Вы тут

«Кайф ад народных касцюмаў»


Народны касцюм «ужывую» я бачыла гадоў 10—15 таму. Да бабулі ў вёску ў Валожынскім раёне прыязджаў хор з суседняга раёна, спяваў у самай вялікай хаце. Апрануты ўсе жанчыны (ды і некалькі мужчын) былі па-народнаму. Здаецца, усе падобныя, але ў кожнай нечым адметны народны касцюм. Я разглядвала іх колеры, узоры, крой і спрабавала вырашыць, які ж мне падабаецца больш... Шмат часу прайшло з той пары. Сёння калі і сустракаю каго ў народным, дык хіба што на фэсце этнамузыкі — хлопцаў у вышываных кашулях, якія прыбраліся так, каб прайсці бясплатна. Але аднойчы і мне самой пашчасціла весці канцэрт, апрануўшы аўтэнтычны мотальскі строй. Адчуванні былі найлепшыя: у летнюю спёку такая сукенка, што прыкрывае ўсе часткі цела, неверагодна лёгкая, і яе быццам на табе няма...

А нядаўна я даведалася, што намітка, якую насілі нашы прабабулі, — не проста галаўны ўбор. Гэта, аказваецца, сапраўдны ліфтынг! Каб правільна завязаць яе, патрэбна гадзіна. А зрабіўшы ўсё дасканала, адчуваеш, што скура на твары добра падцягнутая. Такі вось народны рэцэпт маладосці.

1383037049817_1

Дзяўчат у народных касцюмах сёння можна сустрэць на многіх мерапрыемствах. Яны падносяць хлеб-соль шаноўным гасцям. Прыгажуні, апранутыя ў сукенкі з вышытымі кветкамі, уручаюць падарункі ад імя кіраўніцтва краіны. Аднак дома, у маладых сем'ях, наўрад ці знойдзеш народныя строі. Нават тыя, якія можна было б атрымаць ад сваіх бабуль і дзядуляў, хутчэй за ўсё, так і ляжаць у кутах старых шаф і на гарышчах. Маладыя спадчыннікі могуць і не здагадвацца пра іх існаванне. Атрымліваецца, з надыходам XXІ стагоддзя сваё, народнае, нам стала не патрэбна? Няўжо не мае яно ніякай каштоўнасці ў вачах сучасных беларусаў?..

Шмат разважала на гэтую тэму дырэктар УП «Скарбніца» Марыя ТАРАЙКОВІЧ. Не ўтойваючы эмоцый, яна падзялілася імі з карэспандэнтамі «Звязды»:

— Многія сёння кажуць: «А навошта нам захоўваць і адраджаць народныя промыслы? У нас усё механізаванае». Аднак я ўпэўнена, што людзям патрэбна энергетыка, якая зыходзіць не ад машыны, а ад чалавечых рук. Каб праз колькі гадоў нехта ўспомніў, што ёсць у нас, напрыклад, ткацтва — рамізнае, закладное, бранае, ажурнае, падвойнае... Промыслы ўвасабляюць нашу народнасць. І, калі ў грамадстве ніхто нічога пра іх не ведае, — гэта бяда.

1383037053224_2

Марыя Тарайковіч выступае супраць такога забыцця. «Скарбніца», якую яна ўзначальвае, з'яўляецца адзіным прадпрыемствам, што сумяшчае і навуковую дзейнасць, і вытворчасць. Яе супрацоўніцы кожны год выпраўляюцца ў этнаграфічныя экспедыцыі, даследуюць аўтэнтычныя ўзоры, тэхналогіі — дасканала вывучаюць, як рабіў народ. Толькі пасля гэтага на прадпрыемстве яны ствараюць мадэлі народнага адзення і самі вырабляюць іх.

Часам нічога прыдумваць увогуле не даводзіцца. Можна проста адшукаць рэч у вясковым куфэрку, дакладна паўтарыць, і яна будзе жаданай у гардэробе самай патрабавальнай модніцы.

Нядаўна з экспедыцыі прывезлі світку. Нават світкай яе назваць было складана: проста з'едзеная моллю ануча, знойдзеная ў бабулі на гарышчы. Яе расклалі, распаролі. Дакладна па ўзору зрабілі лёгкае цёмна-зялёнае жаночае паліто (унізе ззаду на ім вузкія доўгія складкі, накшталт сучаснага плісэ, толькі цалкам зробленыя ўручную). І ўжо не адна жанчына замовіла яго сабе. Мадэль, якая перажыла, магчыма, не адно стагоддзе, аказалася дарэчы ў сучасным гардэробе. І гэта дакладная рэканструкцыя!

Марыя Тарайковіч адзначае:

— Пабыўшы ў нацыянальным касцюме, ты робішся іншым. Уплывае энергетыка вышытых знакаў. Жанчына робіцца статнай. Ну проста каралева! Таму хацелася б, каб усе мы атрымлівалі кайф ад народных касцюмаў.

Ёсць некаторыя фірмы, якія замаўляюць у «Скарбніцы» народныя кашулі для сваіх супрацоўнікаў, — праўда, просяць вышыць на іх яшчэ і эмблему прадпрыемства. У такім выглядзе могуць пайсці, напрыклад, на карпаратыў. Аднак такіх свядомых прыхільнікаў народнай культуры зусім не шмат.

Раней, калі дзяўчаты ткалі сабе пасаг, яны пачыналі рабіць гэта ў 12 гадоў, каб да 18 усё было гатова. Бо і вышыўка, і ткацтва — надзвычай працаёмкі працэс. Нічога не змянілася і сёння (зразумела, калі адзенне робіцца рукамі). Напрыклад, мужчынскую кашулю трэба вышываць месяц. Магчыма, таму і не вельмі даступная яна шырокаму колу спажыўцоў.

1383037055261_3

Аднак міжволі ўзгадваецца ўкраінская сталіца. Усе цэнтральныя ўнівермагі там запоўнены нацыянальным адзеннем, адаптаваным да сучаснасці. Людзі з задавальненнем ходзяць па вуліцах Кіева ў народных вышыванках.

Беларускія крамы не прапануюць нацыянальных кашуль на любы густ, якія можна было б насіць кожны дзень. З пакалення ў пакаленне любоў да свайго, адметнага у нас чамусьці амаль не перадаецца. Людзі не да канца ўсведамляюць, хто яны, проста не маючы на руках фактаў сваёй адметнасці. Але багатая традыцыя народнага касцюма ў гэтай справе магла б адыграць вельмі важную ролю:

— Нацыянальная годнасць павінна перадавацца ў спадчыну ад бацькоў, — кажа дырэктар «Скарбніцы». — Я вельмі хацела б сказаць: «Людзі, прачніцеся!» Візітная картка любога народа — нацыянальны касцюм. Таму на ўсіх святах хацелася б бачыць людзей, апранутых па-народнаму...

Здаецца, надышоў час нарэшце звярнуць увагу на саміх сябе. Іначай многае мы беззваротна страцім. Забываючы пра нацыянальны касцюм, які вырабляўся толькі з прыродных матэрыялаў, сёння мы часта носім сінтэтычнае адзенне, якое зімой настывае, а летам пячэ, — магчыма, таму і хварэем часта. Адмаўляючыся ад глыбока сімвалічных узораў арнаменту, выбіраем малюнкі і колеры, якія нічога не значаць і ніяк не тлумачацца. Быць можа, замест таго, каб зноў апранацца ў штосьці шараговае, лепш хаця б час ад часу насіць рэчы, зробленыя з любоўю і мудрасцю?..

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, фотаздымкі Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.