Вы тут

Заўсёды на вышыні


Сёння цяжка знайсці жанчыну, абыякавую да абутку на высокіх абцасах — як мінімум адна пара «шпілек» у яе шафе знойдзецца. Але так было не заўсёды...

Крыху гісторыі...

Папулярнасць абутак на абцасах пачаў набываць прыкладна ў XІV стагоддзі. У шырокі ўжытак гэты абутак увялі французы (хто б сумняваўся?!). Але з гэтага не вынікае, што раней модніцы і моднікі былі пазбаўлены магчымасці глядзець на навакольны свет з вышыні сваіх абцасаў. Калі меркаваць па археалагічных знаходках, абцасы ці іх падабенства мелі месца яшчэ ў жыцці старажытных егіпцян і грэкаў. Прычым карысталіся попытам як у жанчын, так і ў мужчын.

«Шпілька» ж з'явілася значна пазней. Яе ў 1950 годзе вынайшаў вядомы італьянскі дызайнер Сальваторэ Ферагама. Яго вынаходніцтва, як і ўсё геніяльнае, было вельмі простым — мадэльер замяніў звыклыя абцасы танюсенькім, але вельмі трывалым металічным стрыжнем.

А ў шпількі, у сваю чаргу, ёсць яшчэ некалькі «сабратоў» — каціны абцас і абцас-катушка. Каціны абцасік з'явіўся ў канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя, амаль адначасова са старэйшай сястрой-шпількай. Распаўсюджванне атрымаў дзякуючы Одры Хэпберн. Каціны абцасік быў прызначаны для дзяўчат-падлеткаў, бо лічылася, што маладзенькім лэдзі няёмка насіць высокія абцасы ці шпількі.

Сёння абутак з каціным абцасам можна ўбачыць падчас прэзентацый славутага дызайнера Манола Бланік. Памятаеце, менавіта за яго абутак часта аддавала свае ганарары Кэры Брэдшоу — гераіня серыяла «Секс у вялікім горадзе»?..

Адначасова з вынаходніцтвам шпілек і кацінага абцаса новае жыццё атрымаў і абцас-катушка. Але ён насамрэч значна старэйшы за шпільку. Абцасы-катушкі карысталіся попытам яшчэ ў эпоху барока і ракако. Пазней абутак з такімі абцасамі (дарэчы, падобнымі да пясочнага гадзінніка) зноў з'явіўся ў модзе ў 1860-х гадах. Пасля чаго пра гэты смешны і мілы абцасік забыліся ажно да 50-х гадоў мінулага стагоддзя.

Сёння абутак з такім нязвыклым абцасам стварае канадскі дызайнер Джон Флуваг.

Але ў любові да абцасаў розных канфігурацый былі заўважаны не толькі пералічаныя намі дызайнеры, а і многія іншыя. Якіх толькі мадэляў гэтага абутку сёння не прапаноўваюць модніцам!.. Ім толькі застаецца выбраць для сябе тое, што лепш пасуе да прыгожых ножак. А ў тым, што менавіта жанчыны на абцасах кіруюць светам, няма ніякага сумнення!

З пункту гледжання «зорак»

Мы вырашылі даведацца, якому абутку аддаюць перавагу беларускія «зоркі». Дарэчы, як высветлілася ў час апытання, не ўсё вядомыя жанчыны любяць шпількі. Але амаль кожная, аддае перавагу абутку на абцасах...

Аляксандра ГЕРАСІМЕНЯ, плыўчыха, двухразовая чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў, уладальніца залатых медалёў чэмпіянатаў свету і Еўропы на «доўгай» і «кароткай» вадзе:

1383369292198_5

— Вядома, я люблю абутак на высокіх абцасах! А якія дзяўчаты яго не любяць? Абцасікі робяць ножкі яшчэ больш прывабнымі і доўгімі. Але, на жаль, знаходзіцца працяглы час у такім абутку цяжка. Не ўсе туфлі на высокіх абцасах зручныя, таму бліжэй да вечару ногі стамляюцца, асабліва без практыкі. Мой рабочы абутак — зразумела ж, спартыўны. Шпількам ці высокім абцасам аддаю перавагу рэдка, у асноўным летам ці па святах.

Вольга ВРОНСКАЯ, спявачка:

1383369284211_2

— Не выношу шпількі! Абуваю іх толькі па неабходнасці. Аддаю перавагу мяккаму спартыўнаму абутку...

Алена ДАМАРАЦКАЯ, бізнесвумен:

1383369289362_4

— Асаблівай схільнасці менавіта да шпілек у мяне няма. Але ёсць некалькі любімых пар на шпільцы ад Валянціна. Дарэчы, вельмі зручных! Абутак на высокіх абцасах вельмі люблю! Аднак лічу, што кожнай жанчыне неабходна знайсці сваю мадэль, каб адчуваць сябе «на вышыні». Тады за спінай вырастуць крылы, і яна будзе не хадзіць, а лётаць на абцасах любой вышыні!

Вера КАРЭТНІКАВА, спявачка:

1383369280349_1

— А я, наадварот, увесь час — толькі на шпільках. Сустрэць мяне не на абцасах можна толькі зрэдку. Нават на працягу ўсёй цяжарнасці, нягледзячы на забарону дактароў, я не здымала абутак на высачэзных абцасах. Люблю такі абутак за тое, што ён робіць мяне яшчэ больш гнуткай і даўганогай. Дзякуючы такому абутку жанчына выглядае, як каралева, таму і ісці на абцасах неабходна таксама па-каралеўску: павольна, даючы людзям, асабліва мужчынам, сабой палюбавацца. А шпількі — гэта наогул класіка. Дарэчы, мая мама, таксама не здымае іх усё жыццё. Прычым умудраецца выстойваць у іх па 10 гадзін за дзень... Мне здаецца, моцны пол аддае перавагу ўсё ж такі прыгажуням на абцасах, а я — прамой, танюсенькай і высокай, не менш за 13 сантыметраў, шпільцы!

Наталля ПОТКІНА, дызайнер (брэнд Natasha Potkіna):

1383369287368_3

— Лічу, што шпілька — гэта адна з рэдкіх рэчаў, уласцівых толькі жанчынам, а мужчынам яе ў нас ніколі не адабраць. Я люблю шпількі за тое, што яны робяць жанчыну падцягнутай, вытанчанай і яшчэ больш жаноцкай. Што датычыцца вышыні абцасаў, то яе неабходна выбіраць індывідуальна, каб было камфортна. Абутак не павінен прычыняць пакуты прыгажуням! Аддаю перавагу шпількам 17 сантыметраў. Але за кошт платформы я гэтай вышыні не адчуваю і магу на такіх абцасіках не толькі з лёгкасцю хадзіць, але нават танцаваць.

Алена КАВАЛЁВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці. 

Грамадства

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Звязацца з храмам у гонар Георгія Перамаганосца, дзе служыць айцец Валерыян, можна па тэлефоне, які няцяжка знайсці ў інтэрнэце.