Вы тут

Сямейная рэліквія стала музейным экспанатам


Калекцыя Палаца Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі папоўнілася фаянсавым сервізам, які ў самым пачатку мінулага стагоддзя трымала ў руках княгіня Ірына Паскевіч.

Менавіта яна, апошняя ўладальніца гомельскага маёнтка, сто гадоў таму падарыла набор посуду Абраму Кагану — пераможцу дабрачыннай латарэі ў падтрымку дзяцей-сірот. Зараз сямейную рэліквію перадала ў падарунак музею жыхарка горада над Сожам Ганна Іванова.

Гэты зялёны сервіз стаў сапраўднай сямейнай рэліквіяй. Ён перадаваўся з пакалення ў пакаленне, перажыў рэвалюцыю і дзве вайны. Дарэчы, у цэнтры Гомеля знаходзілася вядомая аптэка Абрама Кагана. У яе гонар нават цэлую вуліцу назвалі Аптэчнай. Абрам Ісакавіч быў вядомы не толькі майстэрствам фармацэўта, але і дабрачыннасцю. Менавіта таму сама княгіня Ірына Паскевіч падарыла яму сервіз, адзначае ўнучатая пляменніца Абрама Кагана — Ганна Іванова.

— Брат маёй бабулі атрымаў гэты сервіз як пераможца латарэі, а потым падарыў яго бабулі. Сервіз быў у нашай сям'і яшчэ да вайны, потым мы змаглі захаваць яго ў вайну і пасля. Раней ім часта карысталіся, а потым усё радзей і радзей. Я даўно хацела аддаць яго ў музей і вельмі рада, што да гэтага набору посуду ўзнікла такая цікавасць.

1382689198961_25-10

Рарытэт супрацоўнікі Палаца Румянцавых і Паскевічаў ацанілі. Высветлілі, што на дне посуду ёсць таварны знак прадпрыемства Кузняцовых — вядучай расійскай фірмы па вытворчасці фаянсу. Яго заснавальнік — Мацвей Сідаравіч Кузняцоў — валодаў 18 прадпрыемствамі і меў права таўраваць вырабы сваіх фабрык гербам Расійскай імперыі. Акрамя сервіза, Ганна Іванова аддала ў музей і дарэвалюцыйныя фатаграфіі сям'і Каган, а таксама дакументы, лісты і здымкі нашчадкаў гомельскага аптэкара і яго сястры. Захавальнікі фондаў лічаць, што па гэтых фотаздымках і дакументах можна прасачыць гісторыю даваеннага і пасляваеннага Гомеля. Не выключана, што праз хуткі час гамяльчане змогуць пабачыць новую экспазіцыю, прысвечаную гісторыі адной сям'і. Загадчыца аддзела музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Таццяна Літвінава кажа, што гэтыя матэрыялы вельмі каштоўныя:

— Гэта гісторыя горада Гомеля, гісторыя людзей, якія тут жылі сто гадоў таму, тым больш, яны звязаны непасрэдна з асобай Ірыны Паскевіч, якую мы лічым сапраўднай гаспадыняй горада, яго захавальніцай і мецэнаткай на працягу другой паловы XІX і першай чвэрці XX стагоддзяў.

90 гадоў пражыла на свеце Ірына Іванаўна Паскевіч, графіня Эрыванская, княгіня Варшаўская, дачка сапраўднага тайнага саветніка, члена Дзяржаўнага савета графа Івана Варанцова-Дашкава. Большую частку з іх — непасрэдна ў Гомелі, якому прысвяціла ўсё сваё жыццё. На прыватныя сродкі Паскевічаў па ініцыятыве Ірыны Іванаўны ўтрымліваўся прытулак для дзяўчынак-сірот, багадзельня для пажылых жанчын. На грошы Паскевічаў былі пабудаваны гомельская мужчынская класічная гімназія, водаправод, зроблена шмат чаго іншага.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?