Вы тут

«Нам не хапае беларускага «глянцу»


Генадзь Кузьмiн, галоўны рэдактар газеты «Вечерний Бишкек», быў сярод прадстаўнiкоў сродкаў масавай iнфармацыi краiн СНД, з якiмi напярэдаднi самiту Садружнасцi сустрэўся Аляксандр Лукашэнка. «Звяздзе» ўдалося ўзяць у госця з Бiшкека невялiкае iнтэрв'ю амаль адразу пасля размовы са старшынёй Савета кiраўнiкоў дзяржаў СНД.

— Генадзь Аляксандравiч, калi ласка, падзялiцеся ўражаннямi ад сустрэчы з кiраўнiком нашай дзяржавы.

— Уражанне добрае, бо сустрэча адбывалася ў атмасферы шчырасцi, якую задаў сам Аляксандр Рыгоравiч Лукашэнка. Ён казаў пра тое, што думае, прама i на пытаннi адказваў, па-мойму, без усялякай хiтрасцi. Напэўна, гэтакiм жа чынам ён вырашае пытаннi i ў Беларусi, i ў СНД.

— Пра што вы спыталi на сустрэчы?

— Спытаў аб прыняццi ў Мытны саюз Кыргызстана, бо ўслед пацягнецца Таджыкiстан, i ў рамках гэтага кангламерату патрэбна сумесная абарона знешняй мяжы. Калi Мытны саюз будзе складацца яшчэ з дзвюх рэспублiк, то, натуральна, межы будуць загароджвацца ад Афганiстана i iншых краiн, з якiх могуць iсцi пагрозы.

У прынцыпе, разуменне таго, што трэба ўзяць гэтыя дзве рэспублiкi пад крыло такiх вялiкiх гульцоў, як Казахстан, Беларусь i Расiя, ёсць. I на Савеце кiраўнiкоў дзяржаў СНД гэтае пытанне будзе зноў падымацца. Вялiкае значэнне мае тое, як Алмазбек Атамбаеў будзе сябе пазiцыянаваць. Ён рашуча настроены на тое, каб ужо з 2015 года Мытны саюз быў рэальнасцю i для Кыргызстана.

— Навошта гэта трэба Кыргызстану?

— Каб падняць эканомiку на больш высокi ўзровень, бо за гэтыя 20 гадоў вельмi шмат было страчана. I калi Беларусь нiчога не страцiла, як пацвердзiў на сустрэчы з прадстаўнiкамi СМI краiн Садружнасцi сам Аляксандр Рыгоравiч Лукашэнка, то мы страцiлi шмат. I па ўказцы экспертаў з-за мяжы, i па сваёй бязладнасцi, бо думалi, што будзе добра i так. Але «i так» нiчога не атрымлiваецца, мы ўжо 3 мiльярды долараў знешняга доўгу маем. Для нас гэта сума вялiзная, калi ўлiчыць, што каля мiльярда высылаюць гастарбайтары, якiя працуюць за мяжой i на працягу года пералiчваюць грошы ў Кыргызстан. Таму iдзе размова пра тое, каб падтрымаць эканомiку на годным узроўнi i мець вялiкi рынак збыту тавараў.

Ёсць яшчэ няпростае пытанне рээкспарту кiтайскiх тавараў. Па iм кiраўнiцтва краiн мусiць дамовiцца пра лагiстычныя цэнтры на базе нашых двух або трох вялiкiх рынкаў, якiя i з'яўляюцца перавалачнай базай. Калi Казахстан увайшоў у Мытны саюз, то там такая перавалачная база перастала iснаваць. Аднак iснуе праблема занятасцi тых, хто на гэтых базах працуе. Таму Мытны саюз з некаторымi агаворкамi быў бы на карысць Кыргызстану.

— На вашу думку, ахова знешняй мяжы i рээкспарт кiтайскiх тавараў — дзве асноўныя праблемы на шляху далучэння Кiргiзii да Мытнага саюза?

— Бадай што так. У першую чаргу — для Казахстана. Бо калi адкрыць мяжу памiж Кыргызстанам i Казахстанам, то туды хлыне досыць канкурэнтаздольны кiтайскi тавар, якому прадукцыя, што вырабляе Казахстан, будзе саступаць па цане.

— Як прасоўваецца вырашэнне гэтых пытанняў?

— Дамоўленасць ужо дасягнута, засталося толькi падпiсаць так званую «дарожную карту», г. зн. увесцi ў дзеянне механiзм уваходжання Кыргызстана ў Мытны саюз, потым ратыфiкаваць усе неабходныя дакументы, i з 1 студзеня 2015 года наша рэспублiка будзе паўнавартасным (а не як цяпер — назiральнiкам) членам Мытнага саюза. Далей, безумоўна, пойдзе Таджыкiстан.

— Як грамадства ў Кыргызстане ставiцца да далучэння рэспублiкi да Мытнага саюза?

— Статыстычныя звесткi паказваюць, што 75 працэнтаў насельнiцтва — за Мытны саюз.

— Гэта дае пра сябе знаць памяць пра савецкiя часы альбо моладзь таксама iмкнецца да еўразiйскай iнтэграцыi?

— За 20 апошнiх гадоў людзi добра адчулi, што суверэнiтэт сам па сабе не накормiць i не напоiць. Гэта не столькi данiна савецкiм часам (бо ўжо маецца цэлае пакаленне, якое пасталела пасля распаду Савецкага Саюза), гэта пытанне выжывання ў складаных абставiнах.

Ёсць яшчэ адзiн момант. Па некаторых ацэнках каля 1 мiльёна кiргiзаў працуе ў Расii. Калi Кыргызстан не далучыцца да Мытнага саюза i яе грамадзяне не будуць мець прэферэнцый пры перасячэннi межаў, калi iх статус на тэрыторыi Мытнага саюза зменiцца ў горшы бок, то iм i iх сем'ям проста не будзе на што жыць. Таму тут толькi практычны iнтарэс.

Безумоўна, iнтэграцыйныя працэсы iдуць не проста. Складаецца ўражанне, што пакуль няма поўнага разумення таго, як гэта зрабiць. Магчыма, для такога разумення спатрэбiцца яшчэ час. Але гэтая задача неймаверна важная, а яе выкананне — гiстарычная мiсiя дзейных прэзiдэнтаў шэрагу постсавецкiх краiн.

Мне падабаецца жыць у Кыргызстане, клiмат яго, i ўвогуле ўсё. Не такiя ўжо мы i жабракi, як пра нас часам кажуць. У нас, дарэчы, самыя танныя ў СНД аўтамабiлi, шмат садавiны, якую няма куды падзець, пенсii роўныя прыкладна 250 доларам i сярэднiя заробкi — 350 доларам. Гэта значыць, што пэўны ўзровень ужо ёсць. Усё астатняе трэба развiваць. Беларусы — малайцы: эканомiку паставiлi на ногi. Кыргызстану трэба пацягнуцца за больш моцнымi краiнамi. I вам будзе лепш — у Бiшкек будуць прыходзiць беларускiя ёгурты.

— Да таго ж мы зможам адпачыць на Iсык-Кулi!

— Ведаеце, сёлета я ўпершыню ў жыццi пакупаўся ў Чорным моры, i пасля Iсык-Куля мора мяне не ўразiла. У Iсык-Кулi сапраўды лячэбная вада. I надзвычай чыстая, другая ў свеце пасля Байкала...

Нам не хапае беларускага «глянцу». Радуйцеся i ганарыцеся, што ў вас такая краiна. Вельмi здорава мець магчымасць прыехаць сюды i адчуць атмасферу добразычлiвасцi.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.