Вы тут

Не хочаце нічога? У вас дэпрэсія


Скасаваны шлюб, канфлікт на працы, праблемы з грашамі — падобныя жыццёвыя крызісы здараюцца ледзь не з кожным. Паняцце «крызісу» ў псіхалогіі азначае кароткачасовы сапсаваны настрой, пры якім, як правіла, не патрабуецца медыцынская дапамога. Смутак, сум і нават адчай — нармальныя спадарожнікі жыцця. Галоўнае, як доўга яны побач з намі застаюцца і ці здараюцца паміж імі «прасветы».

1382784851843_26-13

Працяглы, паталагічна зніжаны настрой можа ўказваць на наяўнасць дэпрэсіі. Апошняя нярэдка развіваецца і без канкрэтнай псіхалагічнай прычыны, аднак далейшае парушэнне пэўных псіхічных функцый запатрабуе медыцынскага ўмяшання. Усё таму, што дэпрэсія — гэта захворванне. Як гіпертанія або артрыт. Вельмі важ-на, што гэта адно з самых распаўсюджаных псіхічных расстройстваў добра паддаецца лячэнню.
Жанчыны пакутуюць ад дэпрэсіі прыкладна ў 2 разы часцей за мужчын. Верагоднасць таго, што чалавек на працягу жыцця перанясе хоць бы адзін дэпрэсіўны эпізод, для жанчын складае 20 працэнтаў, а для мужчын — 10. Узнікнуць такое захворванне можа ў любым узросце, аднак часцей за ўсё прыпадае на 30-40 гадоў. Хварэць могуць людзі самага рознага ладу жыцця і сацыяльнага становішча. Ніякія дасягненні і поспехі не з'яў-ляюцца падстрахоўкай ці гарантам пазбягання падобнай непрыемнасці.

Адкуль яна бярэцца?

1. Біялагічныя прычыны
(асаблівасці абмену рэчываў у галаўным мозгу)
2. Псіхалагічныя прычыны
(псіхічная траўма, асаблівасці паводзін і мыслення, адносіны з навакольнымі і інш.).
— Біялагічнай асновай узнікнення дэпрэсіі лічыцца парушэнне абмену рэчываў у мозгу — перадатчыкаў нер-вовых імпульсаў (сератаніну і норадрэналіну), — кажа ўрач-псіхіятр Мінскага гарадскога псіханеўралагічнага дыспансера Міхаіл ЛАГУЦЁНАК. — Пры дэпрэсіях зніжаецца іх колькасць у месцах злучэння нервовых тка-нак. Дэпрэсія ў блізкіх сваякоў павышае ў вас верагоднасць развіцця такога стану на працягу жыцця. Аднак верагоднасць узрастае і пры наяўнасці шэрагу саматычных захворванняў. У некаторых выпадках вызначаль-нымі становяцца цяжкія жыццёвыя абставіны — хвароба і смерць блізкага чалавека, страта сацыяльнага ста-тусу, канфлікты. У большай ступені схільнасць да дэпрэсіі маюць людзі з пэўным складам характару і мыслен-ня...

Погляд збоку

1. Зніжаны настрой. Сам чалавек называе гэта сумам, тугой, апатыяй і г.д. З дня ў дзень ён адчувае сябе пад-аўленым. Думкі вяртаюцца да памылак, непрыемнасцяў, бессэнсоўнасці жыцця.
2. Усё пустое. Рэчы і заняткі, якія раней прыносілі задавальненне, ужо не з'яўляюцца такімі.
3. Выціснуты лімон. Нізкая актыўнасць, затарможанасць. Нежаданне ўставаць з ложка, ісці на працу.
4. Нізкая самаацэнка. Страта ўпэўненасці ў сабе, пачуццё віны. «Я дрэнны муж, бацька, работнік».
5. Неахайны выгляд. Пашыраныя зрэнкі, патухлы позірк, бледны твар, «пераключэнне» на чорны колер у адзенні.
6. Блытаныя думкі. Канцэнтрацыя ўвагі зніжаецца, мысленне запавольваецца, адчуванне ўласнай дурнава-тасці.
7. Не да ежы. Апетыт і задавальненне ад ужывання нават самых любімых раней прадуктаў знікаюць.
8. Зніжэнне лібіда. Страта цікаўнасці да сексу.
9. Парушэнне сну. Абуджэнне на 2 гадзіны раней, чым звычайна.
10. Гэта не жыццё. Думкі пра смерць і самагубства.
11. Цела баліць. Цяжар у галаве, мышачная слабасць.

Каб праясніць сітуацыю, псіхолагі рэкамендуюць задаць сабе адпаведныя пытанні:

- Мой настрой зніжаны?
- Якія рэчы дастаўлялі мне задавальненне раней і цяпер?
- Я перажываю стан бяссілля і павышанай стомленасці?
- Мне цяжка прымаць рашэнні?
- Я адчуваю віну?
- Як я выглядаю?

Дэпрэсія — сур'ёзнае захворванне, і яго трэба лячыць. Лячэннем займаюцца псіхіятры і псіхатэрапеўты, ад-нак дапамогу аказваюць і прадстаўнікі некаторых іншых урачэбных спецыяльнасцяў. Асноўнымі метадамі бу-дуць антыдэпрэсанты і псіхатэрапія. Сваю эфектыўнасць антыдэпрэсанты паказваюць не раней як праз 2-3 тыдні прыёму. Больш поўна яна праяўляецца праз 6-8 тыдняў.
Зразумела, ні ў якім разе нельга прыбягаць у такім стане да штучнай стымуляцыі настрою — транквілізатараў ці алкаголю. Гэта пагражае не толькі ўзнікненнем новай праблемы — залежнасці, аднак менавіта пад уздзе-яннем такой стымуляцыі часцей ажыццяўляюцца спробы самагубства.

Дапамажы сабе сам

Сутыкнуліся вы з дэпрэсіяй ці не — не забывайцеся на некалькі простых і дзейсных правілаў.

1. Плануйце свае справы. Можна весці дзённік.
2. Любіце сябе і ўзнагароджвайце за любыя поспехі.
3. Не заставайцеся ў адзіноце. Дзяліцеся з блізкімі тым, што вас хвалюе.
4. Не разлічвайце на напоі з градусам. Пры злоўжыванні алкаголь толькі дадае праблем.
5. Чытайце лёгкую, папулярную літаратуру.
6. Не стаўцеся сур'ёзна да таго, што адбываецца ў сацыяльных сетках.
7. Памятайце, што стан, з якім вы сутыкнуліся, абавязкова пройдзе.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.