Вы тут

Аўтамабільнага волата паважаюць усюды


«Кіравальнасць машыны лёгкая, тармазы вельмі надзейныя, у кабіне камфортна. Да габарытаў прызвычаіліся хутка і адчуваем сябе, як у легкавой машыне. Пасля малагрузных БелАЗаў 130-тоннік здаваўся мне па-свойму непераўзыдзеным, але 220-тонны гігант — вышэй за ўсякую пахвалу!» — такімі ўражаннямі дзяліўся адзін з кіроўцаў беларускіх аўтагігантаў. Цікава, што б ён сказаў пасля таго, як праехаў на новым 450-тонным БелАЗе? Упэўнены, уражанняў было б яшчэ больш. Бо нашы самазвалы карыстаюцца вялікім попытам ва ўсім свеце, у любых кліматычных умовах і пры любых цяжкасцях працы.

1382609930737_1

Цяжкі рэкорд

Гэта можна разумець у любым сэнсе — ён цяжкі з пункту гледжання і масы, і тэхналогій. Да свайго 65-годдзя сёлета Беларускі аўтамабільны завод выпусціў першы ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 тон. Завод рыхтуе ўсе патрэбныя дакументы для таго, каб новая машына патрапіла ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Дагэтуль самая вялікая грузападымальнасць самазвалаў БелАЗ складала 360 тон. Кар'ерны самазвал БелАЗ-75710 будзе эксплуатавацца ў Кузбасе. Да канца года ў гэты рэгіён плануецца паставіць яшчэ тры такія машыны. Яны прызначаны для перавозкі горнай масы ў складаных горнатэхнічных умовах глыбокіх кар'ераў, на адкрытых распрацоўках радовішчаў карысных выкапняў у розных кліматычных умовах эксплуатацыі пры тэмпературы паветра ад мінус 50 да плюс 50 градусаў. Максімальная хуткасць машыны — 64 км/г. Гэта сапраўдныя волаты сучаснага аўтамабілебудавання.

СНД — адзін з асноўных рынкаў

Аднак завод супрацоўнічае не толькі з Расіяй (амаль 70% вырабленай прадукцыі пастаўляецца для рынку Расійскай Федэрацыі). Наша тэхніка актыўна выкарыстоўваецца на горназдабыўных прадпрыемствах краін СНД. Усяго туды пастаўляецца больш за 14% выпускаемай заводам прадукцыі. Так, за 2012 год у краіны СНД было адгружана 239 адзінак тэхнікі БелАЗ. Напрыклад, асноўныя спажыўцы ў Расійскай Федэрацыі — ААТ «Кузбасразрэзвугаль»,
Сібірскі дзелавы саюз, «Мечал», Сібірская вугальная энергетычная кампанія, «Поўначсталь», «Рускі вугаль» і іншыя. У Казахстане БелАЗ ведаюць кампаніі: «Казахмыс», ENRC, ТНК «Казхром», АТ «Казцынк», ТАА «Волат-Камір» і іншыя. Найбольш буйнымі прадпрыемствамі, якія эксплуатуюць тэхніку БелАЗ ва Украіне, з'яўляюцца жалезарудныя горнаўзбагачальныя камбінаты Інгулецкі ГУК, Паўночны ГУК, Цэнтральны ГУК, Паўднёвы ГУК і іншыя. Бесперапынная праца над удасканаленнем якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, увага да спажыўцоў, укараненне інавацый, мадэрнізацыя вытворчасці дазваляюць прадпрыемству карыстацца павагай і даверам з боку краін-сябровак.

1382609934879_2

Апошнія дасягненні на рынку СНД

- У чэрвені ў Белгародскай вобласці Расіі на Лебядзінскі горнаўзбагачальны камбінат запусцілі самазвал БелАЗ-75309D грузападымальнасцю 220 тон. Да гэтага часу машыны вышэйназванай мадыфікацыі працавалі толькі ў Кемераўскай вобласці. Лебядзінскі ГУК з'яўляецца найбуйнейшым прадпрыемствам у свеце па здабычы жалезнай руды. З 2003 года дзейнічае пагадненне аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве паміж ААТ «Лебядзінскі ГУК» і ААТ «БЕЛАЗ». У цяперашні час у кар'ерах ЛГУКа працуюць больш за трыццаць самазвалаў БелАЗ-75131 г/п 130 тон.

- Адным з традыцыйных пакупнікоў тэхнікі Беларускага аўтазавода з'яўляецца Наваійскі горна-металургічны камбінат — найбуйнейшае дзяржаўнае прадпрыемства ва Узбекістане па здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам. У 2012 годзе ва Узбекістан была пастаўлена рэкордная колькасць самазвалаў — 92 кар'ерныя самазвалы БелАЗ — амаль у 3 разы больш, чым у 2011 годзе. 49 з гэтых машын было пастаўлена Наваійскаму горна-металургічнаму камбінату.

- На прадпрыемствах Расіі сёння эксплуатуецца амаль 10000 адзінак тэхнікі маркі «БелАЗ». Для забеспячэння эфектыўнай працы самазвалаў там працуюць атэставаныя сэрвісныя цэнтры.

- Сёння ў Рэспубліцы Казахстан працуе 845 адзінак тэхнікі БелАЗ. Гэта кар'ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 30 да 220 тон і іншая кар'ерная і дарожна-будаўнічая тэхніка. Ёсць нават сумеснае прадпрыемства па вырабе кар'ерных самазвалаў «КазБелАЗ», якое было створана ў 2009 годзе. Вытворчасць размешчана ў найбуйнейшым у Казахстане індустрыяльна-прамысловым цэнтры — горадзе Караганда. У 2012 годзе ў Казахстан рэалізавана прадукцыі на суму 26,6 млн долараў ЗША. Усяго ў 2013 годзе запланавана пастаўка 66 адзінак тэхнікі на суму не менш за 37,5 млн долараў.

- Больш за дзве тысячы адзінак кар'ерных самазвалаў і спецыяльнай тэхнікі вытворчасці ААТ «БелАЗ» эксплуатуецца на 180 прадпрыемствах Украіны. У асноўным гэта кар'ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30-130 тон.

Уладзіслаў СОЎПЕЛЬ.

Дарэчы

Вялікую частку прадпрыемстваў, якія эксплуатуюць тэхніку БелАЗ, складаюць кар'еры па здабычы будаўнічых матэрыялаў, у тым ліку граніту, вапняку, пяску.

Факт

БелАЗ займае трэць сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў і ўваходзіць у групу вядучых сусветных канцэрнаў па вытворчасці кар'ернай тэхнікі.

Аб новай прадукцыі

Новыя БелАЗы маюць шэраг тэхналагічных пераваг і выгадна адрозніваюцца ад сваіх папярэднікаў. Яны абсталяваны ўдасканаленымі рухавікамі, якія забяспечваюць больш высокую ўдзельную магутнасць і хуткасць самазвалаў на ўздыме, а таксама эканомію паліва. Мадэрнізаваная сістэма электрапрывода з фазменна-пераменным токам забяспечвае плаўную змену магутнасці пры руху. Працоўнае месца вадзіцеля абсталявана ў адпаведнасці з патрабаваннямі па зніжэнні ўзроўню шуму і вібрацыі ў кабіне. Для стварэння камфортных умоў працы вадзіцеля прадугледжаны сучасныя сістэмы ацяплення і кандыцыянавання паветра.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.