20 Верасень, чацвер

Вы тут

Якога колеру восень жыцця?


У Віцебскай вобласці навучыліся значна эканоміць бюджэтныя сродкі дзякуючы новым формам сацыяльнай працы з адзінокімі пенсіянерамі. Для састарэлых арганізуюць «дамы зімоўкі», аб іх клапоцяцца прыёмныя, гасцявыя, патранатныя сем'і. А можна пастаянна жыць і ў «дамах сумеснага пражывання». Карэспандэнт «Звязды» пабываў у Гарадоцкім раёне і паглядзеў, як жывуць бабулі і дзядулі ў дзяржаўнай установе.

1382520426621_1

Клапоціцца як пра родную

Святлана Зуева, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гарадоцкага раёна, параіла абавязкова наведаць вёску Малое Лосвіда, дзе пра 77-гадовую Раісу Сямёнаўну Сідунову клапоціцца Аляксандр Андрэевіч Рыбакоў. Па спецыяльнасці ён токар сёмага разраду, займаецца пчалярствам. Калі б не мужчына, бабулю прыйшлося б «пасяліць» на медыка-сацыяльны ложак у Гарадоцкую цэнтральную раённую бальніцу. Вядома, пры яе жаданні. Але ж яна нікуды не хоча перасяляцца. Акрамя яе, у вёсцы жывуць двое раней судзімых, а ў цёплы час года — дачнікі. Вёсачка — на беразе знакамітага возера, але яна, можна сказаць, знікае.

Пакуль клопат мужчыны аб бабулі нельга назваць у чыстым выглядзе патранатам, бо грошы за гэта Рыбакоў не атрымлівае.

— Проста дапамагаю бабулі і раблю гэта бясплатна — ужо больш за дваццаць гадоў. Яна для мяне — амаль родны чалавек. Дзяцей у яе няма, адзінокая. Прыязджалі з сельскага Савета, прапаноўвалі ёй сацыяльны ложак. Яна нікуды не хоча пераязджаць, просіць: «Толькі не кідай, не «аддавай» мяне нікуды». Дык не хачу ж браць грэх на душу! Шкада мне чалавека, — кажа Аляксандр Андрэевіч.

Ён жыве ў суседняй вёсцы, да якой — прыкладна кіламетр. Кожны дзень прыходзіць або прыязджае да бабулі на веласіпедзе. Яго жонка Любоў Сямёнаўна не супраць таго, каб муж займаўся дабрачыннасцю. І сын з дачкой, якія жывуць у Віцебску, бывае, дапамагаюць. Сам Рыбакоў ужо двойчы дзед.

— Адзін час яна ў нас у вёсцы жыла. Замужам не была, жыла грамадзянскім шлюбам. Але мужчына яе памёр. І брат яе памёр, і сястра памерла гадоў шэсць таму. Я спачатку проста дапамагаў, а поўнасцю даглядаю гадоў пяць, — працягвае мужчына.

Расказаў, што спатрэбілася яшчэ большая дапамога, калі пару гадкоў таму Раіса Сямёнаўна захварэла на поліартроз (хвароба суставаў. — Аўт.). Сама ледзь рухаецца. Штодня мужчына гатуе і корміць старую, а таксама частуе яе тым, што перадала жонка, прадукты прывозіць, сена косіць, агарод апрацоўвае.

— З жонкай зааралі бабулі зямлю, пасадзілі бульбу, моркву, цыбульку... 5 сотак зямлі я ёй апрацоўваю, а ўсяго ў яе 24 соткі. Навошта ўчастак запускаць? Пенсія ў яе 1,8 мільёна рублёў. Цяжка на гэтыя грошы ў вёсцы пражыць, ды яшчэ хворай. Дроў трэба? Заказваеш трактар з дровамі, а яны каштуюць 1,5 мільёна рублёў. Пакалоць — яшчэ 300 тысяч рублёў бяруць. Пенсіі, лічы, няма. А каб заараць, узяць каня, плаці прыватніку па 25-30 тысяч рублёў за сотку. Зараз у мяне няма свайго каня, а раней быў, — расказвае аб гаспадарскіх справах мужчына.

Паводле яго слоў, за бабулю не толькі ён перажывае. Вось электрыкі бясплатна памянялі праводку, а ён збіраецца «схаваць» тыя правады пад новымі шпалерамі.

На Новы год, на 8 Сакавіка заўсёды дорыць бабульцы гасцінцы. Паводле яго слоў, мала хто з землякоў разумее яго ўчынкі. І чуткі розныя пускаюць: маўляў, хоча за гэта нешта атрымаць! Ды Аляксандр Андрэевіч ужо не звяртае ўвагі на такія размовы.

Патрабаваць прасцей...

У вёсцы Смалоўка знаходзіцца аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.

— Наша ўстанова разлічана на адначасовае пражыванне 28 чалавек. Зараз у нас — 25, сярод іх — мужчын. Адно мужчынскае і два жаночыя месцы свабодныя. Самы малады жыхар — 1965 года нараджэння. Ёсць тыя, каму пад 90 гадоў. У штаце супрацоўнікаў разам са мной 11 чалавек, — расказвае Ала Кузьміна, загадчыца аддзялення кругласутачнага знаходжання.

Калі паказвала мне ўстанову, пазнаёміла з мужам і жонкай. Таццяна Іванаўна нарадзілася ў 1949 годзе, муж старэйшы за яе. Да выхаду на пенсію жыла ў Казахстане, потым прыехала да мамы ў Куйбышаў, ды мама памерла на яе руках.

— Прапісацца ў яе кватэры не паспела. У Беларусь пераехала і ўладкавалася на працу ў саўгас. У вёсцы раней ніколі не жыла. На працы і пазнаёмілася з будучым мужам Васілём Васільевічам Трафімавым. Нядаўна ён хварэў — кровазліццё ў мозг, толькі нядаўна выпісаўся. Цяпер жывём тут — не адны ўсё ж.

У нас жа ні дзяцей, ні сваякоў няма, ніхто да нас не прыязджае. Тры разы ў дзень тут нас кормяць, а ўвечары сок або кефір даюць. Можна і ў аўталаўцы нешта купляць.

У аддзяленні — утульнасць і чысціня. Дапамагаюць і мецэнаты.

— Міжнародная дабрачынная арганізацыя «Сафія» купіла посуд, стэлажы, шафы, сушылку. Участак зямлі ў нас ёсць. Летась ураджай быў вельмі добры, амаль цалкам забяспечылі сябе бульбай. Вырошчваем таксама гародніну: капусту, моркву, цыбулю, агуркі, памідоры, а сэканомленыя грошы трацім на іншыя мэты. Калі ў каго з нашых жыльцоў ёсць жаданне і гэта дазваляецца па стане здароўя, могуць працаваць.

Адна з жанчын, калі з ёю гутарыў, паскардзілася, што ёй мыла не даюць, хоць і 85% з пенсіі вылічваюць на ўтрыманне.

Высветлілася, што ў жанчыны ёсць сын, ды ён сюды не прыязджае, сама яна — раней судзімая... Няўжо за грошы, якія ёй з пенсіі застаюцца, не можа мыла купіць па цане некалькі тысяч рублёў? Можа. Але ў дзяржавы патрабаваць прасцей.

І ўрачы, і медсёстры

1382520429464_2

Бабулі, якія пражываюць у Гарадку ў адной кватэры разам, аўтара гэтых радкоў зарадзілі аптымізмам. Антаніна Малахаўна Іванова, 1928 года нараджэння, і Надзея Канстанцінаўна Ганчарова, 1931 года нараджэння, — залоўкі. Вельмі хвалілі сацыяльнага работніка Іну Уладзіміраўну Кацюшкіну, якая прыходзіць да іх чатыры разы ў тыдзень, прадукты прыносіць, прыбірае кватэру.

— Ужо хутка тры гады, як мы тут, — расказвае Надзея Канстанцінаўна.

— Я ўжо ў Смалоўцы пабыла, дзе шмат людзей разам жывуць, — не спадабалася. А адной няма як мне жыць: кватэра вялікая ды без выгод, — гаворыць Антаніна Малахаўна.

Надзея Канстанцінаўна нарадзілася ў Гарадоцкім раёне. А залоўка — ва Украіне, у Данецкай вобласці. Пераехала ў БССР яшчэ да вайны разам з бацькамі. Расказвае, што дакладна не ведае, колькі ёй гадоў, бо ўкраінскія дакументы ў вайну «зніклі». Які год нараджэння мама сказала, такі і запісалі.

Абедзве да выхаду на пенсію працавалі рабочымі на льнозаводзе. А цяпер вось адна за другую нясуць адказнасць — падтрымліваюць, турбуюцца.

— Вось яна захварэла, не можа нічога па доме рабіць, а я магу яшчэ — тады ўсё раблю. А калі я захварэю, яна будзе рабіць. У яе ногі дрэнна ходзяць, мае — крыху лепш. Яшчэ і ў краму схадзіць магу. У нас свой апарат ёсць, каб ціск мераць — самі ўрачы і медсёстры, — працягвае Надзея Канстанцінаўна.

Пацікавіўся распарадкам дня бабуль. Прачынаюцца ў 7-8 раніцы. Засынаюць, бывае, і ў 9-10 гадзін вечара. Пакуль гутарылі, у госці зайшла іх добрая сяброўка, якая па ўзросце магла быць ім за ўнучку. Яна часам дапамагае — напрыклад, вокны мыць прыходзіць.

Дарэчы, у іх кватэры новыя пластыкавыя вокны. Бабулі сказалі, што самі заказалі і аплацілі іх устаноўку. І дзверы добрыя такім жа чынам паставілі, і падлогу добрую па іх заказе наслалі. Жывуць у цяпле і ўтульнасці, тэлевізар глядзяць...

Вельмі шмат пазітыву ў гэтых людзях. Пажартавалі, што яшчэ, можа, і замуж выйдуць! Каб толькі жаніхі былі поўнымі сіл. «Дажынкі» ў наступным годзе ў Гарадку пройдуць, дык бабулькі абавязкова збіраюцца на свята.

І ў сядзібах жывуць

Вера Мікалаеўна Астапенка, начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, канстатуе, што новыя формы працы ў першую чаргу прымяняюцца з улікам настрою і пажадання саміх пажылых людзей.

— Правёўшы сацыялагічныя апытанні, сустрэчы з пажылымі грамадзянамі, мы высветлілі, што многія хочуць жыць ва ўмовах, як мага больш набліжаных да хатніх, і там, дзе пражылі шмат гадоў. Таму шырокае распаўсюджванне атрымліваюць такія формы жыццеўладкавання пажылых грамадзян, як «дамы зімоўкі», прыёмная, гасцявая, патранатная сем'і. Сацыяльныя паслугі ў такой форме атрымліваюць ужо каля 250 чалавек. Што тычыцца эканамічнага эфекту. дзесяць аддзяленняў кругласутачнага знаходжання з сярэдняй напаўняльнасцю 25 чалавек — лічыце, тыя ж 250 чалавек. Гадавыя выдаткі на ўтрыманне аднаго такога аддзялення — у сярэднім 1 мільярд рублёў. Адпаведна, утрыманне дзесяці такіх устаноў — 10 млрд. У той жа час затраты на заработную плату сацыяльнага работніка ў год складаюць 34 мільёны рублёў. На абслугоўванне 250 чалавек неабходна задзейнічаць 27 сацыяльных работнікаў, — значыць, выдаткі на іх заработную плату за год складуць 918 мільёнаў рублёў, — кажа яна.

Паводле слоў Веры Мікалаеўны, будзе мэтазгодным у Год беражлівасці ўкараніць у кожным раёне, горадзе вышэйзгаданыя формы жыццеўладкавання пажылых грамадзян. Адной з эканамічна выгадных форм з'яўляецца і... накіраванне зімой у аграэкасядзібы, якія ў гэты перыяд не запатрабаваны. Якім чынам?

— Складаецца дагавор з кіраўніком аграэкасядзібы. Паводле гэтага дакумента,чалавеку прадастаўляецца спальнае месца, ён забяспечваецца трохразовым харчаваннем на дзень, пасцельнымі рэчамі, яму прапальваюць печ, мыюць бялізну... За гэта штомесяц у бюджэт «Дома зімоўкі» ён уносіць суму ў памеры 1,2 мільёна рублёў. Такое ўжо практыкуецца ў Глыбоцкім раёне, і, лічу, новая форма абслугоўвання павінна быць укаранёна і ў іншых раёнах вобласці. Калі ўсе магчымасці знаходжання ў хатніх умовах пажылога чалавека вычарпаныя, прапануецца іх размяшчэнне ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. У вобласці функцыянуюць 20 аддзяленняў (усяго ў рэспубліцы іх — 58) на больш як 650 ложка-месцаў, — дадала Вера Астапенка.

Сёлета аддзяленне адкрыта ў Шумілінскім раёне (на 30 месцаў). Плануецца завяршэнне рамонтных работ і ўвод у эксплуатацыю аддзялення ў Бабінавічах Лёзненскага раёна, а таксама адкрыццё пакояў павышанай камфортнасці ў аддзяленнях Мёрскага, Лёзненскага, Пастаўскага, Сенненскага, Талачынскага, Бешанковіцкага раёнаў. Праблемным застаецца пытанне іх поўнай запаўняльнасці, бо дома ці «амаль што дома» заўсёды лепш.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Гарадоцкі раён.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.