Вы тут

«Паскоранае» дзяцінства


Калі спачатку стрыечная сястра, а ўслед і яе малодшы брат пачалі займацца мотакросам, сваякі забілі трывогу. Па-першае, слова незнаёмае. Па-другое, як аказалася, слова гэтае нясе ў сабе небяспеку. Круці не круці, а від спорту экстрэмальны: гойсаць на матацыкле па калдобістай трасе — тая яшчэ справа! Але з цягам часу хатнія супакоіліся: дзеці задаволены, рукі-ногі цэлыя — і добра. Карэспандэнты «Звязды» выправіліся на трэніроўку юных гоншчыкаў, каб зразумець, навошта бацькі яшчэ малечамі аддаюць сваіх дзяцей у мотакрос і ці варта чакаць аддачу ад гэтага «нятаннага» віду спорту.

Калі ў вас няма ўласнага аўтамабіля, патрапіць у госці да мінскіх мотакросмэнаў будзе праблематычна. Стадыён «Зара», дзе трэніруюцца выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўна-тэхнічнай школы па аўтамотаспорце ДТСААФ, знаходзіцца ў вёсцы Баравая пад Мінскам. Як аказалася, найбольш зручны шлях — даехаць да кальцавой дарогі ў раёне Уручча, а там пешшу па лесапаласе ўздоўж бетоннай агароджы. У добрае надвор'е такая прагулка, напэўна, у радасць: ідзеш сабе, удыхаеш свежае паветра. Азіраеш наваколле: раптам натрапіш на ягадна-грыбное сямейства. А вось нам давялося крочыць да месца прызначэння пахмурным восеньскім вечарам пад дробным калючым дожджыкам. Зрэшты, для гоншчыкаў няма паняцця «дрэннае надвор'е». Яны трэніруюцца і ў лівень, і ў спёку, і нават у мароз.

1383211206183_1

— На спаборніцтвах надвор'е таксама не замаўляюць, — слушна заўважае трэнер Аляксей Пацкевіч. — Таму хлопцы павінны быць гатовымі да любых умоў надвор’я.

Матацыкл... на адзін сезон. Пасля — новы

Выступленне ў гэтым відзе спорту падзяляецца на некалькі класаў, у залежнасці ад аб'ёму рухавіка матацыкла. У першым класе — 50 куб. см — спаборнічаюць хлопчыкі і дзяўчынкі ад 6 да 8 гадоў. Апошні клас — 500 куб. см — аб'ядноўвае дарослых спартсменаў ад 18 гадоў. Ёсць таксама разрады «Хобі» і «Ветэраны», у якіх выступаюць аматары і ўзроставыя спартсмены са стажам.

Калі пачынаць займацца мотакросам — пытанне спрэчнае. Некаторыя бацькі ўсаджваюць сваіх дзяцей на байк ледзьве не ў чатыры гады. Але гэта ўсё ж такі ранавата, лічыць Аляксей.

— Зразумела, міжнародная спартыўная арэна дыктуе свае ўмовы: чым раней аддасі сына ў секцыю, тым больш шанцаў выгадаваць з яго чэмпіёна. Але мотакрос — гэта не проста «сеў і паехаў». Трэба ўмець разлічваць дыстанцыю і размяркоўваць па ёй свае сілы. А мысленне маленькага дзіцяці можа быць да гэтага не падрыхтавана. Таму лепш пачынаць хаця б у 6-7 гадоў.

Тым больш што гэты від спорту патрабуе сур'ёзных фізічных нагрузак. За адзін круг дыстанцыі спартсмен прысядае каля ста разоў! І чым большая хуткасць, тым больш стамляецца арганізм. Таму трэніроўкі па мотакросе таксама ўключаюць бег, падцягванне, адцісканне, плаванне, практыкаванні на батуце.

1383211210510_2

Тым не менш галоўны трэнажор для гоншчыка — гэта матацыкл. Набліжэнне павароту, напрыклад, можна адчуць толькі за рулём. Між іншым, матацыклы хутка зношваюцца: прафесійныя гоншчыкі мяняюць іх кожны сезон! Часам даводзіцца рабіць гэта некалькі разоў на год. Спартсмены, якія рыхтуюцца да сур'ёзных вынікаў, маюць два байкі — адзін «баявы», для спаборніцтваў, другі — для трэніровак.

— Заканамерна, што росквіт гэтага віду спорту ў нас прыйшоўся на 2003—2007 гг., калі на яго пачалі выдаткоўваць больш-менш сур'ёзныя грошы. Раней юныя гоншчыкі і іх бацькі маглі дазволіць сабе толькі абслугоўванне матацыклаў. Тэхнікі не хапала катастрафічна. Пайшло фінансаванне, сталі закупляць матацыклы — і людзі пацягнуліся займацца, — тлумачыць трэнер.

На Захадзе мотакрос — гэта бізнес. Каб трапіць у вядомую каманду, трэба заплаціць каля 100 тысяч еўра. Калі гэта гоншчык вельмі высокага класа, яго могуць прыняць бясплатна і нават будуць налічваць зарплату. Але, зразумела, такая шчодрасць павінна акупляцца добрымі вынікамі. Таму ў Еўропе і Амерыцы мотакросам звычайна займаюцца дзеці заможных людзей, чые фірмы спансіруюць экстрэмальную забаву.

Чэмпіён з «дома на калёсах»

У Беларусі ўсе гучныя дасягненні ў мотакросе звязаны з прозвішчам Тылецкі. Калісьці Аляксандр Васільевіч быў мацнейшым гоншчыкам БССР, чэмпіёнам Савецкага Саюза. Але яшчэ большых вышынь дасягнуў яго сын.

Калі маленькаму Жэню споўнілася чатыры гады, тытулаваны бацька пасадзіў яго на байк. Хлопчык рос... у дарозе. У Тылецкіх была вялікая машына, накшталт амерыканскіх трэйлераў, у якой спартыўная сям'я раз'язджала па свеце, удзельнічаючы ў самых прэстыжных спаборніцтвах. Хлопчык нават не ведаў сваіх аднакласнікаў: амаль што ўсё школьнае жыццё Жэня правёў на самастойным навучанні. Ужо ў трынаццаць гадоў юны спартсмен выканаў нарматыў на прысваенне «майстра спорту», а праз год сенсацыйна выйграў Кубак свету ў сваім класе. Пазней неаднаразова станавіўся прызёрам чэмпіянатаў Еўропы. Але раптоўная смерць бацькі падкасіла хлопца — у спартыўнай кар'еры пачаўся спад. У цяжкую хвіліну падтрымалі добрыя сябры Аляксандра Васільевіча, і гоншчык зноў адчуў смак перамог.

Летась Яўген Тылецкі ўпершыню стаў чэмпіёнам Еўропы! Нягледзячы на вялікую колькасць прэстыжных тытулаў і ўсемагчымых узнагарод, хлопец па-ранейшаму прымае ўдзел у спаборніцтвах, якія праходзяць на радзіме. І самы важны з іх — Адкрыты Кубак ДТСААФ па мотакросе памяці А.В. Тылецкага.

1383211213458_3

На зборы — у Прыбалтыку!

У Беларусі мотакрос развіваецца нераўнамерна. У Гродзенскай вобласці гэты экстрэмальны від спорту вельмі папулярны. Там і трасы больш набліжаныя да еўрапейскіх стандартаў, і спаборніцтвы збіраюць шматлікую публіку, ды і займаюцца цэлымі сем'ямі.

У Ваўкавыску, напрыклад, ёсць дынастыя Махновых. Вялікая сям'я, у якой шмат сыноў, і ўсе — гоншчыкі. Іх гісторыя таксама пачалася з галавы сямейства, які калісьці па маладосці займаўся мотакросам. А цяпер дзеці працягваюць бацькаву справу.

— У Гродзеншчыны ёсць яшчэ адна істотная перавага, — працягвае Аляксей. — Калі ў нас яшчэ ляжыць снег, там ужо поўным ходам ідуць трэніроўкі на грунце. Да таго ж да Польшчы і Прыбалтыкі рукой падаць — на турніры прыязджаюць замежныя спартсмены. У астатніх абласцях пра мотакрос ці ўвогуле нічога не ведаюць, ці ведаюць, але вельмі і вельмі няшмат.

Дарэчы, з трасамі ў нас паўсюль праблемы. Яны размяшчаюцца за горадам, дабірацца нязручна. Вакол, па тэхніцы бяспекі, павінна быць агароджа. Разам з тым, гэтаму патрабаванню адпавядаюць толькі дзве трасы ў краіне! Наняць вартаўніка часцей за ўсё няма магчымасці. Спецыялістаў, здольных стварыць «правільны» ландшафт, трэба днём са свечкай шукаць... Замкнёнае кола.

Крытых пляцовак для зімніх трэніровак няма ўвогуле. Ёсць «недабуд» у Оршы, аднак займацца там зусім нязручна: месца вельмі мала. Прыходзіцца ездзіць на зборы ў Прыбалтыку: у Латвіі, Літве, Эстоніі недахопу ў крытых трасах няма.

Верабейчык, ігра на скрыпачцы і траўмы

Пакуль мы размаўляем з Аляксеем, па трасе ганяюць хлопцы рознага ўзросту. Побач — іх бацькі, якія цалкам кантралююць ход трэніроўкі: падганяюць, выкрыкваюць парады і нават прыбіраюць каменне з дарогі. Нярэдка гэтыя дарослыя мужчыны самі апантаныя мотакросам. Напрыклад, выступаюць у класе «Хобі» і паралельна трэніруюць сваіх сыноў: суправаджаюць на спаборніцтвах, дапамагаюць з рамонтам матацыклаў, навучаюць абыходзіцца са складанай тэхнікай, інструментамі. Трэнер выступае тут, хутчэй, у якасці інструктара і дарадчыка.

Дождж узмацняецца, юныя гоншчыкі хаваюцца па бацькоўскіх машынах. Маленькі Данік, якому толькі споўнілася шэсць гадоў, маўклівым верабейчыкам сядзіць пад накрыўкай багажніка, пакуль бацька рамантуе матацыкл. Гледзячы на стомленага хлопчыка, дзівішся: «Няўжо маці са спакойным сэрцам адпускае малога на небяспечныя трэніроўкі?» Мужчына не цырымоніцца і прамалінейна адказвае рытарычным пытаннем: «Хіба ў яе пыталіся?» А затым прызнаецца: «Час ад часу прыходзіцца прымушаць Даніка займацца. Бо ён лічыць, што гэта складана. Тады тлумачу яму, што любы спорт патрабуе нямалых намаганняў». Трэнер Аляксей знаходзіць у гэтай сітуацыі жыццёвае параўнанне: «Вось вядзе бабуля ўнука ў музычную школу, а ён не хоча, упіраецца, плача. Плача і іграе на сваёй скрыпачцы. А потым падрастае і дзякуе бабулі, што тая яго прымушала. Каштоўнасць некаторых момантаў мы разумеем толькі з узростам».

14-гадовы Алег Сергіенка, дзякуючы мотакросу, ужо аб'ехаў паў-Еўропы. Выступаў на турнірах у Польшчы, Славакіі, Чэхіі, быў чэмпіёнам Беларусі ў класе 50 куб. см і сярэбраным прызёрам у класе 65 куб. см. Зараз хлопчык перайшоў у самы складаны клас — 85 куб. см. Матацыкл невялікі, а хуткасці ўжо як у дарослым разрадзе. Адсюль траўмы, і мінімізаваць іх можна толькі ўпартымі трэніроўкамі, на якіх трэнеры вучаць, як управіцца на трасе з «жалезным канём». Падлетак расказвае, што ўжо сутыкаўся з сур'ёзнымі пашкоджаннямі (два разы ламаў ключыцу, адзін раз — руку і кісць), але жаданне вярнуцца за руль гэта не адбіла. Хлопец разважае філасофскі:

— У любым спорце ёсць траўмы. Не бяда! Яны хутка загойваюцца.

Алег раўняецца на свайго куміра... Жэню Тылецкага. «Аднойчы я сказаў Жэню, што хачу быць падобным да яго, — успамінае юны гоншчык. — А ён усміхнуўся і сказаў: «Імкніся быць лепшым за мяне». Я запомніў гэтыя словы. Цяпер гэта мой дэвіз».

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Гістарычная даведка:

Адзін з першых мотакросаў адбыўся ў 1908 годзе на лонданскім ваенным пляцы, дзе спаборнічалі матацыклісты і... кавалерысты на конях. Тады матацыклы былі яшчэ недасканалай машынай — фінішавалі ўсе коннікі і толькі двое гоншчыкаў.

У СССР рэгулярныя чэмпіянаты краіны па мотакросе праводзіліся з 1928 года. Папулярная ў перадваенныя гады камандная гонка «Чкалаўскі мотакрос» збірала сотні ўдзельнікаў, а яе пераможцы лічыліся нацыянальнымі героямі.

Пасля Другой сусветнай вайны мотакрос набыў сусветны маштаб. З 1947 года праводзіцца буйнейшая гонка «Мотакрос нацый», якая, па сутнасці, з'яўляецца камандным чэмпіянатам свету. Да 1970-х гадоў у гэтых спаборніцтвах дамінавалі брытанцы, пасля на першы план выйшлі амерыканцы і бельгійцы. Савецкая каманда станавілася пераможцам толькі аднойчы — у 1968 годзе.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».