Вы тут

Тады не будзе скаліёзу


Постаць — адзін з паказчыкаў нашага здароўя. Для кожнага віду парушэння постаці характэрнае сваё размяшчэнне пазваночніка, лапатак, таза і ніжніх канечнасцяў. Адхіленне пазваночніка ўбок — гэта скаліёз, а наперад — сутуласць. Скрыўленне пазваночніка і парушэнне постаці можа быць прыроджаным і набытым, тлумачыць інструктар-валеолаг 23-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Ірына ШЫМАНСКАЯ.

Прыроджаныя прычыны звязаны з паталогіямі ўнутрывантробнага развіцця. У астатніх выпадках на постаці адмоўна адбіваюцца:

— захворванні (рахіт, поліяміеліт, туберкулёз, плеўрыт, радыкуліт);
— пераломы пазваночніка;
— фізіялагічныя асаблівасці (плоскаступнёвасць, розная даўжыня ног або адсутнасць адной нагі, касавокасць або блізарукасць, якія вымушаюць прымаць няправільную позу падчас вучобы ці работы);
— прафесійная дзейнасць, якая прымушае доўгі час сядзець з пастаянна нахіленай галавой, у няправільнай позе;
— недастатковая рухальная актыўнасць дзіцяці;
— захапленне аднастайнымі практыкаваннямі;
— няправільнае фізічнае выхаванне;
— неспрыяльнае навакольнае асяроддзе.

Да няправільных поз бацькі часам самі прывучаюць сваіх дзяцей. Скажам, ложак нованароджанага ставіцца так, што гук і святло падаюць з аднаго боку. Да таго ж бацькі падыходзяць да дзіцяці таксама з аднаго боку. Малое рэфлекторна паварочвае галаву ў той жа бок. Адбываецца скрыўленне косці чэрапа, і дзеці далей вымушаны ляжаць толькі на больш «зручным» баку. Так набываюцца пэўныя дэфармацыі. Калі бацькі ў такіх выпадках своечасова звяртаюцца да ўрача, то лячэнне бывае досыць паспяховым і без хірургічнага ўмяшання. У спозненых выпадках аперацыя непазбежная, можа развіцца шыйна-грудны скаліёз.

Фарміраванне правільнай і прыгожай постаці пачынаецца з нараджэння дзіцяці, і асноўныя складнікі вызначаюцца да 6-7 гадоў.

Для правільнай і прыгожай постаці неабходна:

1. Своечасова выкладваць дзіця на жывот, прывучаць яго поўзаць.
2. Не спяшацца ставіць на ножкі (варта дачакацца патрэбнага часу, няхай даўжэй поўзае).
3. На прагулцы менш вадзіць за руку, каб не ствараць нахіл тулава ўбок. Можна карыстацца якімі-небудзь прыстасаваннямі (грудным рэменем).
4. Змагацца з такімі шкоднымі звычкамі, як стаяць на паўсагнутай назе, сядзець, падціснуўшы пад сябе ногі, нахіліўшыся ўбок ці наперад.
5. Ставіць крэсла перад сталом так, каб яго край на 2-3 см заходзіў пад край стала. Пажадана падкладваць пад ногі якую-небудзь падстаўку, калі яны не дастаюць да падлогі.
6. Падбіраць мэблю для заняткаў і гульняў адпаведна росту.
7. Падчас заняткаў у класе і дома пажадана праводзіць 3-хвілінныя фізкультурныя паўзы.
8. Спаць на правым баку (але не «калачыкам»), на паўжорсткім ложку з невялікай падушкай.
9. Не чытаць на баку, не насіць цяжар у адной руцэ.
10. Гуляць на свежым паветры, гуляць у рухавыя гульні, займацца гімнастыкай, катацца на лыжах, каньках, плаваць.
11. Выконваць практыкаванні на баланс з прадметамі на галаве.
12. Не менш за 3 разы на тыдні неабходна трэніраваць мышцы спіны і брушнога прэса. У фарміраванні постаці важную ролю іграюць пазваночнік і мышцы вакол яго.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.