Вы тут

Фестываль класа “А”


Кіна- або тэатральны форум, у праграме якога прадстаўлены лепшыя дасягненні сучаснага мастацтва ў пэўнай галіне, адносіцца катэгорыі клас “А”. Як мяркуюць спецыялісты, сёлетні “ТЭАРТ” цалкам адпавядае такім патрабаванням. Акрамя таго, ён выконвае шэраг місій, надзвычай важных для беларускага грамадства.

ТЭАРТ

Місіі — выканальныя!

З 2011 года, калі прайшоў першы форум, “ТЭАРТ” імкнецца пазнаёміць айчынных гледачоў з найлепшымі ўзорамі сусветнага тэатральнага мастацтва. На першы погляд, такую ж мэту ставяць перад сабой і арганізатары шэрагу іншых форумаў. Але існуе асаблівасць, уласцівая менавіта беларускаму культурнаму працэсу.

У ХХ стагоддзі айчынны тэатр развіваўся ў рэчышчы агульнасавецкіх тэндэнцый (прычым беларускія спектаклі годна выглядалі на фоне пастановак маскоўскіх і ленінградскіх калектываў). Тэатральнаму мастацтву СССР было ўласціва дамінаванне прынцыпаў псіхалагічнага тэатра. Для сусветнага мастацтва апошні з’яўляецца толькі адным з кірункаў (хай сабе і вельмі запатрабаваным). Але беларускі тэатр, на жаль, затрымаўся ў мінулым і абсалютызаваў ідэі Станіслаўскага.

Таму ў прэзентацыйнай функцыі можна вылучыць дзве місіі. Першая — знаёмства з лепшымі замежнымі спектаклямі, пастаўленымі ў рэчышчы псіхалагічнага тэатра. Іх прагляд дапаможа параўнаць, а потым усвядоміць, якая архаіка часам ідзе на сталічнай сцэне. Але прагляд такой пастаноўкі (нават самай выбітнай) з’яўляецца адкрыццём новай планеты ў межах той самай тэатральнай галактыкі, у якой мы існуём. Таму другая місія — прагляд спектакляў, пастаўленых у зусім іншай эстэтыцы. Яна дапамагае адкрыць іншую галактыку і зразумець яе законы. Мяркую, спробам ажыццявіць гэтыя місіі была падпарадкавана сёлетняя праграма.

Падчас яе ўвасаблення арганізатары форуму сутыкнуліся з праблемай пляцовак. Бо сцэны шэрагу стацыянарных тэатраў не адпавядалі тэхнічным патрабаванням гасцей. Выйсце знайшлі ў пашырэнні геаграфіі: сёлета спектаклі адбываліся акрамя звыклых пляцовак у кластары МЕ100, Цэнтры сучасных мастацтваў, на Black Box сцэне Новага драматычнага тэатра і нават у спартыўным комплексе “Дынама”. Такім чынам ствараецца плацдарм для наватарскіх пастановак айчынных рэжысёраў, якія могуць прэзентавацца ўжо пасля завяршэння “ТЭАРТу”.

Але перад дырэкцыяй форуму паўстала яшчэ адна задача. Не сакрэт, што прыклады сучаснага мастацтва, убачаныя на міжнародных фестывалях, часта хвалююць толькі крытыкаў і тэарэтыкаў. А практыкі хутка вяртаюцца ў звыклую сістэму каардынат. Таму ТЭАРТаўская каманда зрабіла спробу ўкараніць навацыі ў нашы рэаліі.

Беларуская праграма

Айчынны блок — бадай што абавязковая частка ў праграмах айчынных фестываляў. Галоўнае адрозненне ў працягласці і колькасці назваў у афішы. Напрыклад, падчас мінулага “ТЭАРТ” беларуская праграма абмяжоўвалася спектаклямі “Амазонія” і “Ладдзя Роспачы”. Уключэннем у сёлетнюю афішу паўнавартаснага блока з 5 твораў дырэкцыя на чале з А. Крашэўскай вырашала какрэтныя мэты. Зацікавіць гледача айчыннай прадукцыяй (п’есамі, напісанымі беларускімі драматургамі і пастаўленымі з удзелам нашых рэжысёраў). Прымусіць яе параўноўваць з замежнымі пастаноўкамі. А таксама вывесці беларускія эксперыментальныя пастаноўкі на сцэну. Усе названыя мэты былі вырашаны.

Праўда, на агульную ацэнку беларускай праграмы паўплывалі і іншыя акалічнасці. Галоўная — абмежаванасць часу, адведзенага на падрыхтоўку прэм’ер. Напрыклад, на ўспрыманне спектакля “PATRIS” Цэнтра візуальных і выканаўчых мастацтваў адбілася ненастроенасць тэхнічнага абсталявання: дрэнная якасць відэа, праблемы з гукам. Пастаноўка ўспрымалася як не да канца дапрацаваная. Міжволі ўзнікалі паралелі са знакамітымі “Антыцеламі” Балтыйскага дома-фестывалю (спектакль, які пашчасціла ўбачыць на апошняй “Белай Вежы”). Бо падчас прагляду цалкам верылася ў натуральнасць пераўвасаблення выканаўцаў. А вось у пастаноўцы “PATRIS”, на жаль, прысутнічала ўсведамленне, што перад табой акцёры, а зусім не людзі, якіх яны ўвасаблялі.

Другая праблема звязана з тым, што прадказаць узровень прэм’ерных спектакляў загадзя немагчыма. Таму іх мастацкі вынік атрымаўся розным. Напрыклад, спектакль “Кароткачасовая”, які таксама з’яўляўся прадукцыяй Цэнтра, быў заснаваны на дыялогах паміж сынам і бацькам (апошні мае праблемы з памяццю). Рэжысёр С. Александроўскі запісаў на стужку галасы 50 дуэтаў, якія манатонна гучаць праз розныя навушнікі (гледачы маглі імі мяняцца). Такое рашэнне пераўтварае гісторыю з прыватнай у грамадскую, а таксама сведчыць, што яна магла адбыцца ў розных сем’ях. Але рэжысёр так і не знайшоў далейшых хадоў для развіцця цікавай задумы. Таму пастаноўка, на жаль, засталася на ўзроўні ўдалага прыёму. У дачыненні да “Кароткачасовай” можна сказаць, што атмасфера яе чакання пакуль пераўзышла канчатковае ўражанне.

А вось са спектаклем “Рамонт” тэатра “INZHEST” — адваротная сітуацыя. Аўтар ідэі і рэжысёр В. Іназемцаў перанёс падзеі рамонту са сцэны ў залу (гледачы сядзелі на сцэне). Пастаноўка прывабіла стыльнасцю, надзвычай багатай пластыкай, якую дэманстравалі выканаўцы, а таксама неверагодным багаццем светлавой партытуры. Дзякуючы фантазіі пастановачнай групы зала ператварылася ў загадкавы свет багны. Але склалася ўражанне, што В. Іназемцаву крыху здрадзіла пачуццё меры. Бо матэрыялу, выкарыстанага ў “Рамонце”, хапіла б як мінімум на некалькі спектакляў.

Зразумела, факт прэм’еры міжволі стварае ажыятаж і спрыяе распаўсюджванню квіткоў. Прыезд запрошаных рэжысёраў прасцей звязаць з тэрмінамі форуму. Да таго ж наяўнасць у афішы эксклюзіўных прэм’ер уздымае ўзровень “ТЭАРТу”. Але, магчыма, у далейшым варта ладзіць прэм’еры загадзя (хай для вузкага кола: крытыкаў ці дырэкцыі), каб пабачыць, ці варта паказваць іх на форуме.

Зрэшты, ад спектакляў, пастаўленых вядомымі рэжысёрамі, заўжды чакаеш мастацкага выніку. А вось на стадыі эксперыменту куды больш істотны працэс пошукаў. А ён, безумоўна, меў месца.

“Залатая маска”

Асобны блок спектакляў звязаны з “Залатой маскай”, самай прэстыжнай тэатральнай прэміяй Расіі. Анастасія Святлова, выканаўца галоўнай ролі ў пастаноўцы “Кацярына Іванаўна” Тэатра драмы імя Ф. Волкава (Яраслаўль), у 2011-м атрымала спецыяльную прэмію журы “Маскі”. Але саму пастаноўку, на жаль, можна назваць слабым звяном у асноўнай праграме.

А вось “Лір” (пастаноўка санкт-пецярбургскага тэатра “Прытулак Камедыянта”) падаўся самым спрэчным элементам сёлетняга “ТЭАРТу”. Рэжысёр К. Багамолаў перанёс дзеянне трагедыі Шэкспіра ў Маскву сталінскіх часоў. У цэнтры яго ўвагі хворае савецкае грамадства, якое, нібы крамлёўская сцяна (асноўны элемент сцэнаграфіі) разбураецца літаральна на вачах у гледачоў. Вельмі паказальным з’яўляецца вобраз Ліра (яго ролю выконвае Роза Хайруліна, якая перамагла на сёлетняй “Залатой масцы” ў намінацыі “Лепшая жаночая роля”), што выклікае асацыяцыі адразу з некалькімі савецкімі кіраўнікамі. У розныя моманты кароль нагадвае сваім дэспатызмам Сталіна, валюнтарызмам — Хрушчова, дзівацтвам — Брэжнева, прычым эвалюцыя выглядае надзвычай натуральна і пераканаўча. У жыцці Ліра адбіваецца ўся савецкая гісторыя, а ён становіцца сімвалам краіны.

Спектакль “Доўгае жыццё” Новага рыжскага тэатра ў 2007-м перамог на “Залатой масцы” як лепшы замежны спектакль, паказаны ў Расіі. Рэжысёр А. Херманіс вывеў на сцэну пяць старых, якія дажываюць свой век у інтэрнаце. Іх жыццё, пераказанае праз неверагодна дасціпныя, камедыйныя і віртуозна выканананыя эцюды (дарэчы, увасобленыя маладымі выканаўцамі), выклікала асацыяцыю з творам А. Салжаніцына “Адзін дзень Івана Дзянісавіча”. Так, падзеі “Доўгага жыцця” таксама распавядаюць пра адзін дзень, з ранку да вечара. Але больш істотна, што пісьменнік і рэжысёр вядуць гаворку пра звычайныя, а не трагічныя дні ў жыцці сваіх герояў. Але такіх дзён былі сотні, калі не тысячы! Да таго ж, раней ці пазней старыя з пастаноўкі А. Херманіса могуць дайсці да стану фізічнай немачы. Можа таму спектакль успрымаецца надзычай жыццесцвярджальна: як гісторыя людзей, якія імкнуцца быць шчаслівымі ў любым ўзросце і ўмовах.

Што да “Добрага чалавека з Сезуана” Маскоўскага тэатра імя А. , дык сёлетняя прэм’ера ўжо цяпер лічыцца адным з фаварытаў у будучай “Залатой масцы”. У свой час п’еса Б. Брэхта стала культавай пасля яе пастаноўкі Ю. Любімавым (нагадаю, менавіта “Добрым чалавекам” адкрыўся тэатр на Таганцы). Рэжысёр Ю. Бутусаў прадставіў уласную, не менш актуальную версію. У яго інтэрпрэтацыі падарунак багоў, якія аддзячылі прастытутцы Шэн Тэ за магчымасць пераначаваць, успрымаецца як шанцаванне або лёс, а не свядомае ўмяшанне ў зямныя справы. Нездарма багі нават не з’яўляюцца на сцэне. Зварот да іх — хутчэй абстрактны пошук справядлівасці, а не праява веры. Адначасова падарунак становіцца прысудам для Шэн Тэ, якая вылучаецца са свайго звыклага мяшчанскага асяроддзя, абыякавага да чужых праблем. Бо калі ў гераіні не хапае моцы пераўтварыцца ў свайго брата, жорсткага Шуй Та, высвятляецца, што дапамагчы ёй не можа ніхто. Гісторыя Шэн Тэ сімвалізуе чалавечую адзіноту. А фінальны крык з просьбай пра дапамогу ўспрымаецца як прысуд індывідуалізму, уласціваму сённяшняму грамадству.

Антычнасць і наш час

На маю думку, галоўным упрыгожаннем форуму стала “(А)палонія” варшаўскага Новага тэатра, створаная рэжысёрам К. Варлікоўскім на аснове п’ес Еўрыпіда, Эсхіла і сучаснай польскай пісьменніцы Ханны Краль. Назву спектаклю дала п’еса апошняй. Апалонія — імя жанчыны, якая падчас Другой сусветнай вайны хавала ў сваім доме яўрэяў. Яе прысудзілі да смерці, але дазволілі яе бацьку ўзяць віну на сябе. Той адмовіўся, і Апалонію расстралялі. К. Варлікоўскі знаходзіць падобную сітуацыю ў старажытнагрэчаскіх міфах (напрыклад, Агамемнан прыносіць у ахвяру сваю дачку Іфігенію). Такім чынам ён прымушае думаць пра пазачасаваць праблемы і адначасова праводзіць паралелі паміж “тым” і цяперашнім часам. Акрамя таго, слова “Палонія” можа азначаць як “Польшча”, так і дыяспара, якая жыве за межамі краіны. Такім чынам, гаворка ідзе пра ўсіх палякаў.

Спалучаючы прыёмы псіхалагічнага, дакументальнага і лялечнага тэатра, а таксама ўключаючы ў спектакль дадатковыя сродкі ўздзеяння (напрыклад, рок-канцэрт), К. Варлікоўскі стварае грандыёзнае, эпічнае палатно. Ён вядзе гаворку пра калектыўную адказнасць людзей (у тым ліку палякаў) за падзеі Халакосту і пра неабходнасць пакаяння.

 

Прэзентацыя будучыні

На пачатку артыкула ішла гаворка пра шэраг місій, якія стаяць перад “ТЭАРТам”. Напрыканцы надышоў час згадаць яшчэ пра адну: форум закладвае грунт для змен у будучыні. Для чаго яны патрэбныя?

У “(А)палоніі” меў месца эксперымент з тэкстам і выкарыстанне ў пастаноўцы матэрыялаў розных твораў. Заўважце: амаль ніхто з айчынных рэжысёраў не ідзе такім шляхам. Калі не лічыць крыху механічнай, а таму не вельмі ўдалай спробы А. Карпава-малодшага сумясціць Т. Уільямса з Ж. Както (спектакль “Салодкагалосая птушка… з Чалавечым голасам” у Рускім тэатры, які ўжо сышоў з рэпертуару), адзіным выключэннем застаецца творчасць Б. Луцэнкі (напрыклад, яго апошняя пастаноўка “Аракул?..”).

Але паслядоўнікаў у яго няма і ў бліжэйшым часе не з’явіцца. Сувязь паміж пакаленнямі страчана (або, кажучы словамі Б. Пастарнака з яго вольнага пераўвасаблення “Гамлета”: “Порвалась дней связующая нить”). Большасць айчынных рэжысёраў 40 — 50 гадовага ўзросту (тыя, хто мусяць знаходзіцца ў росквіце сваіх сіл і ўвасабляць сённяшні ўзровень тэатра) не жадаюць ісці шляхам эксперымента. Частка з іх не разумее каштоўнасці замежных пастановак. Другія ў сто першы раз дэкларуюць вернасць псіхалагічнаму тэатру. Трэція балансуюць на мяжы забаўляльнасці. А спробу чацвёртых спыняе абыякавасць артыстаў, адсутнасць фінансавання або неабходнасць запаўняць залу.

Змены можа ажыццявіць студэнцкая моладзь з Акадэміі мастацтваў, якую арганізатары свабодна пускалі на спектаклі. Магчыма, іх маладое, больш схільнае да навацый мысленне зможа ўспрыняць убачанае і выкарыстаць яго ў айчынным кантэксце. Такім чынам, “ТЭАРТ”, па вялікім рахунку рыхтуе новае пакаленне айчынных рэжысёраў, гледачоў і крытыкаў. А тым самым уплывае на будучыню беларускага тэатра.

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ,
фота Аляксандра Дзмітрыева

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.