Вы тут

Які ён, беларускі нацыянальны эпас?


Паняцце “эпас” акрамя звыклага значэння “адзін з трох родаў мастацкай літаратуры” (В. Рагойша) утрымлівае ў сабе таксама іншы сэнс і выкарыстоўваецца для абазначэння розных тыпаў літаратурных твораў, пры гэтым у розных даведачных выданнях часам да тэрміна “эпас” дадаюцца азначэнні “гераічны”, “народны”.

Тарасава

Літаратуразнаўчы энцыклапедычны слоўнік тлумачыць гераічны эпас наступным чынам: “Гераічны аповед пра мінулае, які змяшчае цэласную карціну народнага жыцця і паказвае ў гарманічным адзінстве пэўны эпічны свет і герояў-волатаў. … Часам гераічны эпас называюць народным”.

Але яшчэ раней рускім вучоным фалькларыстам Уладзімірам Пропам сцвярджалася: “Прыкмета гераічнага зместу з’яўляецца вырашальнай толькі ў спалучэнні з іншымі прыкметамі эпасу”.

Беларускі даследчык Вячаслаў Рагойша ўказвае: “Эпас народны — фальклорныя творы казачна-легендарнага зместу, якія адлюстроўваюць цікавыя, важныя для народа гістарычныя падзеі: эпапея, быліна, дума, гістарычная песня, балада, казка, паданне”. Пры гэтым далей ім адзначаюцца ў якасці ўзораў эпасу і такія творы, як “Манас”, “Калевала” і некаторыя іншыя.

Як сведчаць пададзеныя азначэнні, у даведачнай літаратуры практычна адсутнічае паняцце “нацыянальны эпас”, у той жа час многія сучасныя літаратуразнаўчыя крыніцы карыстаюцца ім. А многія з вядомых літаратурных помнікаў сярэднявечнай літаратуры і літаратуры пазнейшага часу пазначаюцца менавіта такім паняццем. Гэта можа тлумачыцца не толькі недастатковай распрацоўкай праблемы, але і рознымі жанрава-відавымі формамі, якія прадстаўляюць нацыянальныя ўзоры эпасу.

Даследчыцай Тамарай Чабан у дачыненні да прадмета гаворкі некалі было трапна адзначана: “Нацыянальны эпас — гэта тое духоўнае ядро, вакол якога фарміруецца і ўтрымліваецца нацыя, народ. У ім закадзіраваны… мінулае народа і яго будучыня, тыя духоўныя каштоўнасці, арыенціры ў сусвеце, якія вызначаюць яго непаўторнасць, адметнасць гістарычнага шляху”. Гэта, магчыма, і ёсць тая характэрная рыса, якая аб’ядноўвае вельмі розныя па часе стварэння, па сваіх мастацкіх адзнаках жанравай форме ўзоры нацыянальнага эпасу. Няма народа, які не захаваў бы ў сваёй памяці ўспамін пра гераічнае мінулае.

Згадваючы сусветна вядомыя помнікі нацыянальнага эпасу ў еўрапейскіх і іншых літаратурах, нескладана ўбачыць некалькі агульных заканамернасцей: яны ствараліся ў атмасферы найвышэйшага патрыятычнага ўздыму, у час актывізацыі вызваленчай барацьбы, станаўлення незалежнасці. У значнай ступені грамадскімі працэсамі абумоўлена з’яўленне латышскага нацыянальнага эпасу “Лачплесіс”, а таксама карэла-фінскай “Калевалы” і інш. Часта ў такіх творах знаходзяць адбітак тыя знакавыя гістарычныя падзеі, якія нацыяй прызнаюцца як вызначальныя ў яе гістарычным станаўленні. Пры ўсім гэтым нацыянальны эпас з’яўляўся на аснове арганічнага спалучэння гістарычнай канкрэтыкі з міфамі, легендамі, фальклорнымі вобразамі, у якіх адбіліся ідэалы і ўяўленні народа, маральна-этычныя каштоўнасці, якімі спрадвеку жыла нацыя.

У той жа час навукоўцамі прызнана, што нацыянальны эпас — гэта не непасрэдны набытак вуснай народнай творчасці. Гісторыя не захавала імені стваральнікаў, напрыклад, нацыянальнага французскага эпасу “Песня аб Раландзе” ці кіргізскага “Манас”, але аўтарскі пачатак у гэтых творах праяўляецца дастаткова выразна. Не ў меншай меры прызнаецца заслуга вядомых аўтараў нацыянальнага эпасу — Эліяса Лёнарта ў фінскай літаратуры, Андрэя Пумпура ў латышскай.

Большасць твораў нацыянальнага эпасу дайшла да нас у форме гераічнай паэмы, што і дае падставу меркаваць пра яго наяўнасць у культуры пэўнага народа менавіта па гэтым жанры. Але ж у асобных літаратурах свету не захавалася ці зусім не заявіла пра сябе такая жанравая форма, што ў сваю чаргу ставіць пытанне пра наяўнасць нацыянальнага эпасу, напрыклад, у польскай, кітайскай, японскай, і ў тым ліку беларускай літаратурах.

У дачыненні да нашай сітуацыі ў свой час выказалася Тамара Чабан: “Некаторыя пісьменнікі, гісторыкі, фалькларысты лічаць, што беларускі нацыянальны эпас быў калісьці мацерыком — цэласнай, арыгінальнай з'явай, але з-за неспрыяльных варункаў гістарычнага развіцця народа, немагчымасці яго запісу распаўся на асобныя астраўкі, захаваўся ў казках, легендах, паданнях, у старых летапісах… У беларускай літаратуры жыве мара пра ўзнаўленне нацыянальнага эпасу”.

Паводле згадкак навукоўцаў (Вячаслаў Рагойша, Тамара Чабан), думка пра стварэнне нацыянальнага эпасу выказвалася яшчэ Якубам Коласам, паэмы якога ў пэўнай меры і сталі своеасаблівай формай рэалізацыі гэтай задумы.

Прымаючы папярэдняе сцвярджэнне, хочацца звярнуць увагу не толькі на асаблівасці гістарычнага развіцця беларускага народа, якія, безумоўна, паклалі адбітак на развіццё нацыянальнай культуры, але і на праявы ўнутрана-мастацкіх заканамернасцей, без якіх наўрад ці змаглі б быць рэалізаванымі ў існуючых гістарычных абставінах творчыя задумы.

Беларуская літаратура, як і ўсе іншыя, мела перад сабой не ў меншай меры багатую эпічную традыцыю, якая прадстаўлялася рознымі эпічнымі жанрамі: казкамі, паданнямі, часткова баладамі і былінамі, гістарычнымі песнямі. У XV — XVI стагоддзях беларусы былі ў значнай меры блізкімі да стварэння магчымых узораў нацыянальнага эпасу. Гэтым часам і пазначаецца з'яўленне першых беларускіх твораў паэмнага жанру. Але ж па сваёй жанравай прыродзе яны ўжо далёка не тыя гераічныя паэмы, што ўзніклі ў французскай, англійскай ці нямецкай літаратурах. Творы Яна Вісліцкага, Міколы Гусоўскага ўяўляюць сабой ужо новы ўзор сінтэзаванага паэмнага жанру. Такое было магчыма пры ўмове існавання сфарміраванай творчай традыцыі больш даўняга паходжання, у межах якой і маглі знаходзіцца яркія ўзоры матываў, вобразаў і мастацкіх формул, што былі выкарыстаны пісьменнікамі новага часу. Вось да гэтага можна дадаць асаблівыя сацыяльна-гістарычныя варункі, у якіх працягвала сваё развіццё беларуская літаратура. Адсутнасць адзінай аб'яднаўчай ідэі для народа, дзяржаўную нявызначанасць, безумоўна, нельга назваць спрыяльнымі ўмовамі для стварэння нацыянальнага эпасу. Своеасаблівасць яго якраз і заключаецца ў тым, што «патрэбен цэласны вобраз Айчыны, нацыянальная ідэя, духоўны стрыжань, вакол якога і зможа гуртавацца народ» (Тамара Чабан). У беларускай мастацка-культурнай прасторы гэта ўсё з'явіцца пазней, у пачатку ХХ стагоддзя. Вынікам працэсу і стане стварэнне Якубам Коласам паэмы “Новая зямля”, у якой па-свойму, у вызначанай нацыянальнай традыцыі, будуць праяўляцца рысы нацыянальнага эпасу. Да стварэння яго спрычыніліся і Янка Купала, і Максім Багдановіч, пісьменнікі пазнейшых часоў, безумоўна, і Уладзімір Караткевіч. Нацыянальным эпасам беларусаў па праве называюць “Палескую хроніку” Івана Мележа, хаця гэты твор належыць зусім да іншай, не паэмнай жанравай формы.

Стварэнне нацыянальнага эпасу працягваецца новымі пакаленнямі пісьменнікаў. І не толькі ў беларускай літаратуры.

У 1994 годзе выйшла кніга “Мастарава” — узор гераічнага эпасу народнасці эрзя і мокша, што насяляюць тэрыторыю сучаснай Мардовіі. Гэты твор адразу прыцягнуў увагу шматлікіх даследчыкаў. Кнігу “Мастарава” вучоныя ставяць у адзін шэраг са знакамітай “Калевалай”, а яе складальніка Аляксандра Маркавіча Шаронава называюць “эрзянскім Лёнартам”.

Тым не менш варта падкрэсліць: наўрад ці будзе рэальна неабходным стварэнне нацыянальнага эпасу толькі паводле яго папярэдніх узораў. Яшчэ Уладзімірам Пропам было заўважана: “…можа быў і сапраўды існуе пераход да новых форм існавання эпасу пры адміранні старых”.

Таму перад сучаснымі даследчыкамі літаратуры ставіцца дакладная і вельмі важная задача: — прасачыць за зменамі ў рэчышчы нацыянальнага эпасу, вызначыць сённяшнія, адпаведныя часу, формы яго бытавання. З’яўленне новых узораў нацыянальнага эпасу ў культуры таго ці іншага народа сведчыць не толькі пра яго гераічнае мінулае, але і пра яго жыццяздольнасць у сучаснасці.

Святлана ТАРАСАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».