Вы тут

Дзіўны выбар


Напярэдадні Дня Перамогі беларускія СМІ паведамілі аб тым, што з'явіўся ў продажы набор плакатаў «Палкаводцы і военачальнікі зямлі беларускай», аўтарам якога выступіў падпалкоўнік запасу Віталь Чырвінскі. Асноўная мэта праекта, паводле слоў аўтара, папулярызацыя ваеннай гісторыі і выхаванне моладзі ў патрыятычным кірунку. Набор уключае ў сябе 28 невялікіх плакатаў, на кожным з якіх — военачальнік, народжаны на нашай зямлі або праславіўшы яе ў баях.

1383037010357_29-18obr

Сярод персаналій, прадстаўленых у падборцы, — самыя розныя людзі. Ёсць сярод іх, безумоўна, і вялікія палкаводцы, а ёсць і тыя, чыя веліч, мякка кажучы, вельмі спрэчная. Аднак асабіста ў мяне не мог не выклікаць здзіўлення адзін красамоўны факт. З 28 палкаводцаў, прадстаўленых у серыі плакатаў, толькі адзін мае дачыненне да Першай сусветнай вайны. Адзін!.. Гэта генерал ад інфантэрыі Кіпрыян Кандратовіч. Няўжо наша зямля была такая бедная на палкаводчыя таленты сто гадоў таму?

Як вядома, у час Першай сусветнай вайны было сфарміравана шэсць франтоў: Паўночна-Заходні, Паўднёва-Заходні, Паўночны, Заходні, Румынскі і Каўказскі. Дык вось, двума з гэтых шасці франтоў камандавалі беларусы. Генерал ад кавалерыі Васіль Гурко, прадстаўнік самай вядомай беларускай генеральскай дынастыі, у 1917-м узначальваў Заходні фронт са штабам у Мінску, а генерал ад інфантэрыі Аляксандр Рагаза ў тым жа годзе — Румынскі фронт, прычым некаторы час яму падпарадкоўваліся і саюзныя румынскія арміі. Ваеннымі акругамі краіны ў розныя гады камандавалі трое генералаў-беларусаў: Платон Лячыцкі, Яўген Радкевіч і Аляксандр Рагаза.

Пасаду камандуючага арміямі ў 1914—1917 гг. займалі 63 генералы. Дзевяць з іх былі беларусамі або ўраджэнцамі нашых зямель. А лік камандзіраў карпусоў беларускага паходжання ідзе ўжо на дзясяткі. З 60 кавалераў высокай палкаводчай узнагароды — ордэна Святога Георгія 3-й ступені — шасцёра беларусаў (чатыры генералы ад інфантэрыі, генерал-лейтэнант і палкоўнік). Варта ўзгадаць і іншы факт: з 36 загінулых падчас Першай сусветнай генералаў рускай арміі — шасцёра беларусаў.

Сярод беларускіх военачальнікаў часоў Першай сусветнай былі сапраўды выдатныя палкаводцы. Першым з іх трэба назваць ураджэнца Гродзеншчыны, сына простага вясковага святара, генерала ад інфантэрыі Платона Лячыцкага. Усю вайну ён камандаваў 9-й арміяй і стаў адным з асноўных «аўтараў» легендарнага Брусілаўскага прарыву. Армія Лячыцкага адна трымала на сабе ўвесь паўднёвы ўчастак Паўднёва-Заходняга фронту, на цэлы месяц адтэрмінаваўшы падзенне Бухарэста! Узнагародамі генералу сталі вышэйшыя баявыя ордэны Расіі — Святога Георгія 4-й і 3-й ступеняў, а таксама Георгіеўская зброя з брыльянтамі, якой за ўсю вайну ўдастоіліся толькі восем военачальнікаў. Галасы ваенных гісторыкаў гучаць ва ўнісон: гэта самы таленавіты рускі палкаводзец армейскага ўзроўню часоў Першай сусветнай. У 1920-м Платон Аляксеевіч уступіў у Чырвоную Армію, але быў неабгрунтавана абвінавачаны ў стварэнні антысавецкай арганізацыі і памёр у турэмнай бальніцы.

Не менш заслужаным быў віцябчанін генерал ад інфантэрыі Яўген Радкевіч, чый 3-і Сібірскі армейскі корпус вясной 1915-га выратаваў ад гібелі ўсю рускую 10-ю армію, вытрымаўшы ўдар трох германскіх карпусоў. Аб Радкевічу захоплена адзываўся нават яго праціўнік, знакаміты нямецкі стратэг Э. фон Людэндорф. Дарэчы, пасля рэвалюцыі генерал ад інфантэрыі Радкевіч разам з трыма сынамі-афіцэрамі паступіў на службу ў Чырвоную Армію, выкладаў тапаграфію ў ваенным вучылішчы і памёр у 1930 годзе, калі з'яўляўся персанальным пенсіянерам усесаюзнага значэння.

А віцябчанін генерал ад інфантэрыі Аляксандр Рагаза прайшоў доўгі і складаны шлях ад полацкага кадэта да ваеннага міністра Украіны. Яго 4-я армія ўвесь 1916 год вяла найцяжэйшыя баі ў Беларусі — у сакавіку на возеры Нарач, а ў чэрвені-ліпені — пад Баранавічамі. Гэта былі дастойныя спробы выгнаць германскіх акупантаў з беларускай зямлі. Пасля рэвалюцыі, у 1918-м, Рагаза ўзначаліў узброеныя сілы незалежнай Украінскай Дзяржавы, стаўшы ваенным міністрам краіны. А праз год генерал загінуў пад кулямі бандытаў атамана Грыгор'ева: адмовіўся ўступаць у яго войска і быў расстраляны.

Словам, сто гадоў таму беларусы ніяк не маглі паскардзіцца на адсутнасць у іх радах таленавітых палкаводцаў, якія праславіліся бліскучымі подзвігамі. Тым больш дзіўны выбар аўтара падборкі плакатаў В. Чырвінскага. Слана ён, як кажуць, і не заўважыў, не надаўшы ўвагі ні «жалезнаму Лячыцкаму» — правай руцэ А. Брусілава, ні В. Гурко, які камандаваў Заходнім фронтам у Беларусі, ні А. Рагазе. А выбраў для падборкі сваіх плакатаў Кандратовіча...

Кіпрыян Кандратовіч сапраўды быў фігурай своеасаблівай. У руска-японскую ён змагаўся храбра, быў удастоены ордэна Святога Георгія 4-й ступені. На фронт Першай сусветнай генерал ад інфантэрыі Кандратовіч трапіў у жніўні 1914-га на пасадзе камандзіра 23-га армейскага корпуса. Але замест таго, каб прыкрываць адыход суседняга 15-га корпуса, які адступаў, кінуў свае войскі на волю лёсу і паехаў у тыл. Залішне нагадваць, як паставіліся б да Кандратовіча за аналагічны праступак у Чырвонай Арміі летам 1941-га. А вось у Рускай імператарскай арміі яго ўсяго толькі знялі з пасады. Адбылося гэта 30 жніўня 1914 года, праз 40 дзён пасля пачатку вайны. І ўсё. Больш у баявых дзеяннях генерал Кандратовіч не ўдзельнічаў.

Вярнулі яго ў армію толькі 8 мая 1917 года. Тады «пракляты царскі рэжым» паў, і Часовы ўрад узмоцнена «чысціў» армію ад генералаў «старой загартоўкі». На змену ім ішлі военачальнікі, якія імкнуліся выслужыцца перад новай уладай. Да такіх адносіўся і Кандратовіч, які атрымаў у камандаванне 75-ю пяхотную дывізію. Праўда, ніяк праславіцца ў баях гэтае злучэнне не змагло. А там грымнулі і кастрычніцкія падзеі, пасля якіх Кандратовіч паехаў у родную Беларусь, дзе стары генерал увайшоў у Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі, а са снежня 1918 года займаў пасаду міністра абароны БНР.

Што прымусіла К. Кандратовіча служыць на зямлі, якая была на працягу ўсяго 1918 года пад германскай акупацыяй? Некаторыя сучасныя гісторыкі пераконваюць, што генерал шчыра ўсвядоміў беларускую ідэю і марыў служыць незалежнай Беларусі. Але паверыць у гэтую кранальную гісторыю складана. Хутчэй за ўсё, Кандратовіч, пакрыўджаны на ўсе папярэднія ўлады (і «царскую», і «дэмакратычную»), проста вырашыў зрабіць стаўку на нацыяналістаў. Калі б «беларуская» карта згуляла і ў свеце, з'явілася б незалежная Беларусь, то Кандратовічу ў такім выпадку быў бы забяспечаны пост ваеннага міністра або пасада Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

Але не зраслося. І давялося Кандратовічу паспешліва шукаць шчасця ўжо ў іншай краіне — Літве. Відаць, служыць яму было ўсё роўна каму. У 1920—1921 гадах Кіпрыян Антонавіч быў віцэ-міністрам аховы края Літвы, пасля чаго выйшаў у адстаўку і перасяліўся ў свой маёнтак, што знаходзіўся недалёка ад Гродна (тады гэта была тэрыторыя Польшчы). Там Кандратовіч і памёр 31 кастрычніка 1932-га.

Вось такая біяграфія. Уся падпарадкаваная таму часу, палітыцы, неадкладным інтарэсам. Вось толькі на выдатнага палкаводца зямлі беларускай Кіпрыян Кандратовіч, які бяздарна праваліў самую першую даручаную яму кампанію 1914-га, не цягне пры ўсім жаданні. Не цягне ён нават на ролю стваральніка беларускіх узброеных сіл. У 1917—1918-м пад кіраўніцтвам Кандратовіча ніводнай баяздольнай (і нават небаяздольнай) беларускай вайсковай часці так і не было створана. А вось на Румынскім фронце ў гэты ж час быў паспяхова «беларусізаваны» цэлы 4-ы армейскі корпус, які атрымаў назву Беларускага армейскага. Тры паўнавартасныя дывізіі былі ўкамплектаваны выключна салдатамі — беларусамі па нацыянальнасці. І ажыццёўлена гэтая ідэя была пад кіраўніцтвам генерала ад інфантэрыі Д.Шчарбачова і генернал-маёра І. Пажарскага. Калі і лічыць кагосьці прабацькамі ўзброеных сіл незалежнай Беларусі, дык гэта іх.

Вячаслаў БАНДАРЭНКА, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, тэлевядучы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».