Вы тут

Мясцовыя дарогі Гродзеншчыны — пад надзейнай «апекай»


КУП «Гроднааблдарбуд»: прафесіяналізм і адказнасць

Крылатымі сталі ўжо словы, што ўсё пачынаецца з дарогі. І сапраўды, дарогі, быццам артэрыі вялікага арганізма, злучаюць вялікія і малыя населеныя пункты, служаць эканоміцы, з'яўляюцца сувязным звяном для задавальнення надзённых патрэб жыццядзейнасці рэгіёнаў, чалавечых кантактаў. Прычым асаблівая роля тут належыць сетцы мясцовых дарог, якая на Гродзеншчыне найбольш маштабная. Камунальнае праектна-рамонтна-будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства «Гроднааблдарбуд» сёння выконвае задачы па абслугоўванні, будаўніцтве і рамонце 10631 кіламетра дарог (у тым ліку 4578 км — асфальтных і 4914 км — з гравійным пакрыццём), а таксама больш як 1,5 тысячы кіламетраў вуліц у сельскай мясцовасці.

У любую пару года, у розных умовах надвор'я менавіта дарожнікі працуюць дзеля таго, каб дарогі былі ў належным, зручным і бяспечным стане для людзей і транспартных сродкаў. Што для гэтага робіцца? Якія матэрыялы і тэхналогіі прымяняюцца? Якія традыцыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне? Вось пра што даведаліся журналісты «Звязды», пабываўшы напярэдадні прафесійнага свята аўтамабілістаў і дарожнікаў на прадпрыемстве «Гроднааблдарбуд».

1382784802498_1

Помнім — значыць жывём

Сёння КУП «Гроднааблдарбуд» — гэта буйная кампанія, у склад якой уваходзяць 16 дарожных рамонтна-будаўнічых упраўленняў у раёнах вобласці, чатыры даччыныя прадпрыемствы — «Гроднадарпраект», «Гроднадарожнік», «Аўтамост», «Дарожнае інжынерна-тэхнічнае ўпраўленне», а таксама два сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

А афіцыйнай датай, якая дакументальна пацвярджае заснаванне дарожнай службы на Гродзеншчыне, з'яўляецца 20 верасня 1944 года. Пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у сувязі з утварэннем Гродзенскай вобласці былі арганізаваны абласны і шэраг раённых дарожных аддзелаў для будаўніцтва, рэканструкцыі, рамонту і ўтрымання дарог і мастоў абласнога, раённага і сельскага значэння. І ў першую чаргу, зразумела, дарожнікі ўзяліся за аднаўленне разбураных падчас фашысцкай акупацыі мастоў і дарог. Акрамя таго, трэба было прыводзіць у парадак многія дарогі, якія будаваліся ў даваенны час, аднак не рамантаваліся і сталі цяжкапраезнымі. Пра тагачасны стан дарожнай сеткі і маштаб задач, якія стаялі перад дарожнай службай Гродзеншчыны, сведчаць наступныя лічбы. На 1 студзеня 1945 года толькі каля 15 працэнтаў дарог раённага значэння мелі цвёрдае пакрыццё і ўсяго 6 мастоў з 354-х з'яўляліся пастаяннымі — металічнымі і жалезабетоннымі. Што ж датычыцца сельскіх дарог, дык цвёрдае пакрыццё было на 85 з 4569 км. І толькі 8 мастоў з 619 у сельскай мясцовасці былі пастаяннымі.

1382784805977_2

Работы па аднаўленні разбураных дарог і мастоў адразу пасля вайны праводзіліся ў асноўным за кошт удзелу мясцовых сялян і коней, што ў іх меліся. Гэта была павіннасць, своеасаблівы падатак. Пазней гэтыя функцыі былі ўскладзены на калгасы, якія ў вольны ад палявых работ час ладзілі так званы дарожны месячнік. Затым, пакуль не з'явіліся дарожныя арганізацыі, за работы на дарогах адказвалі ўсе размешчаныя на пэўнай тэрыторыі прадпрыемствы — сваімі матэрыяламі і сіламі.

Дарэчы, моладзь можа не ведаць, а ветэраны «Гроднааблдарбуда» памятаюць пра ДРП — дарожныя рамонтныя пункты, якія ствараліся ў пасляваенны час і дзейнічалі да 1970-х гадоў. Спецыяльна для майстра, які адказваў за пэўны ўчастак дарогі, непадалёк ад яе будавалі дом, дзе ён жыў, і складское памяшканне для захоўвання інструментаў. З транспартам было праблематычна, і таму майстар пехатой абыходзіў свой ўчастак. Калі ж сіл гэтага ДРП на патрэбны аб'ём работ не хапала, то прыходзілі на дапамогу калегі з іншых.

Цяпер афіцыйнай назвы «ДРП» ужо не існуе, хоць гэтая сістэма, ужо ў сучаснай форме, працягвае дзейнічаць. Напрыклад, КУП «Гроднадарожнік» мае участкі ў Скідалі, Сапоцкіне, Парэччы, дзе за майстрамі таксама замацаваны дарожныя зоны.

Налета прадпрыемству «Гроднааблдарбуд» споўніцца 70 гадоў. А сетка яго цяперашніх структурных падраздзяленняў у раёнах вобласці (дарожна-эксплуатацыйных арганізацый) стваралася і развівалася паступова, па меры павелічэння аб'ёмаў работ, умацавання кадравага і тэхнічнага патэнцыялу. Першымі ў 1957 годзе на базе раённых дарожных аддзелаў з'явіліся ДЭУ ў Скідалі, Зэльве, Дзятлаве і Радуні. У 1960 годзе ў сувязі з ліквідацыяй Маладзечанскай вобласці ў склад дарожнай службы Гродзеншчыны ўвайшло ДЭУ ў Смаргоні. У 1963 годзе былі створаны і нядаўна адзначылі свой 50-гадовы юбілей арганізацыі ў Іўеўскім, Лідскім, Карэліцкім, Астравецкім, Бераставіцкім, Шчучынскім раёнах. Яшчэ чатыры дарожныя ўпраўленні (Ваўкавыск, Навагрудак, Ашмяны, Слонім) былі арганізаваны ў 1965 годзе, у наступным — яшчэ два: у Мастах і Свіслачы.

У калектыве прадпрыемства «Гроднааблдарбуд» добра разумеюць ісціну, што той, хто не паважае сваё мінулае, не мае і будучыні. І найперш гэта праяўляецца ў клопатах пра ветэранаў дарожнай працы. У прыватнасці, людзям, якія выходзяць на пенсію, выплачваецца 20 працэнтаў ад службовага акладу за кожны адпрацаваны год у сістэме «Гроднааблдарбуда». У ДРБУ дапамагаюць старым людзям у нарыхтоўцы дроў і ў іншых надзённых пытаннях. Штомесячная матэрыяльная дапамога пажыццёва выплачваецца асобам, якія адзначаны ўзнагародамі прадпрыемства ці ведамства. Дарэчы, 53 работнікі «Гроднааблдарбуда» ўдастоены нагруднага знака дэпартамента «Белаўтадар» «Ганаровы дарожнік Беларусі», 15 — звання «Заслужаны работнік КУП «Гроднааблдарбуд», 101 занесены ў Кнігу гонару прадпрыемства.

— Некалькі дзён таму прайшла прафсаюзная канферэнцыя па заключэнні калектыўнага дагавора, і ўсе захады для падтрымкі нашых ветэранаў у гэтым дакуменце захаваліся, нічога не пагоршылася, дабаўлены новыя сацыяльныя льготы, — паведаміланачальнік аддзела прававой і кадравай работы КУП «Гроднааблдарбуд» Жанна ДУДЗІЧ.

 

1382784807260_3

Міжнародны праект, пешаходны мост і «дваровая» талака

...Накіроўваемся ў раён Аўгустоўскага канала, дзе нядаўна завершаны важны міжнародны праект. Упершыню ў вобласці і, напэўна, у рэспубліцы суседзі па абодва бакі дзяржаўнай мяжы супрацоўнічалі ў будаўніцтве і рэканструкцыі дарог, каб тым самым стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця турызму ў зоне славутага канала.

Вядучым партнёрам гэтага праекта па праграме супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна» з польскага боку была гміна Пласка Падляскага ваяводства, а з нашага — Гродзенскі райвыканкам і КУП «Гроднааблдарбуд».

— Гэтая дарога дазволіць скараціць прабег транспартных сродкаў, накіраваўшы іх у абход сумежных населеных пунктаў. Вось на гэтым участку, напрыклад, дарогі наогул не было, пракладвалі па балоце, — зазначае начальнік вытворчага аддзела КУП «Гроднааблдарбуд» Марына КІРЫЛА.

Вяртаемся ў Гродна, на праспект Кляцкова, дзе нядаўна з'явіўся пешаходны мост, у будаўніцтве якога ўдзельнічалі спецыялісты КУП «Аўтамост». Ён злучыў лесапарк «Румлёва» з мікрараёнам Прынёманскі на ўчастку кальцавой дарогі з інтэнсіўным рухам транспарту, стварыўшы зручныя, бяспечныя ўмовы для пешаходаў. Нават маладыя пары ўжо зацікавіліся магчымасцю зашчоўкнуць там на агароджы замок як сімвал кахання. У планах — яшчэ адзін пешаходны мост на гэтым жа дарожным участку.

Камфортна павінна быць і на дворавых тэрыторыях жылой забудовы. Цяпер у Гродне ажыццяўляецца маштабная праграма па іх абнаўленні і рэканструкцыі — з заменай інжынерных камунікацый, рамонтам і ўкладкай дарожнага пакрыцця, бардзюраў, уладкаваннем дзіцячых пляцовак, аўтапарковак, устаноўкай лавак... Сёлета на комплексным ўзроўні плануецца добраўпарадкаваць 33 дваравыя тэрыторыі. Каля пяціпавярховікаў па вуліцы Пушкіна, напрыклад, разам з работнікамі КУП «Гроднадарожнік» працуюць іх калегі з Іўя, Ваўкавыска, Карэліч, Навагрудка, Свіслачы, Слоніма. Вось такая «дваровая» талака ў інтарэсах тысяч жыхароў гэтых дамоў ...

Такой жа талакой, калі дарожнікі аб'ядноўваюць намаганні з сельгаспрадпрыемствамі, транспартнымі арганізацыямі, працуюць і зімой. ДРБУ ўзгадняюць сваю дзейнасць з графікам рэйсаў аўтобусных паркаў, дастаўкі тавараў у населеныя пункты гандлёвымі арганізацыямі. Паводле слоў галоўнага інжынера КУП «Гроднааблдарбуд» Уладзіміра Чувака, падрыхтоўка да работы ў зімовых умовах — перыяд вельмі адказны, але без нейкай кампанейшчыны. Усё робіцца своечасова — і што датычыцца запасаў пясчана-саляной сумесі, і па падрыхтоўцы тэхнікі. Пры гэтым, каб падстрахавацца на ўсялякі выпадак, процігалалёдны матэрыял дастаўляецца на пляцоўкі побач з небяспечнымі дарожнымі ўчасткамі, каля аўтобусных прыпынкаў.

Дарэчы, на мясцовых дарогах Гродзенскай вобласці сёння прыкладна 2800 аўтобусных прыпынкаў і каля тысячы з іх — з аўтапавільёнамі. Практычна ўсе яны выраблены прадпрыемствамі «Гроднадарожнік» і «Аўтамост».

1382784809394_4

Ёсць і вопыт, і рэсурсы

— У нас ёсць вялікі вопыт і неабходныя рэсурсы, каб выконваць усе віды дарожных работ на індустрыяльнай аснове дзеля бесперабойнага і бяспечнага праезду па мясцовых дарогах вобласці — вопытныя рабочыя, інжынерна-тэхнічныя спецыялісты, матэрыялы, машыны і механізмы. Цяжкасці ёсць, але прадпрыемства стабільна працуе. Не хапае грошай на развіццё і будаўніцтва дарог, аднак выконваем работы ў сельскай мясцовасці — на будаўніцтве і рэканструкцыі малочнатаварных фермаў, зернесушыльных комплексаў. Працуем па добраўпарадкаванні абласнога і раённых цэнтраў, — зазначае генеральны дырэктар прадпрыемства «Гроднааблдарбуд» Георгій ДРАЗДОЎ, дарожнік з дваццацігадовым стажам, які пачынаў працаваць у гэтай сферы з майстра па ўтрыманні і рамонце дарог.

Калектыў «Гроднааблдарбуда» заўсёды знаходзіўся, так бы мовіць, на вастрыі падзей, важных для людзей і дзяржавы. Напрыклад, пасля чарнобыльскай катастрофы ў 1986 годзе зводны атрад прадпрыемства, працаваў у Нароўлі. А ў 1987-м гродзенскія дарожнікі на чале з сённяшнім галоўным інжынерам КУП «Гроднааблдарбуд» Уладзімірам ЧУВАКОМдобраўпарадкоўвалі населеныя пункты і фермы на Магілёўшчыне.

Не абыходзіліся без работнікаў «Гроднааблдарбуда» і многія «дажыначныя» аб'екты. Спачатку — на рэспубліканскіх «Дажынках» у Мастах, потым — у Ваўкавыску, Лідзе. Акрамя таго, летась актыўна ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні да абласных «Дажынак» Навагрудка, сёлета — Ашмян. Менавіта «Гроднааблдарбуд» праводзіць у вобласці рамонт і асфальтаванне тэрыторый амаль усіх зернесушыльных комплексаў. А што датычыцца маштабаў працы на будаўніцтве і рэканструкцыі фермаў, то гэта не толькі добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі і пад'язных дарог, але і асфальтаванне каля трох гектараў унутры сучаснага малочнатаварнага комплексу.

Пры гэтым дарожнікі імкнуцца выкарыстоўваць як мага больш уласных матэрыялаў, для чаго ў кожным раёне ёсць кар'ер для здабычы гравію. Атрымліваецца танней, чым купляць у іншых. І не ва ўрон якасці, паколькі практычна ўсе матэрыялы, што выкарыстоўваюцца ў дарожных работах, праходзяць лабараторныя выпрабаванні. Правяраюць пясок з кожнага кар'ера, усе пясчана-гравійныя сумесі з кожнага ДРБУ. І потым, калі ўжо вядомы ўласцівасці мясцовых матэрыялаў, робіцца кампаноўка, падбор асфальта-бетонных сумесяў для кожнага з шаснаццаці заводаў, якія ўваходзяць у структуру «Гроднааблдарбуда». Пасля чаго спецыялісты галаўной лабараторыі выязджаюць на асфальтабетонныя прадпрыемствы, на кожным з якіх таксама маецца лабараторыя, і правяраюць выкананне гэтага падбору. Пры неабходнасці ўносіцца карэкціроўка, бо вытворчыя ўмовы адрозніваюцца ад лабараторных.

— Ці адпавядае лабараторнае абсталяванне сучаснаму ўзроўню?

— Безумоўна, бо інакш нельга. Патрабаванні да якасці матэрыялаў ўзмацняюцца, і на старым абсталяванні лабараторныя выпрабаванні ўжо не правядзеш. Таму даводзіцца яго абнаўляць, што мы і робім, — кажа галоўны тэхнолаг КУП «Гроднааблдарбуд» Васіль АНЕГІН.

Адзін з цяперашніх прыярытэтаў для «Гроднааблдарбуда» — гэта будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Спецыяльна для аб'ектаў атамнай электрастанцыі і інфраструктуры там адкрылі кар'ер па здабычы пяску, пабудавалі сучасны асфальтабетонны завод. Ён можа выпускаць 150-160 тон прадукцыі за гадзіну, забяспечваючы высокадакладную дазіроўку на ўсе віды матэрыялаў, што выкарыстоўваюцца. Плюс дазатары для ўвядзення рэчываў, якія паляпшаюць уласцівасці бітуму.

1382784813718_5

Не па тэлефонным званку, а па справядлівасці

Трэба мець на ўвазе, што дарожныя работы выконваюцца за бюджэтныя сродкі, якія павінны расходавацца справядліва. Таму па тэлефонным званку з таго ці іншага населенага пункта распараджэнняў аб асфальтаванні дарог не даецца, зазначыў падчас нядаўняй «прамой ліні» старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён ШАПІРА. Бо гэта несправядліва, калі чалавек дазваніўся да губернатара — і на яго вуліцы паклалі асфальт, а з іншай вёскі не дазваніліся — і не паклалі. Усё павінна рабіцца сумленна. У кожным раёне і абласным цэнтры была створана камісія, якая вызначыла чарговасць рамонту аб'ектаў інфраструктуры, у тым ліку дарог (ад горшых да лепшых), пра што людзі праінфармаваны ў мясцовым друку.

Адзін з важных сёлетніх аб'ектаў у Гродне — капітальная рэканструкцыя вуліцы Будзённага, што вядзе да чыгуначнага вакзала. Мы пабывалі там на завяршальным этапе — укладцы асфальтабетону на аўтапаркоўцы, чым займаліся спецыялісты КУП «Гроднадарожнік». У брыгадзіра Міхаіла Ракава ў гэтай сферы ўжо 32-гадовы стаж. «Работа цяжкая, у любое надвор'е, але ўжо прызвычаіліся, «дэмісезонныя» мы», — усміхаецца Міхаіл Барысавіч.

А вось моладзь не надта хоча працаваць на дарогах, надоўга не затрымліваецца. Хаця ёсць і прыемныя выключэнні. Разам з брыгадзірам працуе яго малады калега Аляксандр Сант, які зусім не збіраецца мяняць прафесію. Кажа, што яму цікава. Што падабаецца? Увесь працэс — як асфальт кладзецца, як з ім «спраўляецца» каток. Аказваецца, і ў такой справе можна ўбачыць не толькі руціну.

У цэлым кадравая праблема ў дарожнай сферы вельмі вострая, нават некаторыя кіруючыя пасады застаюцца вакантнымі. Таму на прадпрыемстве «Гроднааблдарбуд» будуць рады маладым спецыялістам, прадугледзеўшы адпаведныя захады падтрымкі ў калектыўным дагаворы. Іх забяспечваюць інтэрнатам альбо аплачваюць найм жылля, ёсць і гарантыя аднаразовай матэрыяльнай дапамогі. На маладых спецыялістаў распаўсюджваюцца таксама выплаты пры заключэнні шлюбу, нараджэнні дзіцяці і іншыя льготы, закладзеныя ў калектыўны дагавор.

Пры гэтым калі сын альбо дачка работніка «Гроднааблдарбуда» паступае вучыцца на платнай аснове па спецыяльнасці, якая дарожнікам патрэбна, то калектыў можа прыняць рашэнне аплачваць вучобу за кошт сродкаў прадпрыемства. Зразумела, што ў такіх выпадках у дагаворы, які заключаецца з навучальнай установай, прапісваюцца дадатковыя ўмовы для маладога спецыяліста. Калі ён вучыўся за сродкі прадпрыемства, то павінен адпрацаваць там пасля заканчэння ВНУ як мінімум 5 гадоў. Хіба ж не справядліва?

1382784816759_6

Тачка для пяску і лазерны нівелір

Ажыццяўляючы праекты дзеля турыстычнай прывабнасці беларускага памежжа, прадпрыемства «Гроднааблдарбуд» само па сабе з'яўляецца даволі цікавым аб'ектам, які можна ўключыць у турыстычны маршрут. Дакладней, створаны там па ініцыятывебылога намесніка генеральнага дырэктара Барыса САЛАЎЯ музей гісторыі дарог Гродзеншчыны.

Многія інструменты і прыборы, без якіх раней немагчыма было ўявіць дарожную справу, сёння ўжо экзотыка. І тэадаліт, які служыў пры геадэзічных работах яшчэ ў даваенны час, і радыёстанцыя для сувязі з машынамі, якія працавалі ў глыбінцы, і, зразумела, тачка для пяску, піла, якой карысталіся пры будаўніцтве драўляных мастоў ... Сёння тыя ж тэадаліты ўжо электронныя, нівеліры — лазерныя.

Экспазіцыя таксама знаёміць з шырокай гамай матэрыялаў, што выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве і рамонце дарог. Лагічна і тое, што ў музеі прадпрыемства, якое працуе на мясцовых дарогах, прадстаўлены рэчы з побыту мясцовых жыхароў. Можна ўбачыць і прадметы, якія былі знойдзены падчас дарожных работ, у тым ліку ваеннага часу — каскі, патронная скрынка... А на вулічнай пляцоўцы размешчана дарожная тэхніка, якая, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, можа працаваць і сёння.

Дарэчы, у перспектыве музейная экспазіцыя можа стаць яшчэ больш змястоўнай і цікавай. Гэтыя задумкі, мажліва, ажыццявяцца да 70-гадовага юбілею прадпрыемства «Гроднааблдарбуд», які будзе адзначацца ў наступным годзе.

Алена ДАЎЖАНОК, Барыс ПРАКОПЧЫК. Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.
УНП 500036511

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».