Вы тут

«Індывідуальнасцяў сярод вядучых засталося мала»


На тэлеканале «Беларусь 2» пачынаецца новы сезон праекта «Імперыя песні». Нязменным вядучым народнага караоке-шоу з'яўляецца Дзмітрый Карась. На яго рахунку — праекты «Танцуюць усе», «Інстытут культуры», «Добрай раніцы Беларусь!», праца ў эфіры навін. Сёння ён агучвае свае думкі за кадрам пра тое, што адбываецца з густамі гледачоў і як успрымаецца папулярнасць з узростам.

1383286248437_1-11

— Заўтра стартуе другі сезон шоу «Імперыя песні». З якімі адчуваннямі чакаеце эфіраў?

— Мы пачыналі думаць пра другі сезон з таго пункту гледжання, а ці патрэбны гэты праект надалей увогуле? І вырашылі, што, працягваючы працаваць над праграмай, трэба яе неяк змяніць, прыўнесці новыя і цікавыя моманты, палепшыць якасць. Цяпер амаль кожны дзень абмяркоўваю штосьці са сваёй творчай групай, бо прысутнічае хваляванне: як будзе ўспрымацца наша новае бачанне праекта гледачом? Таму што тыя, хто прысутнічаў на здымачнай пляцоўцы, былі ў лёгкім шоку ад нашых «хадоў». Але не буду прыадкрываць заслону. Нязменным застаецца толькі тое, што мы даём нашым удзельнікам магчымасць заявіць пра сябе.

— Ці назіраеце за далейшым лёсам удзельнікаў?

— Не скажу, што адсочваю гэта, але ўдзельнікі самі паведамляюць мне пра змены ў сваім жыцці. Пра свае поспехі і дасягненні. Тэлефануюць, пішуць у сацыяльных сетках. У сваіх гарадах яны сталі сапраўды знакамітымі, іх часцей запрашаюць выступаць. Часам даходзіла нават да камічных выпадкаў, калі мне агучвалі сумы іх ганарараў і яны аказваліся большымі, чым заробкі прафесійных артыстаў. Але нельга лічыць, што варта толькі з'явіцца на тэлеэкране — і ты ўжо «зорка». На жаль, не ўсе любяць працаваць, а проста сядзяць і чакаюць свайго прадзюсара. А ён калі ў нас і ёсць, той прадзюсар, то да яго можа трапіць адзін з мільёна. Чалавек павінен сам імкнуцца да поспеху. Калі будзе жаданне «стварыць сябе», то з'явяцца і эфіры на радыё і тэлебачанні, і канцэрты.

— Сёння забаўляльныя праграмы вельмі папулярныя. Ці сведчыць гэта пра густы аўдыторыі?

— Не скажу, што гэта «хворы мазоль», але сітуацыя дае падставы для разважанняў. Я адсочваю той прадукт, які ствараюць канкурэнты (а сваё караоке-шоу цяпер ёсць на кожным канале) і лаўлю сябе на думцы: няўжо, акрамя песень, у нас больш нічога няма? А другі момант... Мне крыўдна за нашых прафесійных артыстаў, бо яны не заўсёды маюць такую колькасць эфіраў, як «зоркі» з народу. Вялікая колькасць гледачоў такіх праграм, на мой погляд, сведчыць пра запатрабаванасць фармату і, разам з тым, пра «падзенне» густу аўдыторыі. І такі момант не можа натхняць і радаваць. Ёсць жаданне даваць аўдыторыі нешта больш вытанчанае. Мне, напрыклад, вельмі імпануе тое, што робяць літоўцы. Я быў уражаны, калі даведаўся пра іх праект «Трыўмфальная арка», які на працягу трох сезонаў збіраў амаль усю краіну каля тэлевізараў. Удзельнікі гэтага шоу выконвалі арыі з опер, мюзіклаў, спектакляў. А пасля заканчэння праекта вялікім попытам карысталіся дыскі з відэазапісамі эфіраў. Тут мы назіраем сітуацыю, калі якасць прадукту супала з падрыхтаванасцю глядацкай аўдыторыі. У нашай публікі густы пакуль што іншыя. Падабаецца шансон. І я нічога супраць не маю, бо і мне ён падабаецца. Аднак калі адно і тое ж на кожным канале, то хочацца іншага. Пакуль што я не магу рызыкнуць і зрабіць нешта, напрыклад, для тых жа оперных выканаўцаў, бо мы арыентуемся і на нейкія рэйтынгі. Таму, магчыма, з часам, калі ў нашай праграмы пашырыцца аўдыторыя і мы будзем адчуваць да яе моцную любоў, то можна будзе па крыху ўводзіць нейкія больш сур'ёзныя і складаныя творы.

— Праект «Імперыя песні» дазваляе яго ўдзельнікам адчуць папулярнасць. А як вы ставіцеся да ўвагі ў свой адрас?

— Цяпер я ўжо прызвычаіўся да таго, што мяне не пазнаюць. Калі толькі пачынаў працаваць на тэлебачанні, то пасля першых эфіраў здавалася: выйду на вуліцу — і ўсе ў мяне будуць, браць аўтографы... А зараз няма часу звяртаць на гэта ўвагу. Папулярнасць — не галоўнае, і яна грэе ў юным узросце, бо здаецца, што калі цябе пазнаюць, то будзе і здароўе, і поспех, і грошы... Я нават у нечым спачуваю тым, хто знаходзіцца ўвесь час пад «позіркамі», бо складана недзе з'явіцца і спакойна адпачыць.

Акрамя гэтага, на экране ты з прычоскай, у касцюме, а ў жыцці бываеш розным. Я, напрыклад, магу не пагаліцца, магу проста кепку на галаву насунуць. Быў у мяне выпадак падчас працы на «Добрай раніцы, Беларусь!». Еду раніцай на эфір, не спяшаюся, слухаю музыку. А даішнікі па маім знешнім выглядзе і павольнай хуткасці, падумалі, быццам хлопец вяртаецца з вечарынкі. Я ж з якой прычоскай прачнуўся, з такой і за руль. Пасля гэтага выпадку я купіў сабе кепку і толькі так ездзіў на ранішні эфір.

— Які вопыт вы набылі падчас працы на «Добрай раніцы, Беларусь!», у выпусках навін?

— Я пачынаў з выпускаў навін на «8 канале», а дагэтуль была нядоўгая праца на Гомельскім тэлебачанні. Навіны тады ішлі яшчэ ў запісе. Думаў, калі траплю ў прамы эфір, то буду сапраўдным вядучым. У першых эфірах я так хутка гаварыў ад хвалявання, што мяне потым нават у прыклад прыводзілі, як, маўляў, трэба чытаць навіны. Яны ж не ведалі прычыны (смяецца). А побач працавалі людзі з вопытам, у якіх за плячыма былі гады эфіраў. Мне здаецца, лепш за іх не было і няма. У некага я вучуся не толькі прафесіяналізму, але яшчэ і стаўленню да жыцця.

На «Добрай раніцы, Беларусь!» я знайшоў добрую каманду. Навучыўся многім тэхнічным момантам, бо ў нас на праекце працуе добры рэжысёр. Набыў вопыт у плане арганізаванасці, паколькі працаваць тры гадзіны ў прамым эфіры не так лёгка. Бывалі і кур'ёзы, з якіх трэба было знаходзіць выйсце.

— А сёння ўзровень вядучых іншы?

— Цяпер такое адчуванне, што людзі трапляюць у эфір з вуліцы. Нейкія дэфекты, недахопы лічацца «фішкамі», паказчыкамі індывідуальнасці. Але гледачы здольны і самі ўсё ацэньваць. І, зыходзячы з гэтага, выбіраць, што глядзець і слухаць. Асабіста мне можа нешта не падабацца, а нехта іншы проста не зверне на гэта ўвагі. Я для прагляду выбіраю тыя праграмы, якія мяне цікавяць і дзе я магу нечаму навучыцца ў вядучых. Індывідуальнасцяў засталося мала.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.