Вы тут

Разам у вучобе, разам — па жыцці


Што можа аб'яднаць новы калектыў мацней, чым агульная мэта? Камандная гульня — вось тое, што ў стане зрабіць новаспечаных студэнтаў сапраўднымі сябрамі, а больш дакладна, спартыўна-інтэлектуальны конкурс «Кубак першакурсніка», які прайшоў у Беларускім дзяржаўным універсітэце ўжо ў другі раз...

Заключнаму этапу конкурсу, што праходзіў у гаі каля пасёлка Шчамысліца, папярэднічалі адборачныя туры на факультэтах, якія праводзіліся па-рознаму: дзесьці адбіраліся лепшыя па выніках турыстычнага злёту, а недзе ўдзельнікаў набіралі з «добраахвотнікаў».

Будучыя эканамісты Арцём і Аляксей жартоўна прызналіся, што вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе, бо іх... абяцалі накарміць. Што ж, відаць, першыя месяцы студэнцкага жыцця хлопцаў не пашкадавалі...

У выніку на старт выйшлі каманды ад 13 факультэтаў. Па чарзе ім давялося прайсці серыю конкурсных пікетаў-выпрабаванняў.

Яны былі самыя розныя: трэба было прыдумаць рэкламны слоган, паўдзельнічаць у чаўночным бегу (з якім многія спадзяваліся развітацца яшчэ ў школе) у спецыяльным абмундзіраванні, разгадаць «хітрыя» загадкі. Адным з самых «арыгінальных» быў конкурс на камандны дух. Трэба было разматаць, не парваўшы, на метраў 10-15... рулон туалетнай паперы, а затым скруціць яго зноў. Справа гэта не такая ўжо простая, калі ўлічыць, што ўсё праходзіла ў лесе, ды і людзей у камандах была розная колькасць: ад 7 да 12 чалавек.

1383211334789_31-24

Іншае выпрабаванне было нават і не выпрабаваннем, а задавальненнем. Студэнты павінны былі з'есці па тры цукеркі на хуткасць. І нічога страшнага, што нельга было дапамагаць сабе рукамі — некаторыя смачненькае і з паперкай з'ядалі! На «расправу» з цукеркамі кожная каманда атрымлівала 100 секунд, але большасць спраўлялася і за 30.

Затое конкурс на эрудыцыю — «хітрыя загадкі» — прымусіў «папацець». Ну вось самі здагадайцеся: якая птушка носіць назву танца? Студэнтам геафака не пашанцавала — у галаву доўга нічога вартага не прыходзіла, хоць амаль што адразу «выплыў» варыянт з фламінга. Але фламінга — гэта зусім не фламенка, які, відаць, мелі на ўвазе, першакурснікі.

Пасля столькіх выпрабаванняў студэнтам, вядома, захацелася падсілкавацца, таму звычайная каша з грэцкіх круп аказалася вельмі «ў тэму» — па яе выстраілася сапраўдная чарга. Затым кожная каманда выступіла са сваім творчым нумарам, які пачала рэпеціраваць яшчэ месяц таму.

Некаторыя каманды падрыхтавалі гумарыстычную праграму, іншыя — танцавальную. А першакурснікі геаграфічнага факультэта БДУ змаглі стварыць атмасферу сапраўднага паходнага прывалу — з вогнішчам, палаткай і песнямі пад гітару.

Іван Жукаў, рэжысёр пастаноўкі мерапрыемстваў сакратарыята БРСМ БДУ — аднаго з арганізатараў конкурсу, падкрэсліў, што кубак гэтага конкурсу павінен кожны год пераходзіць да факультэта-пераможцы. Летась перамаглі першакурснікі гістарычнага факультэта.

У гэтым годзе ўладальнікамі кубка сталі студэнты ваеннага факультэта. Другое месца заваявалі «галодныя» эканамісты, а трэцяе — будучыя географы.

Надзея ЮШКЕВІЧ, фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».