Вы тут

Застарынская «рана»


Ніна Адамаўна Кузуб (Малечка) цяпер на пенсіі, жыве ў Брэсце. У яе добрая сям'я, звычайныя клопаты гаспадыні дома. Кожны год вясной яна ездзіць у родную вёску Застарынне Баранавіцкага раёна, каб наведаць магілы родных і пакланіцца помніку, які пастаўлены ў гонар усіх бязвінна знішчаных яе землякоў.

...Той дзень Ніна не памятае: ёй было ўсяго два гады. Аб страшных падзеях яна ведае з расповедаў сваякоў, аднавяскоўцаў. Застарынне знаходзіцца ў акружэнні лясоў. І пасля акупацыі многія жыхары вёскі падаліся ў партызаны. Недалёка дыслацыраваўся атрад імя Суворава. Яго прадстаўнікі і прыйшлі ў Застарынне правесці мітынг 1 мая 1942 года. Людзей сабралі, прамовы сказалі і палічылі, відаць, сваю справу зробленай. Праўда, у вёсцы засталося начаваць з паўтара дзясятка партызан. Яны і ўступілі ў бой з праціўнікам, калі раніцай у Застарынне наляцелі фашысты з 57-га карнага батальёна. Але ж сілы аказаліся няроўнымі, і партызанскае супраціўленне вораг зламаў за чвэрць гадзіны. А потым пачалася расправа з мірным насельніцтвам. Людзей зганялі ў дамы па 15-20 чалавек, расстрэльвалі з кулямёта, а хату падпальвалі. У той дзень былі знішчаны 382 чалавекі, з іх 70 — дзеці.

1383036999467_1

Тыя, хто на сваё шчасце некуды адлучыўся з вёскі ці змог уцячы ў лес, знайшлі роднае сяло ў папялішчы з гурбамі мёртвых цел. Пра гэта падрабязна напісана ў кнізе «Памяць. Баранавіцкі раён». Там жа змешчаны ўспаміны Васіля Ленькі, які адным з першых прыбег у вёску пасля расправы. Сярод мёртвых ён знайшоў Кацю Фурса. Яна стагнала і прасіла зняць з яе цела мёртвай жанчыны. Васіль вызваліў зямлячку і пабег шукаць яе сваякоў. Аказалася, муж, дзеці, бацькі Кацярыны — усе былі забітыя. Калі ж хлопец вярнуўся з далёкім сваяком, убачыў, што Каця памерла... Тыя, хто застаўся ў жывых, паціху хавалі сваіх родзічаў. За некалькі дзён у вёсцы выраслі фактычна новыя могілкі.

Ніна не памятае расправу, не памятае, як яе з сястрой вывеў у лес старэйшы брат. Затое памятае, што было потым. А потым — адчуванне страшэннага голаду. Увесь час хацелася есці. Гэта і ёсць яе першы ўспамін дзяцінства. Як яны выжылі, Ніна Адамаўна цяпер разумее з цяжкасцю. 13-гадовы брат, сам дзіця, фактычна выратаваў яе і 4-гадовую сястру Ліду. Лідзія Адамаўна памятае больш. Карміліся тым, што давалі спагадлівыя суседзі, збіралі крапіву, шчаўе, на полі шукалі бульбіну ці бурак. А бывалі дні, што наогул ні крошкі не трапляла ў рот. «Неяк выжылі. Нейкі асаблівы сялянскі запас трываласці быў закладзены, відаць, ад нараджэння, — з цяжкасцю стрымлівае слёзы Лідзія Кузуб. — Брат Міша, як умеў, нас даглядаў, мыў адзенне ў рэчцы. Дзе ён наогул браў вопратку для нас, не магу сабе зараз уявіць».

Міхаіл, які фактычна выратаваў жыццё сваім сёстрам, памёр даволі рана. Тыя падзеі, несумненна, адбіліся на яго здароўі. Ды і потым вайна нагадвала пра сябе ўсё іх жыццё.

1383037002371_2

Ніна трапіла ў Маўчадскую школу-інтэрнат, якую ўспамінае з нязменнай цеплынёй. Вучылася добра, пасля заканчэння паступіла ў БДУ на біялагічны факультэт. Але ж падчас вучобы даводзілася вельмі цяжка, не было бацькоў, якія падкінулі б прадуктаў, як таварышкам-аднакурсніцам, альбо дапамаглі б якой капейкай. Працавала вечарамі прыбіральшчыцай у Тэатры юнага гледача. І ўсё роўна не магла сабе дазволіць прыстойную сукенку ці пару абутку. Таму, калі прапанавалі застацца ў аспірантуры, адмовілася. Хацелася хутчэй паступіць на працу, атрымаць заробак, каб выбіцца з галечы. Па размеркаванні трапіла ў Брэст. Тут сустрэла свой лёс, даволі ўдала склалася і кар'ера. Толькі вось рана, нанесеная трагедыяй роднай вёскі, ніколі ўжо не загоіцца. Бо той дзень зрабіў яе сіратой, якой было наканавана лёсам прайсці столькі выпрабаванняў.

А вёска Застарынне потым адрадзілася. Доўга была цэнтрам саўгаса. Цяпер там працуе базавая школа. І маладая настаўніца часта прыводзіць дзяцей да помніка. Настаўніца — унучка Лідзіі, сястры Ніны Адамаўны.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.