Вы тут

Што пець будзем?


Аўтар лепшай песні 2013 года атрымае прэмію

16 снежня ў Мінску пройдзе ўрачыстае ўшанаванне пераможцаў Нацыянальнай музычнай прэміі, вылучэнне на якую пачынаецца сёння.

1383286240579_1

Нацыянальная музычная прэмія, заснаваная сумесна Міністэрствам культуры Беларусі і тэлеканалам «Сталічнае тэлебачанне», будзе ўручацца ўжо ў трэці раз. Паводле слоў першага намесніка міністра культуры Беларусі Уладзіміра Карачэўскага, ніякіх істотных новаўвядзенняў і рэзкіх змен у фармаце ўзнагароды не адбудзецца: удзел у конкурсным адборы па-ранейшаму могуць прыняць артысты, прадзюсары і аўтары песень — грамадзяне Беларусі, незалежна ад месца пражывання. Колькасць асноўных прызавых намінацый засталася леташняй — 19. Не змяніўся і намінальны памер грашовых прызоў: 95 базавых велічынь у дадатак да прызавой статуэткі і дыплома атрымае аўтар лепшай песні года. Пераможцы ў іншых намінацыях атрымаюць у якасці прэміі і стымулу для далейшай творчасці прэміі ў памеры ад 62 да 77 базавых велічынь, у адпаведнасці з конкурсным палажэннем. Праўда, за мінулы год базавая велічыня «падрасла» на 30%, таму прызавыя сумы ў рэшце рэшт будуць больш важкімі, чым летась.

«Нягледзячы на тое, што фармальна мы ўручаем прэмію за 2013 год, але, у адпаведнасці з палажэннем, на конкурс прымаюцца музычныя творы, якія прагучалі або былі апублікаваны, у тым ліку ў інтэрнэце, у перыяд з 1 лістапада 2012 года па 31 кастрычніка 2013 года», — адзначае намеснік гендырэктара закрытага акцыянернага таварыства «Сталічнае тэлебачанне» Павел Каранеўскі.. Збор заявак працягнецца з 1 па 21 лістапада гэтага года. Прычым дасылаць іх можна як пісьмова — на адрас Маладзёжнага тэатра эстрады (Мінск, вул.Маскоўская, 18А, з паметкай «Нацыянальная музычная прэмія»), так і ў электронным выглядзе на e-maіl: nmpremіa@ctv.by.

Нават за непрацяглы час свайго існавання Нацыянальная музычная прэмія выклікала ў публікі і саміх артыстаў мноства спрэчак і процілеглых ацэнак: ад захаплення да скептыцызму. Арганізатары не ўтойваюць, што ўлічваюць нават рэзка негатыўную крытыку, калі ў ёй прысутнічае рацыянальнае зерне. «Мне крыўдна чуць словы кшталту: «Што ацэньваць, калі нічога не адбываецца?» — гарачыцца Павел Каранеўскі, пералічваючы наўскідку, хто з беларускіх выканаўцаў выпусціў за гэты перыяд новыя альбомы: Аляксей Шадзько, «Крыві», «Apple Tea», The Stokes. S°unduk, Пётр Ялфімаў, «Нейра Дзюбель»... — Многія нават не ўяўляюць і не падазраюць, якая цікавая, разнастайная беларуская музыка існуе! Напрыклад, на нашых радыёстанцыях актыўна раціруюцца каля 200 беларускіх песень гэтага года — так што журы будзе з чаго выбіраць лепшую песню года».

Хоць да фінальнага шоу яшчэ далёка, але некаторыя яго «разынкі» сталі вядомыя ўжо цяпер. Па-першае, цырымонія вяртаецца ў галоўную канцэртную залу краіны — Палац Рэспублікі. Па-другое, пастаноўшчыкі абяцаюць усімі магчымымі сродкамі рэалізаваць на сцэне канцэпцыю чараўніцтва. Па-трэцяе, на гала-канцэрце чакаюцца адмысловыя госці, сярод якіх Дзмітрый Калдун, Алена Ланская са сваім эфектным нумарам «Solayoh», гурт «J:Mopc» з прэм'ерай песні. Нарэшце, не абыдзецца без дадатковых узнагарод — у прыватнасці, сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі СТБ узнагародзіць спецыяльным прызам лепшага дыджэя Беларусі.

1383286244497_2

З першых вуснаў

— Ці плануецца ў будучыні пашырыць спіс прызавых намінацый? — пацікавіліся мы ў першага намесніка міністра культуры Беларусі Уладзіміра Карачэўскага. — Бо ўсе «тэхнічныя» спецыялісты, арганізатары канцэртаў, гукарэжысёры з поля зроку неяк выпадаюць, а, між тым, ад іх таксама залежыць поспех артыста.

— На мой погляд, трэба год-два «абкатаць» прэмію ў існуючым выглядзе, а потым прааналізаваць, ці ёсць сэнс уносіць у яе змены і дапаўненні. Асабіста маё меркаванне — неўзабаве мы да гэтага прыйдзем, у тым ліку варта звярнуць увагу яшчэ і на класічнае мастацтва, каб пашырыць межы прэміі. Але, паўтаруся, пакуль працуем па дзейсным палажэнні і сёлета змены ўносіць не будзем.

— На якой мове будзе весціся трансляцыя і сама цырымонія? Пагадзіцеся, усё ж дзіўна, калі лепшы этна-фольк-выканаўца ці аўтар беларускамоўнай песні абвяшчаецца па-руску...

— Гэтае пытанне мы будзем абмяркоўваць з рэжысёрска-пастановачнай групай. Спецыялісты, у тым ліку і тэлевядучыя, якія добра валодаюць беларускай мовай, у нас ёсць, таму цырымонію можна зрабіць двухмоўнай.

— Нацыянальная музычная прэмія — адбітак нашага жыцця, адбітак не толькі музычнай культуры, але і побытавай сітуацыі, — дадае Павел Каранеўскі. — І калі наша моладзь, на жаль, больш успрымае рускую мову, зразумела, якім будзе наш выбар...

— Я з гэтым не пагаджуся, — пярэчыць Уладзімір Карачэўскі, — бо ёсць цікавыя беларускамоўныя дэбюты і адкрыцці, аўтар слоў песень, уласна, намінацыя «Лепшая беларускамоўная песня». Безумоўна, ім будзе прыемна, калі іх абвесцяць па-беларуску. Дарэчы, летась адной з лепшых песень стала беларускамоўная песня Анатоля Ярмоленкі «Прыязджайце да нас у Беларусь». У рэгіёнах дагэтуль вельмі любяць і з задавальненнем выконваюць на розных пляцоўках песню Алены Ланской «Белая ластаўка»...

— Я прыгадаў, што ў мяне таксама ёсць першая ў рэпертуары беларускамоўная песня, якая гучыць у праекце «Я люблю Беларусь» на АНТ, — прызнаўся нам леташні «Лепшы поп-выканаўца» і аўтар «Лепшай песні 2012 года» Саша Нема. — То чаму б яе не вылучыць на конкурс? Наогул, мяркую, будзем удзельнічаць у некалькіх намінацыях, бо асабіста для мяне атрыманне Нацыянальнай музычнай прэміі — сапраўды вялікі стымул і вялікае прызнанне. Хоць і значная адказнасць, натуральна: ты павінен кожны дзень сваёй працай пацвярджаць, што варты падобнай узнагароды.

— А грашовы складнік хіба не прыемны?

— Летась прыз за лепшую песню складаў каля 9 мільёнаў рублёў, за перамогу ў намінацыі «Лепшы поп-артыст» — каля 6—7. Не буду казаць, вялікая гэта сума для мяне ці маленькая, каб не правакаваць людзей на суб'ектыўныя ацэнкі. Але тыя грошы растварыліся гэтак, як і ўсе іншыя: вось былі — і ўжо няма. Я вельмі шмат укладаю ў тэхнічнае абсталяванне сваёй невялікай студыі, дый сям'я, у якой падрастаюць дзве дочкі, таксама патрабуе клопату і выдаткаў... У любым выпадку, тыя грошы былі не лішнія і пайшлі на нейкія патрэбныя рэчы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.