Вы тут

Перамога — адна на ўсіх


Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, напэўна, самае бясспрэчнае з усяго агульнага, што ёсць паміж краінамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Нездарма падрыхтоўка да святкавання 70-годдзя Перамогі стала адным з асноўных пытанняў гуманітарнага блока на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў СНД, якое адбылося позна ўвечары 24 кастрычніка ў Мінску.

— Для Беларусі СНД — найважнейшая рэгіянальная арганізацыя, якая мае вялікі патэнцыял супрацоўніцтва, — сказаў, адкрываючы пасяджэнне, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір МАКЕЙ. — Менавіта з такім настроем мы прынялі старшынства ў 2013 годзе. Пераважная большасць мерапрыемстваў ужо праведзена. Сярод іх ёсць вельмі значныя, якія атрымалі водгук не толькі на пляцоўцы Садружнасці, але і далёка за яе межамі.

Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў СНД падтрымалі рашэнні аб аб'яўленні 2015 года ў Садружнасці Годам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і аб адзіных юбілейных узнагародах, заснаваных да 70-й гадавіны Перамогі. Прадугледжваецца, што адзіным ганаровым ордэнам будуць узнагароджвацца непасрэдныя ўдзельнікі баявых дзеянняў. Пры гэтым парадак узнагароджання вызначаецца ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам дзяржаў — удзельніц СНД. Адзіным юбілейным медалём будуць узнагароджвацца ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам ветэраны, асобы, прыраўнаваныя да іх, а таксама іншыя асобы па рашэнні краін Садружнасці. Адзіным юбілейным медалём могуць узнагароджвацца і грамадзяне дзяржаў, што не ўваходзяць у СНД.
Савет міністраў замежных спраў Садружнасці адобрыў план асноўных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і святкаванні 70-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Праект плана змяшчае каля 60 розных мерапрыемстваў, у тым ліку маштабных і даўгачасных.

Сярод найбольш значных з іх — правядзенне 9 мая 2015 года ў Маскве, сталіцах дзяржаў Садружнасці і гарадах-героях ваенных парадаў; арганізацыя цэлай серыі буйных міжнародных канферэнцый, конкурсаў, фестываляў, злётаў, спартакіяд і іншых форумаў. Будуць праведзены гастрольны тур Моладзевага сімфанічнага аркестра СНД, канцэртныя выступленні вядучых творчых калектываў краін Садружнасці. Ва ўстановах адукацыі плануецца правядзенне адзінага ўрока (дня), прысвечанага Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў. Разам з гэтым, прадугледжана выданне мемуараў, мастацкіх твораў, энцыклапедычных слоўнікаў, даведнікаў і публіцыстычных матэрыялаў па адпаведнай тэматыцы і шэраг іншых мерапрыемстваў.

Усяго міністры замежных спраў Садружнасці разгледзелі 14 пытанняў, якія датычацца розных аспектаў узаемадзеяння.

— СНД для нас — арганізацыя, якая мае рэальныя перспектывы для развіцця, — сказаў Уладзімір Макей, падводзячы вынікі пасяджэння. — Беларускі падыход заключаны ў тым, што, нягледзячы на магчымыя розныя знешнепалітычныя і знешнеэканамічныя прыярытэты асобных краін, СНД павінна заставацца пляцоўкай для дыскусій, для абмену вопытам і асабліва — для плённага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. А таксама ўзаемадзеяння гуманітарнага і супрацоўніцтва ў праваахоўнай сферы.

Уладзімір Макей дадаў, што пашыранае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў Садружнасці прайшло канструктыўна, а рашэнні былі прыняты кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў адзінаццаці краін практычна без агаворак.

Старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей ЛЕБЕДЗЕЎ

, у сваю чаргу, выказаў падзяку беларускаму боку і прадстаўнікам іншых дзяржаў за вялікую гатоўнасць і здольнасць да кампрамісаў.

— Не буду ўтойваць: напярэдадні былі вельмі жывыя дыскусіі па цэлым шэрагу пытанняў і па ўхваленых міністрамі замежных спраў праграмах па барацьбе са злачыннасцю, наркабізнесам, гандлем людзьмі, тэрарызмам. Але ўсё гэтае рознагалоссе дзякуючы гатоўнасці да кампрамісаў і жаданню дасягнуць калектыўнага выніку ў інтэграцыйным узаемадзеянні было знята, — сказаў Сяргей Лебедзеў.

Яшчэ адным значным дакументам у гуманітарнай сферы стала Стратэгія развіцця супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц Садружнасці ў галіне турызму на перыяд да 2020 года, у праекце якой вызначаны асноўныя кірункі і механізмы супрацоўніцтва і фарміравання агульнай турыстычнай прасторы СНД. Чакаецца, што паспяховая рэалізацыя Стратэгіі дазволіць дзяржавам СНД найбольш эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці агульнай прасторы для павышэння канкурэнтаздольнасці турыстычных паслуг і прасоўвання турыстычных прадуктаў.

На пасяджэнні быў прыняты праект рашэння аб аб'яўленні горада Алматы (Казахстан) і Ош (Кыргызская Рэспубліка) культурнымі сталіцамі Садружнасці ў 2014 годзе. Таксама быў ухвалены план рэалізацыі Стратэгіі моладзевага супрацоўніцтва ў рамках СНД на 2014 — 2015 гады. Праект плана змяшчае больш за 100 мерапрыемстваў, накіраваных, у тым ліку, на сістэму падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў па справах моладзі, падтрымку сацыяльна неабароненай часткі моладзі. Плануецца правядзенне самых розных па фармаце гуманітарных праектаў, якія звязаны з папулярызацыяй здаровага ладу жыцця, прыцягненнем моладзі ў прадпрымальніцкую дзейнасць, фарміраваннем агульнай інфармацыйнай прасторы ў сферы моладзевага супрацоўніцтва, прафілактыкай экстрэмізму.

Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў СНД ухвалілі праекты сярэднетэрміновых міждзяржаўных мэтавых праграм сумесных мер барацьбы са злачыннасцю, тэрарызмам і іншымі праявамі экстрэмізму, незаконным абаротам наркотыкаў, гандлем людзьмі. Міністры абмеркавалі таксама праект пагаднення аб стварэнні Міждзяржаўнага савета па супрацьдзеянні карупцыі, які закліканы садзейнічаць набліжэнню і гарманізацыі нацыянальнага антыкарупцыйнага заканадаўства і ўдасканаленню прававой базы СНД у гэтай сферы.
Наступнае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў СНД пройдзе ў Маскве 4 красавіка 2014 года.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.