Вы тут

Беларусь — яго лёс...


«Гісторыя аднаго кажушка» — аповесць казахскага пісьменніка, у якім расказваецца пра Беларусь партызанскую.

З чарговай камандзіроўкі прывёз кнігу «Сэрца, народжанае для дабра» (па-казахску назва яе гучыць так: «Жаксылыкка жаралган журек»). І прысвечаны гэты том лёсу, творчасці аднаго з актыўных арганізатараў асветніцтва ў Казахстане, грамадскаму і дзяржаўнаму дзеячу, пісьменніку і вучонаму Адзію Шарыпаву. Уручылі мне гэтае выданне ў падарунак у Інстытуце літаратуры і мастацтва Акадэміі навук Казахстана ў Алматы.

— Адзій Шарыпаў, — адразу заўважыла кандыдат філалагічных навук і добры сябра беларускай літаратуры Святлана Ананьева, — першы з казахаў, чыё імя ўключана ў Брытанскую Энцыклапедыю. У свой час ён быў міністрам асветы Казахскай ССР, першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Казахстана, сакратаром Саюза пісьменнікаў СССР. Адзія Шарыпава выбіралі дэпутатам Вярхоўнага Савета Казахскай ССР і Вярхоўнага Савета СССР, намеснікам Старшыні Савета Саюза Вярхоўнага Савета СССР. Працаваў пісьменнік і дырэктарам Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. Аўэзава. Таленавіты педагог і вядомы вучоны, ён унёс вялікі ўклад у стварэнне падручнікаў на казахскай мове. Вось у гэтай кнізе ўпершыню выдадзены не толькі ўспаміны пра славутага даследчыка літаратуры, але і архіўныя дакументы, якія ўяўляюць вялікую навуковую, гістарычную цікавасць.

...А што ж яднае Адзія Шарыпава з Беларуссю? У лютым 1940 года маладога казаха прызвалі ў армію. І патрапіў ён служыць у 7-ю танкавую дывізію, якая дыслацыравалася ў той час у Беластоцкай вобласці. Першы бой з фашыстамі — 22 чэрвеня 1941-га... Адступленне. Акружэнне, з якога нельга было вырвацца... І салдат застаўся на акупіраванай тэрыторыі. Шлях для патрыёта мог быць толькі адзіным — змагацца з ворагам. І Адзій трапляе ў партызанскі атрад... Колькі слоў з баявой характарыстыкі на сакратара камітэта камсамола 2-й асобнай Клятнянскай партызанскай брыгады А. Шарыпава: «... арганізуе адзін з першых партызанскіх атрадаў у Мухінскіх лясах (Ершыцкі і Рослаўльскі раёны Смаленскай вобласці)... Удзельнічае ў многіх баявых аперацыях, якія праводзяць атрад, батальён, брыгада, выяўляе сябе выключна смелым, знаходлівым, мужным камандзірам». Разам з таварышамі па партызанскай барацьбе Адзій Шарыпаў дзейнічаў на памежных беларуска-расійскіх тэрыторыях. Атрад Сашы (так пазней баявыя сябры называлі падраздзяленне Шарыпава) змагаўся з ворагам і ў Краснапольскім раёне, на Магілёўшчыне.

Дзякуючы падтрымцы мясцовага насельніцтва наладжваліся засады, партызаны ўзрывалі масты, чыгуначныя магістралі, знішчалі варожую тэхніку... У пачатку кастрычніка 1943 года 2-я Клятнянская брыгада злучылася з часцямі Чырвонай Арміі.

...Сардэчныя адносіны да шматпакутнага беларускага народа назаўсёды захаваліся ў душы адважнага казаха. Пасля Вялікай Айчыннай вайны Адзій Шарыпаў стараўся падтрымліваць сувязі са сваімі братамі па зброі, па змаганні з фашыстамі ў магілёўскіх і смаленскіх лясах. У 1985 годзе былы партызан наведаўся ў Краснапольскі раён. Вось што расказвае ўдава пісьменніка — Клара Мынжасарава: «Ён заўсёды з удзячнасцю ўспамінаў жыхароў вёсак, мястэчак, якія сустракаліся на яго партызанскім шляху. Гэтыя людзі, што жылі ў акупацыі, цярпелі здзекі фашысцкай навалачы, дапамагалі партызанам, як толькі маглі, наколькі хапала іх сіл. Здавалася, і праз сілу пераступалі». І, вядома ж, вайна не магла не адбіцца на творчасці былога беларускага партызана. У аповесцях Адзія Шарыпава адлюстраваны не проста гістарычныя падзеі — у кожным з твораў перад чытачом паўстаюць героі, якія маюць рэальныя прататыпы. Беларусь, беларусы прысутнічаюць у такіх аповесцях, як «Дачка партызана», «Гісторыя аднаго кажушка», «Помста», «Зоркі ў цямніцы». Вобразна, рэльефна выпісаныя партрэты нашых землякоў, партызан розных нацыянальнасцяў, што змагаліся на беларускай зямлі поруч, выклікаюць сімпатыі, назаўсёды застаюцца ў памяці. Дакументалізм твораў нараджае асаблівы давер да аўтара. Літаратурныя адметнасці і рэальна-жыццёвая аснова — вось два складнікі, што акрэсліваюць мастацкі свет казахскага пісьменніка. Па сцэнарыі Адзія Шарыпава быў зняты кінафільм «Лясная балада». Між іншым, кінакарціна атрымала высокую ацэнку на фестывалях у Ташкенце і Алматы. У гэтым фільме мастак слова, празаік і кінадраматург сцвердзіў свае перакананні пра тое, што «свет надзвычай вялікі, бязмежны, сапраўдная ўзнёслая паэма жыццесцвярджальнасці» і мастацтва павінна ў гэтым свеце служыць выключна «агульначалавечым каштоўнасцям і гуманізму». Так і пісаў гэтую жыццесцвярджальную паэму ўсім сваім лёсам салдат, партызан, пісьменнік Адзій Шарыпаў.

Вельмі шчымлівая аповесць «Гісторыя аднаго кажушка». Твор цалкам аўтабіяграфічны. Сюжэт аповесці падмацаваны ўспамінамі сведкаў і відавочцаў тых грозных дзён. У снежні 1941 года будучага пісьменніка цяжка параніла ў грудзі. І таварышы схавалі яго ў лесніка Рамана Андзіна. Мноства асколкаў са спіны параненага доктар выдаляў без наркозу, здолеўшы знайсці для яго толькі самагонку. А вось як перадае тыя ўспаміны ад самога героя Клара Жагіпараўна — удава пісьменніка. Яна расказвае не пра персанаж, а пра самога пісьменніка: «Адзій Шарыпавіч часта губляў прытомнасць. А калі яна вярталася, то бачыў у суседнім пакоі схіленую галаву вельмі прыгожай дзяўчыны. Яна ўсю ноч нешта шыла. Аднойчы раніцай сон патрывожыў ляснік: «Немцы блізка! Вам трэба зараз жа ісці!» Адзія пераклалі на насілкі, а накрыць яго няма чым: шынель увесь быў у крыві. Відавочна, што на марозе паранены проста не вытрымае. І тады дзяўчына падаравала партызану кажушок. «Ён сагрэе вас», — толькі і сказала прыгажуня. Доўгі час кажушок быў сапраўдным талісманам, абярэгам для казахскага хлопца...» І зусім не выпадкова аповесць прысвечана Еўдакіі Анодзінай. А кажушок пасля вайны захоўваецца ў адным з музеяў.

...Апошні раздзел кнігі, якую мне падаравалі ў Алматы, змяшчае лісты, пералік навуковых прац руплівага збіральніка гісторыі казахскай літаратуры, казахскага асветніцтва, бібліяграфію яго мастацкіх твораў. Мудры, празорлівы, дасведчаны — такім паўстае вучоны і пісьменнік у стасунках з сябрамі, калегамі. Сярод адрасатаў Адзія Шарапава — пісьменнікі розных краін, розных куточкаў былога Савецкага Саюза. Дружалюбны, адказны за слова і справу, уважлівы, надзвычай выхаваны, інтэлігентны — такім і застаецца Адзій Шарыпаў у памяці сяброў, паплечнікаў, прадстаўнікоў малодшага пакалення казахстанскай інтэлігенцыі.

Казахстан і Беларусь — дзве кропкі адліку ў светаўспрыманні Адзія Шарыпава. Сярод другіх дакументаў, змешчаных у кнізе, — і вітанне казахскага літаратара беларускаму народу ў сувязі з адным з юбілеяў Беларускай ССР: «Мне, як беларускаму партызану і казахскаму пісьменніку, вельмі прыемна павіншаваць беларускі народ з 60-годдзем з дня ўтварэння Беларускай ССР...»Далей ён успамінае, як дваццаць сем цяжкіх месяцаў правёў у беларускіх лясах, як прайшоў пешшу многімі сцежкамі зямлі беларускай. Успамінае свае сустрэчы з народнымі паэтамі Беларусі Петрусём Броўкам, Максімам Танкам, іншымі дзеячамі культуры, мастацтва Беларусі. Але ваенныя гады асабліва помныя... «Нізкі паклон табе, зямля беларусаў, ад нас — партызан з Казахстана! Ты зберагла і сагрэла нас на сваіх грудзях у цяжкія партызанскія гады. Калі бяруся за пяро, твой вобраз, Беларусь, паўстае перада мною. Твае абаронцы, партызаны заўсёды ў сэрцы маім, калі пішу свае кнігі пра партызанскія часіны ў тваёй прасторы, ды і ўвогуле заўсёды ў душы маёй і сэрцы маім!»

У кнізе надрукаваны шэраг унікальных фотаздымкаў. Адзій Шарыпаў на іх — з Міхаілам Шолахавым, Габітам Мусрэпавым, Расулам Гамзатавым, Канстанцінам Федзіным, Кайсынам Куліевым, Сырбаем Маўленавым, Георгіем Маркавым. І — з Максімам Танкам. Ёсць і ўнікальныя кадры з партызанскага юнацтва на беларускай зямлі.

Мурат Аўэзаў назваў Адзія Шарыпава чалавекам-місіяй, які быў рэкрутаваны для подзвігу сваім асабістым лёсам, гісторыяй і сваім генетычным кодам, для подзвігу ў імя казахскага народа. Але ж і было ў гэтым лёсе месца для нашай роднай Беларусі, якую так любіў казахскі пісьменнік і вучоны.

Мікола Берлеж.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.