Вы тут

Дзве восенi ў камерным гучаннi


Беларуская музыка прагучала ў Маскве

Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублiкi Беларусь прадставiў нашу краiну на адкрыццi 35-га Мiжнароднага фестывалю сучаснай музыкi «Маскоўская музычная восень».

Пачаў калектыў свой канцэртны сезон з «Беларускай музычнай восенi» — канцэртам-прысвячэннем выдатнай скрыпачцы савецкiх часоў Зоры Шыхмурзаевай. Чаму — патлумачыў галоўны дырыжор Дзяржаўнага камернага аркестра, заслужаны артыст Расii Яўген Бушкоў, з якiм мы сустрэлiся напярэдаднi паездкi ў Маскву:
— Праграма канцэрта, якой мы адкрылi мiнскi сезон i прадставiлi ў Маскве, адрознiваецца ад iншых, паколькi ў ёй сабраны тры салiсты: амерыканская скрыпачка Юлiя Бушкова, юная вучанiца Цэнтральнай музычнай школы, але якую ўжо добра ведаюць у Мiнску, Мiшэль Бушкова i бельгiйскi скрыпач Марк Бушкоў (у 2012 годзе ён стаў лаўрэатам конкурсу iмя Каралевы Лiзаветы ў Бруселi, а на наступны год заваяваў Гран-пры мiжнароднага конкурсу ў Манрэалi). Мне вельмi хацелася, каб не толькi тры скрыпачы з розных краiн, розных школ i рознага ўзросту сабралiся на адной сцэне, але каб яны абавязкова яшчэ i памузiцыравалi разам. Гэта гiстарычная падзея не толькi для нашай сям'i, але i для мiнскай публiкi, таму што нарэшце ўдалося знайсцi прычыну i падставу для таго, каб сюды прыехаў мой сын Марк. Нягледзячы на тое, што яму 22 гады, ён ужо скончыў сваю адукацыю i мае вялiзны вопыт — i сольных выступленняў, i работы ў аркестры. Акрамя таго, рэалiзавалася мая даўняя мара: сыграць цудоўны струнны квартэт Эдварда Грыга Соль мiнор. Грыг быў любiмым кампазiтарам маёй мамы. Мне ўдалося знайсцi ў яе вялiзнай нотнай бiблiятэцы адну партыю скрыпкi з квартэта Грыга, дзе захавалiся штрыхi, «пальцы», напiсаныя яе рукой.
— Цi можна паслухаць у запiсе, як iграла скрыпачка Шыхмурзаева?
— Яе грамафонная спадчына параўнальная з адной маленькай жамчужынкай, якую можна знайсцi на бяскрайнiм пяску: засталася студыйна запiсаная толькi адна пласцiнка. Яна шмат iграла на радыё, шмат пакiнула запiсаў, зробленых з канцэртаў, але гэта не адносiцца да лiку твораў з вокладкай, канвертам i запiсаных у студыi. Быўшы скрыпачом, якi iнтэнсiўна гастраляваў па Расii i за мяжой, я сустракаў людзей, якiя чулi маю маму ў маладосцi. Яны часта падыходзiлi да мяне i казалi: «Вы ведаеце, мiнула ўжо дваццаць (трыццаць) гадоў з моманту, калi мы чулi вашу маму, але да гэтай пары не можам забыць яе гук». Калi я нарадзiўся, праз некалькi гадоў надышлі даволi цяжкiя часы, i яна трапiла ў спiсы невыязных у Савецкiм Саюзе. На адзiнаццаць гадоў яе мiжнародная кар'ера была перарвана. Але цяпер з усёй абвостранасцю чуюцца тыя iнтанацыi, якiя прымушалi людзей запомнiць гэтае гучанне на многiя дзесяцiгоддзi, а магчыма, i на ўсё жыццё. Ужо не кажучы пра тое, што ёсць творы, якiя сапраўды кожны раз выклiкаюць слёзы. Менавiта скрыпка мае прамы доступ да чалавечых сэрцаў, толькi трэба адпаведна ўмець з ёю абыходзiцца. Гэтага няма нi ў аркестра, нi ў фартэпiяна, гэта ёсць толькi ў голасу i скрыпкi.
— Як узнiкла магчымасць выступiць у Маскве?
— Калi мы адзначалi 45-годдзе камернага аркестра на сцэне Беларускай дзяржаўнай фiлармонii юбiлейным канцэртам, адно з вiншаванняў, якое прагучала ў гэты вечар, было ад нязменнага на працягу апошнiх пяцiдзесяцi гадоў, дырэктара Вялiкай залы Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыi Уладзiмiра Захарава. Я таксама тады быў у зале, i ўвесь гэты комплекс успамiнаў i супадзенняў падштурхнуў мяне да думкi, што такi ўмоўны юбiлей было б цудоўна адзначыць вяртаннем на гiстарычную сцэну Вялiкай залы кансерваторыi. Гэта супадае з тым, што з моманту выступлення аркестра са Святаславам Рыхтарам мiнула таксама трыццаць гадоў. Калi лiчыць, што лiчбавыя супадзеннi маюць пэўны ўплыў на наша жыццё, то самы лепшы спосаб пра гэта ўзгадаць — сыграць канцэрт у Маскве. Я прапанаваў Алегу Галахаву, якi ўзначальвае маскоўскi фонд Саюза кампазiтараў, каб Дзяржаўны камерны аркестр Беларусi выступiў на фестывалi «Маскоўская восень». Асноўная яго ўмова — прадстаўляць маскоўскай публiцы новыя творы.
— Вы пазнаёмiце маскоўскую публiку з творамi беларускiх кампазiтараў?
— Мы сыграем Канцэрт для струннага аркестра i ўдарных Галiны Гарэлавай, напiсаны ў 2010 годзе. Таксама ў Маскве мы сыграем твор маладога прадстаўнiка беларускай кампазiтарскай школы Канстанцiна Яськова. Яшчэ мы выканаем невялiкую калыханку «LULLA.BY». Косця з уласцiвым яму бачаннем ужо новага пакалення прыдумаў такую дастаткова трапную назву. Беларуская нацыянальная музыка можа ў поўнай меры ганарыцца адной са сваiх найярчэйшых прадстаўнiц цымбальнага мастацтва Веранiкай Прадзед. Мы запрашаем яе, каб упершыню ў Маскве выканаць канцэрт Мiхаiла Бронера. Я прапанаваў ёй у гэтым жа канцэрце сыграць i п'есу Уладзiмiра Кур'яна, якi надзвычай актыўна i вельмi плённа рухае наперад менавiта цымбальны рэпертуар, ён цудоўна ведае iнструмент, яго вiртуозныя магчымасцi. У Веранiкi будзе магчымасць чарговы раз блiснуць сваiм майстэрствам.

Iрына АКУЛОВIЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».