Вы тут

Што цяжарнай з'есці?


Галоўнае ў меню будучай матулі — разнастайнасць. Неабходна ўжываць прадукты ўсіх харчовых груп: мяса, рыбу, агародніну і садавіну, малочныя прадукты, хлеб і крупы.

— Калі да наступлення цяжарнасці жанчына адчувала сябе камфортна і не мела алергіі ні на якія прадукты, то на раннім этапе першага трыместра цяжарнасці змяняць свой рацыён харчавання не варта, — адзначае інструктар-валеолаг 23-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Ірына ШЫМАНСКАЯ. — У гэты час закладваюцца ўсе органы і сістэмы ў арганізме дзіцяці, фарміруюцца тканкі. Арганізму патрэбны бялкі і вітаміны: нятлустае мяса (трус, курыца, індычка), рыба і морапрадукты, кісламалочныя прадукты. Абавязкова трэба ўжываць рыс, свежую і замарожаную агародніну, сезонную садавіну. Як бы ні складана было кантраляваць сваё харчаванне на працы, неабходна гэта рабіць — знаходзіць час для паўнавартаснага сняданку і абеду.

У першым трыместры ідзе актыўная перабудова арганізма і адаптацыя да новага стану. Рэкамендуецца трымацца нізкакаларыйнай дыеты, уключаць больш садавіны, сокаў; адвары з сухафруктаў, у тым ліку з шыпшыны.

- Тым, хто пакутуе на таксікоз, лепш харчавацца больш часта і меншымі порцыямі.
- Для перакусу можна трымаць «у кішэні» гематаген, пакецік з арэхамі ці сухафруктамі.
- Можна харчавацца і не звыклай ежай, а дзіцячай. Дзіцячыя прадукты — кашы, тваражкі, пячэнне, пладовыя пюрэ — часам ратуюць будучых матуль, якія пакутуюць на таксікоз.
- Паступова варта адмовіцца ад соусаў, паўфабрыкатаў і кансерваў, багатых на розныя дабаўкі. Усё ж такі плацэнта свабодна назапашвае і прапускае любую хімію.
- Абавязкова неабходна ўключаць у рацыён прадукты, багатыя на фоліевую кіслату (зяленіва, арэхі, белакачанную капусту і брокалі, буракі, бабовыя, яйкі), без якой немагчымы інтэнсіўны абмен рэчываў, нястача якой здольна выклікаць анамаліі ў развіцці плоду.

1383286271435_1-12

На думку дыетолагаў, харчовы рацыён цяжарных павінен быць на 300 ккал у дзень вышэй, чым у нецяжарных, але ў першым трыместры зусім няма патрэбы павышаць энергетычную каштоўнасць рацыёну. У другім трыместры патрабуецца дадаткова 340 ккал у дзень. У трэцім трыместры — 450 ккал. Звычайна цяжарныя жанчыны атрымліваюць дастатковую колькасць калорый, і звыш 80 працэнтаў жанчын дасягаюць і нават перавышаюць неабходную прыбаўку ў вазе. Дадатковыя калорыі прыносяць карысць плоду. Жанчыны з недастатковай вагой павінны набраць за ўсю цяжарнасць 16-20 кг, з лішняй — каля 7 кг, нармальнай — 11-12.

У другім трыместры адбываюцца актыўныя скачкі ў росце і вазе дзіцяці, а таму каларыйнасць рацыёну неабходна павышаць. У гэты час павышаецца патрэба ў мікраэлементах: жалезе, магніі, цынку, селене, кальцыі, каліі. Дзіця стварае з дапамогай мамы свой «запас» мікраэлементаў, а значыць, у мамы іх павінна хапіць на дваіх. Вельмі часта ў цяжарных у другім трыместры зніжаецца гемаглабін — гэта нармальны фізіялагічны стан, які не пагражае здароўю.

- Павысіць гемаглабін можна, ужываючы чырвонае мяса, курыцу, рыбу, сухафрукты, гранаты, зялёную агародніну і зяленіва, грэчку, цытрусавыя, настой з шыпшыны і ягад.
- Неабходна абмяжоўваць вэнджанае і смажанае, а таксама соль.
- Нельга абмяжоўваць вадкасць. Чыстая вада — да 2,5 л у дзень — лепшы напой для цяжарнай. Вада не выклікае ўскладненняў і не мае супрацьпаказанняў. Ацёкі выклікае не вада, а соль, якую мы не толькі дабаўляем у чыстым выглядзе, але і спажываем з кансервамі, маянэзам, сырам, каўбасой, хлебам. Адсутнасць солі не шкодзіць, бо соль у натуральным выглядзе змяшчаецца ў той жа агародніне. А вось яе лішак парушае абмен рэчываў.
- Мяса і рыбу можна ўжываць у першай палове дня. На працягу дня можна ўжываць малочна-раслінныя стравы: сырнікі, тушаную агародніну, запяканкі з тварагу або агародніны.
- Не варта забывацца на фізічную актыўнасць, прагулкі на свежым паветры.

У трэцім трыместры змяншаем каларыйнасць прадуктаў за кошт скарачэння ўжывання кандытарскіх і мучных вырабаў, тлустага мяса, сыру, смятаны. У гэты час многія спецыялісты раяць наогул адмовіцца ад мяса.

- Варта сачыць за тым, каб няправільна спалучаныя прадукты не выклікалі метэарызму.
- Не ешце за раз першае, другое і трэцяе. Харчуйцеся пакрысе і крыху часцей. Не варта прымаць ежу непасрэдна перад пачаткам працы, працяглай прагулкай, зарадкай ці адразу пасля яе.
- Не забывайцеся на пэўны рэжым. Імкніцеся харчавацца ў адзін і той жа час.
- Правільна гатуйце. Вітаецца гатаванне на пары, тушэнне, запяканне. Не грэйце адну страву некалькі разоў. Не смажце і не варыце ў вялікай колькасці вады: так губляецца вялікая колькасць карысных рэчываў. Гатуйце штодня пакрысе, а не аднойчы на тыдзень.
- Не карыстайцеся алюмініевым посудам.
- Памятайце, што для цяжарнай перш за ўсё важная «жывая клетка» (цэльныя крупы, сырая агародніна і садавіна, свежыя мяса і малочныя прадукты).
- Ні ў якіх дозах не ўжывайце алкаголь і не курыце. Пазбягайце пасіўнага курэння.
- Майце на ўвазе, што няхватка вітамінаў і мікраэлементаў можа нанесці значную шкоду дзіцяці. Дэфіцыт ёду можа прывесці да яго разумовай адсталасці, дэфіцыт фоліевай кіслаты — да выродлівасцяў, кальцыю — да парушэння фарміравання шкілету, жалеза — да анеміі і затрымкі псіхафізічнага развіцця. Неабходна параіцца з урачом адносна ўжывання вітамінна-мінеральнага комплексу.
- Лішняя вага — гэта рызыка нараджэння буйнога дзіцяці, а значыць, рызыка ўскладненняў пры родах і схільнасці дзіцяці да атлусцення ў старэйшым узросце.

Лепей не ўжываць:

- соусы, змешаныя прыправы кшталту «Вегеты», булённыя кубікі, экзатычныя плады, паўфабрыкаты, газаваныя напоі (гэта можа пагражаць алергіяй у дзіцяці);
- хот-догі і іншую закуску, дзе ёсць мяса, якое не было добра праварана ці прасмажана;
- мяккія сыры (цвёрдыя больш бяспечныя);
- не прыгатаваную як след птушку, яйкі, гародніну;
- салодкае (істотна абмежаваць);
- забыцца на дыеты, галаданне і іншыя эксперыменты над сабой.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».