Вы тут

Рашэнне канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь “Аб абмежаванні дзеяздольнасці грамадзяніна з прычыны псіхічнага расстройства”


Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Марыскіна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.
на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў
у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў
з удзелам прадстаўнікоў:

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь — Забары А.А., намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;
Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь — Лашына А.М., намесніка Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;
Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь — Ласіцкага І.Г., намесніка Міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь;
Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь — Кулакоўскага В.Л., намесніка Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;
Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь — Аўсіюка Ю.А., намесніка Старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь — Галоўнага дзяржаўнага судова-медыцынскага эксперта Рэспублікі Беларусь;
Рэспубліканскай калегіі адвакатаў — Чайчыца В.І., старшыні Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні пытанне аб наяўнасці прабелу ў грамадзянскім заканадаўстве ў частцы рэгулявання адносін, звязаных з абмежаваннем дзеяздольнасці грамадзяніна, які пакутуе на псіхічнае расстройства (псіхічную хваробу або слабы розум), у залежнасці ад ступені фактычнага зніжэння здольнасці разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі.

Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей — Канстытуцыя), Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — ГК) і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, разгледзеўшы выкладзеныя ў пісьмовым выглядзе звароты заяўнікаў і вывучыўшы меркаванні дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

1. У зваротах грамадзяне Нікіфараў В.А. і Радзілавец А.І. указалі, што пры прызнанні грамадзян недзеяздольнымі з прычыны псіхічнага расстройства не ўлічваюцца ступень захворвання і магчымасць у тым ліку самастойна распараджацца пенсіяй і заключаць дробныя бытавыя здзелкі, якія накіраваны на задавальненне сваіх разумных патрэбнасцей і не парушаюць правы іншых асоб. Тым самым, па меркаванню заяўнікаў, абмяжоўваюцца канстытуцыйныя правы і законныя інтарэсы дадзенай катэгорыі грамадзян.

2. З аналізу меркаванняў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый вынікае, што пастаўленае ў зваротах пытанне патрабуе выяўлення канстытуцыйна-прававых аспектаў паўнаты заканадаўчага рэгулявання адносін, звязаных з вызначэннем прававога становішча асоб, у якіх з прычыны псіхічнага расстройства зніжана здольнасць разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі.

Так, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь адзначае, што наяўнасць у грамадзяніна псіхічнага расстройства можа па-рознаму адбівацца на яго інтэлектуальным і валявым узроўні. У сувязі з гэтым для разгляду пытання аб абмежаванні дзеяздольнасці недастаткова ўстанаўлення ступені парушэння функцый арганізма чалавека — эксперты павінны таксама даследаваць асноўныя крытэрыі жыццядзейнасці псіхічнахворага чалавека, вызначыць магчымы аб'ём абмежаванняў яго дзеяздольнасці. У той жа час Вярхоўны Суд лічыць, што неабходнасці ў дапаўненні ГК нормамі аб абмежаванні дзеяздольнасці грамадзяніна з прычыны псіхічнага расстройства ў залежнасці ад ступені зніжэння здольнасці разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі не маецца.

Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь мяркуе, што ў выпадку прызнання грамадзяніна недзеяздольным ён губляе большасць асабістых правоў, у ліку якіх права прымаць рашэнні ў дачыненні да маёмасці, лячэння, выбару месца жыхарства, удзелу ў выбарах, звароту ў суд, выхавання дзяцей, адносін з блізкімі і інш. З прычыны гэтага недзеяздольныя грамадзяне, не маючы ў дадзеным выпадку эфектыўных сродкаў абароны сваіх правоў, у тым ліку па аднаўленню дзеяздольнасці, становяцца самай слабай катэгорыяй насельніцтва. У сувязі з выкладзеным адзначаецца мэтазгоднасць заканадаўчага ўстанаўлення магчымасці абмежавання дзеяздольнасці асобы, якая мае псіхічнае захворванне, што будзе садзейнічаць забеспячэнню яго правоў і законных інтарэсаў.

Па меркаванню Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, мэтазгодна замацаваць у ГК нормы аб магчымасці абмежавання дзеяздольнасці грамадзяніна з прычыны псіхічнага расстройства, надаўшы яму права заключаць, у прыватнасці, дробныя бытавыя здзелкі, а таксама аб магчымасці прызнання абмежавана дзеяздольным грамадзяніна, раней прызнанага недзеяздольным з прычыны псіхічнага расстройства, у выпадку аднаўлення яго здольнасці разумець у пэўнай меры значэнне сваіх дзеянняў.

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь лічыць, што пры магчымай карэкціроўцы палажэнняў ГК, якія рэгулююць адносіны, звязаныя з прызнаннем грамадзяніна недзеяздольным, неабходна зыходзіць у першую чаргу з таго, наколькі айчынная медыцынская практыка здольна ацэньваць «ступень» захворванняў, якія з'яўляюцца падставай для прызнання грамадзяніна недзеяздольным.

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь указвае, што наяўнасць у грамадзяніна псіхічнага расстройства само па сабе не з'яўляецца падставай для пастаноўкі пытання аб прызнанні такой асобы недзеяздольнай. Абумоўленая тым або іншым псіхічным парушэннем няздольнасць у поўнай меры разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі пры ажыццяўленні пэўных правоў і абавязкаў не заўсёды азначае, што грамадзянін не ў стане прымаць усвядомленыя самастойныя рашэнні ў некаторых сферах сацыяльнага жыцця і здзяйсняць юрыдычна значныя дзеянні, якія накіраваны на задавальненне ўласных разумных патрэбнасцей і не парушаюць правы і законныя інтарэсы іншых асоб. Наяўнасць у грамадзяніна псіхічнага расстройства можа па-рознаму адбівацца на яго інтэлектуальным і валявым узроўні, вызначаючы ступень наяўных парушэнняў, у прыватнасці здольнасці да адэкватнага ўспрымання акружэння, усведамлення сябе і адэкватных паводзін. Аднак метадалогія і методыкі правядзення судова-псіхіятрычнага даследавання і адпаведнай ацэнкі ўказаных асоб, медыцынскія і юрыдычныя крытэрыі абмежаванай дзеяздольнасці ў цяперашні час адсутнічаюць.

Рэспубліканская калегія адвакатаў мяркуе, што ўстанаўленне ў ГК норм аб абмежаванні дзеяздольнасці грамадзяніна з прычыны псіхічнага расстройства ў залежнасці ад ступені фактычнага зніжэння здольнасці разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі, а таксама аб прызнанні абмежавана дзеяздольным грамадзяніна, раней прызнанага недзеяздольным, у выпадку аднаўлення яго здольнасці разумець у пэўнай меры значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі будзе з'яўляцца важным элементам механізму абароны правоў і законных інтарэсаў асоб з дэфектамі псіхікі і садзейнічаць рэалізацыі прынцыпу максімальнага захавання дзеяздольнасці грамадзяніна. Дадзеныя нормы дазволяць таксама ўлічваць ступень страты ўказанымі асобамі здольнасці разумець значэнне сваіх дзеянняў.

Кафедра грамадзянскага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта звяртае ўвагу на тое, што ў ГК не вызначана прававое становішча асоб, якія пакутуюць на псіхічныя расстройствы, што абмяжоўваюць іх здольнасць разумець значэнне сваіх дзеянняў. Адсутнасць у заканадаўстве градацыі псіхічных расстройстваў у залежнасці ад іх глыбіні і ўплыву на магчымасць грамадзяніна разумець значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі з'яўляецца сацыяльнай і юрыдычнай праблемай, вырашэнне якой будзе садзейнічаць павышэнню каштоўнасці чалавека ў грамадстве. Калі ў нормах ГК змяншэнне дзеяздольнасці грамадзяніна будзе звязана з глыбінёй паражэння псіхікі асобы, то і аднаўленне дзеяздольнасці павінна залежаць ад ступені паляпшэння псіхічнага здароўя асобы, раней прызнанай недзеяздольнай.

3. Згодна з Канстытуцыяй Рэспубліка Беларусь — дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава (частка першая артыкула 1).

Абвяшчаючы чалавека, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы, Канстытуцыя замацоўвае абавязак кожнага паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб і вызначае, што забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з'яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы, дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы, а таксама абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 2, часткі першая і трэцяя артыкула 21, артыкул 53, частка першая артыкула 59).

Разам з тым у адпаведнасці з Канстытуцыяй дапускаецца абмежаванне правоў і свабод асобы ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23).

У рашэннях Канстытуцыйнага Суда неаднаразова адзначалася, што ў Канстытуцыі замацавана магчымасць не змяншэння або адмаўлення правоў і свабод, а іх абмежавання, гэта значыць вызначэння на ўзроўні закона канкрэтных межаў ажыццяўлення правоў і свабод. Пры гэтым абмежаванні павінны ўстанаўлівацца заканадаўцам не адвольна, а на аснове Канстытуцыі і замацаваных у ёй такіх каштоўнасцей, як вяршэнства права, роўнасць і справядлівасць, у адпаведнасці з канстытуцыйна-значнымі інтарэсамі. Абмежаванні, якімі б ні былі падставы для іх устанаўлення, не павінны скажаць сутнасці канстытуцыйных правоў і свабод, прыводзіць да страты іх рэальнага зместу, а павінны прымяняцца ва ўстаноўленых законам выпадках і быць сацыяльна апраўданымі, адэкватнымі і суразмернымі абараняемым грамадскім і дзяржаўным інтарэсам, правам і свабодам іншых асоб.

У адпаведнасці з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека (артыкулы 1, 6, 7, 12 і 17) і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (артыкулы 16, 17 і 26) усе людзі, нараджаючыся свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах, дзе б яны ні знаходзіліся, маюць права на прызнанне сваёй правасуб'ектнасці, на роўную абарону ад якой бы тое ні было дыскрымінацыі, ад адвольнага ўмяшання ў асабістае і сямейнае жыццё, ад адвольнага замаху на гонар і рэпутацыю і ад адвольнага пазбаўлення сваёй маёмасці.

Прынцыпы абароны псіхічнахворых асоб і паляпшэння псіхіятрычнай дапамогі, прынятыя 17 снежня 1991 года рэзалюцыяй 46/119 Генеральнай Асамблеі ААН, прадугледжваюць права любой псіхічнахворай асобы на ажыццяўленне ўсіх прызнаных міжнароднымі нормамі грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў і недапушчальнасць якой-небудзь дыскрымінацыі, гэта значыць устанаўлення ў сувязі з псіхічным захворваннем асобы такіх адрозненняў, выключэнняў або пераваг, следствам якіх з'яўляецца адмова або абмежаванне роўнасці ў рэалізацыі правоў (пункты 4 і 5 прынцыпу 1). Пры гэтым вызначана, што на ажыццяўленне правоў, указаных у названых Прынцыпах, могуць накладацца толькі такія абмежаванні, якія прадугледжаны законам і з'яўляюцца неабходнымі для абароны здароўя і бяспекі зацікаўленай асобы або іншых асоб або для аховы грамадскай бяспекі, парадку, здароўя або маралі або асноўных правоў і свабод іншых асоб.

У рэкамендацыі Камітэта міністраў Савета Еўропы ад 23 лютага 1999 года № R(99)4 сфармуляваны прынцыпы прававой абароны недзеяздольных дарослых, якімі неабходна кіравацца пры заканадаўчым рэгуляванні, у іх ліку прынцып гібкасці прававога рэагавання, што прадугледжвае, апрача іншага, выкарыстанне прававых інструментаў, якія забяспечваюць найбольш поўны ўлік ступені недзеяздольнасці асобы ў канкрэтнай прававой сітуацыі для абароны яе асабістых і маёмасных інтарэсаў; прынцып максімальнага захавання дзеяздольнасці, які азначае ў тым ліку прызнанне, наколькі гэта магчыма, існавання розных ступеней недзеяздольнасці і магчымасці змянення ступені недзеяздольнасці асобы з цягам часу; прынцып суразмернасці меры абароны ступені дзеяздольнасці асобы, які заснаваны на ўліку канкрэтных абставін і патрэб дадзенай асобы і дапускае ўмяшанне ў яе правы і свабоды ў мінімальнай ступені, неабходнай для дасягнення мэты такога ўмяшання. Пры гэтым устаноўлена, што меры абароны не павінны быць аўтаматычна звязаны з поўным пазбаўленнем грамадзянскай дзеяздольнасці, а там, дзе гэта магчыма, дарослая асоба павінна мець права заключаць юрыдычна сапраўдныя здзелкі штодзённага характару; мера абароны павінна быць прапарцыянальна ступені дзеяздольнасці зацікаўленай асобы; мера абароны, якая абмяжоўвае грамадзянскую дзеяздольнасць, правы і свабоды зацікаўленай асобы ў мінімальнай ступені, павінна ўлічваць індывідуальныя абставіны і патрэбнасці зацікаўленай асобы.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што замацаваны ў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актах абавязак дзяржавы прызнаваць, выконваць, гарантаваць і забяспечваць абарону правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, у тым ліку асоб, якія пакутуюць на псіхічнае расстройства, прадугледжвае ўстанаўленне такога заканадаўчага рэгулявання, якое гарантавала б рэалізацыю канстытуцыйных правоў і законных інтарэсаў указанай катэгорыі грамадзян з улікам індывідуальных асаблівасцей і глыбіні псіхічнага расстройства кожнай канкрэтнай асобы.

4. У ГК вызначана, што здольнасць грамадзяніна сваімі дзеяннямі набываць і ажыццяўляць грамадзянскія правы, ствараць для сябе грамадзянскія абавязкі і выконваць іх (грамадзянская дзеяздольнасць) вынікае ў поўным аб'ёме з наступленнем паўналецця, гэта значыць па дасягненню 18-гадовага ўзросту (пункт 1 артыкула 20). Грамадзянін, які з прычыны псіхічнага расстройства (псіхічнай хваробы або слабага розуму) не можа разумець значэння сваіх дзеянняў або кіраваць імі, можа быць прызнаны судом недзеяздольным у парадку, устаноўленым грамадзянскім працэсуальным заканадаўствам; над ім устанаўліваецца апека; ад імя грамадзяніна, прызнанага недзеяздольным, здзелкі заключае яго апякун (пункты 1 і 2 артыкула 29 ГК); апекуны з'яўляюцца прадстаўнікамі падапечных у сілу закона (законнымі прадстаўнікамі) і заключаюць ад іх імя і ў іх інтарэсах усе неабходныя здзелкі (пункт 2 артыкула 32 ГК). Заканадаўцам прадугледжана таксама, што здзелка, заключаная грамадзянінам, прызнаным недзеяздольным з прычыны псіхічнага расстройства, нікчэмная; кожны з бакоў такой здзелкі абавязаны вярнуць другому ўсё атрыманае ў натуры, а пры немагчымасці вярнуць атрыманае ў натуры — кампенсаваць яго кошт у грошах; дзеяздольны бок абавязаны, акрамя таго, кампенсаваць другому боку панесены ім рэальны ўрон, калі дзеяздольны бок ведаў або павінен быў ведаць аб недзеяздольнасці другога боку (пункт 1 артыкула 172 ГК).

З моманту ўступлення ў сілу рашэння суда аб прызнанні грамадзяніна недзеяздольным дадзены грамадзянін губляе магчымасць рэалізацыі правоў і свабод ад свайго імя не толькі ў грамадзянскіх праваадносінах, але і ў іншых важнейшых сферах сацыяльнага жыцця: сямейнай, працоўнай і інш. У прыватнасці, у абарону правоў і інтарэсаў такіх асоб у адносінах з любымі асобамі і арганізацыямі, у тым ліку ў судах, без спецыяльнага паўнамоцтва выступаюць апекуны (артыкул 34 ГК); указаныя асобы не могуць быць усынавіцелямі, апекунамі і папячыцелямі; не дапускаецца заключэнне шлюбу паміж асобамі, з якіх хаця б адна асоба прызнана судом недзеяздольнай (частка першая артыкула 19, частка першая артыкула 125, частка першая артыкула 153 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і); працоўны дагавор, заключаны з грамадзянінам, прызнаным недзеяздольным з прычыны псіхічнай хваробы або слабага розуму, прызнаецца несапраўдным (пункт 3 артыкула 22 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь); грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, не ўдзельнічаюць у выбарах, рэферэндуме (частка другая артыкула 64 Канстытуцыі, частка другая артыкула 4 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Такім чынам, з моманту ўступлення ў законную сілу рашэння суда аб прызнанні грамадзяніна недзеяздольным з прычыны псіхічнага расстройства такая асоба на нявызначаны перыяд абмяжоўваецца ў магчымасці рэалізоўваць многія правы ў грамадзянска-прававой сферы (у прыватнасці, заключаць здзелкі) і іншых сферах, а таксама выконваць абавязкі і несці адказнасць за свае дзеянні.

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што наяўнасць у грамадзяніна псіхічнага расстройства і зніжэнне ў сувязі з гэтым у пэўнай меры здольнасці разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі не заўсёды азначаюць, што гэта асоба не ў стане прымаць усвядомленыя самастойныя рашэнні ў той або іншай сферы сацыяльнага жыцця і здзяйсняць юрыдычна значныя дзеянні. Аднак такая асоба па дзеючаму заканадаўству не можа заключаць, у прыватнасці, нават дробныя бытавыя здзелкі за кошт уласнай пенсіі, якія накіраваны на задавальненне сваіх разумных патрэбнасцей і не парушаюць правоў і законных інтарэсаў іншых асоб. Адсутнасць указанай магчымасці ставіць дадзеную катэгорыю грамадзян у горшае становішча ў параўнанні, напрыклад, з надзеленымі частковай дзеяздольнасцю непаўналетнімі ва ўзросце да 14 гадоў (малалетнімі), якія маюць права самастойна заключаць дробныя бытавыя і іншыя здзелкі, указаныя ў пункце 2 артыкула 27 ГК.

5. У Пасланні Канстытуцыйнага Суда «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2012 годзе» адзначана, што абмежаванні, якімі б ні былі падставы для іх устанаўлення, павінны забяспечваць належны баланс інтарэсаў грамадзян і дзяржавы, быць юрыдычна дапушчальнымі, сацыяльна апраўданымі, адпавядаць патрабаванням справядлівасці, з'яўляцца адэкватнымі, суразмернымі і неабходнымі для абароны іншых канстытуцыйных каштоўнасцей.

Дадзены падыход адпавядае нормам міжнародна-прававых актаў, у прыватнасці артыкулу 29 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, згодна з якім пры ажыццяўленні сваіх правоў і свабод кожны чалавек павінен падвяргацца толькі такім абмежаванням, якія вызначаны законам выключна з мэтай забеспячэння належнага прызнання і павагі правоў і свабод іншых і задавальнення справядлівых патрабаванняў маралі, грамадскага парадку і агульнага дабрабыту ў дэмакратычным грамадстве.

Еўрапейскі Суд па правах чалавека ў рашэнні ад 27 сакавіка 2008 года па справе «Штукатураў супраць Расійскай Федэрацыі» адзначыў, што ў выніку прызнання заяўніка па рашэнню агульнага суда недзеяздольным яго правы былі абмежаваны больш значна, чым неабходна, таму ўмяшанне ў асабістае жыццё было несуразмерна законнай мэце, якая ставілася. Пазбаўленне дзеяздольнасці будзе неабходным пры наяўнасці псіхічнага расстройства «такога характару або ступені», якія апраўдваюць дадзеную меру.

Згодна з Грамадзянскім працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь суддзя ў парадку падрыхтоўкі справы да судовага разбору пры наяўнасці дастатковых даных аб псіхічнай хваробе або слабым розуме грамадзяніна назначае для вызначэння яго псіхічнага стану судова-псіхіятрычную экспертызу (артыкул 374); па заяве апекуна, а таксама асоб, указаных у частцы другой артыкула 373, можа быць пачата справа аб прызнанні дзеяздольным грамадзяніна, прызнанага на падставе рашэння суда недзеяздольным. У гэтым выпадку пры падрыхтоўцы справы суддзя назначае судова-псіхіятрычную экспертызу (частка трэцяя артыкула 376).

Заканадаўства, якое рэгламентуе метадалогію дыягнаставання псіхічнага расстройства чалавека і правядзення адпаведных экспертыз (у прыватнасці, пастанова Дзяржаўнай службы медыцынскіх судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2012 г. № 1 «Об утверждении нормативных правовых актов по вопросам проведения судебно-психиатрической и судебно-психологической экспертиз»), не вызначае дыферэнцыраванага падыходу да выяўлення таго, у якой ступені ў залежнасці ад цяжкасці псіхічнага расстройства зніжаюцца інтэлектуальная і валявая характарыстыкі асобы, якая пакутуе на такое расстройства, а прадугледжвае адназначны вывад судовага эксперта аб здольнасці або няздольнасці грамадзяніна па стану псіхічнага здароўя разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі.

У сувязі з указаным не выключаюцца выпадкі, калі асобы, якія пакутуюць на псіхічныя расстройствы, захоўваюць або аднавілі здольнасць у пэўнай меры разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі, але па выніках правядзення судова-псіхіятрычнай экспертызы могуць быць прызнаны недзеяздольнымі або ім можа быць адмоўлена ў прызнанні дзеяздольнымі, з прычыны чаго яны абмяжоўваюцца ў правах і свабодах у большай ступені, чым гэта неабходна для абароны іх правоў і свабод, забеспячэння іншых канстытуцыйных каштоўнасцей, і становяцца яшчэ больш сацыяльна слабымі. Нягледзячы на тое, што такія грамадзяне здольны ў пэўнай ступені разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі, яны поўнасцю пазбаўляюцца магчымасці здзяйсняць якія-небудзь юрыдычна значныя дзеянні, над імі ўстанаўліваецца або захоўваецца апека.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што існуючы прававы механізм, які не ўлічвае ступень фактычнага зніжэння або аднаўлення здольнасці грамадзяніна ў пэўнай меры разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі з прычыны псіхічнага расстройства, сведчыць аб канстытуцыйна-прававым прабеле ў заканадаўчым рэгуляванні грамадскіх адносін, звязаных з прызнаннем грамадзяніна недзеяздольным.

Зыходзячы з узаемазвязаных палажэнняў артыкулаў 1, 2, 21, 23, 53, 59 Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў у сферы абароны правоў псіхічнахворых асоб, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб неабходнасці замацавання ў ГК магчымасці абмежавання дзеяздольнасці грамадзяніна, які пакутуе на псіхічнае расстройства (псіхічную хваробу або слабы розум), у залежнасці ад ступені фактычнага зніжэння здольнасці разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі і прызнання абмежавана дзеяздольным грамадзяніна, раней прызнанага недзеяздольным з прычыны псіхічнага расстройства (псіхічнай хваробы або слабага розуму), у выпадку аднаўлення яго здольнасці ў пэўнай меры разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі, а таксама грамадзянска-прававых вынікаў прызнання дадзенай катэгорыі грамадзян абмежавана дзеяздольнымі.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, дадзены падыход да рэгулявання аб'ёму дзеяздольнасці грамадзян, якія пакутуюць на псіхічныя расстройствы, будзе садзейнічаць гарантаванню ў большай ступені абароны правоў і законных інтарэсаў указаных асоб, забеспячэнню належнага балансу інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы, а таксама ўстанаўленню такіх абмежаванняў у адносінах да асоб, якія пакутуюць на псіхічныя расстройствы, што адпавядалі б патрабаванням справядлівасці, з'яўляліся адэкватнымі, суразмернымі ступені фактычнага зніжэння або аднаўлення здольнасці разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі і неабходнымі для абароны правоў і свабод іншых асоб.

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай восьмай артыкула 22 і часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

ВЫРАШЫЎ:

1. У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, канстытуцыйных гарантый правоў і законных інтарэсаў грамадзян і ліквідацыі прабелу ў заканадаўстве прызнаць неабходным унясенне змяненняў і дапаўненняў у Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь у частцы замацавання магчымасці абмежавання дзеяздольнасці грамадзяніна з прычыны псіхічнага расстройства (псіхічнай хваробы або слабага розуму) у залежнасці ад ступені фактычнага зніжэння здольнасці разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі і прызнання абмежавана дзеяздольным грамадзяніна, раней прызнанага недзеяздольным з прычыны псіхічнага расстройства (псіхічнай хваробы або слабага розуму), у выпадку аднаўлення яго здольнасці разумець у пэўнай меры значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі, а таксама замацавання грамадзянска-прававых вынікаў прызнання судом грамадзян, якія пакутуюць на псіхічныя расстройствы, абмежавана дзеяздольнымі.
2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь П.П. Міклашэвіч

16 кастрычніка 2013 г., г. Мінск
№ Р-847/2013

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.