Вы тут

Несерыяльныя будні інтэрнаў


Каб «зарабіць» дыплом, студэнты медыцынскіх ВНУ вучацца на год ці два больш, чым студэнты іншых ВНУ. І нават пасля яго атрымання іх чакаюць яшчэ адзінаццаць месяцаў інтэрнатуры. Гэта як сертыфікацыя дыплома, без якой выпускнік ВНУ не мае права займацца ўрачэбнай дзейнасцю. Падчас яе праходжання ўрач-інтэрн ужо не студэнт, але яшчэ і не «зусім» спецыяліст. Мы наведаліся ў вёску Малькавічы Ганцавіцкага раёна, дзе працуе ўрач-інтэрн Святлана Макарэвіч, якая сёлета скончыла Гродзенскі медуніверсітэт.

1383211371221_1

Чыгунка і ўсе «выгоды цывілізацыі»

Ад раённага цэнтра да Малькавічаў пяць разоў на дзень ходзіць цягнік. Дарога займае паўгадзіны. Але Святлана дабіраецца на працу яшчэ хутчэй, бо жыве ў суседняй вёсцы Люсіна — а гэта ўсяго дзесяць хвілін на цягніку. Білет на праезд каштуе нашмат танней, чым квіток у сталічным грамадскім транспарце.

Дарэчы, жыхары вёсак Малькавічы і Люсіна лічаць, што ім вельмі пашанцавала, бо ў іх ёсць чыгунка, па якой можна хутка дабрацца да горада. З іншых жа вёсак раёна ў Ганцавічы ездзяць толькі аўтобусы. Таму дзяўчыне вельмі зручна дабірацца да раённага цэнтра, ды і да «партовага» горада Баранавічы ходзіць прамы цягнік — а адтуль даедзеш нават да Караганды!

Але Святлана ездзіць у Ганцавічы рэдка, бо і ў роднай вёсцы ёсць «цывілізацыя». У цэнтры Люсіна на чысценькім двары стаіць белы цагляны дом, вакол якога растуць кветкі — тут урач-інтэрн жыве з матуляй і малодшай сястрой. Зусім побач — дзве крамы, камбінат бытавога абслугоўвання, школа, бібліятэка. У вёсцы ёсць і кавярня, і клуб, у якія, дарэчы, наведваюцца гараджане.

Толькі Святлана прызнаецца, што лепш пачытае кнігу ці павышывае крыжыкам, чым пойдзе на дыскатэку. Колькі ў яе прыгожых работ! А яшчэ дзяўчына дапамагае матулі — хоць у сям'і і няма вялікай гаспадаркі, але ж праца ў вёсцы заўсёды ёсць.

Увосень можна і палячыцца

У Малькавічах дарогу ад чыгуначнага прыпынку да бальніцы не заўважаеш, бо вакол — маляўнічая прырода ды прыгожыя двары руплівых гаспадароў. Двухпавярховы будынак сярод магутных хваін — вясковая бальніца, дзе мы са Святланай дамовіліся сустрэцца а 14 гадзіне, калі ў яе з'явіцца трохі вольнага часу.

— Панядзелак і аўторак — самыя цяжкія дні, — распавядае ўрач-інтэрн. — Раніцай я сяджу на прыёме ў амбулаторыі, якая ў нас знаходзіцца на першым паверсе, пасля — еду на выклікі па вёсцы. У другой палове дня працую ў стацыянары на другім паверсе: абыходжу пацыентаў, гляджу іх прызначэнні, калі трэба, карэкцірую, накіроўваю на аналізы. А па серадах і пятніцах — выезд у іншыя вёскі. У сераду езджу ў Задуб'е, у пятніцу — у Ліпск, але гэта таксама пасля абеду. Восенню шмат пацыентаў, бо летам у людзей праца, хварэць няма калі, а зараз ужо ўсё папрыбіралі з палеткаў і прыходзяць лячыцца.

Але, нягледзячы на тое, што часам даводзіцца цяжка, Святлана не шкадуе, што стала ўрачом. Гэта ж была яе дзіцячая мара!

Працы ў Святланы кожны дзень шмат, бо яна — адзін урач на ўсю бальніцу. Летам адсюль з'ехаў спецыяліст: у яго скончыўся кантракт... Здавалася б, ва ўрача ў вёсцы вялікі прастор для медыцынскай практыкі, бо тут ён самастойна прымае рашэнні, да таго ж медработнікі на вёсцы карыстаюцца асаблівай павагай! Дык чаму ж маладыя ўрачы не затрымліваюцца?

— У Малькавіцкай бальніцы ёсць стацыянар, і гэта плюс. А ў іншых жа толькі на прыёме сядзіш, — дзеліцца сваім меркаваннем урач-інтэрн. — Ва ўрачоў мала магчымасцяў для дыягностыкі. Дыягназ ставіцца толькі на падставе анамнезу (што раскажа сам пацыент) і таго, што запісана ў медыцынскай картцы... Хацелася б, каб было і ўльтрагукавое даследаванне, хоць гэта мары ўсё, вядома (усміхаецца), апарат для рэнтгенаграфіі.

У вясковай бальніцы можна зрабіць толькі самыя неабходныя лабараторныя аналізы: крыві, мачы і глюкозы крыві. А па аўторках адсюль у раённы цэнтр ездзіць машына — у раённай бальніцы можна зрабіць біяхімічны аналіз крыві, потым патэлефанаваць, каб даведацца пра вынікі.

Не ўсё так весела, як у «Інтэрнах»

Праца ў Малькавіцкай бальніцы — добры вопыт для ўрача-інтэрна, бо тут ёсць і амбулаторыя, і стацыянар. А гэта дае магчымасць прасачыць за поўным цыклам лячэння пацыента.

— Прыходзіць да цябе чалавек на прыём — глядзіш пацыента. Калі ёсць неабходнасць — адпраўляеш яго ў стацыянар. Звычайна ўсе згаджаюцца, — распавядае Святлана. — А часам сутыкаешся і з чымсьці, чаго раней не бачыў. Тады бывае страшнавата...

Але ж студэнтам-медыкам выкладчыкі заўсёды кажуць, што яны даюць ім толькі асноўную базу, а далей тыя павінны самі развівацца, нельга стаяць на месцы, бо і медыцына ж развіваецца. Таму для Святланы інтэрнатура дае новыя карысныя практычныя навыкі.

— Тое, што раней вывучаў у тэорыі, цяпер бачыш на практыцы. Але ж не ўсё так «класічна», як у падручніках.

Калі ўрач-інтэрн у чымсьці сумняваецца і не знаходзіць адказаў, то можа звярнуцца да свайго куратара. Святлане ён заўсёды дапамагае — не тое, што доктар Быкаў з папулярнага серыяла «Інтэрны»! Дарэчы, рэальная праца інтэрнаў амаль не мае нічога агульнага з гэтым сіткомам.

— Людзі, якія не звязаны з медыцынай, кажуць: у вас, медыкаў, усё так весела і цікава, кожны дзень нейкія гісторыі здараюцца. Але ў серыяле шмат выдуманага.

Магчыма, і застануся

Пасля праходжання інтэрнатуры Святлану чакае размеркаванне. Яе мара здзейснілася: «адпраўляюць» у Ганцавіцкі раён.

— Размеркавалі мяне ў вёску Раздзялавічы. Два гады абавязковай адпрацоўкі. Потым паглядзім: магчыма, там і застануся.
Ці ў Ганцавічы паеду: хацелася б быць кардыёлагам. Для гэтага трэба будзе толькі курсы скончыць...

Не сакрэт, што маладыя спецыялісты імкнуцца ў гарады па вялікія заробкі. Дзяўчына з задавальненнем прызналася, што яна атрымлівае столькі ж, колькі і яе калегі ў абласных цэнтрах.

Пасля нашай размовы Святлана «паляцела» да пацыентаў на другі паверх: абед скончыўся... Лагодны погляд, шчырая ўсмешка і ўвага да кожнага пацыента — такім павінен быць урач, якому хочацца даверыць сваё здароўе. Калі мы збіраліся на цягнік, Святлана паклала ў сумку падручнік па медыцыне, якім карыстаецца на працы і які чытае амаль кожны вечар: трэба ж развівацца! Яна цвёрда вырашыла для сябе, што будзе лячыць людзей!

Юлія КІРЭЙЧЫК, фота аўтара.
Мінск — Ганцавіцкі раён — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».