Вы тут

Гаспадарыць «па-брацку»


Аляксей і Віктар Каханскія пасля заканчэння ВНУ вярнуліся ў вёску — працаваць

...Клубам тут называецца аднапавярховая драўляная пабудова, а ў кукурузе, кажуць, поўна дзікоў. У той жа час, да Шэнгенскай зоны — усяго некалькі кіламетраў. Мы на Ашмяншчыне, у вёсцы Крэйванцы. Менавіта ў СВК «Крэйванцаўскі» пасля заканчэння сталічнай ВНУ былі накіраваны родныя браты Аляксей і Віктар Каханскія. Аляксей ужо адпрацаваў патрэбныя пасля размеркавання два гады на пасадзе галоўнага інжынера, а Віктар атрымаў дыплом толькі сёлета і ўладкаваўся ў СВК інжынерам
па ахове працы.

1383211313476_1

Нас цягнула да «гаечак»...

— Зараз мы ставім тэхніку на захоўванне. Усё будзе мыцца, фарбавацца, бяліцца і хавацца пад навесы, — праводзіць для нас экскурсію па мехдвары Аляксей.

Мы слухаем яго, а самі міжволі любуемся тым, што бачым за плотам таго мехдвара. Гэта вам не мегаполіс з яго «прыдушанай» асфальтам зямлёй і тлумам. Тут позірк не ўпіраецца ў бетонныя сцены, а «ляціць» проста да неба, заблытаўшыся ў лініях узгоркаў, якімі адметны ландшафт Ашмянскага краю.

Але што для нас, не мясцовых, — суцэльная паэзія, у тым тутэйшыя людзі бачаць прозу жыцця. На схілах узгоркаў віднеюцца ўзараныя чорныя палоскі палёў. Менавіта іх амаль круглы год апрацоўваюць 11 камбайнаў, 4 кормаўборачныя машыны, 22 трактары і 5 «амкадораў», за спраўнасць якіх адказвае Аляксей, а яго малодшы брат Віктар праводзіць інструктажы па тэхніцы бяспекі для ўсіх, хто на вышэйзгаданай тэхніцы працуе.

Абодва хлопцы вучыліся ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце і атрымалі спецыяльнасць інжынера-механіка.

— Туды, дзе спачатку асвоіўся старэйшы брат, можна смела было ісці і мне, малодшаму, — кажа Віктар. — З дзяцінства нас цягнула да «гаечак». «Круцілі» спачатку веласіпеды, мапеды, потым справа дайшла да матацыклаў і машын.

Універсітэт, у які браты паступілі з розніцай у два гады, па іх словах, даў дастаткова ведаў, каб зараз лёгка разбірацца ў самых сучасных сельскагаспадарчых машынах і запчастках. Але сама вучоба часам была вельмі складанай. Фізіка, вышэйшая матэматыка, хімія, біялогія...

Хлопцы прызнаюцца, што было даволі цяжка, а таму яны не асабліва вераць у бесклапотнае студэнцкае жыццё...

1383211317856_2

Праца не для кволых

Для Аляксея пяць гадоў вучобы праляцелі вельмі хутка. І вось яно, размеркаванне.

— Пасля школы для мяне галоўным было паступіць, а куды працаваць паеду, неяк не думаў тады. Здавалася, калі гэта яшчэ будзе, — расказвае Аляксей.

Калі ж той дзень прыйшоў, ён зразумеў, што ехаць кудысьці ў невядомасць не хочацца.

Можна было выбіраць з некалькіх варыянтаў: Ельск, Хойнікі ці блізкі да роднай вёскі Кальчуны СВК «Крэйванцаўскі». Адказ быў відавочны. Да таго ж на пятым курсе Аляксей ажаніўся з мясцовай дзяўчынай. Калі ж прыйшоў час шукаць працу малодшаму Віктару, ён таксама вырашыў ад родных не адрывацца.

Зараз найбольш часу браты праводзяць у майстэрні і на мехдвары.

— На «маладых-зялёных», якія прыходзяць і нібыта пачынаюць наводзіць новы парадак, рэакцыя звычайна не вельмі прыязная, — распавядае Аляксей. — Брат у гаспадарцы толькі пару месяцаў, не заўжды да яго прыслухоўваюцца. Я ж крыху больш працую, таму мне прасцей.

Зразумела, акрамя характару, работніку сельскай гаспадаркі нядрэнна было б мець ідэальнае здароўе. Рэжым, па якім жывуць браты Каханскія, не для кволых супрацоўнікаў офісаў.

Самая напружаная праца пачынаецца вясной, калі патрэбна падрыхтаваць тэхніку для апрацоўкі зямлі і сяўбы. Вясна плаўна перацякае ў лета, падчас якога без занятку не даюць сядзець касьба і жніво.

Цяпер, восенню, большасць тэхнікі ўжо на поле не выходзіць, а таму на працы хлопцам патрэбна быць у 7.30 раніцы (летам падымацца з ложка неабходна як мінімум на паўгадзіны раней). Ісці дадому можна толькі ў 6—7 вечара, а ў цёплую пару года — на 3-4 гадзіны пазней. Няцяжка ўявіць, колькі часу ў такім выпадку застаецца на сон і ўсё астатняе.

— Хацелася б дапамагаць жонцы, прысвячаць маленькай дачцэ больш часу. Але не атрымліваецца, — дзеліцца Аляксей.

А якая ў братоў зарплата? Кожны з іх зарабляе па 3—3,5 мільёна рублёў у месяц. Гэта з улікам ненармаванага працоўнага дня і ўсіх даплат. Прычым нават падчас уборачнай кампаніі, калі працы як ніколі шмат, гэтая сума не істотна змяняецца.

1383211320568_3

Лепшы дом — свой

Адзін вялікі бонус для выпускнікоў ВНУ, што вярнуліся на малую радзіму: ім абавязкова будзе дзе жыць. Віктар і Аляксей з сям'ёй зараз дзеляць прыватны дом з бацькамі. Гаспадарку трымаюць, але невялікую.

— Вялікую мець цяпер нявыгадна, — сцвярджае Віктар. — Калі няма ўласнай тэхнікі, даводзіцца вельмі цяжка. Спачатку заплаці за паліва для трактара, пасля — за саму апрацоўку зямлі. Мама працуе на пошце, а бацька — у прыватнай фірме ў Ашмянах, таму і часу на вялікую гаспадарку не асабліва хапіла б.

Аляксей падумвае пра сваё жыллё — ужо набыў участак і з дапамогай бацькі і брата мяркуе з будоўляй справіцца.

— Калі працуеш у СВК, ёсць магчымасць атрымаць новы службовы дом. Але я ад яго адмовіўся. Лепш пабудую свой і зраблю ў ім усё так, як зручна менавіта мне і маёй сям'і, — тлумачыць сваю пазіцыю Аляксей. — Але трэба шукаць грошы, каб пачаць будоўлю. На жаль, цяпер нельга будаваць дом па сваім праекце, неабходна выбіраць з тыпавых варыянтаў. Крэдыт можна ўзяць чамусьці толькі на самыя танныя і не самыя, на мой погляд, прыгожыя і зручныя з іх.

Як расказаў Аляксей, моладзь яго ўзросту, якая жыве ў вёсцы, імкнецца быць «бліжэй да цывілізацыі»: калі будаваць дом, то каб недалёка ад мяжы ці ад раённага цэнтра, і абавязкова каб газ можна было правесці, бо з дровамі вельмі шмат трэба вазіцца.

Такія вось клопаты адбіраюць шмат часу, таму на любімы мужчынскі адпачынак — павудзіць рыбу — удаецца выбрацца не часта. Адзінае «хобі», у якім браты сабе не адмаўляюць, — займацца ўласнымі аўто. Адзін з братоў ездзіць на «Аўдзі», другі — на «БМВ». Машына ёсць і ў бацькі.

1383211323296_4

Пра павароты лёсу...

— А як вы тут яшчэ адпачываеце? — цікаўлюся ў братоў.

Пачуўшы такое пытанне, хлопцы неяк хітра заўсміхаліся.

— Адпачыць можна, калі ёсць грошы. А калі ёсць грошы, можна з'ездзіць у Мінск, — патлумачылі мне.

А калі сур'ёзна, то самы папулярны варыянт адпачынку ў моладзі — дыскатэка ў мясцовым Доме культуры. Яшчэ ёсць спартыўныя секцыі, бібліятэка, але большасць маладых і актыўных самастойна шукае сабе занятак на вольны час.

— Я часам хаджу на дыскатэку, а вось ён — сямейны, яму нельга, — ківае Віктар на брата. — Увогуле, тут, у нас, весялей, чым у горадзе, прыходзіць заўжды шмат народу.

— Можа, і з Ашмян прыязджаюць?

— Бывае, і прыязджаюць. Калі-нікалі ж трэба размяцца, — загадкава адказваюць браты.

Аляксей прыгадвае, што пасля вяртання ў вёску пэўны час адчуваў сябе вельмі разгубленым, але хутка гэта прайшло. За пяць гадоў вучобы ў Мінску ён да горада вельмі прывык і добра яго вывучыў. Ды і магчымасці для працы і заробку ў сталіцы большыя.

— Усе мае аднакурснікі ўжо жанатыя. Большасць, вядома, імкнецца жыць бліжэй да горада. Два чалавекі, напрыклад, засталіся ў сталіцы. Адзін сябар адпрацаваў у вёсцы па спецыяльнасці два месяцы і з радасцю пайшоў у армію. У іншых гісторыі падобныя. У сельскай гаспадарцы амаль ніхто не хоча затрымлівацца, — распавядае Аляксей.

...Пакуль старэйшы брат гадуе дачку і марыць пра ўласны дом, на пабудову якога трэба зарабіць нямала грошай, малодшы збіраецца адслужыць у арміі, а там — жыццё пакажа. Вельмі хочацца, каб яно падказала абодвум самы правільны кірунак.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.
Мінск — Ашмянскі раён — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.