Вы тут

Код продкаў: ад генетычнай памяці роду да гістарычнай памяці народа


Напрыканцы 2012 года нам пашчасціла прымаць удзел у Міжнароднай канферэнцыі ў Тбілісі, прысвечанай праблемам фарміравання грамадзянскай супольнасці ў краінах СНД. Пасля завяршэння навуковай дыскусіі нас чакала так званая культурная праграма, частку якой заняла вячэра ў рэстаране.

1383369321653_2-31

Кіраваў бяседай наш грузінскі калега, якога звалі Каха. Слухалі працяглыя мудраслоўі-віншаванні, або тосты, і шчыра зайздросцілі гасцінным грузінам: за тое, што ад іх чулі, за магчымасць пасядзець з гэтымі людзьмі за адным сталом і павучыцца ў іх этыкетнай культуры. А з галавы не выходзіў прымітывізм нашых сучасных (падкрэсліваю, сённяшніх) застолляў, запрашэнняў напоўніць чарговы кілішак: «Паміж першай і другой куля не павінна праляцець», «Трэцяя чарка — за любоў», а чацвёртая «спакон вякоў (калі такое было?) — за мужыкоў». Пра першую сентэнцыю гаварыць увогуле сорамна. Другая і трэцяя — поўнае непаразуменне. Біблейская традыцыя сцвярджае, што першым Бог стварыў мужчыну, і толькі потым рабрына была ахвяравана дзеля стварэння той, якую мы называем лепшай палавінай чалавецтва. Нічога падобнага не было ў кампаніі грузінскіх калег. Сядзелі мы далёка за поўнач, а тамада раз за разам усё гаварыў пра неабходнасць ушанавання Роду. Слухалі, між волі параўноўвалі і спрабавалі знайсці прычыны таго, чаму і калі з намі — беларусамі — здарылася так, што нават на вяселлі толькі напрыканцы (калі вычарпаны рэсурс статусна-гендарнай паслядоўнасці) і кажам добрыя словы пра тых, хто прысутнічае за святочным сталом толькі сімвалічна.

І яшчэ адзін успамін. Наша добрая знаёмая расказвала пра тое, як ездзіла на пахаванне сваёй сяброўкі ў Ізраіль. Як толькі скончыўся даволі сціплы пахавальны цырыманіял, кожны з прысутных сеў у сваю машыну і паехаў дадому. І толькі яна з мужам стаялі каля магілы і не маглі зразумець, чаму пасля пахавання родныя не ладзілі памінальны стол...

Дарэчы, у Тбілісі за сталом сядзелі ўдзельнікі канферэнцыі з розных краін, і было цікава назіраць за тым, як прадстаўнікі розных народаў і традыцый па-рознаму рэагавалі на адну і тую ж сітуацыю. Напрыклад, Каха прапанаваў тост за жывых бацькоў, і мы апусцілі вочы, даючы тым самым зразумець яму, што нашы бацькі памерлі. Ён тут жа ўсё зразумеў і вырашыў падправіць сітуацыю: сказаў, што будзем узгадваць адначасова і жывых, і памерлых. Мы зусім па-іншаму адрэагавалі на ўдакладненне. Каха працягнуў свой кілішак, каб чокнуцца з намі. Мы адхілілі гэтую прапанову, адзначыўшы, што ў нас у такім выпадку не прынята чокацца. І тут да нашага дыялогу падключыўся госць з Малдовы, які заўважыў, што ў іх увогуле пасля захаду сонца не прынята падымаць кілішак і прамаўляць тосты пра памерлых.

Шэраг узгаданых сітуацый выразна сведчыць пра тое, што ў кожнага народа існуюць свае традыцыі рытуальнага дыялогу з продкамі, свае прадпісанні правядзення цырыманіялу іх ушанавання. Хочацца сказаць некалькі слоў пра тое, якое месца займалі восеньскія Дзяды ў свядомасці беларуса і ў структуры сакральнага традыцыйнага календара.

* * *

Па-першае, адразу ж напрошваецца параўнанне назваў двух асноўных святаў у нашым святочным календары: веснавая Радаўніца і восеньскія Дзяды. Некаторыя навукоўцы схільны лічыць Радаўніцу святам ушанавання перш за ўсё тых, хто памёр за апошні год. Насамрэч гэта не зусім так, калі паглядзець на змест гэтага свята і на стаўленне людзей да яго. Радаўніца адзначаецца на дзявяты дзень пасля Вялікадня і фактычна распачынае складаны і працяглы земляробчы цыкл беларускіх сялян. Тых, каго Маці-Зямля прымае на вечны спачын, для каго становіцца не толькі прытулкам радавой памяці, але і месцам ачышчэння, міжпакаленнага паяднання, глыбокага ўнутранага пакаяння і ўзвышэння да Нябёсаў. Чалавек сам па сабе і моцная, і слабая істота адначасова, ён можа як праславіць, так і зняславіць свой род. У сваю чаргу род — гэта вавілонскія жорны, якія знітоўваюць у адно цэлае прадстаўнікоў розных пакаленняў і этнасаў, таму ён заўсёды моцны і скіраваны ў перспектыву. Радаўніца — гэта і ёсць адлюстраванне моцы радавога дрэва. Могілкі для беларуса таму і сталі цэнтрам сусвету, што перад пачаткам земляробчых спраў мы прыходзім да продкаў па бласлаўленне.

Зусім іншы характар маюць восеньскія Дзяды. Іх святкуюць дома, запрашаючы да сябе «святых дзядоў»: «Святыя дзяды, завём вас: хадзіце да нас! Ёсць тут усё, што Бог даў, чым толькі хата багата. Просім вас: ляціце да нас!».

Восеньскія Дзяды больш «вузкія» па характары гістарычнай памяці. Звычайна стол, за якім снедала, абедала або вячэрала сям'я, ставілі ў кірунку ад покуці і да парога, а вось на Дзяды, наадварот, ставілі пад бэлькай так, каб кожны з прысутных мог «прачытаць» скарочаную радавую кнігу: імёны тых, хто на працягу века жыў у гэтай хаце, пісаліся на той бэльцы, што бліжэй да покуці. Як правіла, жывыя згадвалі свой род да пятага калена: дзед, які сядзеў на чале святочнага стала, расказваў сваім унукам як мінімум пра свайго дзеда.

Запрашэнне «дзядоў» мела адначасова і рэалістычны, і сімвалічны характар. Сам прынцып пасадкі ўдзельнікаў памінальнай бяседы быў выключны: толькі на восеньскія Дзяды члены сям'і садзіліся так, каб не дакранацца адна да аднаго. Меркавалася, што паміж жывымі трэба пакінуць месца для запрошаных душ продкаў. Для іх на стол клалі і своеасаблівае рытуальнае ахвяраванне — кавалачкі страў, якія падаваліся на стол.

Па-другое, Дзяды мелі глыбінны філасофскі сэнс. Калі на Радаўніцу вавілонская талака віравала, таму што сваю справу рабіла веснавое абуджэнне, то на Дзяды панавалі філасофскі настрой, няспешнасць, стрыманасць. Дзед (найстарэйшы член сям'і) імкнуўся гаварыць з продкамі мовай узвышаных катэгорый, імкнуўся пераканаць іх у тым, што сённяшнія прадаўжальнікі роду захоўваюць памяць аб іх, ганарацца імі, абараняюць іх традыцыі і звычаі. Дзед вёў гаворку з Вечнасцю, падчас якой радавая генетычная памяць роду паступова пераплаўлялася ў гістарычную памяць усяго народа. Менавіта так, таму што адначасова з дзедам кожны член сям'і думаў пра свае стасункі з продкамі і жывымі.

А яшчэ, на наш погляд, Дзяды неслі ў сабе моцны выхаваўчы патэнцыял. Маладое пакаленне ведала: любы непрыстойны ўчынак можна будзе адмаліць дома ў апошні дзень Масленіцы. У Даравальную нядзелю, калі бацька зойме месца пад абразамі, кожны з дамачадцаў стане перад ім на калені і будзе прасіць прабачэння. Пры гэтым наша традыцыя забараняла адмовіць каму-небудзь у гэтым жаданні. А вось у дачыненні да продкаў існавалі больш жорсткія законы. Жывыя маліліся, прасілі паразумення, даравання... Аднак «у адказ» ім было толькі філасофскае маўчанне, за якім стаяў шырокі спектр магчымых варыянтаў.

* * *

Восеньскія Дзяды вучаць не толькі захоўваць памяць аб сваім родзе, але і шанаваць яго як самую вялікую зямную каштоўнасць. Род паклікаў цябе ў гэты гістарычны час і ўсклаў адказнасць за сваё захаванне — адказнасць, ні з чым не параўнальную. За многія сотні тысяч гадоў існавання чалавека на Зямлі менавіта тут і цяпер Род прызваў вас стаць яго прадаўжальнікам. А мы гэтую гістарычную місію разменьваем на сваркі, здрады, п'янства... І тады, калі нашы дарослыя дзеці не могуць нарадзіць сваіх дзетак, мы з малітвай звяртаемся да Бога — каб ён «падкарэктаваў» нашу долю, дараваў грахі. Бог бачыць і ведае ўсё, аднак пачынаць прасіць даравання трэба з тых, хто стаяў каля вытокаў вашага роду.

Сімвалізм восеньскіх Дзядоў, дарэчы, скіраваны толькі ў заўтрашні дзень. Якімі фарбамі будзе расквечана жыццё наступнага прадаўжальніка вашага роду, цалкам залежыць ад глыбіні спасціжэння рытуальнага дыялогу на Дзяды, ад вашага жадання сёння і тут не запляміць памяць роду.

Таму ў святочны дзень восеньскіх Дзядоў накрыйце святочны стол, пастаўце няцотную колькасць страў, запаліце грамнічную свечку, пакладзіце на стол сямейны альбом і ўспомніце добрым словам усіх прадстаўнікоў вашага роду. Папрасіце, каб яны маліліся за вас, жывых, каб даравалі памылкі і ганарыліся тым, што іх род працягваецца. І так будзе да веку.

У дзень светлай памяці,
у памінальную суботу
ўзгадайце імёны
сваіх родных і блізкіх,
знаёмых і суседзяў,
сяброў і калег па працы,
усіх тых, хто загінуў або сканаў
без усялякіх звестак,
усіх тых, за каго
ніхто і ніколі не памоліцца,
не вып'е чарку,
да каго не прыйдзе на паклон да магілы.
Памяніце ўсіх, хто некалі жыў на Зямлі!

Аксана Катовіч, Янка Крук

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.