываць трывалыя і эфектыўна працуючыя сувязі, трэба было развіваць інтэграцыю на постсавецкай прасторы, але ўжо на новай палітычнай і эканамічнай аснове — як садружнасць роўных, суверэнных дзяржаў.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў інтэграцыйных працэсах не варта ўвесь час азірацца на Еўрасаюз. «Трэба навучыцца больш шанаваць тое, што ўжо даўно ёсць у нас саміх. Бо Еўропа шмат у чым пакуль толькі ідзе да аб'яднання, і ў гэтым імкненні ёй яшчэ вельмі шмат трэба пераадолець. У нашых жа краін ёсць каласальны гістарычны вопыт сумеснага жыцця», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. У адрозненне ад Еўрасаюза, дзяржавы якога не мелі вопыту жыцця ў адзіным аб'яднанні, краіны Садружнасці такі вопытам маюць, і ў гэтым іх перавага. «З савецкіх часоў нас звязвае агульная крывяносная сістэма эканомікі — адзіныя энергетычная і трубаправодная сеткі, аўтамабільныя дарогі і чыгункі, сувязь (праўда, карыстацца гэтым на карысць усіх краін СНД мы яшчэ не навучыліся). І нашы вытворча-кааперацыйныя сувязі па-ранейшаму для многіх прадпрыемстваў застаюцца безальтэрнатыўнымі, забяспечваюць працоўнымі месцамі мільёны людзей», — адзначыў Прэзідэнт. У якасці прыкладу ён прывёў той факт, што прадпрыемствы Беларусі даюць працу прыкладна 7 млн людзей у Расіі.

Акрамя таго, паміж народамі СНД няма непераадольных псіхалагічных бар'ераў. «Нездарма наша інтэграцыйнае ўтварэнне называецца Садружнасцю: усіх яе членаў аб'ядноўвае агульная гісторыя, адзіныя стандарты адукацыі, багатая савецкая культура і вялікая руская мова», — сказаў Прэзідэнт. «Адразу абмоўлюся: я не прэтэндую на веданне абсалютнай ісціны. Вядомы рускі класік мудра заўважыў калісьці: вялікае бачыцца на адлегласці. Цалкам магчыма, павінна прайсці яшчэ нямала часу, каб і звычайныя людзі, і палітыкі, і гісторыкі далі дакладныя і справядлівыя ацэнкі Садружнасці», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на пытанне, колькі можа заняць працэс выбудоўвання таго ўзроўню ўзаемадзеяння, які, напрыклад, існуе зараз уЕўрапейскім саюзе

, Прэзідэнт сказаў: «Калі будзем ісці такімі тэмпамі, то яшчэ шмат часу зойме». Перадаваць частку суверэнітэту ў інтэграцыйныя аб'яднанні, паводле яго меркавання, магчыма толькі ў інтарэсах народаў краін-удзельніц. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў АЭП створаны наднацыянальны орган — Еўразійская эканамічная камісія, якая надзелена пэўнымі паўнамоцтвамі. «Гэта значыць, мы ўжо падзяліліся сваім суверэнітэтам. Што да Беларусі, Казахстана і Расіі — у гэтым абсалютна няма ніякіх праблем. Толькі трэба разумець, якую долю суверэнітэту і ў імя чаго мы павінны перадаць у наднацыянальныя органы», — сказаў беларускі лідар. «Так, мы незалежная суверэнная дзяржава, але, калі мы чагосьці хочам і бачым цану гэтага, мы на гэта пойдзем. Мы таксама шмат думалі, вагаліся, як і Расія, і Казахстан, але мы бачылі салідную карысць ад гэтага — эканамічную, фінансавую», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Калі гэта будзе звычайная «траскатня» пра будучыню Еўразійскага эканамічнага саюза і пад гэта (незразумела, пад што) зноў трэба будзе перадаваць суверэнітэт, беларусы на гэта не пойдуць. Упэўнены, што, тым больш, Казахстан і Расія на гэта не пойдуць», — заявіў беларускі лідар. «Таму суверэнітэт у дадзеным выпадку ў нас не ікона, на якую трэба маліцца. Суверэнітэт — вельмі важная рэч, але мы ім будзем распараджацца ў інтарэсах нашых народаў і будзем рабіць крокі толькі тады, калі мы будзем адчуваць, што дэлегаванне часткі нашага суверэнітэту будзе на карысць нашым народам», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Мытны саюз: з Арменіяй пакуль няма яснасці

Арменія пакуль не можа ўступіць у гэтае інтэграцыйнае аб'яднанне (літаральна заўтра-паслязаўтра), а толькі выканаўшы ўсе неабходныя працэдуры аб далучэнні, заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Вельмі шмат няпэўнасці ў гэтым працэсе, горш за ўсё, калі тут будзе некаторая паспешнасць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вы ведаеце, што Украіна, Малдова і Арменія маюць намер падпісаць пагадненне з ЕС аб асацыяцыі. Я не аналізаваў праекты пагадненняў Арменіі і Малдовы, але з Расіяй мы добра прааналізавалі праекты дакументаў з Украінай. Калі гэта будуць такія дакументы, тады зразумела, наколькі глыбока і далёка гатовыя ісці нашы партнёры — малдаване і армяне — у гэтым кірунку. Я ўжо выказваўся на гэтую тэму і вельмі рады, што праз некаторы час Мядзведзеў, сустракаючыся з украінцамі, літаральна слова ў слова паўтарыў тое, што сказаў я. Мы не бачым ніякага страху ў тым, што Украіна вядзе дыялог з ЕС».

Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што, калі пачуў пра тое, што Арменія не супраць далучыцца да Мытнага саюза, ён абмеркаваў гэтую тэму з кіраўніцтвам Расіі. А таксама задаваў пытанне Прэзідэнту Арменіі ў Сочы аб тым, як яны збіраюцца падпісваць пагадненне аб уступленні ў Мытны саюз. «Я заўважыў, што гэта нават не першы крок, а гэта — паўкроку, паколькі няма яснасці ў гэтым пытанні», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, на яго думку, «на сённяшні дзень гаворка ідзе пра нейкія паўкроку Арменіі, толькі з адной мэтай — каб яна была з намі». Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта яго пункт гледжання і гэтае пытанне яшчэ падлягае абмеркаванню. Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што тут беларусы з расіянамі прытрымліваюцца адной пазіцыі, што ўсе разам павінны сесці і абмеркаваць, як Арменія бачыць сваю будучыню — Мытны саюз, АЭП і з другога боку — Еўрасаюз. Усё гэта трэба будзе разгледзець у Мінску. «Арменія павінна прайсці шлях далучэння. Гэтак жа, як, напрыклад, да СГА далучаюцца праз пэўны прамежак часу», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Няма ніякага страху ў тым, што Украіна вядзе дыялог з ЕС

Прэзідэнт Беларусі заявіў, што не бачыць нічога страшнага ў правядзенні перамоў Украіны з ЕС. Праўда, лічыць ён, падпісанне пагаднення з ЕС не павінна закрыць шлях для ўступлення Украіны ў будучы Еўразійскі эканамічны саюз. «Мы не бачым ніякага страху ў тым, што Украіна вядзе дыялог з ЕС. Больш за тое, у нас няма падстаў забараніць ёй падпісваць нейкія дамовы, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Зразумела наша пазіцыя з ЕС, яны на дух нас не пераносяць. Але такія перамовы, нават больш глыбокія, вядзе Расія з ЕС — па адмене віз, аб зоне свабоднага гандлю. Хто ж на гэтым фоне можа забараніць такой гіганцкай краіне, як Украіна, весці гэты дыялог і падпісваць нейкія пагадненні». Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, пытанне ў тым, каб гэтае пагадненне не зачыніла шлях для ўступлення Украіны ў будучы Еўразійскі эканамічны саюз, цяпер Мытны саюз. «Але калі яны падпішуць такое пагадненне і яно будзе нявыгадна эканамічна і фінансава нам і РФ, то мы, вядома, не пойдзем на гэта. Гэта наша агульная пазіцыя, яна была заяўлена ў тым ліку прэм'ер-міністрам Расіі на адпаведных перамовах з украінскім бокам», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Мытны саюз: без абмежаванняў

Аляксандр Лукашэнка спадзяецца, што з 1 студзеня 2014 года ў Мытным саюзе будуць знятыя ўсе канфіскацыі і абмежаванні. «Калі дамовіліся, дык давайце ствараць рэальную адзіную эканоміку і здымем гэтыя выключэнні», — падкрэсліў беларускі кіраўнік. «Скажам, захацелі казахі прапампоўваць нафту ў Беларусь па агульных трубах — аднолькавы доступ. Хоча Казахстан пастаўляць сваю прадукцыю ў Беларусь, Еўропу праз чыгункі Казахстана, Расіі, Беларусі — аднолькавыя ўмовы. А цяпер у нас куча выключэнняў. Вы гэта выдатна разумееце», — адзначыў Прэзідэнт.

«Так, для Расіі важныя нафта, прыродны газ: асаблівыя рэжымы, канфіскацыі. Але чаго Расіі баяцца Беларусі? Мы што, задушым вас, з'ядзім? У нас 5-7% эканомікі ад расійскай», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Успомніўшы размову з прэзідэнтамі Казахстана і Расіі, Аляксандр Лукашэнка прывёў выказванне Уладзіміра Пуціна: «Так, да Расіі ёсць пытанні, і мы іх здымем з 1 студзеня».

Беларускі лідар лічыць, што роўныя — гэта значыць роўныя па ўсіх напрамках. Між тым, паводле яго слоў, сёння ў СМІ мусіруецца тэма, быццам бы з 1 студзеня 2014 года гэта зняцця абмежаванняў не будзе. «Калі гэта так, то незразумела», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, гэта пытанне вельмі сур'ёзнае: «Дзесьці нехта саступае, дзесьці нешта губляе. Але нават калі гэта адбілася б палітычна на Расіі, Казахстане ці Беларусі, то гэта не было б так балюча, як цяпер, паколькі была б яснасць для людзей». Прэзідэнт лічыць, што зняцце абмежаванняў у Мытным саюзе не смяротна для Расіі. Ён растлумачыў: «Усё адно разам мы ад аб'ёмаў атрымаем больш. Асабліва расіяне».

Распавядаючы аб сваёй нядаўняй сустрэчы з Прэзідэнтам Казахстана, Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што «не было ніякіх антырасійскіх перамоў, змоў, абсалютна ніякіх закрытых тэм не было, ды і быць не магло».

22-40

 

ЕЭС і Еўрапейскі саюз будуць партнёрамі

Беларусь, Расія і Казахстан стварылі Мытны саюз і сёння ўшчыльную наблізіліся да новага этапу інтэграцыі — стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза. «З улікам імкнення шэрагу іншых краін да ўдзелу ў гэтым праекце на шахматнай дошцы геапалітыкі ў самы бліжэйшы час Еўразійскі эканамічны саюз і Еўрапейскі саюз стануць прыкладна роўнавялікімі партнёрамі. Іх інтарэсы трэба будзе збалансаваць. Гэта і ёсць жывы прыклад таго, што ідэя інтэграцыі інтэграцый абсалютна рэальная», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што перамовы з адзінай Еўропай з боку інтэграцыйнага аб'яднання будуць больш эфектыўнымі: «Калі мы будзем весці перамовы з адзінай Еўропай (да прыкладу) разам, гэта дасць значна большы эфект, чым сепаратныя перамовы асобных краін — удзельніц СНД, якія часта праходзяць на зневажальных для іх умовах. Бо разам мы — сіла, з якой будуць лічыцца».

Забароны і візы не вырашаць міграцыйную праблему

«Калі вы хочаце вельмі проста адным ударам вырашыць праблему міграцыі, вы трапіце ў такую пастку, што застаняцеся адны, а вакол вас будуць краіны, людзі ў якіх будуць на вас глядзець не так, як трэба, — сказаў Прэзідэнт. — Міграцыйную праблему трэба вырашаць не з таго, што забараніць, выдаць візы і г.д. І яна не будзе ў Расіі так вырашацца. Я ўпэўнены: разумных людзей у Расіі дастаткова, каб яе пачынаць вырашаць так, як трэба — знізу, ствараючы ўмовы і ставячы пад кантроль усе працэсы».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля падзей у маскоўскім Бірулёве вакол гэтай праблемы ёсць шмат эмоцый. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў гэтай сферы вельмі высокі ўзровень карумпаванасці, чым карыстаюцца крымінальныя кланы. «Дык давайце гэта вырашым. Вы стварыце такі парадак, каб падобныя парушэнні не дапускаліся», — дадаў Прэзідэнт.

Што тычыцца здзейсненага ў Бірулёве злачынства, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такога нельга дараваць, але падыход павінен быць аднолькавы да ўсіх, як да мясцовага насельніцтва, так і да імігрантаў. «Павінна быць узважаная, разумная палітыка, выбудаваная знізу», — упэўнены беларускі лідар.

«Уралкалій» дэмпінгуе...

«Мне абсалютна ўсё роўна, чым займаецца «Уралкалій», за выключэннем аднаго, каб яны праводзілі нармальную палітыку на рынку калійных угнаенняў. Яны ж шкодзяць не толькі нам, — адзначыў беларускі лідар. — Мяне адзінае хвалюе, да якога часу яны будуць дэмпінгаваць і гэтым самым губіць уласную вытворчасць калійных угнаенняў у Расіі». «Пачынаецца дэмпінг ва ўсіх сегментах калійнага рынку. Калі сёння мы дамаўляемся прадаць калійныя ўгнаенні за $400, то літаральна следам прыязджаюць прадстаўнікі «Уралкалія» (гэта ўжо было зафіксавана ў многіх месцах) і прапануюць за $320-350», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым падкрэсліў, што беларуская кампанія здольная вытрымаць такі дэмпінг і для гэтага ёсць неабходныя рычагі. «Навошта вы («Уралкалій». — Заўвага БЕЛТА) у страту працуеце? Каб захапіць рынкі? Не атрымаецца! — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Мы, вядома, негалосна можам дамовіцца з усімі кампаніямі, якія працуюць на рынку, і вы не справіцеся з агульным рынкам. Гэта класіка — усе павінны працаваць на тое, каб атрымаць вялікі кошт, а значыць, — вялікі прыбытак».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што аднаўленне партнёрства і продаж праз аднаго трэйдара былі б выгадныя абодвум бакам і значна павысілі б цану на калійныя ўгнаенні. «Таму мы не супраць, калі ласка, гатовыя хоць заўтра вярнуцца, але на тых прынцыповых дамоўленасцях, якія былі дасягнутыя, каб гэта было празрыста і сумленна. Мы не хочам ніякіх адкатаў, левых схем», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт перакананы, што крызіс у калійнай сферы быў створаны штучна з мэтай зарабіць грошы на падзенні і росце каціровак акцый. «Вось такія непажаданыя для нас кампаньёны. Таму мы гатовыя да аб'яднання, калі гэтага хоча расійскі бок, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Давайце дамаўляцца, давайце будзем працаваць разам. Я і нашы калійшчыкі хацелі б бачыць з вашага боку ў якасці кампаньёнаў людзей, якія зацікаўлены ў вытворчасці і празрыстым продажы калійных угнаенняў».

У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб сваёй зацікаўленасці ў тым, каб кантрольны пакет акцый «Уралкалія» набыў Міхаіл Гуцарыеў. Прэзідэнт адзначыў, што гэтае пытанне ён асабіста з Міхаілам Гуцарыевым не абмяркоўваў. «Ён у нас будуе руднік, будзе вырабляць 1,5 млн тон сваіх угнаенняў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ён бы быў уманціраваны ў гэтую сістэму, рабіў бы свае ўгнаенні як прыватнік. Нам было б вельмі выгадна. Ён нікуды б не падзеўся ад БКК».

У Аляксандра Лукашэнкі пацікавіліся, ці прыязджалі да яго патэнцыйныя прэтэндэнты на кантрольны пакет акцый «Уралкалія» — Міхаіл Прохараў, Уладзімір Коган, Міхаіл Гуцарыеў.

«Я Прохарава і Когана наогул не ведаю, нават не ўяўляю, чым яны займаюцца. Ведаю Гуцарыева, але мы з ім праблему куплі не абмяркоўвалі. У агульных рысах». Прэзідэнт расказаў, што на яго пытанне Міхаілу Гуцарыеву, чаму ён не хоча набыць кантрольны пакет акцый гэтага прадпрыемства, той адказаў, што падумае. «Потым чую, што ён нібыта ўдзельнічае. Пры сустрэчы, вядома, я задам яму пытанне», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама распавёў, што, калі ён абмяркоўваў гэтую праблему з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, убачыў, што «і для яго, напэўна, гэтая праблема існуе». «Я яму кажу: чаго перажываеш? Няхай, у крайнім выпадку, дзяржава выкупіць гэты актыў, і я гарантую, што мы на працягу двух-трох гадоў адновім усё, што было, па цэнах. Страху ніякага няма, калі на гэтым этапе актыў будзе ў дзяржавы. Усё роўна яна потым прадасць даражэй», — сказаў Прэзідэнт.

Што ж датычыць лёсу Уладзіслава Баўмгертнера, які быў арыштаваны ў канцы жніўня беларускімі праваахоўнымі органамі, то Прэзідэнт не выключае, што ён можа быць перададзены Расіі пасля кампенсацыі нанесенага ўрону. «Хочаце расследаваць гэтую праблему — забірайце і расследуйце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да расійскага боку. Ён нагадаў, што Беларусь перадала 19 тамоў матэрыялаў. «Не ўсё там проста. Праз швейцарскую кампанію прадавалі калійныя ўгнаенні, цану адну ўказвалі, дапусцім, $350, прадавалі па $400, а розніцу дзялілі. Некалькі эпізодаў было такіх. Тут ужо не выкруцішся», — сказаў Прэзідэнт, дадаўшы, што такім чынам было перакваліфікавана абвінавачванне на крадзеж. «Нам лепш самім хутчэй закрыць гэтую тэму, разабрацца і пакараць вінаватых», — лічыць беларускі лідар.

«Я не крыважэрны. Я не да таго, што мы павінны іх пасадзіць. Пакуль мы не набралі большага ўрону, хай кампенсуе гэты. Кампенсуе яго — мы ўжо будзем неяк круціцца, каб любімага вамі і расійскім народам Баўмгертнера перадаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларуская доля МТС можа быць прададзена толькі за выгадную цану

«Вы гатовыя заўтра набыць — мы вам прададзім МТС, я не супраць — калі ласка», — заявіў беларускі лідар.

Рэагуючы на каментарый, што названая цана ў $1 млрд занадта высокая, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Няма ў эканоміцы і фінансах такога паняцця — танна ці дорага. Гэта працэс, калі людзі садзяцца і дамаўляюцца». Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што працэс продажу і вызначэння цаны можна вырабіць і з дапамогай адкрытых таргоў. «На адкрытых таргах вы ўбачылі кошт у $500 млн, і думалі б, прадаваць ці не. Я не прадаў бы, я чакаў бы павышэння рынку. А калі б быў не мільярд, — кошт, які быў вызначаны калісьці пры высокім рынку, а $900 млн, я на сёння прадаў бы», — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на адно з пытанняў, Аляксандр Лукашэнка згадаў аб прапановах па аб'яднанні МАЗа і КаМАЗа. Паводле яго слоў, вынікам падобнай прыватызацыі павінны быць інвестыцыі, павелічэнне вытворчасці, прыўнясенне новых тэхналогій і пашырэнне рынкаў збыту. Аднак у выпадку з КаМАЗам нічога гэтага не гарантуецца.

Прэзідэнт адзначыў, што расійскім партнёрам на першапачатковым этапе прапаноўвалася стварыць сумесную кампанію і на працягу некалькіх гадоў разам працаваць без абмену ўласнасцю, каб можна было ўбачыць рэальную выгаду. «Нядаўна чытаю: хтосьці там заявіў (гэта норма ў Расіі — укінуць інфармацыю ад імя нейкага кіраўніцтва, кампаніі ці яшчэ кагосьці): нам не цікавы падобны праект без акцый. Ну не цікавы, добра, пацерпім», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры прыватызацыі значных для Беларусі актываў, яго подпіс як Прэзідэнта ставіцца апошнім. А да гэтага рашэнне аб мэтазгоднасці працэсу прадпрымаецца па ланцужку працоўным калектывам канкрэтнага прадпрыемства, мясцовай уладай, на ўзроўні міністэрства і ўрада.

«Прадаючы ўласнасць, створаную народам, я павінен яе прадаваць нават больш акуратна, чым сваю. Такая мая пазіцыя, і я з яе буду зыходзіць», — рэзюмаваў беларускі лідар.

«Мы будуем найперш сацыяльную дзяржаву»

Беларускі кіраўнік перакананы, што любая дзяржава павінна, перш за ўсё, шанаваць свой народ. «Дзяржава — для народа. У нас гэта ўсюды напісана, гэта наш лозунг, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Дзяржава павінна працаваць у інтарэсах народа. Адсюль — сацыяльная дзяржава, але не сацыялістычная».

Галоўнае, што адрознівае Беларусь ад сацыялістычных дзяржаў, гэта адсутнасць планавасці. Безумоўна, наша краіна не адмовілася ад планавання ў цэлым. Так, кожная дзяржава зацвярджае бюджэт — фінансавы план. У Расіі, напрыклад, бюджэт прымаюць на тры гады наперад. У Беларусі зацвярджаюць гадавы бюджэт, а таксама асноўныя 12 паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. «Але гэта не тое планаванне, якое было ў Савецкім Саюзе», — падкрэсліў Прэзідэнт.

У ліку асноўных адрозненняў кіраўнік дзяржавы таксама назваў наяўнасць канкурэнцыі. «Тое, што я прымаю ў рынкавых адносінах без усялякай альтэрнатывы, пярэчанняў, — гэта канкурэнцыя. Калі ёсць сумленная канкурэнцыя, не будзе застою ў грамадстве, эканоміцы», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, дзяржава павінна стварыць такія ўмовы, каб чалавек мог праявіць свае найлепшыя якасці, і гэта заўсёды будзе на карысць любой дзяржаве. Таму ў Беларусі для тых, хто хоча пачаць займацца бізнесам, дзейнічае заяўны прынцып. У рэйтынгу Сусветнага банка па вядзенні бізнесу Беларусь апярэджвае краіны СНД.

Акрамя таго, ад сацыялістычных краін Беларусь адрознівае існаванне прыватнай уласнасці. «Прыватнай уласнасці быць. Стварай яе, але адна ўмова — сумленна і празрыста», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Беларусь захавала многа пазітыўнага, што ўласціва сацыялістычным краінам, напрыклад бясплатную адукацыю, ахову здароўя.

Паводле матэрыялаў БЕЛТА.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.