Вы тут

Маладыя таленты: як з дыяментаў стварыць брыльянты?


Пра неабходнасць стварэння скразной сістэмы суправаджэння таленавітай моладзі — ад школьнай лаўкі да працоўнага месца — ішла гаворка на калегіі Міністэрства адукацыі, прысвечанай развіццю даследчай і інавацыйнай дзейнасці студэнтаў і школьнікаў.

— У апошнія гады мы вялі планамерную работу па пошуку і агранцы «брыльянтаў» — падлеткаў і маладых людзей, якія змогуць падхапіць і развіць поспехі беларускай навукі, — падкрэсліў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр ЖУК. — Новая эканоміка, заснаваная на ведах, прад'яўляе павышаныя патрабаванні да развіцця асобы, якой давядзецца вырашаць нестандартныя задачы, засвойваць і ўкараняць інавацыі.

Яшчэ ў 2005 годзе для больш эфектыўнага выкарыстання інтэлектуальнага патэнцыялу адоранай моладзі і аказання дапамогі ў яе прафесійным станаўленні па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы быў створаны банк звестак адоранай моладзі. На 1 красавіка 2013 года ў банк была ўключана інфармацыя пра 5560 чалавек. Сёння ва ўстановах вышэйшай адукацыі навучаюцца 1030 студэнтаў і 317 аспірантаў, уключаных у банк звестак адоранай моладзі.

1383623553172_5-23

 

Адораныя студэнты — залішнія клопаты?

 

У 2013 годзе з асоб, уключаных у банк, 405 чалавек з'яўляліся выпускнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. З іх у беларускія ВНУ паступілі 358 маладых дараванняў (88%). А 47 чалавек (12%) паехалі атрымліваць адукацыю за мяжу. Найбольшая колькасць прадстаўнікоў адоранай моладзі паступілі ў БДУ, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, БДУІР, лінгвістычны, эканамічны і нацыянальны тэхнічны ўніверсітэты.

— Разам з тым праведзены нядаўна аналіз эфектыўнасці работы ВНУ з адоранай моладдзю сведчыць, што ў многіх установах вышэйшай адукацыі такая работа носіць несістэмны характар, — падкрэсліў Аляксандр Жук. — Кіраўніцтва некаторых устаноў вышэйшай адукацыі аж да кастрычніка бягучага года не мела ўяўлення, колькі сярод першакурснікаў маладых людзей, уключаных у банк звестак адоранай моладзі. Так, БДУ падаў звесткі пра 6 такіх студэнтаў, хоць насамрэч у БДУ паступілі 179 чалавек гэтай катэгорыі. У БДУІР ведалі пра 23 студэнтаў, а насамрэч іх было 37. Не валодалі інфармацыяй пра адораную моладзь у Віцебскім тэхналагічным і Полацкім дзяржаўным універсітэтах.

— І як жа ў такім выпадку ВНУ рэалізуюць правы адоранай моладзі, вызначаныя ўказам кіраўніка дзяржавы, на пазачарговае месца ў інтэрнаце, на замацаванне за імі куратарства з боку вопытных спецыялістаў, педагогаў і навукоўцаў, на актыўнае прыцягненне да навукова-даследчай дзейнасці? — запытаўся ў прадстаўнікоў вышэйшых навучальных устаноў Аляксандр Жук.

Штогод да 1 красавіка ВНУ павінны інфармаваць дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі аб запланаваным размеркаванні выпускнікоў, уключаных у банк адоранай моладзі, для атрымання заявак на іх накіраванне на работу і рэалізацыі права на пазачарговае размеркаванне.

Але практыка паказала, што ў некаторых ВНУ ад адораных выпускнікоў спрабуюць пазбавіцца як ад канкурэнтаў, прапануючы ім самастойна шукаць месца працы. Так, у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны адной з лепшых студэнтак, уключанай у банк адоранай моладзі, якая закончыла вучобу з чырвоным дыпломам па спецыяльнасці «Сусветная эканоміка», свабодна валодала англійскай і французскай мовамі, актыўна займалася навукова-даследчай дзейнасцю, не прадаставілі ні куратара, ні рэкамендацый для паступлення ў магістратуру, ні месца работы па яе спецыяльнасці, прапанаваўшы самастойна шукаць месца для размеркавання. У выніку дзяўчына самастойна паступіла ў Бельгіі ў Каледж Еўропы для працягу навучання. І добра, калі пасля вучобы яна вернецца на радзіму. Летась падобная сітуацыя з працаўладкаваннем адоранай выпускніцы была і ў БДУ.

— Упэўнены, што ў рабоце з адоранай моладдзю трэба кіравацца дзяржаўнымі інтарэсамі, а не фармальнымі справаздачамі, — падкрэсліў Аляксандр Жук. — Трэба больш актыўна працаваць з працадаўцамі і знаходзіць рабочыя месцы для адоранай моладзі з улікам іх арганізатарскіх здольнасцяў і схільнасцяў да навуковай і педагагічнай дзейнасці. Да лёсу кожнага маладога таленту трэба падыходзіць індывідуальна.

Па словах першага намесніка міністра адукацыі, сёлета за кожным адораным першакурснікам быў замацаваны куратар, але куратарства трэба забяспечыць і студэнтам 2—5 курсаў. Пры гэтым неабходна матэрыяльна стымуляваць куратараў, чые падапечныя паказваюць высокія вынікі, і папулярызаваць іх дасягненні сярод універсітэцкай грамадскасці.

У навуку ці ў бізнес?

Штогод для папулярызацыі навукова-даследчай дзейнасці студэнтаў Міністэрствам адукацыі праводзяцца рэспубліканскія студэнцкія алімпіяды па матэматыцы, інфарматыцы, юрыспрудэнцыі. Годна прадстаўляюць беларускія студэнты нашу краіну і на міжнародным алімпе. Аднак многія прадстаўнікі адоранай моладзі не могуць прадэманстраваць свае здольнасці ў сувязі з адсутнасцю інтэлектуальных спаборніцтваў у многіх прадметных галінах: хіміі, біялогіі, гуманітарных навуках. Між іншым, гэта рэальнае поле для выяўлення здольных і таленавітых студэнтаў, для раскрыцця іх патэнцыялу.

— У сувязі з гэтым рэкамендуем Савету рэктараў прадумаць арганізацыю Міжнароднага конкурсу навуковых работ студэнтаў у нашай краіне, — прапанаваў Аляксандр Жук. — Гэта павысіць і цікавасць з боку студэнтаў да навукова-даследчай дзейнасці, і навуковы прэстыж нашай краіны.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.