Вы тут

Добрае месца на восень жыцця


Цi хутка беларускiя пенсіянеры змогуць жыць на камфортных i ўтульных «вiлах»?

Большасць сем'яў iмкнуцца самi клапацiцца пра сваiх састарэлых бацькоў. Але, пакiдаючы iх адных дома, пакуль самi знаходзяцца на працы, трывожацца: як там яны адны? Цi змогуць падагрэць абед, цi не забудуць выключыць плiту? Для часткi з iх праблема цяпер вырашана: учора ў Мiнску ў Фрунзенскiм раёне адкрылася першае аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых. Цяпер старых бацькоў можна будзе пакiнуць там, як у дзiцячым садку, а ўвечары забраць дадому.

1383036922164_29-27

Дзецi на працу, а пажылыя бацькi — у «дзiцячы сад»

— У аддзяленне мы будзем браць людзей пенсiйнага ўзросту, тых, хто мае патрэбу ў доглядзе i па стане здароўя не можа знаходзiцца дома адзiн, — кажа намеснiк старшынi камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама Iрына Дудка. — Iх дзецi, як правiла, працуюць. I для таго, каб яны не былi вымушаны змяшчаць бацькоў у дом-iнтэрнат альбо кiдаць працу, каб пажылы чалавек жыў побач са сваякамi, у родных сценах, i ствараюцца такiя аддзяленнi.

Ранiцай дзецi будуць прывозiць сюды пажылога чалавека, альбо, па дамоўленасцi, для яго дастаўкi ў аддзяленне будзе выкарыстоўвацца служба сацыяльнага таксi. На працягу дня для такiх людзей будзе запланавана i забаўляльная праграма, i адпачынак, i гутаркi з псiхолагамi. Будуць працаваць гурткi па iнтарэсах, студыi.

Працягласць знаходжання ў такiм аддзяленнi на працягу дня будзе залежаць ад жадання самога старога чалавека i яго сваякоў i вар'iравацца ад некалькiх гадзiн да цэлага дня. Пакуль такое аддзяленне будзе працаваць да 18 гадзiн, але, калi будзе вывучаны попыт, не выключана, што часовыя рамкi змесцяць да 20 гадзiн, гавораць спецыялiсты.

Прапрацоўваецца i пытанне забеспячэння старых харчаваннем — з дапамогай камбiнатаў школьнага харчавання або аб'яднання «Вiтамiн», якое гатуе ежу для бальнiц. «Там гатуюць збалансаваную ежу, забяспечваюць зручную форму дастаўкi i прымальныя кошты», — кажа Iрына Дудка.

Па жаданнi сваякоў можна будзе браць ежу i з сабой. У аддзяленнi прадугледжаны бытавы пакой, дзе маецца плiта, халадзiльнiк, мiкрахвалеўка. Супрацоўнiкi цэнтра дапамогуць разагрэць ежу, пры неабходнасцi могуць пакармiць пажылога чалавека.

— Супрацоўнiкаў у аддзяленнi будзе няшмат, будзем прыцягваць да працы валанцёраў, — дзелiцца планамi намеснiк старшынi камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне. — У нашых тэрытарыяльных цэнтрах ужо адкрыта шмат клубаў, гурткоў па iнтарэсах, i мы думаем, што людзi старэйшага пакалення, тыя, хто актыўныя, хто наведвае такiя гурткi i яшчэ поўныя сiл i энергii, самi могуць выступаць у якасцi валанцёраў. У нас нават ёсць такi праект — «Пажылыя — старым».

«Дзiцячы сад для старых» будзе працаваць на гасразлiковай аснове. Да канца года ў Мiнску плануецца адкрыць такiя ж аддзяленнi ў Маскоўскiм, Першамайскiм i Партызанскiм раёнах.

* * *

Гэта не новая форма работы — нашы спецыялiсты пераймаюць сусветны вопыт. Так, у Германii такiя «дзiцячыя сады» для пажылых iснуюць ужо не першы год. Нярэдка яны ўваходзяць у склад iнтэграваных амбулаторных сацыяльных цэнтраў. Карэспандэнту «Звязды» ўдалося наведаць адзiн з iх — так званую вiлу «Альбрэхт», якая ўключае ў сябе, апроч такога «дзiцячага сада» для старых, 29 прыстасаваных спецыяльна для пажылых людзей кватэр, а таксама дзве групы сумеснага пражывання для людзей з дэменцыяй i дыспансер для амбулаторнага догляду.

— Што тычыцца Цэнтра дзённага знаходжання, ён у нас адкрыты кожны дзень i дазваляе разгрузiць сваякоў, калi чалавек жыве не адзiн. Калi чалавек адзiнокi, цэнтр дае яму магчымасць сустрэцца i пагутарыць з iншымi людзьмi, — распавядае кiраўнiк службы па арганiзацыi пражывання пажылых людзей Андрэ Шпон. — У нас ёсць уласная транспартная служба. Сваiх наведнiкаў мы збiраем ранiцай, а ў 16 гадзiн развозiм па дамах.

Тут, у самым вялiкiм памяшканнi, збiраюцца на абед. Тут жа праходзяць усе грамадскiя мерапрыемствы, — паказвае нам велiзарную залу Андрэ. — А пры неабходнасцi кожны госць (так супрацоўнiкi называюць сваiх пажылых падапечных) можа адпачыць у асобным пакоi. Акрамя таго, часта ў хатнiх умовах сваякам цяжка пасадзiць пажылога чалавека ў ванну, дапамагчы яму памыцца. У нас з гэтым усё прасцей, бо тэрыторыя цалкам безбар'ерная.

Знаходжанне ў дзённых цэнтрах выплачваецца са сродкаў страхавання на выпадак неабходнасцi догляду. Хоць часам чалавеку прыходзiцца даплочваць i з уласнай кiшэнi, але грошы гэта невялiкiя.

«Нiякiх дамоў састарэлых — мы жывём на вiле!» — кажуць нямецкiя старыя...

Дарэчы, першапачаткова будынак вiлы «Альбрэхт» служыў звычайным домам для састарэлых, якi належаў Чырвонаму Крыжу. Тут жылi пажылыя людзi, якiх традыцыйна даглядалi супрацоўнiкi. Але новы час патрабуе новых стандартаў. Таму на яго базе было вырашана зрабiць нешта сучаснае, з прадастаўленнем максiмальных свабод людзям, якiя будуць тут жыць. Будынак быў пераабсталяваны. Цяпер гэта цэлы комплекс, асноўнае прызначэнне якога — забяспечваць хатнiя ўмовы жыцця для сваiх 29 арандатараў.

Адна з яго жыхарак — 88-гадовая Ленарт Шэфер, тут ужо тры гады.

— У мяне чацвёра дзяцей. Вось яны на фотаздымках са сваiмi сем'ямi, — паказвае Ленарт на здымкi, развешаныя на сцяне. — Тут у Берлiне паблiзу жывуць тры маiх дачкi i шэсць унукаў, яны прыходзяць да мяне пастаянна ў госцi.

Мне адзiн час было вельмi няпроста: моцна балела нага, да таго ж я не магла самастойна залезцi ў ванну. Трэба было вырашаць, што рабiць. Хоць двое з маiх дзяцей, якiя жывуць тут, у Берлiне, маюць уласныя дамы i хацелi забраць мяне да сябе, я вырашыла, што буду жыць самастойна. I калi з'явiлася магчымасць трапiць сюды, я на працягу двух тыдняў прадала сваю кватэру i пераехала. I не шкадую аб гэтым. Мне зручна i ўтульна тут. Тут усё прыстасавана для такiх, як я: няма парогаў, затое ёсць парэнчы ўздоўж сцен, за якiя можна трымацца пры хадзе, зручная ванна, трывожная кнопка на выпадак непрадбачаных сiтуацый...

У маленькай кватэрцы — спальня, гасцёўня, кухня. Кожныя два тыднi да Ленарт прыходзiць маладая жанчына, якая робiць грунтоўную прыборку, а з паўсядзённымi справамi пажылая жанчына, па яе словах, спраўляецца сама, у тым лiку сама гатуе.

Пражыванне тут каштуе 750 еўра ў месяц (без харчавання). Насамрэч яно каштуе больш, але Чырвоны Крыж атрымлiвае пад гэты праект субсiдыi ад дзяржавы.

* * *

З пачатку гэтага года ў Беларусi ўступiла ў сiлу новая рэдакцыя закона «Аб сацыяльным абслугоўваннi», дзякуючы якой з'явiлася магчымасць рэалiзацыi дзяржаўнага сацыяльнага заказу. Гэта значыць, на заканадаўчым узроўнi прыняты механiзм прыцягнення юрыдычных асоб i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў да аказання сацыяльных паслуг i рэалiзацыi сацыяльных праектаў. Цяпер некамерцыйныя арганiзацыi змогуць прэтэндаваць на субсiдыi дзяржавы ў гэтай сферы. Будзем спадзявацца, што з цягам часу i ў нашай краiне з'явяцца такiя ж камфортныя i ўтульныя «вiлы», якiя прыйдуць на змену цяперашнiм дамам састарэлых. Але для гэтага трэба, каб пачалася практычная рэалiзацыя новага закона, каб злучылi свае намаганнi дзяржава (перш за ўсё органы мясцовай улады), грамадскiя арганiзацыi i замежныя iнвестары.

Святлана Бусько.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.