Вы тут

На чым «стаiць» сучасны Ноўгарад?


Кажуць, ёсць Масква з Санкт-Пецярбургам, а ёсць Расiя — настолькi рознiцца ўзровень жыцця сталiчных гарадоў i перыферыi. Карэспандэнт «Звязды» пабывала памiж двума мегаполiсамi i даведалася, як жывецца ў «сярэдняй» расiйскай глыбiнцы. Аказваецца, не толькi багатай гiсторыяй i старажытнымi храмамi слаўная наўгародская зямля.

1383369315690_2-11

Арыентацыя — на турызм

Сёння эканомiку Наўгародскай вобласцi фармiруюць прадпрыемствы пяцi асноўных вiдаў дзейнасцi. Гэта апрацоўчыя вытворчасцi (30,9% даходаў), аптовы i рознiчны гандаль (13,4%), транспарт i сувязь (11,3%), будаўнiцтва (5,1%), сельская гаспадарка (2,3%). Сярод прадпрыемстваў, якiя пералiчваюць у бюджэт найбольшыя сродкi — «Акрон» (выраб мiнеральных угнаенняў), Баравiцкi камбiнат вогнеўпораў (матэрыялы, якiя захоўваюць свае ўласцiвасцi пры высокiх тэмпературах), структурныя падраздзяленнi Расiйскай чыгункi, ААТ «Сбербанк Расii» i iншыя.

Але вытворчасць — не адзiнае, на што арыентуецца мясцовая ўлада. Як адзначыў намеснiк губернатара Наўгародскай вобласцi Аляксандр Смiрноў, яшчэ не да канца раскрыты турыстычны патэнцыял рэгiёна. Доля турызму ў абласным бюджэце складае 1,5-3%, цягам трох-чатырох гадоў яе плануюць павялiчыць да 10-15%. Кiраўнiцтва рэгiёна мае намер развiваць гэты кiрунак, пашыраючы сетку гасцiнiц i хостэлаў (бо багатая на славутасцi Наўгародчына не мае патрэбы ў новых турыстычных аб'ектах). За апошнiя тры гады колькасць турыстаў у Вялiкiм Ноўгарадзе павялiчылася на 25%. У многiм гэта адбылося дзякуючы правядзенню тут XXIX Ганзейскiх дзён (грунтуючыся на традыцыях сярэднявечнага саюза гандлёвых гарадоў, у 1980 годзе быў створаны мiжнародны Ганзейскi саюз Новага часу, якi цяпер аб'ядноўвае 181 горад з 16 краiн свету, у тым лiку беларускiя Полацк i Вiцебск. Вялiкi Ноўгарад стаў першым расiйскiм горадам, якi ўвайшоў у новы саюз). Падчас свята Ноўгарад наведалi 84 дэлегацыi з 14 краiн Еўропы, у мерапрыемствах удзельнiчала каля 500 тысяч чалавек (пры насельнiцтве горада ў 200 тысяч чалавек).

Акрамя цэнтральных турыстычных аб'ектаў — храмаў, манастыроў i iншых помнiкаў архiтэктуры, Наўгародчына прываблiвае гасцей славутымi iмёнамi, звязанымi з гэтым рэгiёнам. Сярод такiх асоб, напрыклад, кампазiтар Сяргей Рахманiнаў, помнiк якому стаiць у цэнтры Ноўгарада, цi Фёдар Дастаеўскi, якi жыў у Старой Русе i напiсаў там «Братоў Карамазавых». Таму, хто трапляе на гэтую зямлю, становiцца зразумела, што кнiга вялiкага пiсьменнiка (продкi якога, дарэчы, выхадцы з Беларусi) працятая атмасферай гэтага велiчнага духоўнага цэнтра Расii.

«Беларусь — наша здраўнiца»

Мiж iншым, Беларусь з Наўгародчынай звязвае не толькi асоба Фёдара Мiхайлавiча. У 2001 годзе памiж адмiнiстрацыяй вобласцi i беларускiм урадам было заключана пагадненне аб гандлёва-эканамiчным, навукова-тэхнiчным i культурным супрацоўнiцтве. Дзейнiчае праграма «Развiццё расiйска-беларускага супрацоўнiцтва ў галiне дызельнага аўтамабiлебудавання», якая прадугледжвае распрацоўку i вытворчасць дызельнай аўтамабiльнай тэхнiкi новага пакалення. Акрамя гэтага, бюджэтаўтваральнае акцыянернае таварыства «Акрон» пастаўляе нам мiнеральныя ўгнаеннi, а ў Беларусi закупляе калiйныя. Вялiкiм попытам у жыхароў Наўгародскай вобласцi карыстаецца i беларуская сельскагаспадарчая прадукцыя — мяса, малако. У цэлым сёлета за першае паўгоддзе экспартныя пастаўкi ў Беларусь склалi 26,5 млн долараў ЗША, iмпартныя паступленнi — 46,1 млн долараў ЗША.

«Беларусь становiцца здраўнiцай для жыхароў нашага рэгiёна, — дадаў намеснiк губернатара Наўгародскай вобласцi Аляксей Афанасьеў. — Многiя (i некаторыя неаднаразова) ездзяць у беларускiя санаторыi, прывозяць вельмi добрыя водгукi. Гэта сведчыць пра высокую якасць санаторна-курортных паслуг».

Рэалiзуецца i яшчэ адзiн сумесны праект: сёлета ў пасёлку Пралетарый Наўгародскага мунiцыпальнага раёна пачаў працаваць дзiцячы садок, пабудаваны беларускай фiрмай. Садок разлiчаны на 175 месцаў i мае басейн. Такое вось супрацоўнiцтва.

Каб дактары не беглi ў сталiцу

Паводле звестак органаў дзяржаўнай статыстыкi, агульная колькасць людзей, што прыехалi ў Наўгародскую вобласць, за першае паўгоддзе сёлета склала 11,5 тысячы чалавек. Выехала 10,6 тысячы чалавек. У параўнан-
нi з аналагiчным леташнiм перыядам гэтыя лiчбы павялiчылiся на 7,2% i 1,6% адпаведна. Пры гэтым з iншых рэгiёнаў краiны прыбыло 3,9 тысячы чалавек, яшчэ 1,4 тысячы — мiгранты з замежжа.

Колькасць жа працоўных мiгрантаў у вобласць не перавышае 1% ад эканамiчна актыўнага насельнiцтва краю. Асноўныя галiны, дзе прымяняецца замежная працоўная сiла — будаўнiцтва, апрацовачная вытворчасць, сельская i лясная гаспадарка, транспарт i сувязь. Прыцягваць iншаземных работнiкаў даводзiцца як па прычыне недахопу ўласных працоўных рэсурсаў, так i для падтрымкi i рэалiзацыi шэрагу iнвестыцыйных праектаў.

Сёння ў органах службы занятасцi вольнымi застаюцца 9732 вакансii. Патрабуюцца спецыялiсты ў сферы адукацыi, медыцыны, сельскай гаспадаркi. Расце попыт на тэхнiчныя, будаўнiчыя, энергетычныя спецыяльнасцi. Апроч мiграцыйнай, няпростай застаецца i дэмаграфiчная сiтуацыя. Таму кiраўнiцтва вобласцi вялiкую ўвагу надае стварэнню прывабных умоў для пераезду жыхароў iншых рэгiёнаў на Наўгародчыну. У прыватнасцi, зацверджана «Доўгатэрмiновая мэтавая праграма Наўгародскай вобласцi па садзейнiчаннi добраахвотнаму перасяленню ў Расiйскую Федэрацыю суайчыннiкаў, якiя жывуць за мяжой, на 2013—2015 гады». Праграма прадугледжвае прыём землякоў па ўсёй тэрыторыi вобласцi, за выключэннем самога Вялiкага Ноўгарада. Плануецца, што яе ўдзельнiкамi стануць 1092 чалавекi.

Iснуюць i захады па прыцягненнi на працу ў вобласць маладых спецыялiстаў. Як адзначыў намеснiк губернатара Аляксандр Смiрноў, уся моладзь з'язджае ў Маскву i Санкт-Пецярбург па лепшыя заробкi i ўмовы жыцця. Асаблiва востра гэтая праблема праявiлася ў недахопе медыкаў. «У нас доктар «хуткай дапамогi», у адпаведнасцi з указамi прэзiдэнта i нашымi дадатковымi «ўлiваннямi» ў гэту сферу, атрымлiваў каля 40 тысяч рублёў (амаль 11,5 мiльёна беларускiх рублёў. — Аўт.), а ў Пiцеры — 70 тысяч. Урачы з'язджалi, але цяпер сiтуацыя пакрысе стабiлiзуецца. У прыватнасцi, мы выдзяляем грошы на атрыманне жылля — 500 тысяч рублёў», — распавёў Аляксандр Смiрноў. Акрамя таго, ў сёлах дзейнiчае федэральная праграма «Земскi доктар», паводле якой маладому спецыялiсту, якi едзе працаваць у вёску, выдаецца мiльён расiйскiх рублёў. А ўвогуле сярэднi абласны заробак, па словах намеснiкаў губернатара, складае 22400 рублёў (прыкладна 6,3 мiльёна беларускiх рублёў).

Устойлiвасць «на трох нагах»

Горад Баравiчы — райцэнтр расiйскай глыбiнкi, адметны буйным прадпрыемствам, якое з'яўляецца бюджэтаўтваральным у вобласцi — Баравiцкiм камбiнатам вогнеўпораў. Неспецыялiсту складана зразумець, што там вырабляюць. Сярод убачанага ў адным з вытворчых цэхаў, дзе давялося пабываць, — цэгла, якая вытрымлiвае высокiя тэмпературы (з яе складваюць доменныя печы), комiны. А колькi яшчэ засталося неагледжанага! Прадпрыемства ўяўляе сабой гэткi «завод для заводаў»: выпускае прадукцыю для чорнай i каляровай металургii, нафтавай, хiмiчнай, шкляной, цэлюлозна-папяровай, будаўнiчай прамысловасцi. Камбiнат вогнеўпораў першы ў Расii засвоiў i вытворчасць прапантаў, якiя выкарыстоўваюць у нафтаздабывальнай прамысловасцi. Сваiм выглядам прапанты нагадваюць круглы буйны пясок, iх засыпаюць у разлом пароды, i гэта не дае ёй змыкацца i аблягчае здабычу нафты з нетраў. Баравiцкi камбiнат вогнеўпораў мае багатую гiсторыю з 1857 года, сёлета нават адкрыўся музей прадпрыемства, якi сапраўды ўражвае сваёй экспазiцыяй у некалькi вялiкiх залаў.

«Цяпер наша вытворчасць распаўсюджваецца не толькi на металургiю, але i на iншыя вiды прамысловасцi. Паралельна мы набылi кантрольны пакет акцый «Новабанка». Такiм чынам, мы ўстойлiва стаiм «на трох нагах» — выраб вогнеўпораў, прапантаў i банкаўская дзейнасць», — падсумаваў генеральны дырэктар камбiната Уладзiмiр Мажорын.

На камбiнаце працуе больш за 4,5 тысячы чалавек — дзясятая частка насельнiцтва Баравiч. Пра тое, што прадпрыемства прыбытковае, сведчаць не толькi словы гендырэктара. Так, адным з праектаў камбiната стаў адкрыты ў 2007 годзе фiзкультурна-аздараўленчы комплекс «Алiмп». Для правiнцыйнага гарадка ён выглядае самавiта. Тут i аквапарк, i боўлiнг з бiльярдам, спартзалы i салон прыгажосцi, а таксама гасцiнiца, рэстаран, бар... Апроч ФАКа, на рахунку камбiната — санаторый-прафiлакторый, медсанчасць, спартыўны стадыён, база адпачынку, Дом культуры, аб'екты грамадскага харчавання, даступныя не толькi супрацоўнiкам прадпрыемства, але i ўсiм гараджанам. Можна задацца пытаннем, навошта невялiкаму гораду такая шырокая рэкрэацыйная iнфраструктура? Зрэшты, не ведаю, як наконт астатнiх аб'ектаў, але па забаўляльна-аздараўленчыя паслугi ў «Алiмпе» стаялi чэргi...

Дзiяна СЕРАДЗЮК.
Мiнск — Наўгародская вобласць — Мiнск

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.