Вы тут

Белыя Балоты


Багатая гродзенская зямля здаўна прыцягвала да сябе людзей. У нашай мясцовасці параўнальна някепска захавалася некалькі сядзібна-паркавых комплексаў, якія знаходзяцца на адной з дарог да перліны Гродзенскага краю — Аўгустоўскага канала. У некаторыя з іх — такія, як Свяцк магнатаў Валовічаў, Свяцк Гурскіх, — сёння прадпрымальнікі стараюцца ўдыхнуць новае жыццё. А вось былы панскі дом Тукалаў і вялікі парк, які прылягаў да панскай сядзібы, пакуль што чакаюць свайго адраджэння...

Па планіроўцы дом Тукалаў нагадвае традыцыйную хату: яшчэ адзін пакой, пакой і сені, якія мелі выхад на парадны ганак і гаспадарчы двор. Будавалі дом мясцовыя цесляры, якія мелі багаты вопыт і ведалі традыцыі. Унутранае аздабленне дома адпавядала тагачаснай еурапейскай модзе. У буфетах і пасудных шафах быў дарагі фарфор, шкло, крышталь. Лічылася модным вырошчваць экзатычныя расліны, мець свой міні-звярынец. Неад'емным элементам аздаблення панскага дома былі кафельныя печкі.

1383037042286_1

Першыя звесткі аб існаванні маёнтка Белыя Балоты знаходзім у матэрыялах 2-й паловы XVІІІ стагоддзя. Паводле дакументаў парафіяльнага архіва Селіванаўскага касцёла, у 1798 годзе маёнткам валодаў Ян Мароз, суддзя былога Гродзенскага павета. 22 мая 1806 года прадаў яго канюшнаму Альберту Сабалеўскаму. А ўжо праз год, паводле геаграфічнага слоўніка польскіх зямель, быў прададзены Войцеху Сабалеўскаму. Багацеі Сабалеўскія прымалі чынны ўдзел у грамадска-гаспадарчым жыцці ваколіц. Графіня Сабалеўская ў 1865—1867 гадах з'яўлялася фундатарам будовы касцёла ў Селіванаўцах, які стаў месцам радавога пахавання іх сям'і. Недзе ў пачатку XX стагоддзя апошні з Сабалеўскіх прайграў маёнтак у карты пану Тукалу і ажаніў яго са сваёй дачкой.

Старажылы Белых Балот яшчэ расказваюць, што ў іх вёсцы жыў пан Тадэвуш Тукала са сваёй жонкай і 5 дзецьмі, які родам быў з гэтай мясцовасці. Бытуе легенда, што памесце называецца Белыя Балоты таму, што пан у гонар сваёй каханай Ядвісі загадаў засадзіць балоты, якія знаходзіліся за маёнткам, белымі лілеямі...

Каля іх дома знаходзіліся баракі і чваракі — жыллё для наёмнай сілы. Пан Тадэвуш быў добры гаспадар, працалюбівы, акуратны. Усе гаспадарчыя работы ляжалі на яго плячах. Старажылы-пакаёўкі расказваюць, што ён добра ставіўся да людзей, шчодра плаціў. Да яго ішлі на працу з ахвотай. Вельмі любіў дзяцей. Калі яму прыходзілі дапамагаць дзеці з вёскі, то даваў гасцінцы, уключаў паслухаць патэфон, дазваляў паглядзець жывёл у звярынцы. Пані, па ўспамінах мясцовых, была капрызная, але вельмі любіла музыку, кветкі, птушак.

Дачка Тукалаў Марыя-Гэлена ліха ездзіла на галандскіх скакунах, любіла паляванне, ладзіла адпачынкі каля начных кастроў, паходы, катанне на лодках па Аўгустоўскім канале. Пазней выйшла замуж у суседні маёнтак Гурскіх. У 30-я гады XX стагоддзя на прафесійнай аснове яна наладзіла агратурызм, які значна папоўніў казну маёнтка, выратаваў яго ад банкруцтва.

Каля памесця быў разбіты ружоўнік з сотнямі гатункаў руж, прывезеных з-за мяжы. Побач, у клетках, жылі паўліны, па двары бегалі цацаркі. Пан вельмі ганарыўся звярынцам, заўсёды паказваў яго гасцям — багацеям, якія наведвалі маёнтак.

Парк у Белых Балотах быў створаны ў 2-й палове XІX стагоддзя. Ён знаходзіцца ў выгіне невялікай рачулкі Беліца. На ўскрайку — арыгінальныя гаспадарчыя мураваныя пабудовы. Кажуць, што гэта сушыльня і гарэльня. У сушыльні сушылі тытунь, які вырошчваў пан Тукала. На паўночным баку захавалася сценка, складзеная з каменю, якая аддзяляла парк і сад ад іншых насаджэнняў. Да нашага часу захавалася некалькі лістоўніц. Некаторыя дрэвы — самі па сабе помнікі прыроды. Вольхі ў ахопе складаюць 3,4 метра, ліпы — 3,1 метра. У парку і цяпер ёсць даволі шмат розных відаў вінаградных слімакоў, прывезеных панам з-за мяжы і штучна разведзеных тут у 30-я гады XX стагоддзя. За паркам — невялікі сад, да якога прымыкае ліпавая алея. Праўда сёння сад па загадзе мясцовых улад выкарчаваны.

1383037045407_2

Старажылы ўспамінаюць: «Парк быў дагледжаны. За рэчкай Беліца ўсе дарожкі былі пасыпаны жоўтым пяском, стаялі столікі і лаўкі, а ў рацэ, у празрыстай вадзе, вадзілася розная рыба.

Сучасны стан парка патрабуе адраджэння. Тут і цяпер растуць старыя лістоўніцы, ліпы-веліканы, дубы-помнікі, высачэзныя грабы. Унізе мноства кветак і лекавых траў: барвенак, сон-трава, чыстацел, піжма, чабор, святаяннік, ветраніца баравая — многія з іх занесены ў Чырвоную кнігу.

Вясной здзічэлы парк напаўняецца шматгалоссем. Мноства птушак насяляюць яго. У дуплах старых дрэў водзяцца совы, сіваваронкі, жоўны, дзятлы рознай афарбоўкі, стрыжы, сойкі, зязюлі, зімародкі і іншыя.

— Крыўдна, — кажуць мясцовыя жыхары, — што сёння парк страціў былую прывабнасць. А хацелася б, каб як і раней ён цешыў вока наведвальнікаў. Спадзяёмся, што з часам знойдуцца добрыя рукі, якія навядуць тут парадак. І турысты, якія едуць да Аўгустоўскага канала, змогуць спыніцца, пачуць расповеды экскурсаводаў пра жыццё і побыт былых уладальнікаў, даведацца, што тыя былі дбалымі гаспадарамі, наватарамі, эксперыментатарамі...

Пасля прыходу савецкіх войскаў пан Тукала ўцёк на Захад. Сын Яўген памёр яшчэ ў польскі час, Міхаіл быў забіты ў 1938 годзе ўласным парабкам. Астатнія, як і бацька, збеглі ў Еўропу.

У 1955 годзе, каб наведаць сваю былую сядзібу, прыязджаў з Варшавы ўнук Тадэвуша Тукалы. Ён быў моцна расчараваны, што прыгожы, дагледжаны раней маёнтак і парк цяпер такія запушчаныя. У былой сядзібе сёння знаходзяцца клуб і бібліятэка.

Марыя ХРАМЛЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».