Вы тут

Толькі жыццё


Няма мастацтва без жыцця — сцвярджае «ТэАрт»

Фестываль, які доўжыўся амаль месяц, пакінуў думкі. Спектаклі ўжо прайшлі, але шлейф застаўся, і яшчэ доўга тыя, хто іх глядзеў, будуць спрачацца адзін з адным і разважаць пра тое, што мастацтва бывае дзейсным.

16 пастановак з 8 краін, якія прыязджалі да нас, былі вельмі рознымі. Гэта была спроба ўвесці беларускага гледача ў эстэтыку і тэмы сучаснага еўрапейскага тэатра. Гэта была спроба прымусіць думаць пра тое, у чым каштоўнасць жыцця. Гэта была і спроба параўнаць з іншымі наш айчынны тэатр: у які бок развіваецца ён, у чым дапамаглі пастаноўкі твораў маладых беларускіх аўтараў (пра якіх мы пісалі раней).

Галоўнае, што аб'ядноўвала ўсе пастаноўкі — гэта зварот да чалавека. Жаданне пагаварыць з ім пра чалавечае. І рабіць гэта можна як праз класічную драматургію, напрыклад, Бертольда Брэхта (маю на ўвазе спектакль «Добры чалавек з Сезуана» Маскоўскага драматычнага тэатра імя Пушкіна), ці ў сучаснай інтэрпрэтацыі нейкіх вечных тэм (як у паляка Кшыштафа Варлікоўскага), ці наогул нават сучаснымі спосабамі, што прапануе дакументальны тэатр, калі рэальныя людзі са сцэны распавядаюць рэальныя гісторыі (нямецкі спектакль «Проба грунту ў Казахстане»). Тэатры розных формаў, жанраў. Спектаклі кароткія і не (некаторыя пастаноўкі былі разлічаны на 6 гадзін, як расійская «Shoot/Get Treasure/Repeat»). Пастаноўкі тонкія, але вельмі шчымлівыя, якія складана аднесці выключна да тэатра — французскі спектакль «Шэпт сцен» запомніцца не толькі ігрой унучкі Чарлі Чапліна Аўрэліі Цьерэ, але і высакакласным ілюзіёнам, дзе сцены і рэчы сапраўды ажывалі, а героі танцавалі ў паветры. У фінале форуму быў паказаны «Лір» ад тэатра «Прытулак камедыянта» з Санкт-Пецярбурга. Пастаноўка, якая выклікала шквал эмоцый, паказала караля Ліра ў жаночым выкананні. Але не проста ў жаночым — дзеянне да таго ж перанесена ў Маскву сярэдзіны мінулага стагоддзя. Калі жанчынам прыходзілася станавіцца мужчынамі, а мужчыны часта ператвараліся ў баб. Адсюль і «Лір» такі незвычайны. Гэта «Лір» не Шэкспіраўскі, гэта «Лір» рэжысёрскі, а тыпажы і іх дзеянні — пазнавальныя.

Насычаная праграма карысталася ўвагай. Арганізатары называюць лічбу ў 5 тысяч гледачоў, якія наведалі спектаклі падчас форуму. Яно таго варта, лічаць у Цэнтры візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн» і ў Белгазпрамбанку, які падтрымлівае фестываль ад пачатку, і ў «Газпрам трансгаз Беларусь», які далучыўся сёлета. Можа, таму і праграма атрымалася ўдарнай. Моцнай. Разнастайнай. Такой, каб надоўга запомнілася — і гледачам, і самім арганізатарам.

Намеснік генеральнага дырэктара «Газпрам трансгаз Беларусь» Міхаіл Пучыла прызнаў:

— Спектаклі, якія прайшлі ў рамках «ТэАрта», не толькі выклікалі мурашак на скуры, але і літаральна прабіралі да касцей...

У кожнага, хто сачыў за праграмай, напэўна, быў «свой» спектакль, які перавярнуў душу. Пра адзін з іх — «(А)палонію» — гаворка асобная.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.