НЯСВІЖ


...Знаходзячыся неяк у Нясвіжы, купіла ў тамтэйшай сувенірнай краме (вельмі багатай, дарэчы, дзе не толькі магніцікі-паштоўкі-кубкі, а некалькі дзясяткаў найменняў разнастайнай, цікавай і, што не менш важна, практычна-карыснай прадукцыі з выявамі Нясвіжа і яго ўладальнікаў) шыкоўны штодзённік з манаграмай Радзівілаў. А потым, калі разглядвала на яго старонках помнікі гісторыі і архітэктуры, многія з якіх — але яшчэ далёка не ўсе! — бачыла на свае вочы, прыйшла думка занатоўваць у ім свае ўражанні, эмоцыі, асацыяцыі, думкі і адчуванні, што ўзнікаюць падчас падарожжаў.

Прызнаюся: падарожнічаць я люблю і ў гэтым сэнсе «усёедная». Куды выпадае адправіцца: у экскурсію па раёне, па вобласці ці па Беларусі, у блізкае ці далёкае замежжа — туды і еду, з радасцю і прадчуваннем новых уражанняў і пачуццяў. Ведаў, вядома, таксама — але веды ў гэтым сэнсе не галоўнае: любую інфармацыю сёння лёгка адшукаць з дапамогай усюдыіснага інтэрнэту. А вось эмоцыі — іх у інтэрнэце не знойдзеш.

Вось я і вырашыла: чаму б не падзяліцца сваімі падарожнымі нататкамі з чытачамі? Калі яны бывалі там, дзе і я, цікава будзе ўзгадаць і «ўзгадніць» свае ўражанні, пагадзіцца ці паспрачацца. Калі не — можа, у некага таксама ўзнікне жаданне адправіцца ў вандроўку. Ну, а калі не выпадзе — то хоць з чужых слоў даведацца пра цікавыя мясціны і людзей...

Ну дык што, паехалі?

1382784728294_1

Не варта шукаць у гэтых нататках пераказвання шматлікіх гістарычных звестак пра Нясвіж і яго гаспадароў, уплывовых магнатаў Радзівілаў, якія на працягу стагоддзяў стваралі гісторыю на землях сённяшняй Беларусі і не толькі — па гэта, калі ласка, да больш дакладных і дасведчаных крыніц, якіх цяпер больш чым дастаткова. Я ж, як ні сорамна ў гэтым прызнавацца, увесь час блыталася з гэтымі шматлікімі Мікалаямі Радзівіламі, якія былі ў кожным пакаленні. Добра яшчэ, што мянушкі свае мелі, дык можна неяк адрозніць Мікалая Чорнага ад Рудога і Сіроткі... Толькі мянушкі ды справы нясвіжскіх магнатаў, якія засталіся ў гісторыі, і дапамагаюць запомніць, хто ёсць хто...

Упершыню я трапіла ў Нясвіж летам 2004-га. Па тэлебачанні тады рэкламавалі нейкае свята, што павінна было там адбыцца — з рыцарскімі баямі, спаборніцтвамі лучнікаў і іншай «сярэднявечнай» атрыбутыкай, якая цяпер прысутнічае практычна на ўсіх больш-менш значных фэстах, а тады яшчэ толькі ўваходзіла «ў моду». І мы, «група таварышаў», вырашылі паехаць — Нясвіж паглядзець і ў свяце прыняць удзел...

Адразу выкажу сваё перакананне, якое ўпершыню ўзнікла тады ў Нясвіжы і затым неаднаразова пацвярджалася падчас іншых вандровак: калі вы сапраўды хочаце пабачыць нейкі горад ці вёску, нешта пра яго даведацца — не едзьце туды падчас вялікіх свят! Вядома, калі мэта вашай вандроўкі — паштурхацца ў натоўпе разявак, «на іншых паглядзець і сябе паказаць», пафатаграфавацца з рыцарамі і іх коньмі, пакаштаваць поп-корн і цукровую вату і набыць магніцік ці свістульку на памяць — значыць, вам туды дарога. Але, паверце, дзеля гэтага зусім не абавязкова ехаць за некалькі соцень кіламетраў — гэтакі ж «джэнтльменскі набор» раней ці пазней прыедзе калі не непасрэдна ў ваш горад ці вёску, то прынамсі куды бліжэй...

Ад той першай паездкі ў Нясвіж засталося пачуццё сораму ад таго, што славутую Слуцкую браму мы прынялі за гарадскую ратушу; здзіўленне, калі ў шматтысячным натоўпе сустрэла — ну проста нос у нос сутыкнуліся! — дачку, якая прыехала на свята з Мінска (мабільнікаў у нас тады яшчэ не было); расчараванне, што на палац, дзеля знаёмства з якім мы, уласна кажучы, і ехалі, удалося паглядзець толькі здалёк... І жаданне, амаль што ўпэўненасць: трэба ў Нясвіж прыехаць яшчэ! І не адной. Бо свае асабістыя ўражанні, нават самыя яркія, мне здаюцца нашмат слабейшымі, чым раздзеленыя з сябрамі і знаёмымі...

Як вядома, галоўная рухаючая сіла любой справы — жаданне зрабіць яе, і калі яно вялікае, то перад ім скараюцца ўсе перашкоды і «няўвязкі». Нездарма ж кажуць, што жаданне — гэта тысяча магчымасцяў, а нежаданне — тысяча прычын...

Неўзабаве мы арганізавалі калектыўную «экскурсійную вылазку» ў Нясвіж.

1382784731652_2

Ведаю, што ёсць турысты — і іх нямала! — якія аддаюць перавагу неарганізаваным экскурсіям: маўляў, тое, што раскажа экскурсавод, можна пачытаць у кнізе ці ў тым жа інтэрнэце, да таго ж такі расповед — гэта толькі яго асабістыя веды, перакананні і г.д., якія ён навязвае турыстам, а хочацца мець і асабісты погляд. Паважаю гэты пункт гледжання. Але ўсё ж лічу за лепшае, каб нехта разумны і дасведчаны расказаў пра незнаёмыя мясціны. Бо неаднаразова здаралася, што з-за адсутнасці талковага экскурсавода ўражанні ад падарожжа аказваліся няпоўнымі, «змазанымі», а нешта — магчыма, самае важнае! — увогуле праходзіла міма.

Незадоўга да таго Нясвіжскі палац перажыў сваю чарговую трагедыю — у ім адбыўся пажар, які моцна пашкодзіў будынак і яго ўнутранае ўбранне, і таму ён быў зачынены для наведнікаў. З гэтай прычыны пра палац і яго гаспадароў Радзівілаў экскурсаводка расказвала нам ва ўнутраным дворыку. Дзякуючы яе расповеду (а пасля — набытай падчас той вандроўкі кнізе «Нясвіж і Радзівілы») я пачала разбірацца ў шматлікіх Радзівілах.

І цяпер Юрый Радзівіл, таленавіты палкаводзец, які перамагаў нашмат пераўзыходзячыя сілы татар, крыжакаў, маскоўцаў, асацыюецца ў мяне са званнем пераможцы. А лёс яго сына Мікалая Радзівіла Рудога, які прадоўжыў бацькаву справу і запісаў на свой рахунак шмат новых вялікіх перамог (і затым плакаў, стоячы на каленях перад каралём Жыгімонтам, заклінаючы яго імем Ягайлы не падпісваць Люблінскую унію, якая пазбаўляла незалежнасці Вялікае Княства Літоўскае) з лёсамі многіх беларускіх патрыётаў, якія не шкадавалі сябе дзеля незалежнасці Радзімы і затым былі жорстка падманутыя былымі саюзнікамі.

Мікалай Радзівіл Чорны ў маім разуменні — не толькі таленавіты эканаміст і гаспадарнік, але і шчыры патрыёт, які дзеля таго, каб Вялікае Княства Літоўскае стала незалежным ад Захаду і Усходу, спрабаваў на яго тэрыторыі ўкараніць новую рэлігійную плынь — пратэстантызм. А другі Мікалай — Крыштоф Радзівіл Сіротка — вандроўнік, які ў ХVІ стагоддзі аб'ехаў не толькі ўсю Еўропу, дзе атрымаў бліскучую адукацыю (гэта па тым часе было не дзіва), але пабываў і на Блізкім Усходзе: у Сірыі, Палесціне, Егіпце, а гэта вам не на самалёце за некалькі гадзін даляцець, на такія вандроўкі патрэбны былі гады. Адтуль першы беларускі турыст прывёз шмат новых ведаў, якія вобразна і таленавіта апісаў у сваіх «Вандроўках...», і экзатычных звяроў і птушак для Нясвіжскага звярынца. А яшчэ ён быў міласэрным і шчодрым да абяздоленых — дапамагаў сіротам і жабракам і нават завяшчаў, каб пахавалі яго ў жабрацкім адзенні і труну неслі жабракі. Чамусьці мне ён найбольш сімпатычны...

Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька ў мяне (прабачце, мужчыны!) асацыюецца найперш з імем яго высокаадукаванай, разумнай і таленавітай жонкі Уршулі: кажуць, што менавіта пад яе ўплывам і з яе дапамогай Рыбанька не проста адрадзіў зруйнаваныя шведамі Нясвіж і замак, але зрабіў горад культурнай сталіцай краю: тут у ХVІІІ стагоддзі працавала друкарня, дзейнічала капэла і прыгонны тэатр, у якім ставіліся п'есы, якія пісала ў тым ліку і Уршуля, а затым — нават оперныя і балетныя спектаклі.

Ну, а пра беларускага мюнхгаўзена Пане Каханку (Караля Станіслава Радзівіла) і яго, як сёння сказалі б, «прыколы» з катаннем на санях па солі, конным прыездам у залу на тэатральныя спектаклі, выездам на прагулку ў брычцы, запрэжанай мядзведзямі, ведаюць, напэўна, усе. Пра яго пішуць найбольш. Хто — як пра п'яніцу, гуляку і фантазёра, хто — як пра шчырага патрыёта свайго краю. Якая з іпастасяў больш праўдзівая, паспрабуйце вызначыць з вышыні нашага часу, амаль праз два стагоддзі пасля яго жыцця. Калі атрымаецца...

Гэта, вядома, далёка не ўсе Радзівілы, якія пакінулі свой след у гісторыі. Але ж я абяцала, што не буду пра гісторыю, а буду — пра свае ўражанні ад спаткання з Нясвіжам. Таму пра іх і працягваю...

У палац падчас таго наведвання Нясвіжа, як я ўжо казала, нам трапіць не ўдалося. Але фарны касцёл мы не абмінулі.

Дзіўныя адчуванні апаноўваюць, калі трапляеш у храм, якому больш за чатыры стагоддзі. Так, ён уражвае як твор архітэктурнага мастацтва — нездарма ж гэта адзін з лепшых будынкаў італьянскага дойліда Бернардоні. Але мяне ў такіх выпадках звычайна кранае не прыгажосць, не веліч храма і яго роспісаў. І нават не надмагільныя помнікі, устаноўленыя тут самім Радзівілам Сіроткам — яго сямнаццацігадоваму сыну, што памёр у Балонні, і другому, што пайшоў з жыцця немаўлём, і помнік самому Сіротку — у адзенні вандроўніка-пілігрыма, якімі (згодна з эпітафіяй, напісанай ім самім) усе мы з'яўляемся на гэтай зямлі... Я ў такіх выпадках стараюся ўявіць, колькі людзей прыходзілі за гэтыя стагоддзі ў гэты храм, і пра што яны прасілі Бога. І разумею, што, хоць свет змяніўся вельмі моцна, людзі па вялікім рахунку, засталіся тымі ж... І гэтак жа бацькі просяць здароўя і шчаслівай долі сваім дзецям, а самыя няшчасныя з іх, як той самы Сіротка, аплакваюць іх заўчасную смерць. Дзяўчаты моляць аб шчаслівым замужжы, бяздзетныя — аб нашчадках, багатыя — каб іх багацце прымножылася, а бедныя — каб было з чаго зварыць суп ці зацірку, каб Усявышні пакараў ворагаў і паслаў удачу ім самім... І ўсе — у поўным перакананні, што Бог слухае зараз менавіта яго і дапаможа — абавязкова, не можа не дапамагчы! — менавіта яму. І не стаміўся Гасподзь за столькі часу выслухоўваць штодня з усіх куточкаў свету адно і тое ж?..

Звычайна падчас наведвання фарнага касцёла турыстам даецца магчымасць наведаць і фамільны склеп Радзівілаў, дзе захоўваюцца 70 саркафагаў з забальзамаванымі целамі магнатаў гэтага роду. Паглядзець на іх (на саркафагі, вядома, не на целы) можна праз забраныя кратамі дзверы. Ну і паслухаць нешта з таго, што ціхім шэптам расказвае пры гэтым экскурсавод. Што называецца, «і я там быў»... Паглядзела і паслухала. Але без энтузіязму. Не люблю экскурсій па могілках. Такое адчуванне, што падглядваю за чужым горам...

А вось што пакінула ў тую вандроўку незабыўнае ўражанне, дык гэта нясвіжскі парк — Альба. І на гэты раз мы толькі парадаваліся, што засталіся адны, без экскурсавода: лідскія калегі наведванне парку не запланавалі ў сваім вандроўным раскладзе, і мы пайшлі пагуляць па парку адны. Безумоўна, цяпер ён зусім не такі, як быў пры Радзівілах: без аранжарэі, звярынца з аленямі, зубрамі ды мядзведзямі, без штучных вадаёмаў з лебедзямі. Але ўсё роўна — утульны і прыгожы: гуляў бы і гуляў па такім... Нават сёння, узгадваючы той настрой, тую ціхую радасць, шкадую, што часу на гэта было няшмат. І вельмі радуюся, што мы яго ўсё ж знайшлі, бо пры ўсіх іншых наведваннях Нясвіжа славутая Альба выпадала з нашых маршрутаў.

Хоць увогуле я спадзяюся, што і Нясвіж, і Мір, і Полацк, і Гродна, і іншыя гістарычныя мясціны нашай Беларусі ці замежжа для кожнага — свае. Калі мае ўражанні не супадаюць з вашымі — выбачайце, калі ласка. Я рада ўжо таму, што яны ў вас ёсць.

Ніна Рыбік
Фота аўтара і Анатоля Клешчука

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?