Вы тут

Памятай продкаў сваіх


2 лістапада, на наступны дзень пасля ўрачыстасці ў гонар Усіх Святых, католікі Беларусі ўспамінаюць усіх памерлых вернікаў

Пашана да продкаў — выразная асаблівасць нашага народа, якую захоўвае ён ужо на працягу многіх стагоддзяў. І гэтая добрая традыцыя — згадваць у асеннія дні нашых спачылых, — якую спрадвеку на нашай зямлі называлі Дзядамі, пасля — успамінам усіх памерлых, яднае нас пад добрым сцвярджэннем польскага філосафа і этыка Тадэвуша Катарбіньскага: «Мінулае, якое захоўваецца ў памяці, ёсць частка сённяшняга». А памяць, між іншым, і служыць нам для таго, каб нашыя карані не чарсцвелі, не ператвараліся ў труху. Айцец Міхаіл Цвячкоўскі, пробашч парафіі ў гонар Маці Божай Фацімскай, што ў Жодзіне, у сваю чаргу распавёў «Звяздзе» пра тое, якім гэты дзень павінен быць у жыцці хрысціяніна.

1383369420296_2-33

— Я вельмі добра памятаю гэтыя лістападаўскія дні свайго дзяцінства, — прыгадвае наш суразмоўца. — Мае продкі на Мёршчыне спачываюць на двух розных могілках, якія мы хадзілі прыбіраць разам са сваякамі. Перадусім я помню малітву. Калі ўпарадкоўвалі магілы, мы заўжды затрымліваліся дзеля яе. І, безумоўна, думкі ў той момант прыходзілі пра тое, што будзе з намі пасля смерці.

— Калі прааналізаваць беларускія паданні, народныя традыцыі, адразу прыходзіш да высновы, што продкаў у нас асаблівым чынам шануюць яшчэ спрадвеку.

— Мне думаецца, што гэты культ выплывае з глыбіні патрэбы чалавека, яго сэрца, а ўсё гэта бярэцца з веры. Бо хрысціяне вераць у жыццё вечнае, у тое, што, калі нехта памірае, яго душа ідзе на спатканне з Богам. Але не кожны, хто адыходзіць у іншы свет, трапляе адразу да стану неба. Малітва дапамагае душам памерлых дасягнуць неба, поўнага з'яднання з Богам.

— У касцёле 2 лістапада называюць успамінам усіх памерлых, днём задушным, а вось народ па-ранейшаму заве гэты дзень Дзядамі.

— Традыцыя хутка не выкараняецца. Тут можна прыгадаць і Адама Міцкевіча, які напісаў паэму «Дзяды». Усведамленне прыходзіць з часам. І, як казаў Папа Ян Павел ІІ, вера і розум павінны ісці разам. І тое, што звязана з традыцыяй, не з'яўляецца кепскім. Праўда, часам пэўныя традыцыі ў дачыненні хрысціянства трэба мяняць, калі яны ад яго адыходзяць.

— Але ёсць пэўныя касцёльныя традыцыі, якія датычацца менавіта дня ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў...

— Пачынаючы з 1 лістапада, на працягу ўсяго тыдня ў касцёлах асаблівым чынам моляцца за памерлых. Разам з вернікамі могілкі наведваюць святары: моляцца, часам асвячаюць магілы, калі людзі аб гэтым просяць. Магілы ўвесь час павінны быць у добрым стане, бо гэта знак пашаны да памерлых, якія адышлі ў вечнасць. На жаль, да ўспаміну ўсіх памерлых людзі часам далучаюць сваё святкаванне. І ў гэтым сваім разуменні хапае забабонаў. Маўляў, трэба ж нешта з ежы для сваяка пакінуць на магілцы. Падобнае паказвае, у што чалавек верыць. Вельмі часта мы можам пабачыць прыкрую сітуацыю, калі на могілках не толькі паелі, але і чарку кульнулі. І часам такі чалавек не на ўласных нагах выходзіць з гэтага месца. Я не падтрымліваю такіх народных традыцый. Гэта актуальная праблема. Яна сведчыць пра тое, што духоўнае развіццё падобнага чалавека вельмі нізкае. Малітва — асноўнае, з чым чалавек павінен прыйсці ў гэты дзень на могілкі. І гэта самы вялікі падарунак, які можна зрабіць таму, хто спачыў.

Варта адзначыць, што ў храмах таксама праходзяць супольныя малітвы за памерлых. Парафіяне нясуць карткі з імёнамі тых, за каго трэба маліцца. І любоў да памерлага заключаецца, між іншым, не толькі ў тым, каб мая прыватная малітва дапамагла яму, але таксама і малітва паўсюднага касцёла. І падчас вечаровай малітвы карткі зачытваюцца. Паперак з імёнамі бывае так шмат, што за раз іх не прачытаеш. І часам зачытванне даводзіцца дзяліць на некалькі частак.

— Дарэчы, пэўная частка нашай моладзі напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых адзначае Хэлоўін — кельцкае, язычніцкае свята, да якога варожа ставіцца і праваслаўная царква, і касцёл.

— На гэтую тэму ў сродках масавай інфармацыі з'яўляецца шмат артыкулаў. Асабліва тады, калі надыходзіць падобнае псеўдасвяткаванне. Кажу так, бо я абсалютна не згодны з тым, што гэта свята. Мне здаецца, што моладзь сёння проста не задумваецца над тым, што такое Хэлоўін. Для яе гэта часовы элемент, ад якога можна атрымаць адрэналін, пажартаваць з сябрамі, пераапрануцца ў касцюмы. Насцярожвае, што чалавек хаваецца і радуецца за маскай, а значыць баіцца быць сабой без яе. Гэты вечар павінен быць часам, калі чалавек перажывае сваю святасць і з яе мусіць чэрпаць вялікую радасць. Моладзь усё спіхвае на гульню, аднак падобная гульня можа быць небяспечнай.

І напрыканцы нашай размовы хачу сказаць, што трэба задумацца над урачыстасцю Усіх Святых і ўспамінам усіх памерлых. Проста паразважаць над гэтай таямніцай. Жыццё — яно адзінае, непаўторнае. Безумоўна, пражыць яго можна так, як нам хочацца, мець з гэтага асалоду. Але пасля ты не вернеш ніводнага дня. А ці не варта было б пражыць жыццё так, каб пасля не шкадаваць? А раптам для таго, хто не верыць, акажацца, што Бог ёсць. Ці не будзе табе ўзнагарода за святое жыццё? Напэўна, будзе...

Тарас ШЧЫРЫ.
Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.